Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Самагубства


(эфір 7 жніўня 1999)

Праграму вядзе а. Кастусь Бандарук.

Сёньня, акрамя традыцыйнай рэлігійнай гутаркі, мы прапануем Вашай увазе разважаньне на тэму самагубства. Чаму чалавек ня можа свабодна валодаць сваім жыцьцём? Чаму Царква гэтак рашуча асуджае самагубства й дыскрымінуе самагубцаў пасьля сьмерці, адмаўляючы звычайнага пахаваньня? На гэтыя тэмы выказваюцца прадстаўнікі розных веравызнаньняў.

(а. Бандарук: ) Прывітаньне. Сёньня хачу закрануць пытаньне самагубства. Гэта сумная зьява, але такая ж звычайная, як любая сьмерць. Паводле Ўсясьветнай Арганізацыі Здароўя, штогод канчаюць жыцьцё самагубствам каля мільёна чалавек.

Самагубства мае шмат значэньняў, і з рознага гледзішча можна ставіцца да яго. Для адных гэта вызваленьне ад невырашальных праблемаў, а для іншых баязьлівыя ўцёкі ад рэчаіснасьці. Менавіта аспэкт баязьлівасьці у самагубцаў падкрэсьлівалі ўжо старажытныя Грэкі. Аб гэтым пісаў Арыстотэлес у трэцяй кнізе “Этыкі Нікамахэйскай”, а таксама Плютарх у “Жыцьцяпісаньнях слаўных людзей”, у прыватнасьці, гаворачы пра Клеамэнэса.

Самагубства можа быць уцёкамі ад адказнасьці, ад цяжкасьцяў жыцьця, ад самога сябе. І гэтага факту не зьмяняе акалічнасьць, што ўмоваю гэтых баязьлівых уцёкаў бывае акт роспачнай сьмеласьці. Некаторыя проста лічаць самагубства свабодным выбарам мейсца й часу сваёй сьмерці і перакананыя, што чалавек мае права на такі выбар.

Калі чуем, што нехта перарэзаў сабе вены, або кінуўся праз вакно, спрабуем вытлумачыць прычыны такога кроку. Псыхоляг шукае прычыну самазьнішчэньня ў псыхічным расстройстве, сацыёляг – ва ўмовах жыцьця, а тэоляг прызнае рацыю абодвум, але дадасьць, што, акрамя слабой псыхалягічнай устойлівасьці ды імунітэту, гэта таксама вынік слабасьці веры.

Аднак, калі нават няма ніякага сумневу, што гэта было самагубства, заўсёды застаецца пытаньне прычыны. І колькі б мы ня ведалі пра гэтага чалавека, ўсё роўна сапраўдную прычыну свайго адчайнага кроку ведаў толькі сам самагубца і гэтую таямніцу ён ўзяў з сабою ў магілу.

Давайце засяродзім сваю ўвагу менавіта на тым, як розныя хрысьціянскія канфэсыі ставяцца да праблемы самагубства. На гэтае пытаньне я папрасіў выказацца праваслаўнага сьвятара зь Менску а. Аляксандра Місейчыка, выдатнага каталіцкага тэоляга, прафэсара дагматычнай Тэалёгіі ў Акадэміі Каталіцкай Тэалёгіі ў Варшаве а. Яцэка Салія і прапаведніка Эвангельскай Царквы Юрася Сьмірнова.

На пачатак думка а. Аляксандра, настаяцеля праваслаўнай парафіі ў пасёлку Ратамка каля Менску, які ў сваёй пастырскай службе ня мог не сутыкнуцца з праблемаю самагубства:

(а. Місейчык: ) “У сваёй практыцы мне не здаралася быць сьведкай самагубства людзей праваслаўных. Сярод добрых вернікаў я не сустракаў самагубцаў, то бок людзей, якія страцілі трывалую веру. А ў вернікаў сапраўдных, тое ж самае магу сказаць і пра каталікоў – не сустракаў я выпадкаў, каб такі вернік учора быў у касьцёле, а сёньня скончыў жыцьцё самагубствам – такога я не сустракаў.

І галоўнае, у чым я бачу прычыну – гэта п’янства й распусны лад жыцьця, гэта адхіленьні ў псыхіцы”.

У Сьвятым Пісаньні непасрэдна не гаворыцца пра самагубства, і стаўленьне да яго бачнае паміж вершамі ў канкрэтных прыкладах самагубства Саўла, Ахітафеля ды Юды Іскарыёта. У Дзеях Апостальскіх, калі вартаўнік вязьніцы, баючыся пакараньня за сваю нядбайнасьць, хацеў сябе забіць, апостал Павал паўстрымаў яго, кажучы: “Не рабі сабе ніякага зла” (16, 28). Чалавек можа сябе адчуваць няшчасным, непатрэбным, некаханым, але Сьвятое Пісаньне пераконвае, што не бывае ў жыцьці больш гора, чымсі чалавек здольны пранесьці. Апостал пісаў: “Верны ж Бог, Які не дапусьціць вам быць спакушанымі больш, чым маеце сілу, але разам са спакусаю пашле й выйсьце, каб вы маглі перанесьці” (1 Кар. 10, 13).

Праваслаўная Царква лічыць самагубства цяжкім грахом. Чалавек не дае жыцьцё (гэта значыць – душу) ні іншаму чалавеку, ні, тым болей, самому сабе й таму не мае права яго адбіраць. “Бо ніхто з нас не жыве для сябе, і ніхто не ўмірае для сябе. Бо, калі жывем – для Госпада жывем, і, калі уміраем – для Госпада ўміраем. І дзеля гэтага ці жывем, ці уміраем – мы Гасподнія” (Рым. 14, 7).

Найкарацей кажучы, акрамя замаху не на сваё, самагубства гэта грэх адсутнасьці веры ў Бога і Ягоную любоў. Таму а. Аляксандр і кажа, што сярод сапраўдных вернікаў, з самагубствам ён не сустракаўся. Яно магчымае ў выпадку людзей, якія былі толькі намінальнымі хрысьціянамі. Але паслухаем, як ставіцца да самагубства Каталіцкая Царква…

(а. Салій: ) “Царква вельмі выразна разьмяжоўвае грэх і грэшніка. Яна рашуча асуджае самагубства, затое не асьмельваецца асуджаць самога самагубцу. Справа ў тым, што вельмі часта самагубцамі бываюць людзі неўраўнаважаныя псыхічна. Акт самагубства зьяўляецца хутчэй за ўсё роспачным крыкам ды просьбай аб дапамозе, што асабліва часта здараецца у выпадку маладых людзей, чымся сапраўдным жаданьнем адабраць сабе жыцьцё.

На жаль, вельмі часта такі хлопец або дзяўчына гінуць. Але менавіта гэта не было іхнай мэтаю, толькі спробай зьвярнуць на сябе ўвагу, што яму ці ёй дрэнна, што адчувае сябе непатрэбным, некаханым, што ня бачыць сэнсу жыцьця. Але ж жыцьцё мае сэнс і пры тым глыбокі сэнс, ажно з пэрспэктываю на вечнасьць. Гэта толькі вы, брат ці сястра дрэнна ўладкавалі сваё жыцьцё, так што яно згубіла для вас сэнс.

Некаторыя элемэнты самагубнага стаўленьня бываюць там, дзе мы нават не падазраем, напрыклад у выпадку п’яніцы, які неаднойчы можа сьпіцца да сьмерці. Гэтаксама ўсялякі, асабліва радыкальны, эгаізм, калі чалавек гэтак арганізуе свай жыцьцё, што няма ў ім мейсца для іншых. Зразумела, гэткі характар зьнішчае як быццам духоўную атмасфэру. Гэта дэструктыўная пазыцыя, і яна ў некаторых скрайніх выпадках можа закончыцца самагубствам.

Так што, паўтараю: самагубцаў Царква не асьмельваецца асуджаць; яны стануць перад Судом Божым, але грэх самагубства асуджае зь вялікім радыкалізмам і нават зь нейкім пачуцьцём жаху”.

Сапраўды, самагубства акрэсьліваецца паводле двух асноўных рысаў: выніку й намеру. Калі чалавек стрэліць сабе ў галаву, або выскачыць зь 10-га паверху, можна сказаць, што ён раз і назаўсёды вырашыў разьвітацца з жыцьцём. Аднак, калі малады хлопец або дзяўчына зьлёгку перарэзваюць сабе вены ці дасыпаюць ў каву невялікую колькасьць снатворных сродкаў, гэта толькі кліч аб дапамозе й жаданьне зьвярнуць увагу на свае праблемы.

Царква сапраўды глядзіць на самагубства з жахам, бо кожныя матывы самагубства жахлівыя. Гэта жах, калі злачынцы не хапае веры ў магчымасьць раскаяньня, і тое самае тычыцца пакутаў, спрычыненых самагубцам найбліжэйшай сям’і.

Пасьля самагубнай сьмерці аднаго студэнта знаёмы гэтай сям’і заявіў: “колькі сілаў і сьлёзаў каштавала ягонай маці выхаваньне сына, а ён у адну хвіліну ўсё зьнішчыў”.

Сапраўды, у некаторых выпадках самагубства бывае крайнім эгаізмам. Чалавек думае пра сябе, але ня думае, колькі незабыўнага болю ён спрычыняе сваім блізкім. З другога боку, жахлівая бывае і тая нячульлівасьць з боку асяродзьдзя, якое не прыкмячае чалавечае драмы. Псыхолягі лічаць, што кожнае самагубства зьяўляецца асуджэньнем абыякавасьці асяродзьдзя й грамадзтва. Выдатны амэрыканскі псыхоляг Мэнінгэр лічыць, што “самагубцам чалавек зьяўляецца нашмат раней, чымсі чалавек зьдзейсьніць самагубства”.

А дзе было асяродзьдзе, калі чалавек, прыкладам, апынуўся ў бязвыхадным становішчы, бяз працы, бяз сродкаў да жыцьця? Дзе былі бацькі, якія ведаюць, што трэба дзіцё апрануць і накарміць, але ня маюць для яго а ні часу, а ні любові? Ці не выпадала б яму своечасова працягнуць руку дапамогі, суцешыць, падбадзёрыць?

А вось думка наконт самагубства прапаведніка Евангельскай Царквы Юрася Сьмірнова:

(б. Сьмірноў: ) “Я лічу, што сагубства – гэта вельмі складанае пытаньне… І вельмі небясьпечна нам станавіцца ў позу судзьдзяў і судзіць чалавека, які дайшоў да такога краю, да такога жаху, што вырашыў аддаць самае дарагое, што ў яго ёсьць.

Самагубства можа быць вельмі розным. Тут амаль не бывае такіх “чыстых” выпадкаў… Ну, як скрайні прыклад, мы бярэм самагубства Самсона, які загінуў, сказаўшы: “Загінь душа мая разам з ворагамі маімі” – сьвядома аддаў жыцьцё. І, я не баюся абвінавачваньняў у блюзьнерстве, самагубства Ісуса. Бо Ісус канкрэтна кажа: “За тое любіць мяне Айцец, што я аддаю жыцьцё маё, каб зноў прыняць яго”. Ніхто не адбірае яго ў мяне, а я сам аддаю яго. Так што самагубства можа быць розным. Безумоўна, ёсьць розьніца ў самагубстве, калі чалвек заблытаўся ў сваіх грахах і сам сябе раздушыў, сам сябе прыгаварыў. Але, бывае – вырок такі самы, як у Ісуса, калі чалавек сьвядома аддае сваё жыцьцё. І Ісус нам кажа: “Няма большае за тую любоў, калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх”. Так што могуць быць выпадкі, калі чалавек сьвядома аддае сваё жыцьцё. Але тут уся справа ў тым, дзеля чаго аддае.

І яшчэ, што тычыцца самагубства – я ўпэўнены, што няма грахоў больш цяжкіх і менш цяжкіх. Пакараньне за любы грэх – сьмерць. І Бог даруе нам усе грахі. Як разбойніку на крыжы, так і нам Ён даруе любы грэх. Адзіны грэх – гэта блюзьнерства на Духа Сьвятога, але гэта асобная размова…

Калі падсумаваць, то я лічу, што тут трэба быць вельмі асьцярожным, памятаць – “не судзіце й не судзімыя будзеце”. І, можа быць, самагубства ці тое, што чыста фармальна выглядае самагубствам – на самай справе, гэта чуйнае стараньне, гэта геройскі чын”.

Безумоўна, матывы самагубства бываюць і вельмі высокародныя, і пошлыя. Згодна статыстыцы, на самагубства ня мае ўплыву маёмасны стан, але затое найчасьцей падымаюць на сябе руку людзі, якія ў сваёй працы выстаўленыя на стрэс. Трэць самагубцаў – гэта старэйшыя людзі, пасьля 60-ці гадоў. Боязь самоты, недалужнасьці й бяздапаможнасьці выклікае дэпрэсыю і схіляе іх да самадэструкцыі. Таксама вельмі часта канчаюць жыцьцё самагубствам падлеткі й маладыя людзі з прычыны праблемаў у сям’і ды школе або расчараваньня ў першай любові. У кожным разе, як кажа Юрась Сьмірноў, сапраўдныя прычыны самагубства ведае толькі Бог, і толькі Ён можа справядліва асудзіць кожны крок чалавека.

Аднак людзі судзяць ня ведаючы, і нават Царква, прынамсі ў мінулым яўна дыскрымінала самагубцаў, адмаўляючы ім нармальнага пахаваньня і далейшага памінаньня душы. Ці гэта ня крыўдна для самога самагубцы і ці гуманна ў дачыненьні да ягонай сям’і…

(а. Місейчык: ) “Тут можа, ня столькі гуманна да гэтага чалавека, самагубцы, колькі негуманна да тых людзей – сваякоў, блізкіх, сяброў. Таму што ўсялякае бывае. Вось і ў маёй практыцы здаралася, што нават самыя блізкія – маці, і ня ведае: чаму? ад чаго? Сын ці дачка… былі, вось літаральна, вечарам. А ноччу гэта здарылася… І паўстае пытаньне: чаму? Як гэта магло быць? І вось суцяшаеш маці… Бо прыйшла ў царкву й не мусіць без адказу сыйсьці”.

Я сам ў сваёй практыцы сустрэўся, як мінімум, з дзесяткам выпадкаў самагубства і памятаю, як сем’ям самагубцаў залежала на нармальным пахаваньні, са сьвятаром, з багаслужбаю, каб пахаваць пакойніка на могілках сярод блізкіх. Прынамсі ў нас ў Беластоку, хаця й з маленькімі зьменамі, аднак пахаваньне адбывалася нармальна.

А як гэта выглядае у каталікоў?…

(а. Салій: ) “Каталіцкая Царква ў прынцыпе цалкам адмовілася ад тае практыкі, калі самагубцаў неяк дыскрымінавалі нават пасьля сьмерці гэткім чынам, што хавалі недзе пад плотам на могілках або ў спэцыяльна падабранай, непасьвячонай зямлі. Такая практыка, зразумела, мела сваё абгрунтаваньне ў тым, што адлюстроўвала тое рашучае асуджэньне граху самагубства.

Аднак, з часам Царква ў рэшце рэшт усьвядоміла, што вельмі ж часта самагубства зьдзяйсьняецца не ў сваім розуме. Чалавек неаднойчы прымае рашэньне аб самагубстве ў выніку дэпрэсыі. Вось таму гэты стары прынцып у Царкве пераадолены й толькі сям-там застаюцца ягоныя рэшткі”.

Дарэчы, падцьвердзіў гэтае іншы тэоляг-мараліст Гжэгаж Стэфан. Паводле ягоных словаў, зараз Касьцёл “ня лічыць самагубцу нягодным літургічнага пахаваньня, паколькі самагубства – гэта пераважна роспачны крок, зьвязаны са стратаю здольнасьці сьведамага дзеяньня”.

І яшчэ думка прадстаўніка Пратэстанцкае Царквы…

(б. Сьмірноў: ) “Што тычыцца пакараньня пасьля сьмерці гэтых сем’яў, то тады давайце караць усіх… Самы страшны грэх – гэта пыха. Давайце караць усіх, хто заражоны гэтай хваробаю. Чаму толькі самагубцы? Давайце караць блудніцаў, давайце караць п’яніцаў. Давайце караць забойцаў, тыранаў, дыктатараў. Усе паражоныя грахом, усе аднолькава саграшылі, і для ўсіх пакараньне – сьмерць. Самагубцы тут не становяць нейкае асаблівае катэгорыі, я так лічу”.

Мяркуючы па ўсім вышэй сказаным, таксама і ў Праваслаўнай ды Каталіцкай Цэрквах пачынае пераважаць менавіта гэтакі падыход. Мне таксама здаецца, што Царква павінна пазьбягаць ролі судзьдзі. Нейкія правілы, дысцыпліна й каноны мусяць быць, але спагада й любоў – важнейшыя.

Самагубствы трэба прадухіляць, не даводзячы чалавека да роспачы, і працягваючы яму рукі дапамогі. У 1958-м годзе Эдвін Шнайдман заснаваў у Лос-Анджэлесе “Suicide prevention Centre” – першы ў сьвеце цэнтар прадухільваньня самагубстваў і зараз такіх асяродкаў мноства. Аднак, бліжэй чалавеку не ўстанова, але іншы чалавек. І таму на нас палягае абавязак зацікавіцца жыцьцём бліжняга і, калі трэба, усьцерагчы яго ад сьмерці.

Тымчасам я шчыра дзякую за ўдзел ў сёньняшняй праграме маім шаноўным суразмоўцам, а ўсім слухачам – за ўвагу.

Аўтар і вядучы а. Кастусь Бандарук

XS
SM
MD
LG