Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляды на Бацькаўшчыне і на эміграцыі.</font>


Удзельнікi: Епіскап БАПЦ Аляксандар Салагуб (Нью-Джэрзі), айцец Аляксандар Велісейчык і Тамара Талерчык (Гародня).

Аўтар і вядучы: Сяргей Абламейка. (эфір 6.01.2001).

Сёньня – Сьвяты Вечар, або Шчодры Вечар, або проста Куцьця – пярэдадзень аднаго з двух найбольш шанаваных і ўлюбёных хрысьціянскіх сьвятаў паводле юльянскага календару. Праваслаўныя беларусы на Бацькаўшчыне і на эміграцыі зьбяруцца на ўрачыстыя набажэнствы і калядныя вячэры. Нельга сказаць, што беларусы сёньня самы хрысьціянскі народ, але з другога боку, традыцыі адзначэньня Калядаў нашыя суайчыньнікі захоўваюць даволі трывала як на эміграцыі, гэтак і ў самой Беларусі.

На пачатку першы з удзельнікаў сёньняшняй перадачы епіскап Гайленд-Паркскі БАПЦ Аляксандар Салагуб расказвае пра значэньне Калядаў для праваслаўных, а таксама як беларусы штату Нью-Джэрзі будуць адзначаць Каляды.

(Абламейка: ) “Напачатку я папрасіў бы Вас, епіскап Аляксандар, сказаць некалькі словаў пра значэньне Калядаў для праваслаўных вернікаў…”

(Салагуб: ) “Найперш адзначу, што гэта мае першыя Каляды ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царкве ў ЗША. Як вядома, заходнія хрысьціяне больш акцэнтуюць увагу на сьвяткаваньні Калядаў, а не Вялікадня. І таму кажуць, што на Захадзе Хрыстос нараджаецца, а на Ўсходзе ўваскрасае. Нараджэньне Хрыстовае – гэта вялікая таямніца зьяўленьне Бога-Сына на зямлі. Праўдзівы Бог стаўся праўдзівым чалавекам, Сынам людзкім, каб ахвяраваўшы сваё собскае цела, ацаліць чалавечую слабасьць, падараваць людзям сыноўства Божае. Хрыстос прыносіць на зямлю любоў і радасьць, і таму анёлы ў захапленьні сьпявалі: “Слава на вышынях Богу і на зямлі – мір між людзей добрай волі”.

(Абламейка: ) “А як у Вас будуць адзначацца Каляды. Вы – епіскап Гайленд-Паркскі, там ёсьць Вашая катэдра. Як там будуць адбывацца гэтыя сьвяты?”

(Салагуб: ) “У суботу ў сьвятыні Маці Божай Жыровіцкай у Гайленд-Парку архірэйскім чынам будзе адслужанае сьвяточнае навячэр’е Нараджэньня Хрыстовага. Сьвяточная Літургія ў сам дзень сьвята адбудзецца ў нядзелю раніцай. Пасьля навячэр’я ў сьвяточна ўпрыгожанай царкоўнай залі адбудзецца наладжаная сястрыцтвам парафіі супольная посная вячэра з традыцыйнай куцьцёй. Каля прыбранай ялінкі дзеткі прасьпяваюць Калядкі. Спадзяюся, усё пройдзе ўрачыста і радасна”.

(Абламейка: ) “Што б Вы яшчэ хацелі сказаць у гэты суботні дзень, на Куцьцю, заўтра Каляды – зь якімі словамі Вы хацелі б зьвярнуцца да слухачоў?”

(Салагуб: ) “Я хацеў бы павіншаваць усіх праваслаўных вернікаў на Бацькаўшчыне незалежна ад іх сёньняшняй юрысдыкцыі зь вялікім сьвятам Нраджэньня Хрыстовага і пажадаць, каб нябесная радасьць і духоўны супакой былі ў сэрцы кожнага з нас, каб наш пакутны беларускі народ дачакаўся лепшай долі, годнага жыцьця. Хрыстос нараджаецца! Слаўце Яго!”

Як вынікае са словаў епіскапа Салагуба, у амэрыканскіх беларусаў Каляды пройдуць як звычайна – будуць урачыстыя набажэнставы і нават Куцьця – супольная вячэра ў царкоўнай залі храму Жыровіцкай Божай маці ў Гайленд-Парку. Гэта вельмі важна і харктэрна – звычай урачыстай вячэры на Куцьцю сьвята захоўваецца беларусамі замежжа.

А як будуць адзначаць Каляды праваслаўныя на Бацькаўшчыне? Сёньня я выбраў для інфармацыі самае заходняе места Беларусі – Гародню, сталіцу Гарадзенскай праваслаўнай епархіі. У гэтым горадзе ўжо некалькі год працуе беларуская праваслаўная парафія Каложскай царквы, дзе кожны месяц у першую нядзелю служыцца беларускамоўная Літургія. Пры гэтай жа царкве дзейнічае і беларускае праваслаўнае брацтва. І вось настаяцель гэтай царквы айцец Аяляксандар Велісейчык расказвае сёньня, якія афіцыйныя мерапрыемсты будзе праводзіць Праваслаўная царква ў Гарадзенскай епархіі на Каляды.

(Велісейчык: ) “Самае галоўнае на сьвяты – гэта, канешне, набажэнствы і Літургіі, якія адбудуцца. Усяночныя набажэнствы напярэдадні сьвята будуць пачынацца ў залежнасьці ад цэркваў у 17 ці 18 гадзінаў. У сам дзень сьвята адбудуцца літургіі, і дакладна ў 12 гадзінаў 7 студзеня будзе па цэрквах Гародні ўрачысты сьвяточны звон. Пачынае яго катэдральны сабор, а потым на яго адзавуцца іншыя цэрквы нашага гораду. На другі і трэці дзень сьвята таксама будуць служыцца Боскія Літургіі. 14 студзеня, на стары Новы год, мітрапаліт Менскі і слуцкі, патрыяршы эгзарх усяе Беларусі будзе служыць Літургію ў манастыры Раства Багародзіцы. 13 студзеня плянуецца асьвячэньне царквы ў пасёлку Пагранічны. У епархіяльнай управе плянуецца некалькі выставаў. Адна з выставаў будзе прысьвечаная Юбілею нараджэньня Хрыстовага і будзе складацца з малюнкаў, якія даслалі дзеці ў рэдакцыю газэты “Гродненские епархиальные ведомости”. Выстава называецца “Што значыць для мяне 2000-годзьдзе Нараджэньня Хрыстовага?” Некаторыя дзеці прыслалі вельмі цудоўныя малюнкі, працы, нават вышытыя бісерам іконы. Плянуецца таксама выстава партрэтаў гарадзенскіх епіскапаў, пачынаючы з Якіма Лявіцкага, які зазнаў мучаніцкую сьмерць ад савецкай улады. Вось такія афіцыйныя мерапрыемствы ў гэтыя юбілейныя дні адбудуцца ў Гародні”.

(Абламейка: ) “У гэтыя дні беларусы будуць калядаваць. Як афіцыйная праваслаўная царква ставіцца да калядоўшчыкаў?”

(Велісейчык: ) “Што такое калядаваньне? Калі гэта праслаўленьне Хрыста, калі калядоўшчыкі ходзяць і праслаўляюць Хрыста, які нарадзіўся і сьпяваюць адпаведныя песьні, то гэта цудоўная традыцыя, якая існавала ў нашых продкаў. Напрыклад, у Кіеўскай мітраполіі быў выдадзены “Багагласьнік”, які скаладаўся з такіх песнапеньняў, каб людзі маглі праслаўляць Нараджэньне Хрыстовае. Гэта цудоўна. Калі ж да гэтага далучаюцца нейкія паганскія спакусы, розныя гаданьні, варажба, то, як вядома, царква да гэтага ставіцца адмоўна, бо яно не прыводзіць чалавека да Хрыста, а адводзіць ад Яго”.

Як мы чулі са словаў айца Аляксандар Велісейчыка, Праваслаўная царква нават падтрымлівае калядкі, калі яны не выходзяць за межы хрысьціянскага зьместу – гэта значыць, што Праваслаўная царква не падтрымлівае паганскія элемэнты калядак – напрыклад, чараваньне.
Маю ўвагу ў аповядзе айца Аляксандра Велісейчыка таксама прыцягнулі яшчэ дзьве рэчы – гэта заўтрашні калядны царкоўны звон, якім азавуцца ўсе праваслаўныя храмы Горадні, і падрыхтоўка да кананізацыі першага епіскапа Гарадзенскай епархіі Якіма Лявіцкага, забітага бальшавікамі ў 1920 годзе.

Ну а якія ж Каляды без так званай поснай Куцьці – урачыстай вячэры сёньня ўвечары? Праваслаўныя беларусы Гарадзеншчыны не забыліся на гэтую старажытную беларускую традыцыю. Як доказ гэтага – захоплены расказ апошняй удзельніцы нашай сёньняшняй перадачы, парафіянкі Каложскай царквы ў Гародні Тамары Талерчык. Яна расказвае, як гарадзенскія праваслаўныя беларусы адзначаць сёньняшні вечар і астанія сьвяточныя дні, якія, дарэчы, у Беларусі здаўна называлі “шчодрыкамі” ў адрозьненьне ад царкоўна-славянскай назвы “сьвяткі”.

Гаворыць Тамара Талерчык.

(Талерчык: ) “У суботу 6 сьнежня да заходу сонца прыбярэм у кватэры, паставім елку, бо з паяўленьнем першай зоркі пачнецца сьвяточная вячэра. Для гэтага падрыхтавалі трошкі сена, якое расьцелім на стале пад абрусам. У покуці на сене паставім гаршчочак з куцьцёю. Першая Куцьця – бедная і постная. Апрача куцьці на стале будзе яшчэ адзінаццаць страваў. Гэта – квас з грыбоў, селядцы, марынаваныя грыбы, капуста, гурочкі, бурачкі з цыбулькай, кісель і ламанцы. Безумоўна, будзе бутэлька гарэлкі. Зь яе кожнаму наліем па адным кілішку, ня больш. Пасьля малітвы і са словамі “Дай нам, Божа, дажыць да наступных Калядаў” вып’ем гэты кілішак. Больш наліваць ня будзем, бо па звычаю бутэлька не дапіваецца і застаецца да навагодняй багатай куцьці. Мне з дзяцінства найбольш падабаліся ламанцы. Памятаеце, як у Коласа:

А там ламанцы, праснакі
З пшанічнай добрае мукі,
А макаў сок такі салодкі –
Ламанцы ў ім ну як калодкі,
Так добра макам праняліся –
У рот паложыш – абліжыся.

А на наступны дзень, 7 студзеня, у дзень Божага Нараджэньня, пойдзем у нашую Каложскую царкву на набажэнства”.

(Абламейка: ) “А ці будзе ў вас каляда? Ці датрымліваеце ў Гародні гэтую традыцыю?”

(Талерчык: ) “А як жа? На гэтым Каляды не канчаюцца. Будзе яшчэ багатая Куцьця на Новы год, закончыцца зноў беднай Куцьцёю на Вадохрышча. Гэты час паміж сьвятамі ў нас называюць шчодрыкамі. Гэта час гуляньня, асабліва моладзі. І мы, беларусы Гародні, будзем зьбірацца ў памяшканьні нашай культурна-асьветніцкай арганізацыі “Бацькаўшчына”. Там будзем ладзіць елку, будзем сьпяваць нашыя песьні, нас будзе радавць хор “Бацькаўшчына” і танцавальны калектыў “Гродзенскіх дударыкаў”. Сьмеху і танцаў будзе шмат. У іншыя дні актывісты і харысты “Бацькаўшчыны” будуць наведваць па хатах нашых сяброў, а мы іх будзем частаваць і нават па традыцыі штосьці пакладзем у іх сьвяточную торбачку”

Вось на гэтым імпэтным і радасным аповядзе Тамары Талерчык пра тое, як шырока праваслаўныя беларусы Гародні будуць сьвяткаваць Каляды, я і закончу сёньняшні выпуск Сымбаля Веры.

Хрыстос нараджаецца, дарагія слухачы!
Слаўце Яго!

Сяргей Абламейка, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG