Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымбаль Веры


Каляднае пасланьне
айца Аляксандра Надсана,
апостальскага візытатара для беларусаў-каталікоў Усходняга абраду

Некалькі гадоў таму назад у Лёндане перад Калядамі зьявіліся плякаты з напісам «Вярніце Калядам Хрыста!». Адна газэта зьмясьціла з гэтай нагоды жартаблівы малюнак, на якім два даўгавалосыя юнакі ўглядаюцца на плякат і адзін зь іх кажа: «Што за нахабства! Нават на Каляды нельга абысьціся без рэлігіі!»

Гэты сумны жарт паказвае, што думаюць у наш час многія пра сьвята Нараджэньня Хрыстовага.

Беларуская паэтка Цётка на пачатку гэтага стагодзьдзя пісала: «Дзевятнасьце сотняў як Езус радзіўся, і за гэту пору мужык не зьмяніўся...» Горкія словы паэткі былі несумненна выкліканыя цяжкім становішчам беларускага народу. Але яны маюць і больш шырокае значэньне. Сёньня, калі мы стаім на парозе трэцяга тысячагодзьдзя, нам варта спытацца, ці сапраўды за дзьве тысячы гадоў ад прыйсьця на сьвет Сына Божага нічога не зьмянілася. На першы погляд такое пытаньне можа выдацца дзіўным. Спосаб жыцьця ў час Хрыста настолькі розьніцца ад нашага спосабу жыцьця ў веку касьмічных палётаў і інтэрнэту, што мы маглі б жыць на розных плянэтах.

Прыйсьце на сьвет Сына Божага было ўнікальным здарэньнем сусьветнага значэньня, драматычнай сустрэчай вечнасьці з дачаснасьцю. Тым ня менш у сваім часе яно засталося амаль незаўважаным. Нават на месцы самога здарэньня людзі аднесьліся да яго з абыякавасьцю: для нованароджанага Дзіцяці і ягонай Маці не знайшлося нават месца ў хаце, і ім прыйшлося шукаць прытулку ў пячоры, якая служыла начным сховішчам для жывёлы. Відаць, людзі, якія маглі дапамагчы, вырашылі, што ім няма ніякай справы да чужога гора, і не пажадалі мець лішняга клопату. Крыху як той малады чалавек, які сядзеў у аўтобусе і глядзеў упорыста ў акно, каб ня бачыць старушкі, якая стаяла побач, і ня быць абавязаным уступіць ёй месца...

Перад тым, як ехаць на Беларусь зь першым транспартам лекаў для хворых дзетак, ахвяраў Чарнобыльскай бяды, я паведаміў пра гэта маім належным уладам. У адказ я пачуў ад адной высокапастаўленай асобы, што дапамагаць дзецям ахвярам Чарнобыля – ня нашая справа. Іншымі словамі, я займаюся ня тым, чым трэба. Мне адразу прыгадаліся жыхары Бэтлеему, у якіх не знайшлося месца для нованароджанага Хрыста.

Хоць нельга сказаць, што ніхто не заўважыў нараджэньня Хрыста. Адным зь іх быў Ірад, маленькі дэспат, які панаваў над ускрайкам вялікай дзяржавы з ласкі сваіх імпэрскіх гаспадароў. Ён убачыў у Немаўляці пагрозу для сваёй улады і вырашыў зьнішчыць яго. Дзеля ўпэўненасьці ён загадаў замардаваць сотні іншых дзетак, віною якіх было толькі тое, што ўсе яны былі прыблізна ў тым самым веку, што і нованароджаны Хрыстос. Цікава было б ведаць, ці Ірад стараўся апраўдаць свой учынак «гістарычнай неабходнасьцю». Падобны спосаб дзеяньня добра знаёмы нам, якія ў наш век бачылі больш як удосталь дэспатычных рэжымаў зь іхнымі няўстаннымі падазрэньнямі, нянавісьцю да іншадумцаў і пошукамі ворагаў, на якіх можна зваліць віну за свае няўдачы. Звычайна гэтымі ворагамі былі не адзінкі, але групы людзей, незалежна ад веку й полу, віной якіх было тое, што яны належалі да нейкай расы, этнічнай групы ці сацыяльнай клясы, або мелі палітычныя погляды ці рэлігійныя перакананьні адрозныя ад афіцыйна прынятых і адобраных уладамі. Часта такія рэжымы пакрываюць свае дзеяньні прыгожымі фразамі пра пабудову «справядлівага грамадзтва» ці «сьветлай будучыні». Беларускі народ добра адчуў на сабе вартасьць гэтых фразаў. Крыж у Курапатах назаўсёды застанецца сымбалем сотняў тысячаў бязьвінных ахвяраў, у якіх была адабраная магчымасьць мець ня тое што сьветлую, але наогул якую-колечы будучыню.

Вялікі францускі вучоны Люі Пастэр, сам глыбока пабожны, неяк сказаў, што хацеў бы, каб ягоная вера была падобная да веры звычайнай брэтонскай сялянкі. Тут маем дзьве крайнасьці. З аднаго боку – асоба, якая ня мае прэтэнсіяў на вялікую вучонасьць, але несумненна адораная здаровым розумам, вера якой простая й непасрэдная, што ня ведае ніякіх сумневаў і якую ня могуць пахіснуць ніякія нягоды. З другога боку – чалавек, які сваё жыцьцё прысьвяціў вывучаньню тайніцаў сьвету. Як сапраўдны вучоны, ён не прымае нічога бескрытычна, але, з другога боку, ведае свае абмежаваньні і таму ён інтэлектуальна сьціплы і адкрыты на праўду. Сьвяты Павал некалі сказаў, што «Ягонае (г.зн. Божае) нябачнае, вечная Ягоная сіла і Боства ад стварэньня сьвету праз разважаньне аб творах робіцца бачным» (Рым 1:20). Такім чынам, «разважаньне», вывучэньне тварэньня можа прывесьці да пазнаньня Творцы, як тая зорка, што прывяла трох мудрацоў да Бога, які стаўся чалавекам. Пра іх калядная песьня кажа, што «тыя, што зоркам служылі (г.зн. вывучалі зоркі), ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасьці». Побач з пастухамі, людзьмі, што знаходзіліся на другой крайнасьці людзкога грамадзтва, але зь якімі яны былі зьяднаныя адной вераю, яны былі першымі, што прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Хрысту.

Такім чынам, нягледзячы на вялікую вонкавую розьніцу, людзі ў наш час засталіся ў асноўным такімі самымі, якімі былі ў час Хрыста. Хоць гэта, можа, не зусім дакладна. Хрыстос параўнаў Валадарства Божае да «закваскі, якую жанчына, узяўшы, уклала ў тры меры мукі, пакуль усё ня скісла» (Лк 13:21). Дык вось закваска Хрыстовая працуе ўжо амаль два тысячагодзьдзі, і немагчыма, каб яна не пакінула сьледу на ўсіх, нават на тых, што не прызнаюць навукі Хрыстовай, або яе адкінулі. Гэтымі днямі ўвесь сьвет адзначаў 50 гадоў ад прыняцьця ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. З усёй павагай да аўтараў гэтага дакумэнту вялікай важнасьці, нельга не прыгадаць, што першая дэклярацыя правоў чалавека, калі так можна сказаць, была прагалошаная Госпадам і Богам нашым Ісусам Хрыстом, які прыйшоў на сьвет, ушанаваў нас успрыняцьцем нашай людзкой прыроды і паклікаў усіх людзей да боскага ўсынаўленьня, дзе, паводле сьвятога Паўла, «няма больш ні габрэя ні грэка, няма нявольніка ні свабоднага, няма мужчыны ні жанчыны, але ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе» (Гал 3:28).

Здаецца, гэта быў сьвяты Аўгустын, які сказаў, што Бог жадае збавіць нас, але не бяз нас. Закваска Божай ласкі, якую прынёс Хрыстос сваім нараджэньнем, працуе, і калі ня так спраўна й хутка, як нам хацелася б, то прычыну гэтага трэба шукаць у перашкодах, якія мы ёй ствараем. Прыгадаем словы Гасподнія: «Вось, стаю пры дзьвярах і стукаю: калі хто пачуе мой голас і адчыніць дзьверы, дык Я ўвайду да яго й буду вячэраць зь ім» (Адкр 3:20). Дык адчынім дзьверы нашых сэрцаў Госпаду, каб нам увайсьці ў трэцяе тысячагодзьдзе новымі людзьмі, бо, як кажа сьвяты Павал, «хто ў Хрысьце Ісусе, той новае стварэньне; старое мінула, вось настала ўсё новае» (2 Кар 5:17).

У гэтае вялікае й радаснае сьвята жадаю ўсім, каб Госпад і Бог наш Ісус Хрыстос, які стаўся чалавекам дзеля нас, захаваў усіх нас у супакоі, умацаваў у дабрадзейнасьцях, блаславіў усе нашыя добрыя намеры і асабліва даў усім людзям у сьвеце ўсьведамленьне таго, што яны пакліканыя да вечнага і непрамінальнага шчасьця быць дзецьмі адной Божай сям'і.

а. Аляксандар Надсан

Каляды 1998

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG