Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці беларусы - народ набожны?


Аўтар і вядучы а. Канстантын Бандарук.

Тэма, якую мы абралі для сёньняшняга разважаньня, даволі агульная й расплывістая: ці беларусы як народ - набожныя? На такую пастаноўку пытаньня нехта можа адказаць: "гэта усё роўна, што спытацца, ці беларусы, напрыклад, прыгожыя або працавітыя, а на такое пытаньне ня можа быць адназначнага адказу. Праўда, што беларусы і прыгожыя і разумныя і працавітыя - АЛЕ НЯ ЎСЕ. Тут патрэбнае грунтоўнае дасьледаваньне з улікам эпохі, веравызнаньня, сацыяльнага статусу, адукацыі і так далей. Нарэшце - выпадала б патлумачыць, паводле якога крытэрыю мы зьбіраемся ацэньваць «рэлігійнасьць», бо гэта таксама складаная справа».

На маю думку, у любых ацэнках сапраўды трэба пазьбягаць абагульненьняў, бо яны або для некага крыўдныя, або перабольшаныя. З другога боку, фраза «але ня усе» таксама не павінна паралізаваць. Акрамя грунтоўных дасьледаваньняў існуюць і асабістыя меркаваньні і стэраатыпы - у тым ліку пра беларусаў. Так, пра немцаў гавораць, што яны акуратныя, гаспадарныя, пра чэхаў - што прагматычныя, пра цыганоў - што гультаі і злодзеі. Пра нашых суайчыньнікаў гаворыцца, што яны гасьцінныя, сяброўскія, памяркоўныя, цярплівыя ажно да нелягічнасьці. Зноў нехта скажа: «але ня ўсе». Пэўна, што ня ўсе, але ж і стэрэатып на нечым базуецца, не бывае дыму без агню. Шэраг гісторыкаў, сацыёлягаў і пісьменьнікаў прыйшлі да высновы, што ўсё ж існуе нешта такое, як нацыянальны характар - у тым ліку і ў беларусаў. Ацэньваючы гэты характар, адзін з сучасных філёзафаў (Алесь Анціпенка) сказаў: «Канфармізм стаўся спосабам выжываньня беларусаў [...] Яны, напрыклад, лічаць, што ўладу немагчыма зьмяніць. Трэба ня кідацца ў вочы, схавацца, перачакаць. Хай зьмяняюцца акупанты і захопнікі, а я не паказваюся, мяне няма. Раней беларус уцякаў у лясы й балоты, а цяпер замыкаецца ў сваёй прыватнасьці, ня ўдзельнічае ў публічным жыцьці».

Зыходзячы менавіта зь меркаваньня, што і без карпатлівых дасьледаваньняў можна гаварыць пра некаторыя рысы нацыянальнага характару, я папрасіў выказацца на тэму набожнасьці беларусаў трох вядомых людзей: зь Беларусі і з-за яе межаў. Гэта: апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа а. Аляксандар Надсан, апостальскі візытатар для беларусаў-грэкакаталікоў а. Сяргей Гаек і жыхар Менску - праф. Уладзімер Конан - праваслаўнага веравызнаньня.

Дык як, гледзячы і здалёк і зблізка, яны ацэньваюць набожнасьць беларусаў?

Гаворыць айцец Сяргей Гаек:

(Гаек:) «Я ўпэўнены, няма сумневу, што беларускі народ належыць да больш пабожных народаў. Хопіць узгадаць толькі, што ў Беларусі слова «бязбожнік» ніколі ня мела пазытыўнага значэньня, як гэта было хоць бы ў Савецкай Расеі. Нават нашыя атэісты не хацелі, каб іх называлі бязбожнікамі. Так што беларусаў, напэўна, можна лічыць народам і пабожным і вельмі рэлігійным. Іншае пытаньне - наколькі гэтая пабожнасьць мае, так сказаўшы, пераклад на канкрэтнае жыцьцё. Натуральна, трэба, каб гэтая набожнасьць, якая ёсьць дзесьці ў крыві беларусаў, была усё больш і больш эвангельская. Вось таму і гаворыцца пра неабходнасьць паўторнай эвангелізацыі. Ня тое, каб у Беларусі жылі паганцы, але таму, каб гэтая спадчынная рэлігійнасьць усё больш станавілася бачная ў штодзённым жыцьці. Тут заўважу, што задачай Царквы й Касьцёлу зьяўляецца вяшчаньне слова Божага, Эвангельля на роднай мове. Я бачу сёньня, можна сказаць, задачу супольнага, згоднага вяшчаньня Эвангельля ў Беларусі на роднай мове, асабліва, калі гэтая мова апынулася ў небясьпецы.

Сёньня, натуральна, калі мы напярэдадні трэцяга тысячагодзьдзя, вельмі патрэбна, каб гэтая рэлігійнасьць, хрысьціянская набожнасьць, ставалася ўсё больш і больш актуальная проста ў жыцьці народу, каб тое, што я лічу сябе вернікам, набожным чалавекам, азначала, што я намагаюся жыць па-Божаму».

Гэтак лічыць а. Сяргей Гаек, які не жыве ў Беларусі, але часта яе наведвае. Ён бывае таксама і ў іншых краінах, і таму ў яго склалася ўяўленьне пра набожнасьць беларусаў. А вось меркаваньне а. Аляксандра Надсана, які жыве ў Лёндане, але таксама надзвычай цікавіцца жыцьцём на Бацькаўшчыне, наведвае яе, дапамагае. Вось што ён сказаў на гэтую тэму:

(Надсан:) «Ці беларускі народ набожны? Цяжка адказаць, каб не пакрыўдзіць іншыя народы. Я думаю, што ня больш і ня менш пабожны, чым іншыя. Кожны народ мае сваю набожнасьць і сваю патрэбу нечага духоўнага. Найгорш, калі ёсьць пустэча ў душы. У гэтым сэнсе ў беларусаў, безумоўна, ёсьць цяга да духоўнага, каб нечым запоўніць душу. У Беларусі, я адчуў гэта выразна, асабліва таму, што даўгі час яны такой магчымасьці ня мелі.

Першы раз я паехаў у Беларусь у 1990 годзе - яшчэ тады існаваў Савецкі Саюз - зь лекамі для хворых дзяцей. І паехаў у шпіталь, і там былі якраз гэтыя дзеткі ў вельмі цяжкім стане ды іхныя мамы. Усе гэтыя мамы акружылі мяне: ня ведаю, якога яны былі веравызнаньня, ці цалкам няхрышчаныя, але ўсе казалі: «Ойча, паблаславі нашых дзетак, хай Бог ім дапаможа». Я блаславіў, маліўся зь імі. І вось адна цікавая рэч, што ад гэтых няшчасных жанчын я ня чуў ніводнага слова якога-небудзь жалю да Бога, або да іншых людзей. Прыймалі сваё гора з болем, але і з пакораю... Я быў вельмі моцна ўражаны гэтым. Так, што бачыце, душа беларуса добрая, душа патрабуе духоўнай стравы, і гэтая патрэба адчувалася. Пасьля я таксама сустракаўся зь іншымі, вельмі добрымі людзьмі. Калі нават пра Бога не гаварылі, але ўсьведамлялі вартасьць чалавечага жыцьця. Здарылася мне быць у шпіталі, дзе была дырэктарка-камуністка, якая пры найбольш хворых на сындром Даўна дзетках заявіла, што лепш было б, каб яны наагул не нарадзіліся на сьвет, каб у свой час зрабілі аборт. А стары доктар, што выгядаў як вясковы дзядзька, вельмі спакойна адказаў: «Усе яны аднолькава дзеці». Я таксама гэта запамятаў. Гэты чалавек ведаў вартасьць людзкога жыцьця. Дык у гэтым сэнсе я кажу, што ёсьць шмат добрага. Гэтая цяга да духоўнасьці усюды сустракаецца».

Асабістыя назіраньні ўпэўнілі а. Аляксандра Надсана зь Лёндану, што прынамсі ў глыбіні сваёй душы беларус набожны. А вось яшчэ адно меркаваньне, гэтым разам праваслаўнага верніка, менскага старажыла прафэсара Ўладзімера Конана:

(Конан:) «Сёлета мы закончылі цікавае, хоць крыху фармальнае дасьледаваньне, і ў нас ёсьць дадзеныя пра тое, што за апошняе дзесяцігодзьдзе Беларусь перажывала рэлігійны рэнэсанс. Але гэта зьнешнія фактары, а калі гаварыць пра рэлігійнасьць, то канешне, беларусы па складу свайго характару - людзі рэлігійныя. Іншая справа, што ў іхнай гістарычнай сытуацыі не заўсёды гэтая рэлігійнасьць рэалізавалася. Справа у тым, што ў выпадку зь беларусамі нацыянальная самаідэнтыфікацыя не супадала з рэлігійным веравызнаньнем. У другой палове XVII-га і ў XVIII-м стагодзьдзі адбылася нацыяналізацыя Праваслаўя, яно
стала «рускай» верай, і палянізацыя каталіцтва. Вось гэта адна з прычын, якая па сутнасьці перашкодзіла рэалізацыі рэлігійнасьці беларусаў. Але наогул, на маю думку, ёсьць народы прагматычныя, што жывуць пераважна ў эмпірычным сьвеце, а ёсьць больш містычныя, чым практычныя. У іх больш рэлігійнай містыкі чым эмпірыкі нягледзячы нават на вонкавыя атрыбуты рэлігійнасьці. Беларуская душа менш практычная, чымсьці ў палякаў, французаў ці амэрыканцаў, ці нават у расейцаў. Адсюль у іх натуральна большая схільнасьць да рэлігіі. Іншая справа, што практычная сувязь паляка з Касьцёлам, або расейца з Праваслаўнай Царквою больш шчыльныя. Гэта ўжо вынікае з гістарычных прычын. З другога боку, калі колькасьць парафіяў павялічылася за восем гадоў у 3-4 разы, зьявіліся новыя, нетрадыцыйныя веравызнаньні, дык гэта яшчэ ня сьведчыць, што бальшыня народу стала рэлігійнай. Я наогул лічу хрысьціянскую рэлігію элітарнай, таму найбольш духоўна актыўныя людзі далучаюцца да яе».

Такім чынам, усе мае суразмоўцы згодныя ў тым, што нягледзячы на ўсе атрыбуты набожнасьці, на яе вонкавае выяўленьне, беларусы ў сваёй душы - рэлігійныя. Айцец Сяргей Гаек тлумачыць прычыну гэтага тым, што:

(Гаек:) «...беларускі народ у сваёй гісторыі вельмі пакутаваў, і ў гэтых цяжкіх момантах Бог, Царква, Касьцёл былі адзінымі пунктамі апоры і падтрымкі. І таму, сапраўды, рэлігійнасьць, вера хрысьціянская так глыбока ўпісалася ў жыцьцё беларускага народу».

Айцец Сяргей пацьвярджае трапнасьць народнай прыказкі: «Калі трывога - тады да Бога». Але ж, з другога боку, штодзённая набожнасьць - гэта «жыцьцё па-Божаму», прыстойны лад жыцьця, выконваньне запаветаў, прынцыпаў маралі і царкоўных правілаў, такіх як пасты, таінствы, сьвяты і абрады. Пра нашых суседзяў палякаў існуе даволі пашыранае ўяўленьне, што яны «добрыя каталікі, але дрэнныя хрысьціяне». У Сьвятым Пісаньні сказана: «па пладох іх пазнаеце іх». Сказана таксама: «вера без учынкаў мёртвая». Як жа можна гаварыць пра наяўнасьць нечага, калі яно не выяўляецца навонкі? На жаль, калі нават недзе глыбока ў душы беларусы набожныя, дык усё роўна гэтага ня бачна... У беларусаў і далей трывога, але ня надта яны зьвяртаюцца да Бога. Шэраг гадоў аб перасьледзе з прычыны рэлігіі нельга ўжо гаварыць, а людзі - як заўважыў адзін праваслаўны сьвятар - не пакарысталіся свабодай. Сьпярша зьвярнуліся да рэлігіі, як да навінкі, але гэта быў саламяны агонь. Якая-ж тут прычына? Айцец Аляксандар Надсан:

(Надсан:) «На жаль, беларуская душа вельмі спустошаная і цяпер вельмі часта яна запаўняе сябе нечым непаўнацэнным. Калі быў Савецкі Саюз, дык была прынамсі нейкая ідэя. Пасьля яго краху - можа гэта і нашая віна, сьвятароў і розных Цэркваў, што мы не змаглі запоўніць гэтую пустэчу ў душы. Узгадаю эвангельскую прытчу, калі нячысты дух выйшаў з чалавека, хадзіў па пустэчы і кажа: вярнуся назад. Але ранейшае памяшканьне было пустое і вымеценае. Тады пайшоў, узяў сем яшчэ горшых духаў і было таму чалавеку горш, чым раней. Таму я баюся, што тое самае можа быць і ў Беларусі. Цяга да духоўнасьці ёсьць, на жаль, ёсьць і вялікая пустэча ў душы, якой ніхто не запаўняе. Я баюся, што мы сьвятары, прадстаўнікі Царквы - ці Каталіцкай ці Праваслаўнай ці нейкай іншай - недастаткова выконваем свае абавязкі. Ёсьць людзі, якім глыбока запала гэтае зерне хрысьціянства, але гэта невялікія групы. Мы не змаглі прыцягнуць іх. Трэба ж і самым жыць па-хрысьціянску, а калі людзі гэтага прыкладу ня бачаць, дык адыходзяць. Акрамя таго, у нас зашмат фармалізму ў нашых арганізаваных рэлігіях, як Праваслаўная ці Каталіцкая. За гэтым вонкавым фармалізмам часам не адчуваецца духа. Беларускі народ мае патрэбу ў духоўнай страве. Ад нас залежыць, якую мы ім страву дамо і ці дамо наогул. Нам, Цэрквам, трэба вельмі добра аб гэтым падумаць. Калі вось напрыклад прыходзяць у праваслаўную, ці каталіцкую Царкву маладыя людзі поўныя энтузіязму і добрай волі і ня знойдуць там таго, чаго яны хочуць - яны адыходзяць і або зусім стануць цынікамі, або пойдуць у якую-небудзь сэкту».

Сапраўды, у Сьвятым Пісаньні сказана: «Адкуль жа могуць ведаць, калі ніхто не навучыў іх?» Акрамя недастктковай працы духавенства ёсьць аднак і аб'ектыўныя прычыны. У горадзе Сэнт Луіс, які днямі наведаў Папа Ян Павал ІІ - 80 каталіцкіх храмаў, але дзьве траціны зь іх закрытыя. У Чэхіі толькі 25% насельніцтва заяўляюць, што вераць у Бога і толькі 8% удзельнічаюць у царкоўным жыцьці. Пражыўшы амаль 4 гады ў Чэхіі, я ніколі ня бачыў там перапоўненых храмаў... Калі ў Беларусі яны не пустуюць, дык таму, што іх усё яшчэ няшмат... Меркаваньне праф. Конана:

(Конан:) «Галоўная прычына таго, што ўсё такі хрысьціян, актыўных хрысьціян - па сутнасьці душы, а не па фармальнай прыналежнасьці - у нас у Беларусі яшчэ менш, чымсі няверуючых або абыякавых да рэлігіі, галоўная прычына - гэта тыя 70 гадоў бальшавіцкага, агрэсіўнага атэізму. У гэтых умовах многія аказаліся няхрышчанымі, а гэта праграмаваньне чалаека на веру. Бяз гэтага пачатку цяжка выбраць рэлігію. Натуральна, многія будучы ўжо сталымі людзьмі вагаюцца, таму што прыняцьце хросту, хрысьціянства ў сталым узросьце ужо накладвае пэўныя і даволі высокія абавязкі».

Мне прыгадваецца вугорскі тэоляг, біскуп Цігамэр Тот, паводле якога прычына нявер'я ў тым, што людзі «забыліся пра Бога» або «супрацівіліся Яму». Забыцца - гэта значыць поўнасьцю заняцца бытавымі, зямнымі справамі, у якіх ужо няма месца ні часу для духоўнага жыцьця. Гэта людзі, якія навучыліся абыходзіцца без рэлігіі і ўжо не адчуваюць вышэйшых патрэбаў. Людзі, што «супрацівіліся Богу», паводле вугорскага тэолага - гэта тыя, якія ня хочуць жыць паводле патрабаваньняў веры. Лепш запярэчыць існаваньне Бога, чымсі зьмяніць сваё жыцьцё, накінуць сабе маральную вуздэчку. Мне здаецца, што падобнае назіраецца і ў беларусаў. Спадзяюся аднак, што, як сказалі мае суразмоўцы, нашы людзі не супрацівіліся Богу, толькі пра Яго крыху падзабылі.

Кастусь Бандарук, Прага

XS
SM
MD
LG