Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра “Царкву Ісуса Хрыста”, якая належыць да згуртаваньня цэркваў “Поўнага Эвангельля”.


Удзельнікі: пастар Веньямін Брух, прапаведнік Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў Юрась Сьмірноў.

Аўтар і вядучы: Кастусь Бандарук. (эфір 2.12.2000).

(Бандарук: ) “Ужо дакладна сто гадоў існуе і разьвіваецца пяцідзесятніцка-харызматычны рух. Ён нарадзіўся ў Амэрыцы ў пратэстанцкім асяродзьдзі чорных амэрыканцаў ў штаце Канзас. Потым пашырыўся на іншыя канфэсіі, расы і краіны. Зараз гэты рух мае больш за 170 адгалінаваньняў. Да яго належаць і “Цэрквы Поўнага Эвангельля”, якія ёсьць таксама ў Беларусі. Адной з такіх абшчынаў зьяўляецца “Царква Ісуса Хрыста” ў Менску, якую ў прастамоўі, паводле імя ейнага заснавальніка і пастара называюць царквою “У Веньяміна”. Паколькі мала хто ведае, што гэта за царква, я папрасіў самога брата Веньяміна Бруха разказаць пра сваю абшчыну.

(Брух: ) “Я хачу сказаць, што Царква Божая на зямлі створаная Ісусам Хрыстом, і Ён сказаў: “Я ўстанаўлю Царкву Маю, і брамы пякельныя не перамогуць яе”. Я бачу адну Царкву. Ёсьць, праўда, розныя накірункі, плыні, але гэта адна Царква, бо людзі вераць у Ісуса Хрыста. Браты праваслаўныя, каталікі, пратэстанты, пяцідзесятнікі, баптысты і харызматы, усе яны вераць у Ісуса Хрыста.

Але гэтак, як у кожнай сям’і ёсьць дзеці з розным характарам, розным тэмпэрамэнтам, з рознымі поглядамі і нават з розным пакліканьнем ад Бога для жыцьця, гэтак і цэрквы. Кожная зь іх мае сваё асаблівае пакліканьне ад Бога. Што тычыцца Царквы Ісуса Хрыста гораду Менску – гэта супольнасьць людзей, выратаваных ад грахоўнага палону, народжаных і напоўненых Духам Сьвятым, падрыхтаваных для служэньня грэшнаму сьвету.

Гэта тое, што зьяўляецца матывам нашага дзеяньня: ісьці зь любоўю і Дабравесьцем да людзей вакол нас. Нашая місія – прыводзіць людзей да лучнасьці з Богам, фармаваць іх, дапамагаць ім раскрыць іхны ўнутраны патэнцыял і вызваліць увесь гэты патэнцыял для служэньня. Няма ніводнага чалавека занадта цяжкага для працы Сьвятога Духа, няма ніводнага занадта закрытага, ніводнай занадта цяжкой сытуацыі”.

(Бандарук: ) “Брат Веньямін. У 1993 годзе ў Беларусі быў створаны “Саюз Цэркваў Поўнага Эвангельля”, хаця паасобныя грамады існавалі і раней. Зараз да згуртаваньня “Цэркваў Поўнага Эвангельля” належаць 56 абшчынаў, пераважна ў абласных цэнтрах. Усе яны карыстаюцца поўнай аўтаноміяй. Колькасьць вернікаў ацэньваецца ў 7,5 тысячаў. А як узьнікла Вашая абшчына?”

(Брух: ) “Нашая памесная Царква была створаная нядаўна, у 1991 годзе. Пасьля заканчэнья ў тым самым годзе Біблейскай Школы ў Елгаве (тады яшчэ існаваў Савецкі Саюз), атрымаўшы адкрыцьцё ад Бога, мы з жонкай Нэлі прыехалі ў Менск і пачалі прапаведваць эвангельле. Гэтак і пачалася Царква.

Спачатку было ў нас толькі некалькі чалавек, мы зьбіраліся ў арэндаванай кватэры, але ўжо ў мінулым годзе нашая абшчына налічвала 1053 вернікаў. Зараз, канешне, у нас цяжкі пэрыяд. Мы ня маем залі для сходаў, для служэньня, таму мы зьбіраемся па хатах у невялікіх групах.

Нашыя вернікі ў самым розным узросьце, самых розных сацыяльных слаёў грамадзтва – ня проста адна моладзь, якая на хвалі моды пачала гуртавацца ад бязьдзейнасьці. Многія зь іх раней знаходзіліся ў сур’ёзных жыцьцёвых тупіках. Гэта былыя наркаманы, алькаголікі, прастытуткі, невылечна хворыя, людзі з разбураных сем’яў.

