Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская аўтакефалія


Аўтар і Вядучы а. Канстантын Бандарук

Сёньня мы закранем даволі спрэчнае пытаньне беларускай аўтакефаліі. Да абмяркаваньня гэтай тэмы з двух розных пунктаў погляду я запрасіў Мітрапаліта Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Мікалая, клірыка Беларускага Экзархату Рускай Праваслаўнае Царквы, выкладчыка жыровіцкай Духоўнай Сэмінарыі айца Сяргея Гардуна, а таксама царкоўнага і грамадзкага дзеяча з ЗША Васіля Русака.

Пачну з абшырнай гістарычнае даведкі. У адрозьненьне ад рыма-каталіцкага Касьцёлу, у склад сусьветнага Праваслаўя уваходзяць 15 "аўтакэфальных" і 3 аўтаномныя Цэрквы. "Аўтакефалія" азначае адміністрацыйную "незалежнасьць", "самакіраваньне", але у межах адной праваслаўнай веры, пад умовай апостальскай пераемнасьці, вернасьці праваслаўным дагматам і вучэньню сьвятых Айцоў. Некаторыя цэрквы, як, напрыклад, ерузалімская, былі заснаваныя ўжо у І-м стагодзьдзі, але іншыя, напрыклад амэрыканская, атрымала незалежнасьць нядаўна - у 70-я гады. Як жа а справы з беларускай аўтакефаліяй?

Зараз Праваслаўная Царква ў Беларусі падлягае Маскоўскаму Патрыярхату у якасьці "экзархату", аднак у мінулым шмат разоў прадпрыймаліся спробы атрымаць "аўтакефалію". Шматлікія звароты князёў ВКЛ да Канстантынопальскага Патрыярха закончыліся тым, што 1291 годзе была створаная незалежная Наваградзкая Мітраполія на чале з Грэкам Феафілам. Адмысловым патрыяршым дэкрэтам "томосам" Мітраполія дэ факта атрымала "аўтакефалію" і мела права падпарадкаваць сабе суседнія епархіі. Паколькі часта можна пачуць меркаваньні пра пяршынства Рускай Царквы, што яна зьяўляецца для беларускай "Царквою-Маці", варта адзначыць, што Масква атрымала аўтакефалію значна пазьней- у 1448 годзе. З перапынкамі, калі часова ніхто ня быў прызначаны на гэтую кафедру, Мітраполія праіснавала да 1595 году, калі Мітрапаліт Язэп Салтан перайшоў у вунію. У часе напалеонскай вайны 1812 году Архіепіскап Варлаам Шышацкі аднавіў аўтакефалію, але неўзабаве яна была скасаваная. 23 ліпеня 1922 году у кафедральным Саборы сьв. Апосталаў Пятра і Паўла у Менску адбыўся царкоўны Сынод, які прыняў наступныя пастановы:

-аднавіць незалежную Беларускую Мітраполію,

-абраць Архіепіскапа Мелхісэдэка ( Паеўскага) Мітрапалітам са званьнем Мінскага і Беларускага

.-аднавіць 4 епархіі: Менскую, Бабруйскую, Мазырскую і Слуцкую.

Сярод іншых пастановаў было вырашана, што беларуская мова будзе ўжывацца у багаслужбах. Захаваўся дакумант з 12 кастрычніка 1923 году, зь якога вынікае, што аўтакефаліі Беларускай Царквы не аспрэчваў Патрыярх Маскоўскі Ціхан. У 1923 годзе у рамках шырокай кампаніі зьнішчэньня Царквы Мелхісэдэк быў арыштаваны разам з мноствам сьвятароў. Хаця ён быў прызнаны вінаватым, яго вызвалілі і два гады ён жыў адносна спакойна. 13 лістапада Канстантынопальскі Патрыярх Рыгор 7-ы выдаў "томас", у якім заявіў, што далучэньне кіеўскай Мітраполіі і Мітраполіі Польшчы ды Літвы да Маскоўскай Царквы адбылося з парушэньнем канонаў. Гэта азначае, што Маскоўскі Патрыярхат не зьяўляецца Царквою-Маці для Беларускай Царквы. У другой палове 1925 году Мітрапаліт Маскоўскі Пётр Старагародзкі выклікаў Мелхісэдэка у Маскву, і больш ён ужо не вярнуўся у Менск. Бальшавікі ізноў арыштавалі Мітрапаліта і саслалі ў працоўны лагер у Марынску на Сібіры. Дзякуючы хадайніцтву Мітрапаліта Маскоўскага Сергія ў 1927 годзе Мелхісэдэк быў вызвалены і прызначаны Архіепіскапам Енісейскім і Краснаярскім. У 1931 годзе ён прыбыў на паседжаньне Царкоўнага Сыноду і 17 траўня у часе багаслужбы памёр.

У час адсутнасьці Мелхісэдэка у Менску менскай епархіяй кіраваў епіскап Мазырскі Яан ( Пашын) а пасьля ягонай сьмерці ў канцэнтрацыйным лагеры - епіскап Слуцкі Мікалаў (Шэмеціла). Калі і ён памёр у турме, епархіяй кіраваў епіскап Бабруйскі Філарэт (Раменскі), які таксама быў пазьней зьняволены і памёр у 1939 годзе. Канчаткова застаўшыя без гіерархіі, беларускія епархіі перайшлі ў гэтак званаю " Абнаўленчую" царкву.

Другая спроба аднавіць аўтакефалію мела месца у 1927 годзе. 9 жніўня ў Менску адкрылася двухдзённая канфэрэнцыя духавенства на чале з епіскапам Бабруйскім Філарэтам. Удзельнікі Другога Сабору пацьвердзілі пастанову 1922 году пра абвяшчэньне Аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы. У адмысловым пасланьні да духавенства і вернікаў удзельнікі Сабору адзначылі, што аўтакефалія не магла рэальна замацавацца з прычыны непрызнаньня яе з боку Маскоўскага Патрыярхату, а таксама з прычыны падрыўной дзейнасьці "абнаўленчай" царквы. Са зразумелых прычынаў адкрыта не гаварылася пра жорсткі перасьлед з боку бальшавіцкай улады. Паводле расейскага гісторыка Аляксандра Шышкіна, на тысячу парафіяў у чатырох епархіях, да аўтакефальнай структуры на чале з епіскапам Філарэтам далучылася 500 парафіяў.

Трэцяя спроба аднаўленьня Аўтакефаліі мела месца у часе ІІ-й сусьветнай вайны. Спрыялі гэтаму акупацыйныя нямецкія улады, якія хацелі, каб Праваслаўная Царква у Беларусі не падлягала ні Маскве, ні Мітрапаліту Дзіянісію ў Варшаве, ні Архіепіскапу Філарэту у Бэрліне. 30 жніўня 1942 году ў Менску адкрыўся Усебеларускі Праваслаўны Сабор. Архіепіскап Магілёўскі і Мсьціслаўскі Філафей заявіў, што Беларуская Праваслаўная Царква існавала заўсёды і толькі трэба знайсьці адпаведную, канаічную фармулёўку аўтакефаліі і паведаміць іншым праваслаўным Цэрквам. Удзельнікі Сабору ухвалілі статут і накіравалі зварот да іншых праваслаўных цэркваў з просьбай аб прызнаньні.

Напрыканцы чэрвеня 1944 году беларускія гіерархі і некаторыя сьвятары уцяклі на Захад перад наступам савецкіх войскаў. У 1946 годзе шэсьць беларускіх епіскапаў далучыліся да Рускай Праваслаўнай Царквы за мяжой, што многія сьвятары і вернікі успрынялі як здраду ідэі аўтакефаліі. 5-га чэрвеня 1948 году на Саборы ў Канстанц БАПЦ была адноўлена. Пасьля вайны большасьць Беларусаў, згуртаваных у лагярох для перасяленцаў у Нямеччыне, эмігравалі ў ЗША. Прыхільнікі аўтакефаліі скарысталі дапамогу Украінскай Аўтакефальнай Царквы, якой гіерархія высьвяціла 19 сьнежня 1949 году архімандрыта Васіля Тамашчыка на епіскапа са званьнем " Віленскага". 15 лютага 1968 году Андрэй Крыт быў высьвячаны на епіскапа гарадзенскага, наваградзкага і кліўляндзкага. 10 сакавіка таго ж году Архімандрыт Мікалай Мацукевіч быў высьвячаны на епіскапа Турава, Пінска і Таронта. У якасьці другога епіскапа для БАПЦ быў высьвячаны Патрыярхам Украінскай Аўтакефальнай Царквы Мсьціславам Ізьяслаў Бруцкі.

Улічваючы гэтыя гістарычныя факты, ці легітымная беларуская аўтакефалія, ці мае яна кананічнае права на існаваньне? Вось як лічыць наконт гэтага з Таронта:

(Мітрапаліт Мікалай:) " Калі казаць пра нашую Беларускую Праваслаўную Аўтакефальную Царкву, якую я ачольваю, адзначу адзін цікавы факт. Менскі Мітрапаліт Філарэт, дазволіў мне служыць Сьвятую Літургію ў ягоным храме, на ягоным антымінсе і з ягоным келіхам, зь ягонымі сьвятарамі. Ад яго я таксама атрымаў міра для хросту дзяцей, якіх я ахрысьціў, будучы у Менску. Гэта прызнаньне мяне кананічным, маючым апостальскае пераемства епіскапам. Ці мы маем царкоўнае права на аўтакефалію? Так. На працягу нашай гісторыі пазначана імкненьне нашага народу да сваёй незалежнай Царквы. Сучасная БАПЦ ёсьць тысячагадовым намаганьнем усталяваць незалежную Царкву ў Беларусі. Мы маем поўнае кананічнае права на існаваньне нашай Царквы. Між іншым, 34-е апостальскае правіла кажа, што кожны народ можа мець сваю незалежную Царкву зь яе мітрапалітам, як галавою. Перадумовай аўтакефаліі зьяўляецца тэрыторыя, якую мы маем - незалежная Беларусь, грамата ці інакш кажучы томас ад Маці- Царквы: родная Маці- Царква у нас- канстантынопальскі Патрыярхат, у ніякім выпадку не Маскоўскі Патрыярхат. Бо нават у 1620 годзе не маскоўскі, але ерузалімкі патрыярх аднавіў беларуску гіерархію. Пасьля падпісаньня пераяслаўскай дамовы, Масква нахабна падпарадкавала пад свой амафор і нашую Царкву. Гісторыя паказвае, што Царква не адразу прызнаецца іншымі цэрквамі. Адны бываюць прызнаныя раней, а іншыя пазьней. Маскоўская Мітраполія чакала на такое прызнаньне з 1448 году да 1589 году. Гэтулькі часу яна існавала некананічна".

Аднак паслухаем і другі бок. Якая пазыцыя афіцыйнай Праваслаўнай Царквы ў Беларусі? Вось што сказаў яе клірык .

(айцец Сяргей Гардун:) " Я не магу пагадзіцца з тымі, хто сьцьвярджае, што ў 20-я гады была абвешчана аўтакефалія Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Дваццатыя гады былі неймаверныя цяжкімі для Царквы. Гэта быў перыяд страшных рэпрэсыяў, перасьледаў і ўжо таму тыя пастановы, якія тады прымаліся, нельга лічыць свабодным волевыяўленьнем ні народу царкоўнага, ні духавенства. І нават калі браць фармальна, то ў 1922 годзе адбыўся зьезд духавенства толькі адной Менскай епархіі. Адна епархія ня можа абвясьціць аўтакефалію за ўсе астатнія. Што датычыць 1927 году, то гэта было пасланье толькі аднаго вікарнага Бабруйскага епіскапа Філарэта, які пісаў пра пляны аўтакефаліі, але ніякіх адказаў ад іншых епархіяй ён не атрымаў. Для сучаснай беларускай Царквы гэтыя акты ня могуць мець ніякага значэньня. Ёсьць і яшчэ адна прычына. У той час Беларусь была падзеляная. Праваслаўная Царква ў Польшчы, ў склад якой уваходзілі епархіі заходняй Беларусі, атрымала незаконную аўтакефалію ад Канстантынопаля у 1924 годзе. Потым, пасьля ІІ-й сусьветнай вайны, яна ад гэтай аўтакефаліі адмовілася, і затым атрымала легітымную аўтакефалію ад Масквы. Такім чынам, калі прызнаваць беларускую аўтакефалію 1922 году, то тады трэба прызнаваць і аўтакефалію польскай Царквы 1924 году. І тады нам прыйдзецца прызнаць, што і сёньня беларускія праваслаўныя парафіі павінны належаць дзьвюм розным аўтакефальным цэрквам, а гэта-я думаю- немагяыма. Што датычыць беларускага Сабору 1942 году, то абвяшчэньне аўтакефліі было яўна вымушана акупацыйнымі, фашысцкімі уладамі. І што немалажавна, гэтае абвяшчэньне аўтакефаліі было ўмоўнгым. У параграфе 113-м Статуту было сказана: кананічнае абвяшчэньне аўтакефаліі наступіць пасьля прызнаньня яе іншымі цэрквамі, а гэтага не адбылося. Аб тым, што удзельнікі Сабору гэта ўсьведамлялі, сьведчыць той факт, што, апынуўшыся на Захадзе, усе епіскапы перайшлі у Рускую Замежную Царкву".

Такі чынам, айцец Сяргей Гардун засяродзіў увагу на фармальна-праўным аспэкце справы. Для сьвецкіх людзей, такіх, як спадар Васіль Русак, такія аргуманты гучаць непераканаўча.

(Васіль Русак:) " Я справамі беларускай аўтакефаліі шмат цікавіўся і лічу, што яна такая ж законная, як і астатнія праваслаўныя цэркы. Ёсьць цэрквы вельмі малыя, па 50-100 тысяч вернікаў, у той час як нашая царква ў Беларусі налічвае некалькі мільёнаў вернікаў. Таму яна мае права быць роўнай з усімі іншымі аўтакефаліямі. На маю думку, нашая аўтакефалія сапраўдная, жывая, дзеючая.

Перашкоды ў яе прызнаньні больш палітычнага, чымсьці царкоўнага характару. Возьмем аўтакефалію польскай Царквы, абвешчаную ў 20-я гады, зь якой не было ніякіх праблемаў. Усяленскі Патрыярхат, як і, дарэчы, тагачасныя ўлады, не жадалі, каб праваслаўныя ў Польшчы падпарадкаваліся Маскве".

БАПЦ ў яе сучасным выглядзе гуртуе толькі нязначную частку праваслаўных вернікаў і духавенства. Асноўная частка ў самой Беларусі падпарадкоўваецца Маскоўскаму Патрыярхату. Улічваючы цяпершнюю сытуацыю, імкненьне да абьяднаньня дзьвюх краінаў, ці ёсьць шанец на незалежнасьць беларускага Праваслаўя ад Масквы? І наагул- ёсьць такая патрэба?

(Айцец Сяргей Гардун:) " Мне здаецца, што ў цяперашніх умовах Беларускай Царкве няма патрэбы ўздымаць пытаньне аўтакефаліі. У гісторыі праваслаўных цэркваў аўтакефаліі ўзьнікалі альбо тады, калі былі зьнешнія перашкоды для нармальных зносінаў з цэнтрам, альбо тады, калі цэнтр дыктаваў нейкія свае ўмовы царкоўнага жыцьця, якія здаваліся непрыймальнымі. І вось узьнікала супярэчнасьць і патрэба ў аўтакефаліі. Цяпер мы, знаходзячыся ў юрыздыкцыі маскоўскай Патрыярхіі, не адчуваем ніякіх перашкодаў у сваім царкоўным жыцьці. Таму і ў народзе нашым і ў духавенстве ды епіскапаце няма адчуваньня патрэбы аўтакефаліі. Калі нехта ўуздымае такое пытаньне, дык я задаю сабе пытаньне: як, якім чынам аўтакефалія можа палепшыць духоўны стан Царквы? Ніхто на гэтае пытаньне ня можа адказаць. Калі гаварыць пра дзяржаўны плян, пра ўмацаваньне сувэрэнітэту Беларусі, дык на маю думку, гэта таксама ня будзе мець ніякага значэньня. Усе каталіцкія цэрквы у розных краінах ня ведаюць паняцьця аўтакефаліі і падпарадкоўваюцца Рыму, але гэта не перашкаджае сувэрэнітэту гэтых дзяржаў. Так што адсутнасьць беларускай аўтакефаліі ніяк не будзе перашкаджаць сувэрэнітэту Беларусі. Нам, праваслаўным народам ва ўсім сьвеце трэба думаць, як быць бліжэй адзін да аднаго. Заразў у Праваслаўі назіраецца тэндэнцыя на больш цесную кансалідацыю, а не на разьяднаньне".

Сапраўды, Праваслаўная Царква у Беларусі ня мае праблемаў у кантактах з цэнтрам у Маскве. Напэўна, гэтаксама дзяржава можа быць незалежнаю, нават калі Царква падпарадкоўваецца ці то Маскве, ці Ватыкану. Але ці не накідае цэнтр беларускай Царкве расейскага духу, мовы, культуры? Аб гэтым у адной з папярэдніх перадачаў аб нацыянальнай царкве гаварылі мае суразмоўцы... На небясьпеку русыфікацыі больш увагі зьвяртае беларуская дыяспара. Паслухаем меркаваньне Спадара Васіля Русака.

(Васіль Русак:) " Сёньня ёсьць патрэба ў аўтакефалі, і яна, дарэчы, увесь час была. Нашая Царква на працягу свай гісторыі была аўтакефальнай і такою павінна быць і цяпер. У гісторыі машая Царква была вялікай і слаўнай. Яна выдала шмат заслужаных, выдатных дзеячоў ды сьвятых, і гэта павінна працягвацца. Мы ж і палітычна падапарадкаваліся Расеі напрыканцы 18-га стагодзьдзя, а раней абыходзіліся без Маквы."

Гэтак лічыць Спадар Васіль Русак, які жыве у горадзе Самэрсэт і належыць да парафіі БАПЦ у Гайленд Парку, штат Нью Джэрзі. І яшчэ раз думка Мітрапаліта Мікалая.

(Мітрапаліт Мікалай:) " Безумоўна, нашыя вочы накіраваныя на Беларусь. Царква- гэта душа народу. Маскалі добра аб гэтым ведаюць, і таму яны ўсімі сіламі спрабуюць не дапусьціць да аўтакефаліі у Беларусі. Беларускі Экзархат Маскоўскага Патрыярхату ўзгадаваў шмат сьвятароў - манкуртаў, якія думаюць, што бяз Расеі беларусам няма жыцьця. Ёсьць аднак нямала людзей са здаровым складам думак і яны не паддадуцца расейскай нахабнасьці, адстояць свой беларускі гонар, не дазволяць, каб Беларусы сталіся пагноям расейскай імпэрыі. І таму нам у замежжы трэба утрымоўваць нашу аўтакефалію моцнай з думкай аб патрэбах Беларусі. Я моцна веру у зьдзяйсьненьне ідэі незалежнасьці беларускай Царквы"-сказаў Мітрапаліт Мікалай, Першагіерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

Безумоўна, было б пажадана, каб БАПЦ была моцнай, як кажа Уладыка Мікалай, але ж на жаль трэба прызнаць, што яна падзелеленая. Амаль адразу пасьля прыезду у ЗША сярод праваслаўных найбольш дынамічная група імігрантаў пачала фармаваць парафіі аўтакефальнай арыентацыі. Яны існуюць да сёньняшняга дня у Нью Ёрку, Кліўлендзе, Дзітройце, Гайлэнд Парку, Дораты, а таксама у штатах Каліфорніі, Агайё і Фларыдзе. Невялікія грамады прыхільнікай Аўтакефаліі заснавалі таксама свае парафіі у Велікабрытаніі, Бэльгіі і ў далёкай Аўстраліі. Другая частка Беларусаў на чале з а. Мікалаям Лапіцкім трымалася традыцыйнай, кананічнай арыентацыі і вырашыла падпарадкавацца Сусьветнаму Патрыярхату у Канстантынопалі. Парафіі, якія падлягаюць грэцкім епіскапам дзейнічаюць у Нью Ёрку, Чыкага і Рычманд-гіле. Існуюць таксама парафіі, якія апынуліся на раздарожжы, не ведаючы да каго далучыцца і такім чынам згубілі свой беларускі характар.

Такім, чынам у пытаньні беларускай аўтакефаліі няма аднадумства. Ці незалежнасьць беларускай Царквы упершыню абвешчана 600 гадоў таму - легітымная? Ці кананічныя былі чарговыя аднаўленьні аўтакефаліі? Ці Царквою- Маці зьяўляецца для нас Канстантынопальскі ці Маскоўскі Патрыярхаты? Ці аўтакефалія можа залежаць ад зьмены межаў і зьменлівых ветраў гісторыі? Гэтыя пытаньні застаюцца нявырашанымі і, на жаль, няма на іх простга адказу. Спадзяюся, што у сваіх лістах выкажуцца на гэтую тэму нашы слухачы.

Кастусь Бандарук, Прага

XS
SM
MD
LG