Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб веры ў астралёгію і экстрасэнсаў


У старажытныя часы быў такі загад: тыя, што адступяць ад Бога і будуць пакланяцца сонцу, месяцу, зоркам - падлягаюць сьмяротнаму пакараньню. Пакланеньне ім - гэта вялікі грэх супраць Бога. Гэта настолькі страшны грэх, што людзі надта апаганьваюцца, і вось у старажытныя часы за гэты грэх проста забівалі.

Узьнікае пытаньне: што ж тут страшнага? Рэч у тым, што культ сонца, месяца й зорак - гэта элемэнты рэлігіі Антыхрыста. Праз гэтыя культы адбываецца ўшанаваньне д'ябла й дэманаў, а гэта - вялікі грэх.

У нашыя часы гэтыя культы досыць сур'ёзна трансфармаваліся. Цяпер найбольш вядомыя з гэтай катэгорыі - астралёгія, гараскопы. Іх можна клясыфікаваць як нэарэлігію. Гэта рэлігія новага кшталту, якой захапляецца мноства людзей. І астралёгія і гараскопы маюць дэманічнае паходжаньне. Гэта рэлігія, якая створаная сіламі цемры і празь якую яны дзейнічаюць. Аднак характэрна, што тут ёсьць прыкметы рэлігійнай сыстэмы. Найперш - вера. Чалавек верыць у тое, што яму гавораць астролягі або той, хто складае гараскопы. І ня проста верыць, але жыве ён так, як тыя раяць. Даверлівы чалавек чуе па радыё або па тэлебачаньні, што зоркі гавораць рабіць у сераду тое, а у чацьвер не рабіць гэтага, і калі ён верыць і робіць так, тады ён сам не заўважае, што ўцягнуты у практыку нэарэлігіі.

Астролягі спрабуюць неяк навукова абгрунтаваць сваю веру, пашырыць яе уплыў у грамадзтве, але ніякіх навуковых абгрунтаваньняў тут няма і быць ня можа. Тут усё пабудавана на веры. Калі ж зірнуць на вынікі гэтых парадаў астролягаў у доўгачасовай пэрспэктыве, то можна ўбачыць, што людзі, якія давяраюць сваё жыцьцё дэманам празь іхных служак-астролягаў, у рэшце рэшт прыходзяць да краху.

Мне распавядалі пра маладых людзей, што стварылі сям'ю паводле гараскопу. Яны пакутавалі, і нарэшце ўсё скончылася разводам. Такіх прыкладаў шмат. Верыць у астралёгію і гараскопы - гэта грэх. Практыкаваць іх - гэта значыць даверыць сваё жыцьцё дэманам. Зьвяртацца да бабак-шаптухаў, экстрасэнсаў, чарадзеяў і ведзьмакоў - гэта грэх. Хто зьвяртаецца да іх, той трапляе ва ўладу сілаў цемры і усё жыцьцё ён застаецца пад гэтай уладай. Але тыя шаптухі й чарадзеі бываюць часам вельмі хітрыя. Яны могуць выкарыстоўваць крыжыкі ды іншую царкоўную сымболіку, сьвечкі, сьвятую ваду. Некаторыя гавораць нават малітву "Ойча наш". І гэта некаторых людзей бянтэжыць. Яны думаюць, што усё гэта ад Бога. Але гэта - не ад Бога, і хто зьвяртаецца да шаптухаў і чарадзеяў ды карыстаецца іх паслугамі - чыніць вялікі грэх.

Хто ж можа вызваліць чалавека з-пад уладаў цемры? Толькі адзін Бог. Толькі Ісус Хрыстос. Сваёй сьмерцю за грахі людзей Ён перамог д'ябла і дэманаў. Ён узяў нашыя грахі на Сябе і цяпер можа ачысьціць нас ад грахоў і дараваць нам іх. Ён - наш Збаўца.

Давайце памолімся: "Сьвяты Божа, выратуй мяне ад вечных пакутаў, прабач мае грахі, вызвалі мяне ад духаў цемры, дай спасьцігнуць Тваю ісьціну. Прашу ў імя Ісуса Хрыста. Слава Айцу і Сыну і Сьвятому Духу. Амін".

Ісус Хрыстос дапамагае ўсім. Бог магутнейшы за д'ябла. Калі мы зьвяртаемся да Бога, тады Бог нам дапаможа. Не маўчы. Бог вызваляе нас ад грахоў і ад наступстваў гэтых грахоў.

брат Андрэй Дылюк, прапаведнік Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў, Кобрын

XS
SM
MD
LG