Зараз у нашым грамадзтве мноства такіх людзей . Але зараз, калі Бог дакранаўся да іх, зьмяніліся іхныя сэрцы і жыцьцё. Зараз гэта новыя людзі. Бог радыкальна зьмяніў іхнае жыцьцё. Яны сапраўды шчасьлівыя, здаровыя, радасныя, напоўненыя Божай любоўю да іншых людзей”.

(Бандарук: ) “На Вашай інтэрнэт-старонцы, у рубрыцы “У што мы верым” можна азнаёміцца з асноўным веравучэньнем Вашай Царквы: аб Слове Божым, аб чалавеку, граху, царкве, сужэнстве, адносінах да жыцьця, дзяржаўнай улады, дабрабыту, аб адносінах да іншых канфэсіяў. Там гаворыцца, што для Вас “Сьвятое Пісаньне зьяўляецца адзінай крыніцай веры”, што чалавек ня можа дасягнуць збаўленьня сваёю праведнасьцю, што можна ўслаўляць Бога плясканьнем у далоні, воклічамі, песьнямі, музыкай і танцамі.” У асноўным усё мае сваё абгрунтаваньне ў Сьвятым Пісаньні, і ня бачна нічога, што выразна адрозьнівала б Вашу Царкву ад іншых пратэстанцкіх абшчынаў. Ці ёсьць нешта, што можна было б назваць яркай адметнасьцю Царквы Ісуса Хрыста ў Менску?”

(Брух: ) “Вы ведаце, я заўсёды любіў прыкмячаць тое, што нас аб’ядноўвае, што дапамагае знайсьці агульную мову. Я хачу імкнуцца да адзінства, ісьці за Жывым Богам і служэньнем гэтак, як Бог хоча весьці мяне.

Што тычыцца Вашага канкрэтнага пытаньня, то гэтак, як праваслаўная і каталіцкая цэрквы, таксама і пратэстанцкая царква – неаднародная маса. Гэта розныя крынічкі, плыні. Вось адным з накірункаў такога пяцідзесятніцка-харызматычнага руху зьяўляецца царква, якая ў заходнім сьвеце называецца Full Gospel – “Царквою Поўнага Эвангельля”. А чым яна адрозьніваецца? Мне мабыць цяжка адказаць на гэтае пытаньне адным сказам. А можа, на тым, што нас адрозьнівае і разьдзяляе, ня варта і засяроджвацца. Можа лепш глядзець на тое, што нас аб’ядноўвае. Гэткім чынам нам будзе лягчэй жыць”.

(Бандарук: ) “Вы гаворыце, што неахвоча зьвяртаеце ўвагу на адметнасьці паміж цэрквамі. Але ўсё ж такі адметнасьць Вашай Царквы палягае хаця б у тым, што зьбіраецеся па хатах, што праводзіце вулічную эвангэлізацыю, што шукаеце “аблудных авечак”, засяроджваеце сваю ўвагу на бедных, самотных, на тых, хто апынуўся на ўзбочыне жыцьця. Вы прапаведуеце гэтак званае “Эвангельле дабрабыту” і лічыце, што калі чалавек верыць, ён павінен быць здаровы і багаты.

Вашыя багаслужбы характэрызуюцца бурнымі выяўленьнямі радасьці, што ніяк ня ўпісваецца ў беларускі мэнталітэт і звычаі. Акрамя таго, Ваша абшчына ажыцьцяўляе гэтак званыя “служэньні”. Ёсьць малітоўнае, музычнае, турэмнае, місіянэрскае, выдавецкае, діцячае, падлеткавае служэньне, ёсьць кансультацыі і праца з бізнэсоўцамі. Як разумець гэтыя розныя служэньні?”

(Брух: ) “Кожнае з гэтых служэньняў – гэта адкрыцьцё ад Бога. Бог гаварыў, што неабходна аказаць увагу, напрыклад, падлеткам. У мяне самога трое цудоўных дзяцей: Давід, Эсфір і Рэвека. Давіду зараз 10 гадоў, і я бачу, як цяжка яму ў гэтым узросьце, як ён шукае сабе месца ў жыцьці, як ён шукае ўвагі да сябе з боку людзей.

Вельмі часта такія вось дзеці, падлеткі застаюцца без увагі ў нашых сем’ях, у грамадзтве і нават у Царкве. У маім сэрцы Бог настойліва гаварыў, што мы не павінны нядбайна ставіцца да дзяцей. Гэта людзі. Мы неаднойчы думаем, што яны нічога не разумеюць, але яны разумеюць, яны бачаць. Яны неаднойчы бачаць больш за дарослых. Яны бываюць чысьцейшыя за дарослых, таму што іхнае сьветаўспрыйманьне яшчэ не забруджанае гразьзю, грахом . Яны неаднойчы лепш бачаць і шчырасьць і хлусьню”.

(Бандарук: ) “Я хацеў-бы яшчэ вярнуцца да зьнешніх умоваў Вашай дзейнасьці. Мяркуючы па колькасьці вернікаў, па тых формах працы, якая праводзіцца, з часу рэгістрацыі ў 92 годзе, Вашая Царква жыве і разьвіваецца. Але Вы самі адзначылі, што зараз умовы для гэтай працы пагоршыліся, што ня маеце адпаведнага памяшканьня. Якім чынам у Вас адабралі залю, хто тут вінаваты?”

(Брух: ) “Хто вінаваты – ня нам судзіць. Але ёсьць у рэспубліцы некаторыя сілы, якія вельмі моцна процідзейнічаюць жыцьцю і разьвіцьцю – асабліва, пратэстанцкіх цэркваў. Я думаю, што карысьці гэта не прынясе. Напрыклад, мы ўжо некалькі гадоў запар кормім у сталоўцы – тут, у Фрунзэнскім раёне Менску – шмат бедных, галодных і самотных людзей. На жаль, з часу, калі нам адабралі залю, заміж 80 чалавек, мы кормім усяго 25 чалавек.

У кожным разе, я чытаў рашэньне №344 менскага гарвыканкаму ад 6 красавіка, у якім, на маю думку, яўнае парушэньне заканадўства Беларусі ў адносінах да нашай Царквы. У прыватнасьці, у 2 пункце рашэньня, акцыянэрнаму таварыству “Сукно” рэкамэндуецца скасаваць з намі дамову на арэнду залі. Гэта выразнае парушэньне закону аб сходах, мітынгах і шэсьцях, а таксама 36 Дэкрэту прэзыдэнта, прынятага пасьля вядомых падзеяў на Нямізе.

Па-першае, Царква не магла парушыць закон, паколькі і ён, і прэзыдэнцкі дэкрэт тычацца грамадзянаў, а не юрыдычных асобаў. Калі асобны грамадзянін парушыў закон, трэба пакараць за гэта яго, а не Царкву. Пасьля таго, як я прачытаў згаданую пастанову, я і зразумеў, што ў нас ўсё яшчэ як у савецкія часы: гарвыканкам вырашае, хто вінаваты, а хто мае рацыю”.

(Бандарук: ) “Брат Веньямін. Адзін з эвангельскіх прапаведнікаў напісаў мне, што шэраг гадоў Вы асабіста і Вашая царква “пайшлі на яўны, непрыхаваны і празьмерны калябарацыянізм з уладамі. На сустрэчы прадстаўнікоў розных канфэсіяў вы самі ўзахлёб расьпісвалі, якія ў нас цудоўныя ўлады і як мірна трэба жыць. Зараз вы павярнулі на 180 градусаў і паднялі гвалт, што ўлады не даюць Вам служыць Богу”. Калі Вашая Царква заўсёды была аж надта ляяльная ў дачыненьні да ўлады, дык адкуль такая зьмена? Гэта-ж яўны перасьлед…”

(Брух: ) “Калі паглядзець на ўсё гэта шчыра і аб’ектыўна, дык яно так. Аднак, кожны раз гэта юрыдычна абгрунтаванае так, што кожны новы закон ставіць нас у такія ўмовы, калі нам прыходзіцца ўціскацца і выкручвацца, каб не парушыць гэтага закону.

Мы жылі нармальна, арэндавалі гэтую залю 8 гадоў, і амаль усе людзі ў горадзе ведалі, што мы там праводзім багаслужбы. Магчыма, гэта некага закранула, пачалі нам зайздросьціць і гаварыць, што палац культуры не прызначаны для багаслужбаў. Але ж у нас няма сьвечак, і мы не ствараем пажарнай небясьпекі. У нас звычайны сход, гучыць музыка, паўгадзінная казань, людзі сядзяць у крэслах, потым усе ўстаюць, выходзяць. Вось і ўсё. Для такога кшталту багаслужбаў, як нашая, такая заля якраз і функцыянальна адпавядае. Калі б гэта былі савецкія часы, дык праўда. Тады палацы культуры не будавалі для багаслужбаў.

А што тычыцца прэзыдэнцкага дэкрэту, дык ён ня быў накіраваны на тое, каб абмяжоўваць правы грамадзянаў, пратэстантаў ці каго-небудзь іншага. Дэкрэт быў накіраваны на тое, каб загарантаваць бясьпеку людзей у часе масавых мерапрыемстваў. Гэта некаторыя чыноўнікі проста скарыстоўваюць законы, каб абмежаваць правы. З хрысьціянскага пункту погляду гэта выглядае, як перасьлед”.

(Бандарук: ) “Чыя б не была віна – рэпрэсіўнага закону ці недабразычлівасьці з боку чыноўнікаў – не падлягае сумневу, што стаўленьне да Вас з боку ўладаў зьмянілася да горшага. А як складаюцца Вашыя адносіны зь іншымі канфэсіямі? Як Вы ставіцеся да іх, і яны да Вас?”

(Брух: ) “Маё стаўленьне да каталікоў, праваслаўных – як да братоў. А што тычыцца больш канкрэтных адносінаў, дык з пяцідзесятнікамі, баптыстамі, пратэстанцкімі плынямі мы сябруем. У нас добрыя кантакты зь імі, узаемазразуменьне. У мяне сябры таксама і ў праваслаўнай Царкве, але афіцыйна нам нельга гэтага агучваць – асабліва некаторым зь іх, якім, як сьвятарам, не выпадае з намі кантактаваць, і начальства іх за гэта не пагладзіць па галаве. Тым ня менш, я – просты чалавек і я хачу сябраваць з рознымі людзьмі, пры гэтым разумеючы, што кожны чалавек мае права на свабоду выбару, верыць гэтак ці інакш”.

(Бандарук: ) “А ў гэтых канкрэтных умовах як Вы сабе ўяўляеце будучыню сваёй абшчыны?

(Брух: ) “Я ня ведаю, што будзе далей, таму што ўлады юрыдычным шляхам хочуць прымусіць рэгістраваць новыя статуты. Яны гавораць, што нельга рэгістраваць абшчыну ў жылым доме або кватэры, хаця закон аб веравызнаньнях не забараняе гэтага. Улады хочуць зачыніць большасьць цэркваў, якія зарэгістраваныя ў кватэрах і якія ня маюць сваіх будынкаў і ня маюць магчымасьці арэндаваць нежылое памяшканьне.

Аднак, юрыдычна закрываючы царкву, урад павінен ведаць, што ён ня ў стане прымусіць людзей перастаць зьбірацца ў царкве. У многія гады перасьледу гісторыя паказвае, што хрысьціянаў цяжка прымусіць адрачыся ад сваёй веры. Гэтага ніколі й ня трэба рабіць. Проста трэба дапамагчы стварыць умовы для таго, каб яны маглі свабодна зьбірацца і вызнаваць сваю рэлігію сумесна.”

(Бандарук: ) “Гэтак павінна быць, але, на жаль, зараз у Беларусі назіраецца хутчэй адваротнае. Тое, аб чым Вы гаворыце, я чуў ужо з многіх вуснаў. У кожным разе, улады зьмяняюцца, а Царква застаецца. Царква перажыла ўжо і горшыя часы, а ў неспрыяльных умовах гартуецца вера. Я дзякую Вам за ўдзел у праграме, жадаю вытрымкі і посьпехаў”.

(Брух: ) “І Вам посьпехаў”.

(Бандарук: ) “Гэта быў пастар менскай Царквы Ісуса Хрыста Веньямінамін Брух. Як раней гаварылася, пратэстанцкія цэрквы ставяць моцны націск на тое, што Сьвятое Пісаньне зьяўляецца адзінай крыніцай веры. Чаму яны гэтак лічаць?

На гэтую тэму гаворыць прапаведнік Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў Юрась Сьмірноў.

(Сьмірноў: ) “Добры вечар усім тым, хто даслухвае перадачы Радыё Свабода да канца, не абмінаючы й Сымбалю веры.

Вядучы праграмы Кастусь Бандарук прапанаваў мне сказаць нешта на такую тэму: “Чаму Сьвятое Пісаньне павіннае лічыцца адзінай крыніцай і асновай нашай веры?”

Мяне адразу зьдзівіла, што фармулёўка тэмы ну проста нейкая лютэранская, хаця брат Бандарук быццам бы ні да лютэранаў, ні да эвангелікаў не адносіцца, хаця ставіцца да іх вельмі нармальна, як і павінен адзін хрысьціянін ставіцца да іншага брата ў Хрысьце. “Адзіная крыніца і аснова” гучыць амаль як дэвіз Рэфармацыі — “Sola Scriptura!” (“Толькі Пісаньне!”).

Але, калі разабрацца, дык нічога дзіўнага тут, канешне ж, няма. Для нашай хрысьціянскай веры – будзь ты хрысьціянін хоць праваслаўны, хоць веры эвангельскай, хоць баптыст, хоць адвэнтыст – няма іншае крыніцы і іншае асновы веры, чым Біблія. Усё астатняе — сьвятыя айцы, сымбалі веры, статуты цэркваў і тэлефонныя загады й парады вышэйстаячых начальнікаў — павіннае займаць становішча другараднае, а то й трэця- й далей “-раднае”.

І на пытаньне шаноўнага брата: “Чаму Сьвятое Пісаньне павіннае лічыцца адзінай крыніцай і асновай нашай веры?”, – я магу адказаць толькі адно: “Таму й павіннае, што яно імі ёсьць, што ніяк іначай проста й быць ня можа”. Той, у каго ёсьць іншыя крыніцы і іншыя асновы, нешта блытае, калі хрысьцяінінам завецца. Ці памыляецца, ці падманвае, але не хрысьціянін ён ніякі.

А чаму для сапраўдных хрысьціянаў Сьвятое Пісаньне ня толькі лічыцца, а й ёсьць адзінай крыніцай і асновай веры, тут можна казаць многа, а не сказаць нічога. Бо для каго яно крыніцай было, для таго і застанецца, а для каго не было, таго доказамі ня возьмеш.

Бо доказаў матэматычных і лягічных тут няма. Бо гэта не матэматыка і ня лёгіка, а вера. Матэматыка, лёгіка, біялёгія і бухгалтэрыя могуць да веры падвесьці (хаця могуць і адвесьці), але каб верыць, трэба верыць.

А калі веры няма, калі чалавек не прыпаў да крыніцы, ня стаў на аснову, то няма, можа, і сэнсу “лічыцца”. Трэба прыпасьці, каб не “лічылася” Пісаньне адзінай крыніцай веры, а было. Трэба, каб засьмяглі вусны, трэба пакрывіцца і паплявацца ад таго бруду й брыду, што цячэ з усіх іншых крыніцаў, апроч Слова Божага. Трэба, каб абрынуліся пад табою ўсе падмуркі чалавечыя, усе высокія крэслы. І чым раней, тым лепш, бо, як кажуць браты-летувісы: “Auk?tai skrido, ?emai t?p?”, – ці па-нашаму, па-простаму: “Высока ўзьляцеў, нізка сеў”.

А можа, ня трэба чакаць, пакуль нап’есься паскудзтва ды пакуль нізка і надоўга сядзеш?

Можа, проста ўзяць і паверыць у таго Бога, які Духам Сваім натхніў тых, хто пісаў сьвятыя кнігі — ад Быцьця да Адкрыцьця, і ў Сына Божага, аб Чыім Крыжы Стары Запавет прарочыць, а ў Новым Ён на гэты Крыж крочыць? А пасьля крыжа ў магілу. А пасьля магілы — у ўваскрэсеньне і жыцьцё, і на нябёсы, да тае пары, пакуль ня прыйдзе забраць тых, хто ў Яго паверыў.

Можа, паверыць у Хрыста, як Свайго Збаўцу ад усіх крыніцаў вады мёртвай і ад усіх асноваў ненадзейных і згубных?

Можа, сапраўды, разам з Марцінам Лютэрам, Францыскам Скарынам і ўсімі іншымі хрысьціянамі лічыць Слова Божае адзінай крыніцай і асновай хрысьціянскае веры – проста таму, што яно імі ёсьць?

Можа, сапраўды, і самому не лічыцца, а быць хрысьціянінам, чалавекам Ісуса Хрыста і Слова Божага? І Хрысту даверыцца, і Слова Божае адкрыць? Можа так?

Мая справа сказаць, ваша — рашаць.”

(Бандарук: ) “Гаварыў прапаведнік Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў Юрась Сьмірноў. Гэтым мы заканчваем сёньняшні выпуск Сымбалю Веры і запрашаем слухаць чарговы выпуск перадачы праз тыдзень”.

Кастусь Бандарук, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG