Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымбаль Веры


ТАЛЕРАНЦЫЯ...ПАКІНЬЦЕ АДНО І ДРУГОЕ ДА ЖНІВА.(Мацьв. 13,24-30)

"Царства Божае падобнае да чалавека, што пасеяў добрае семя
на полі сваім. Калі-ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю кукалю і пайшоў," - чытаем у Эвангельлі. Слугі запрапанавалі выпалаць кукаль, але гаспадар адказаў "не, каб выбіраючы кукаль, вы не павырывалі разам і пшаніцу. Пакіньце расьці разам тое й другое да жніва. І ў той час я скажу жанцам: зьбярыце перш кукаль і зьвяжыце яго у пучкі, каб спаліць, а пшаніцу зьбярыце у гумно маё".

У гэтым фрагмэнце паказаныя два стаўленьні да граху і грэшнікаў: чалавечае й Божае. Мы адразу схільныя назваць пустазельлем людзей, тых, каго лічым за відавочных шкоднікаў, але для Бога зельлем зьяўляецца зло, якое людзі расьсяваюць. Мы-ж нецярпліва дамагаемся ад Бога неадкладнай рэакцыі і пакараньня, бо любім на ўласныя вочы пабачыць перамогу справядлівасьці й прыніжэньне грэшнікаў. Ахвоча нават расправіліся-б зь імі ўласнымі рукамі: "Ці хочаш, Госпадзе, каб мы пайшлі й павырывалі гэтае зельле?"

Аднак Бог рэкамэндуе цярплівасьць. Не сьпяшайцеся з прысудам, не гарачыцеся у сваіх ацэнках, бо "вашы думкі - не Мае думкі". "Вы не ведаеце нават, кім будзе ў сваім дарослым жыцьці непаслухмянае дзіцё". Бог абдараваў чалавека вольнай воляй і чалавек - у пэўным сэнсе - мае права скарыстаць сваю свабоду як яму толькі ўздумаецца. Бог ня хоча парушаць нашу свабоду, калі мы на гэта не дазволім, ажно да сьмерці, калі адбярэ нам свабоду. Ажно да сьмерці, і таму гаспадар кажа слугам: дазвольце зельлю расьці да жніва.

У сваёй цярплівасьці Бог паводзіць сябе як разумны выхаваўца: чалавек павінен сам на сабе адчуць вынікі сваіх памылак, пераканацца сам на сваёй скуры, якое зло спрычыняе злоўжываньне свабодай. Бог дапускае гэта не дзеля пагібелі чалавека, але дзеля апамятаньня. Толькі балючае дасьведчаньне вяртае чалавека на добрую дарогу. Ці-ж ня бачна вакол нас учорашніх грэшнікаў, бязбожнікаў і блюзьнерцаў, якія зараз сталіся набожнымі людзьмі? А мы-ж хацелі заўчасна павязаць іх у "пучкі для спаленьня".

Справядлівасьць Божая імкнецца не да расправы з грэшнікам, але да перамогі, якую ў душы й жыцьці дасягае праўда. Бог дае грэшніку шанец выказацца да канца, але дае таксама час на працяглае, карпатлівае вяртаньне да Яго.

Згаданы фрагмэнт Эвангельля можа быць падставаю для разважаньня аб талеранцыі. Вельмі часта даводзіцца чуць пра "рэлігійную талеранцыю", "талеранцыю ў дачыненьні да нацыя- нальных меншасьцяў, іншадумцаў" і так далей. У лаціне "tolerare " азначае "вытрымоўваць, пераносіць". Згодна з клясычным азначэньнем, талеранцыя - гэта "паблажлівае, лібэральнае стаўленьне да чужых вераваньняў, практыкаваньня веры, поглядаў, учынкаў і пазыцыяў, нават калі яны не супадаюцьз нашымі або пярэчаць ім".

Талеранцыя належыць да унівэрсальных, вечных, чалавечых каштоўнасьцяў, яна важная ня менш за любоў. З аднаго боку, гэта этычная катэгорыя, а з другога - норма сужыцьця паміж людзьмі . Сусьветная гісторыя і гісторыя нашай краіны у прыватнасьці прыносіць мноства прыкладаў нэгатыўных вынікаў адсутнасьці талеранцыі. Гэтая адсутнасьць заўсёды выяўлялася у эгаізьме, пыхлівасьці, зьняважлівым стаўленьні да іншых, незразуменьні патрэбаў, думак ды інтарэсаў людзей, якія ў нечым адрозьніваюцца ад большасьці.

Крайняй формай неталеранцыі зьяўляецца фанатызм. Фанатык адкідае магчымасьць маральнага выбару, усякія ваганьні й развагу і заміж іх сьлепа трымаецца адной сыстэмы каштоўнасьцяў. Адназначных фанатыкаў няшмат, але затое вельмі часта сустракаюцца проста неталерантныя людзі. У адрозьненьне ад фанатыкаў, неталерантныя людзі часам могуць спрабаваць зразумець іншы погляд, але усё роўна лічаць, што слушнасьць на іхным баку.

Затое талерантны чалавек паважае іншых і ўмее прыкмеціць у кожным чалавеку яго натуральную годнасьць. Ён не дапускае ў
паводзінах іншага чалавеку дрэнных намераў, бо паважае яго сумленьне.

Вялікім прыхільнікам талеранцыі быў францускі энцыкляпэдыст Дэні Дзідро. У сваім творы "Праходкі скептыка" ён пісаў наступнае: "Шмат разоў я раскашаваўся гутаркамі з Клеабулем і групкай ягоных сяброў, бо ён мае сяброў і не баіцца іх страціць. Вось якім чынам ён умее затрымаць іх пры сабе: не патрабуе ад іх, каб яны фармавалі свае погляды паводле ягоных, не абмяжоўвае іх у густах і ацэнках. Я сам бачыў як пірронец абдымаецца са скептыкам, скептык шануецца атэістам, атэіст дзеліцца сваімі грашмі з дэістам, дэіст ахвяруе свае паслугі прыхільнікам Спінозы".

На жаль у шырэйшых колах філёзафаў, не бывала такой ідыліі, як сярод вузкага кола энцыкляпэдыстаў. Напрыклад, Фрыдрых Ніцшэ атаесамляў талеранцыю зь нявольніцкай бясьсілай, якая вядзе да нігілізму. Ягоным узорам быў Гётэ, які цьвердзіў: "талераваць - значыць абражаць". Аўтар "Фаўста" разумеў працэс талеранцыі як спрыяньне фактарам, што чужыя праўдзе, няслушныя, якія аднак ахвоча прыймаюцца з практычных меркаваньняў.

Нэгатыўна ставіўся да талеранцыі маркіз дэ Сад. На ягоную думку, "талеранцыя - гэта цнота слабых". Для яго талеранцыя - гэта тактычны прыём, ужываны тымі, хто апынуўся пад пагрозай. Таму пад штандар талеранцыі хаваюцца апазыцыянэры або меншасьці, якія аднак у выпадку сваёй перамогі хутка забываюцца пра гэтую каштоўнасьць. Моцныя ўрады не адчуваюць патрэбы ў талеранцыі, паколькі не мусяць ні з кім лічыцца і умеюць пасьпяхова накідаць сваю волю.

Талеранцыя ў ніякім выпадку не азначае адмаўленьня ад сваіх перакананьняў і каштоўнасьцяў. Яна спрыяе дыскусіі й дыялёгу, заснаваных на веры ў слушнасьць сваіх перакананьняў, з адначасовай павагай да пазыцыі іншых людзей. Рэлігійная талеранцыя цалкам не вядзе да адрачэньня ад ісьцінаў сваёй веры. Калі-б гэтак было, яна асацыявалася-б зь безьідэйнасьцяй, скептыцызмам і абыякавасьцю. У Дзеях Апостальскіх ёсьць красамоўнае апавяданьне пра Апостала Пятра і сотніка Карнэля. Калі Апостал увайшоў у ягоны дом, той "упаў да ног ягоных і пакланіўся. Але Пётр падняў яго, гаворачы: устань, і я -чалавек... І прамовіў да іх (прысутных): Вы ведаеце, што нельга гэбраю лучыцца ці схадзіцца з чужынцамі, але Бог паказаў мне не лічыць ніводнага чалавека паганым ці нячыстым" ( Дзеі.10, 25-28) Усе навакол лічылі сотніка паганцам, чужынцам, горшым за іх, але ня Пётр. Ён выявіў больш за талеранцыю, хаця мог сказаць, або прынамсі падумаць: ясна, што ты горшы, ты - чужынец, паганец, ты сапраўды нягодны, каб я нават размаўляў з табою, але я велікадушна не брыджуся табою. Калі-б у талеранцыі Пятра было гэтулькі зазнайства й пагарды да сотніка, дык яна сапраўды абражала-б і прыніжала-б чалавека.

Цікавыя ўказаньні пакінуў нам Апостал Павал, для якога таксама талеранцыі відавочна было мала. Ён пісаў: "Нічога не рабеце праз спрэчкі, або дзеля пустое пахвальбы, але ціхай мудрасьцяй лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе"( Філ.2,3) "Ня думайце пра сябе больш, чым трэба думаць... Будзьце аднадумныя між сабою, ня думайце зашмат аб сабе... ня будзьце мудрыя самі празь сябе. Калі магчыма з вашага боку, будзьце у згодзе з усімі людзьмі... Ня помсьціце за сябе... калі вораг твой галодны - накармі яго... Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром"(Рым. 12,3-20) Тут таксама не гаворыцца, што "вы лепшыя, але прынамсі яўна не дыскрымінуйце тых горшых". Для Паўла, гэтак-жа як і для Пятра, самой талеранцыі было мала. Ён лічыў, што заміж велікадушнага талераваньня, трэба іншых "лічыць нават вышэйшымі за сябе".

Для нас найбольш аўтарытэтным зьяўляецца Ісус Хрыстос. Ён вучыў ня толькі розуму, але таксама памяркоўнасьці ў ацэнках і паводзінах, бо любіў людзей і асуджаў толькі зло. Сваё Царства Ён супрацьпастаўляў сьвету крывадушнасьці, тупасьці й заўзята- сьці. Таму й асуджаў крывадушнасьць і зазнайства фарызэяў, якіх называў "пабеленымі магіламі". Дасканала разумеў таксама матэрыяльную і духоўную беднасьць і нават для грэшнікаў знаходзіў словы прабачэньня, калі толькі бачыў у іх прынамсі цень пакоры й раскаяньня. Такую спадчыну Сын Чалавечы пераказаў Царкве ў якасьці ўказаньняў для яе.

Калі мы ня ў стане з такой любоўю ставіцца да усіх людзей, бачачы ў іх таксама стварэньне Божае, дык хай прынамсі, як мінімум будзе у нас разумная талеранцыя.

Айцец Канстантын Бандарук

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG