Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пастановы Сыноду Каталіцкай царквы ў Беларусі.


Удзельнік: член сакратарыяту Сыноду, ксёндз менскай каталіцкай катэдры а. Аляксандар Тарасэвіч. (эфір 23.09.2000).

Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка.

Праз тыдзень, у наступныя пятніцу і сыботу, у Менску адбудзецца цырымонія ўрачыстага закрыцьця Сыноду Рымска-Каталіцкай царквы Беларусі. Сынод працаваў аж тры гады. Ён пачаўся 29-30 верасьня 1997 году і заканчваецца 29-30 верасьня сёлета. Зразумела што гэта надзвычайная падзея ў жыцьці Каталіцкага касьцёлу ў Беларусі. Такія падзеі, як Сынод, адбываюцца звычайна аднаго разу ў 75-100 год. Апошні Каталіцкі Сынод у Беларусі адбыўся на пачатку стагодзьдзя. А гэты, які праз тыдзень закрываецца, важны яшчэ і тым, што праходзіў упершыню пасьля шматлікіх дзесяцігодзьдзяў ваяўнічага бальшавіцкага атэізму. І такі ягоны статус вызначыў і ягоныя задачы – Сынод як бы наноў фармаваў структуру і прынцыпы працы Каталіцкай царквы ў Беларусі.

На пачатку сваёй работы, Сынод працаваў як ворган Менска-Магілеўскай Рымска-Каталіцкай дыяцэзыі, і удзел у ягонай працы браў толькі адзін біскуп – галава дыяцэзіі кардынал Казімер Сьвёнтак. Але за час працы Сыноду колькасьць біскупаў Сыноду павялічылася да чатырох. Да кардынала Сьвёнтака дадаліся спачатку біскуп-памочнік Менскі Кірыл Клімовіч і біскуп-памочнік Пінскі Казімер Вялікаселец, а пасьля і біскуп Віцебскі Ўладыслаў Блін.

У нашай перадачы сёньня бярэ ўдзел член сакратарыяту Сыноду, ксёндз Менскай каталіцкай катэдры Аляксандар Тарасэвіч, які ласкава пагадзіўся прыадчыніць заслону над пастановамі Сыноду. Вось як ён падае задачы Сыноду на падставе дэкрэта кардынала Сьвёнтака аб адкрыцьці Сыноду.

(Тарасэвіч: ) “Сынод, які склікаецца, дапаможа нам выявіць фактычны стан багацьця веры, таго, што ёй пагражае і вынікаючых з гэтага клопатаў, выявіць дзеяньні, якія будуць служыць фармаваньню хрысьціянскіх пазыцыяў божага народу пасьля многіх год атэістычнага зьняволеньня, плянаваць пастаральную дзейнасьць, шукаць формы новай эвангелізацыі, вызначыць формы кантактаў паміж дыяцэзыямі нашай дзяржавы і ўсяго Каталіцкага касьцёлу, выпрацаваць формы кантактаў зь іншымі хрысьціянскімі веравызнаньнямі, рэлігійнымі супольнасьцямі і сьвецкай грамадзкасьцю. Такім чынам Сынод дапаможа акрэсьліць задачы абедзьвюх дыяцэзыяў праз разуменьне знакаў часу ў сьвятле вучэньня Каталіцкага касьцёлу пасьля Другога Ватыканскага сабору на парозе трэцяга тысячагодзьдзя хрысьціянства”.

Гаварыў ксёндз Аляксандар Тарасэвіч.

Трэба асабліва падкрэсьліць устаноўчы характар Сыноду. Ксёндз Аляксандар Тарасэвіч у нашай гутарцы некалькі разоў асабліва падкрэсьліў, што праца Сыноду аналягічная працы заканадаўчай інстытуцыі. Агульны сход разьбіваецца на тэматычныя ці профільныя сэкцыі, ідзе праца з праектамі дакумэнтаў, улічваюцца пажаданьні і заўвагі ўдзельнікаў, выпрацоўваецца нейкі кампрамісны варыянт, які і выносіцца на зацьверджаньне агульнага паседжаньня.

Агульная колькасьць удзельнікаў Сыноду складае 60 чалавек, зь якіх каля 25 адсоткаў складаюць сьвецкія вернікі, а астатнія – выбраныя ў дыяцэзыях і дэканатах сьвятары, а таксама ўсе біскупы.

Трэба тут адразу асабліва падкрэсьліць, што ў працы Сыноду на сваё асабістае жаданьне не бярэ ўдзелу Гарадзенская Рымска-Каталіцкая дыяцэзыя, што трэба прызнаць трагічным фактам, бо ведама таксама, што біскуп Гарадзенскі Аляксандар Кашкевіч не бярэ ўдзелу і ў працы біскупскай канфэрэнцыі Беларусі. Паўстае пытаньне: калі Гарадзенская дыяцэзыя не ўважае сябе часткай Каталіцкай царквы ў Беларусі, дык часткай якой царквы яна сябе ўважае?.. Пастараемся адказаць на гэтае пытаньне ў адной з наступных перадачаў.

А цяпер ізноў пра Сынод. Трохгадовая яго праца складалася з васьмі пленарных сэсіяў. У працягу трох год сээсіі Сыноды адбываліся адпаведна ў Менску, Баранавічах, Магілеве, Баранавічах, Бабруйску, Гомелі, Баранавічах і ў Віцебску. Паміж сэсіямі адбываліся штомесячныя паседжаньні Каардынацыйнай камісіі Сыноду.

Самі сэсіі былі тэматычнымі. Першая сэсія была прысьвечаная агульным пытаньням і пакліканьню і місіі вернікаў у царкве і сьвеце, другая абмяркоўвала пытаньні шлюбу і сям’і, трэцяя – сьвятарскія пакліканьні і сьвярскую фармацыю, чацьвертая – інстытуты манаскага жыцьця і місію Царквы, пятая – літургічныя пытаньні і структурную пабудову Каталіцкай царквы ў Беларусі, шостая сэсія засяродзілася на пытаньні так званай паслугі Божага слова, сёмая сэсія абмеркавала харытатыўныя, дышпастырскія пытаньні і хрысьціянскую фармацыю моладзі, ну а самай тэматычна насычанай сэсіяй сталася апошняя восьмая, Віцебская сэсія, на якой разглядаліся пытаньні сродкаў масавай інфармацыі, праблемы сэктаў і новых рэлігіяў, экумэнізм як заклік для Каталіцкай царквы ў Беларусі, а таксама ўнутраная структура дыяцэзыяў Менскай, Пінскай і Віцебскай.

Трэба сказаць, што ўсе пастановы сэсіяў Сыноду яшчэ не зацьверджаныя, і ў іх могуць быць унесеныя некаторыя дробныя зьмены. Таму падрабязна гаварыць пра іх зьмет будзе карэктна толькі пасьля зацьверджаньня іх Апостальскай сталіцай. Але ў нашай перадачы я ўсё ж вырашыў папярэдне зьвярнуць увагу на некалькі момантаў. Вось напрыклад адзін зь іх, датычны пастановаў першай сэсіі Сыноду. Ён датычыцца пакліканьня і пасланьніцтва сьвецкіх вернікаў у царкве і сьвеце, інакш кажучы прынцыпаў паводзінаў вернікаў у дзяржаве і грамадзтве. Ізноў ля мікрафону член сакратарыяту сыноду ксёндз Аляксандар Тарасэвіч.

(Тарасэвіч: ) “Божае і Касьцельнае права прымаецца і лічыцца асноваю ўсіх наступных сынадальных статутаў”. Ёсьць яшчэ такія словы цікавыя: “Дзяржаўныя законы, на якія спасылаецца Касьцельнае права, неабходна захоўваць у той ступені, у якой яны не супярэчаць Божаму праву, і калі нешта іншае не агаворанае Кананічным правам”.

Гаварыў ксёндз Аляксандар Тарасэвіч. Ці ня праўда цікавая вымога для вернікаў – выконваць дзяржаўныя законы толькі датуль, дакуль яны не супярэчаць Божаму праву альбо калі нешта іншае не агаворанае Кананічным каталіцкім правам. Вось тут мы і бачым крыніцы слабасьці камунізму, напрыклад, у суседняй Польшчы. А вось чаго Сынод патрабуе ад вернікаў асабіста. Ізноў гаворыць ксёндз Аляксандар Тарасэвіч:

(Тарасэвіч: ) “Недастаткова называцца хрысьціянінам, быць ім паводле мэтрыкі, толькі зарэгістраваным у касьцельных кнігах пасьля зьдзяйсьненьня сакрамэнту Сьвятога Хросту. Пасьля гэтага трэба выпрацоўваць хрысьціянскі стыль жыцьця і мысьленьня, фармаваньня найглыбейшых імпульсаў і дзеяньняў”.

Сынод патрабуе ад вернікаў, як бачым, укараньненьня эвангельскіх прынцыпаў у сваё жыцьцё. Гэта тое, што называецца эвангелізацыяй, або, як на беларускія ўмовы, новай эвангелізацыяй.

Яшчэ адной з цікавых тэмаў у пастановах Сыноду зьяўляецца тэма хрысьціянскага шлюбу і хрысьціянскай сям’яі. Вось які момант у гэтых пастановах вылучыў ксёндз Аляксандар Тарасэвіч:

(Тарасэвіч: ) “Па сваёй сутнасьці інстытут сям’і, а таксама каханьне сужэнкаў накіраваныя на нараджэньне і выхаваньне патомства; дзякуючы гэтаму ўзьнікае сям’я. Сям’я, гэта супольнасьць асобаў, для якіх ўласьцівым спосабам існаваньня зьяўляецца адзінства. У гэтым таксама праяўляецца падабенства да Боскага “Мы”, значыцца, падабенства да Бога ў тым, што Бог ёсьць адзіны ў трох асобах”.

Каталіцкая царква, такім чынам, адкідае сучасную паставу значнай колькасьці эўрапейскіх сем’яў, якія або зусім не нараджаюць дзяцей-, або нараджаюць адно дзіця. Шлюб, паводле Каталіцкага касьцёлу, накіраваны на нараджэньне і выхаваньне дзяцей.

І таксама вельмі цікавай уяўляецца пастанова Сыноду што да арганізацыйнай структуры каталіцкіх дыяцэзыяў у Беларусі. Справа ў тым, што гістарычна сфармаваная сыстэма арганізацыі дыяцэзыяў была ў Беларусі дашчэнту разбураная. Пры біскупах раней, як вядома, існавалі капітулы, у склад якіх уваходзілі так званыя канонікі. І вось у Беларусі гэтая структура апынулася ў выніку пастановаў Сыноду скасаванаю. Замест капітулаў цяпер утвараюцца канфэрэнцыі дэканаў пры біскупах. У дэканатах таксама, дарэчы, утвараюцца дэканальныя канфэрэнцыі. Ну і кіраваць усёй царквой будзе канфэрэнцыя біскупаў. Гэта цалкам рэвалюцыйны крок для Каталіцкай царквы ў Беларусі.

Што датычыцца іншых пастановаў Сыноду, дык аб іх трэба больш падрабязна гаварыць пасьля зацьверджаньня яго пастановаў Апостальскай сталіцай і іх апублікаваньня ў Беларусі. Мы і так узялі на сябе сьмеласьць пагаварыць пра яшчэ незацьверджаныя нормы, ну але на гэтым і палягае зацікаўленьне слухача і рэдакцыі.

Сяргей Абламейка, Прага

XS
SM
MD
LG