Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Стары Запавет.


Удзельнікі: каталіцкі тэоляг з Англіі Караліна Мацкевіч, дэкан менскай баптысцкай сэмінарыі Леанід Міховіч.

Аўтар і вядучы: Сяргей Абламейка. (эфір 9.12.2000).

Ля мікрафону Сяргей Абламейка.

Усе мы ведаем, што Біблія складаецца са Старога і Новага Запаветаў. Але, бадай, слухачы са мной згодзяцца, што больш за ўсё распаўсюджаны ў сьвеце якраз Новы Запавет. Гэта зразумела, бо апошнія дзьве тысячы год так званы Стары Сьвет – нашая Эўропа, жыве пад уплывам хрысьціянскай цывілізацыі, пад уплывам запаветаў Хрыста.

Эўрапейская культура і сьвядомасьць, сучасныя эўрапейскія палітычныя і прававыя традыцыі, эўрапейская дэмакратыя, эўрапейскія мастацтва, літаратура і архітэктура – усё гэта мае карані ў Хрысьціянстве, у Хрысьце. І калі мы пра гэта гаворым, дык мала хто задумваецца над тым, што само хрысьціянства, сам Хрыстос маюць свае вытокі ў габрэйскай Бібліі або Старым Запавеце. Сёньня ў сьвеце ёсьць нават хрысьціянскія цэрквы ці групоўкі, якія не вывучаюць і нават не прызнаюць Старога Запавету або надаюць яму вельмі мала ўвагі ў сваёй пропаведзі.

А між тым Стары Запавет мае цудоўныя і глыбокія тэксты, якія ужо шмат стагодзьдзяў не даюць спакою лепшым розумам чалавецтва. Гэта, найперш, некалькі кнігаў, аб’яднаных адной назвай Кнігі Мудрасьці – напрыклад, Эклізыяст або Кніга Іова.

Існуе думка, што пратэстанцкія цэрквы мала ўвагі надаюць вывучэньні вернікамі Старога Запавету. Якраз таму першы з маіх сёньняшніх суразмоўцаў – прадстаўнік пратэстанцкай царквы, дэкан менскай баптысцкай сэмінарыі Леанід Міховіч. Ён расказвае пра месца Старога Запавету у сучаснай баптысцкай царкве Беларусі.

(Абламейка: ) “Ёсьць думка, Леанід Івананвіч, што пратэстанты больш за ўсё сваю ўвагу канцэнтруюць на Новым Запавеце. І таму да Вас пытаньне – ці вывучаеце вы Стары Запавет?”

(Міховіч: ) “Не сакрэт, напэўна, што больш увагі ў нас надаецца Новаму Запавету, і ў цэрквах нашых часьцей можна пачуць казаньні на падставе Новага Запавету. Але я не сказаў бы, што мы мала ўвагі надаем і Старому Запавету. Паколькі гэта тры чацьвертых Бібліі, мы вельмі сур’ёзна выкарыстоўваем яго і ў набажэнствах, і ў асабістым вывучэньні Бібліі, і ў пакланеньні. Для нас гэта вельмі важная частка Бібліі. Ужо тое, што Стары Запавет вядзе да Новага Запавету, тлумачыць яго, рыхтуе нас да яго – вельмі важнае. Стары Запавет шмат кажа аб Богу, аб граху, аб наступствах граху, падае маральны стандарт – тыя ж 10 прыказаньняў. Стары Запавет проста цікава чытаць. Мы вучым нашых дзяцяей у нядзельных школках, і яны з задавальненьнем пераказваюць гісторыі са Старга Запавету аб стварэньні, аб Давідзе, аб прароках – гэта проста цікава. Можа трошку і меней мы надаем увагі ў цэрквах у пропаведзях Старому Запавету ў параўнаньні з Новым, але дастаткова шмат”.

(Абламейка: ) “А як гэта адбываецца практычна? Напрыклад, у царкве, да якой належыце Вы?”

(Міховіч: ) “Па-першае, прапаведнікі свабодныя ў выбары тэмаў – яны прапаведваюць як з Новага, так і са Старога Запавету, бяруць зь іх тэксты для тлумачэньня. Па-другое, у нашай царкве, куды я ўваходжу, я кожны месяц праводжу разборы ў адзін з вечароў па Старым Запавеце. Увесь сход тады прысьвечаны вывучэньню Старога Запавету. Напрыклад, Кнігу Быцьця мы верш за вершам разьбіраем. Вядома, мы заахвочваем членаў нашай царквы асабіста вывучаць Стары Запавет. Зараз мы вывучаем Стары Запавет і ў сэмінарыі, каб студэнты пасьля маглі прапаведваць у цэрквах. У праграме сэмінарыі, нават, Старому Запавету надаецца больш увагі, чым Новаму. А пасьля студэнты панясуць гэта ў свае цэрквы. Так што практычна мы надаем вельмі шмат увагі Старому запавету, ня менш, напэўна, чым новаму, калі палічыць па гадзінах”.

Як бачым, спадар Міховіч не пацьвердзіў распаўсюджанае меркаваньне, што якраз пратэстанты занядбалі вывучэньне Старога Запавету, кнігі якая першая і ўтрымлівае ў сабе дзесяць прыказаньняў.
Ён нават сказаў, што ў Менскай баптысцкай сэмінарыі вывучэньню Старога Запавету аддадзена больш часу, чым вывучэньню Новага.
Гэта вельмі добра, бо ня ўсе простыя вернікі могуць даць рады ў самастойным азнаямленьні з некаторымі тэкстамі Старога Запавету, часта тут патрэбная кваліфікаваная дапамога. Што да формаў вывучэньня Старога Запавету, то яны ў баптыстаў, як сказаў Леанід Міховіч, традыцыйныя. У яго царкве гэта штомесячныя чытаньні і разборы адпаведных тэкстаў.

У наступнай маёй суразмоўніцы інфармацыя троху іншая. Гэта беларускі грэка-каталіцкі тэоляг з Вялікай Брытаніі Караліна Мацкевіч якая частку году праводзіць у Беларусі і пад час гэтага побыту вядзе штотыднёвыя біблейныя гутаркі з вернікамі сваёй роднай грэка-каталіцкай парафіі Сьвятога Язэпа ў Менску.

(Абламейка: ) “Караліна, Вы праводзіце біблейныя гутаркі ў менскай парафіі Сьвятога Язэпа. Як гэта адбываецца, і як людзі ўспрымаюць гэтыя гутаркі?”

(Мацкевіч: ) “Недзе месяц таму я прапанавала сваю дапамогу парафіі Сьвятога Язэпа ў Менску. Там па аўторках моладзь зьбіралася на быблейныя чытаньні – прыходзілі, зьбіраліся разам і чыталі Новы Запавет. З-за недахопу часу (я маю толькі тры месяцы) у нас не атрымалася нейкага грунтоўнага курсу, а тое, што ў нас атрымалася – гэта, уласна кажучы, біблейныя гутаркі. Я прадстаўляю нейкі тэкст, а пасьля ў слухачоў паўстаюць нейкія пытаньні, узьнікаюць спрэчкі, абмеркаваньні.

Асноўная мэта ў нас, гэта – наблізіцца да Сьвятога Пісьма, наблізіцца да Боганатхнёнага тэксту, прачытаць і зразумець яго як мага глыбей, і ў гэтым прачытаньні ўсьвядоміць нешта і пра сябе як пра асобаў, і пра царкву. Мы зьбіраемся ў імя Божае. І таму, калі мы гаворым пра біблейных герояў, абраньнікаў Божых, такіх як Абрагам, Якуб, абмеркаваньне пераходзіць на Богаабранасьць і пакліканьне кожнага з нас, на лёс Беларусі. Напрыклад, задаюць пытаньне, ці абраная Беларусь Богам на пакуты. Ці лёс чалавецктва… Альбо паўстае пытаньне з ахвяраю Абрагама з кнігі Быцьця – наколькі Абрагамава вера ў Бога можа перакрэсьліць забарону забойства, бо ён ідзе забіваць свайго сына дзеля сваёй веры ў Бога. Гэтыя пытаньні вельмі хвалююць.

Зьбіраецца ў нас моладзь і людзі сталага веку. Пакуль што няшмат, але я спадзяюся, што будзе больш. Абмеркаваньні ідуць вельмі ажыўлена. Я думаю, што асноўнае, каб людзі набылі гэтую сьмеласьць чытаць і спрабаваць зразумець сакральны тэкст. Гэткім чынам сакральнасьць будзе раскрывацца ў іх саміх”.

(Абламейка: ) “Не сакрэт, што большасьць вернікаў (ня толькі нэафіты, але ўжо і практыткуючыя вернікі) сваю ўвагу зварачаюць пераважна на Новы Запавет. У чым, на Вашу думку, важнасьць і актуальнасьць Старога Запавету?”

(Мацкевіч: ) “Так, мы свае гутаркі распачалі са Старога Запавету. Стары Запавет і Новы – гэта дзьве часткі аднаго Аб’яўленьня, іх ня можна дзяліць. Рэч у тым, што калі мы называем Стары Запавет Старым, ён у той жа час – першы, ён прыйшоў першым, і гэта першае Аб’яўленьне Бога людзям. Аб’яўленьне Новага Запавету разумеецца толькі ў кантэксьце першага Аб’яўленьне. Бяз веданьня велізарнага корпусу тэкстаў, якія прадстаўляюць стары запавет, немагчыма зразумець і ўспрыняць да канца Хрыстовае Эвангельле, бо вучэньне Ісуса вырастае са старазапаветнай традыцыі, гэтае вучэньне апэруе ейнымі паняцьцямі, прасьвятляе і тлумачыць, надае ёй як бы ейны сапраўдны сэнс, бо Хрыстос кажа, што ён прыйшоў не адмяніць, а споўніць законы прарокаў, ён менавіта спаўняе Стары Запавет. І гэтыя бясконцыя спасылкі на Стары Запавет у словах Ісуса і яго вучняў… Усе новазапаветныя героі гавораць пра Стары Запавет. Немагчыма чытаць Новы Запавет, ня ведаючы Старога. І таму вывучэньне Старога Запавету, якое было сапраўды занядбанае даўгі час у хрысьціянскай адукацыі, яно павінна быць перадумовай, яно паавінна ісьці перад вывучэньнем Новага Запавету”.

Як мы чулі, гутаркі Караліны Мацкевіч маюць больш асабісты характар. Людзі на прыкладзе герояў і тэкстаў Старога Запавету задаюцца пытаньнямі аб уласнай долі, аб лёсе чалавека, аб лёсе Беларусі. Караліна сказала, што людзі вельмі часта на прыкладзе кнігаў Старога Запавету задаюць пытаньні пра Богаабранасьць Беларусі на пакуты. Гэта ня дзіўна, і гэта цудоўна. Бо менавіта Стары Запавет дае адказы на шмат якія пытаньні, якія турбуюць сёньня душы маладых людзей, душы беларусаў. Згадайма на першы погляд безнадзейны пэсымізм Эклізыяста, славутага біблейскага цара, які кажа, што ўсё ў гэтым сьвеце мітусьня, што ён меў ўсё, і ўсё роўна пойдзе са сьвету, і нічога яму не патрэбна зараз. Альбо згадайма пытаньні Іова да Бога – Божа, я такі добры, я не грашу, чаму столькі няшчасьцяў выпадае на маю галаву?.. І вось калі чалавеку кажуць, што пэсымізм богапакінутасьці Эклезыяства на самай справе дапамагае чалавеку ўбачыць сваю сапраўдную пэрспэктыву, пэрспэктыву вечнасьці, пэрспэктыву дачаснасьці ўсяго зямнога, чалавек тады пачынае інакш глядзець на некаторыя рэчы. І калі чалавеку кажуць, што на пытаньне Іова пра незаслужаныя напасьці і няшчасьці, Бог адказвае жорстка – А дзе ты быў, калі я ствараў сьвет? – і калі чалавек разумее, што пытаньне “Чаму?” у дачыненьні да Бога ня мае сэнсу, бо Ён напамерна вышэйшы і ведае, як трэба, гэта таксма можа зьмяніць душу і жыцьцё шмат каму…

Таму і хочацца падсумаваць сёньняшнюю гаворку надзеяй, што і Беларусь некалі дажыве да сапраўды папулярных і грунтоўна камэнтаваных выданьняў кніг Старга Запавету, можа некалкі і беларускія інтэлектуалы зьвернуцца да гэтай скарбонкі мудрасьці.

Магчыма, у наступных нашых перадачах мы яшчэ вернемся да тэмаў Старога Запавету і ня раз яшчэ пагаворым аб ім.

Сяргей Абламейка, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG