Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вера Рыч у студыі Радыё Свабода


(эфір 11 сакавіка 2000)

Аўтар і вядучы – Вольга Караткевіч.

Днямі Прагу наведала вядомая ангельская паэтка, дасьледчыца, перакладчыца беларускай, украінскай, польскай паэзіі Вера Рыч . У беларускую рэдакцыю Радыё Свабода Вера Рыч прыйшла, каб высьветліць адзін незразумелы для яе момант ў санэце Купалы, пераклады якіх Вера Рыч завершыла некалькі тыдняў назад. Спадарыня Вера не разумела сэнсу слова “злосьць” у радку “Я Бацькаўшчыну атрымаў бяз злосьці…”

(Каратакевіч: ) “Я спыталася ў Веры Рыч, а як яна стала беларускай…”

(Рыч: ) “Я ня ведаю, што Вы маеце на ўвазе, але я сапраўды беларуска. Калі мне было 17 гадоў, сьвятар узяў мяне разам з групай іншых маладых людзей – у беларускую каталіцкую місію ў Лёндане. Гэта быў сур’ёзны інтэлектуальны досьвед для нас. Мы ўбачылі, што, будучы каталікамі, неабавязкова маліцца на лацінскай мове – паводле рымскага звычаю. Зразумейце, гэта ж было перад рэформамі, устаноўленымі Ватыканам. Наведваньне беларускай каталіцкай місіі для іншых маладых людзей з групы проста было цікава. Для мяне… Я не магу патлумачыць. У тым маленькім храме я раптам зразумела, што далучаная… Гэта месца, дзе я павінна быць. Гэта тое, дзе будзе маё засталае жыцьцё.. Мне было 17-ць гадоў, і я была ўражаная. Пасьля мая мама пайшла паглядзець і зь ёй адбылося падобнае. Мае бабуля і дзядуля пайшлі паглядзець. І яны адчувалі тое ж самае. Пасьля гэтага цалкам зьмянілася маё жыцьцё”.

(Караткевіч: ) “Аднойчы мне падарылі плякат з выявай Максіма Багдановіча і тэкстам верша “Пагоня” па-ангельску. Я прачытала, хто пераклаў – Вера Рыч. І падумала, відаць, беларуска, якая жыве ў Ангельшчыне. Здавалася, толькі беларусы могуць адчуваць гэты верш… Вера Рыч паправіла мяне:”

(Рыч: ) “Я лічу, што кожны, хто любіць сваю краіну, можа гэта адчуць… Я ніколі нічога не пісала супраць нацыяналізму. Калі нехта любіць сваю краіну, ён разумее іншых людзей, якія любяць сваю краіну. Я люблю Вялікую Брытанію. Сярод маіх найлепшых сяброў ёсьць шатляндзкія нацыяналісты. Я цалкам падтрымліваю шатляндзкі нацыяналізм. І я цалкам разумею беларусаў, якія любяць сваю краіну. Я не люблю імпэрыі”.

(Караткевіч: ) “Я спыталася ў Веры Рыч, чаму яна не перакладае з расейскай мовы…”

(Рыч: ) “Я перакладаю. Часам. Але… Я не магу жыць з паэзіі. Мая прафэсія – перакладчык. І я перакладаю і з расейскай. Тут такое пытаньне – з расейскай мовы шмат хто перакладае. Я люблю перакладаць з польскай мовы і перакладаю шмат. Міцкевіча, Славацкага. Не з расейскай. Але ёсьць спэцыфічныя выпадкі. Напрыклад, як мой сябра Ноўл Клок. Я не прэтэндую ацэньваць…Няхай перакладаюць з расейскай. Але гэта – не мая тэрыторыя. Я пераклала некалькі кніжак з расейскай мовы, але не літаратуру. Іншыя гэта робяць. Як я ўжо сказала – гэта не мая тэрыторыя. І я вельмі раззлуюся, калі нехта ступіць на маю тэрыторыю, якой ёсьць Беларусь і Ўкраіна”.

(Караткевіч: ) “Беларусь – гэта тэрыторыя Веры Рыч. У свой час Вера Рыч напісала верш “Рацэпт цуду”. Па-ангельску. Яго пераклад, зроблены Тацянай Сапач, надрукавала газэта “Наша Ніва”.

Рацэпт цуду

Для гэтага трэбаць ўзяць краіну
(на мапе няма вольных мейсцаў, таму бярыце
тую, якой нібыта няма, гісторыю
якую, выкладаюць як гісторыю іншых народаў, мову
што ўважаюць за дыялект, дадаць сюды назву
якой не карыстаюцца, потым – люд,
які ня помніць свайго ймя…
На працягу няпэўнага часу дайце рошчыне падыход
Потым вазьміце
Сьцяг, колеры якога дужа простыя
Колеры косьці і крыві
Хлеба і віна, вады і агню
Колеры веры і любові. Дадайце знак
Паводле якога лічаць народам
Найперш суседзяў
Наліце туды поўную меру слёз, што праліліся зь нябёсаў
Былых і новых: там тры бярозкі стаяць
Дзе павінны стаяць чатыры
Там дзеці, зачатыя пад зоркай Палын,
Там Курапаты –
І ўсё гэта замясіце
У вечным посудзе часу
Затым у прызначаны дзень
(вы будзеце ведаць, калі ён настане!)
асьцярожна
пераліце гэтую сумесь у рошчыну
Што акурат падышла
А тады выпякайце ў чароўнай печы Кліо…
Калі хтосьці, хто зойдзе на пах, каб даведацца, што тут гатуюць, стане вам гаварыць пра ашчаднасьць
Пра абачлівасьць, пра суседзяў –
Пра зайздросных, скупых суседзяў –
Пасьміхайцеся! Бо гатовы
Ваш дзівосны, сьвяты каравай
Упрыгожаны васількамі, на стале,
Застаўлены стравамі,
Будзе ён за найпершы цуд.
Зрэшты, лішне казаць пра гэта

(Караткевіч: ) “Перакладчык і паэт ў адной асобе.. Гэта амаль як дзьве асобы. Што значыць быць паэтам і перакладчыкам паводле Веры Рыч”.

(Рыч: ) “Быць паэтам – гэта значыць быць сабой. Быць перакладчыкам – гэта значыць спусташаць сябе, пазбаўляцца індывідуальнасьці. Ты павінен стаць як вакно. Чыстае акно. Не мазаічнае акно. Я маю на ўвазе зрабіць сябе пустым і адкрыць для чалавека, якога ты перакладаеш. Калі ты перакладаеш нешта маштабнае, немагчыма ў гэты самы момант пісаць нешта ўласнае, арыгінальнае… Я так адчуваю”.

(Караткевіч: ) “Паперкі зь перакладамі Янкі Купалы ў Веры Рыч былі паўсюль. У сумцы. У кішэні. Мы адпраўлялі электронныя лісты ў Менск, Усеваладу Рагойшу, каб ён пачытаў гэтыя пераклады, зрабіў заўвагі…”

(Рыч: ) “Звычайна, паэт, які табе цікавы – гэта паэт, над творамі якога я працую ў дадзены момант. Калі я перакладаю паэта – я апынаюся ў сытуацыі, што я люблю й ненавіджу, ненавіджу і люблю. Я люблю работу з гэтым паэтам, але ненавіджу ўсе дэталі, якія мушу перадаць. Паэт, над якім я працую, натуральна, цікавіць мяне. Інакш я б не змагла працаваць”.

(Караткевіч: ) “Я спыталася пра любімы ўласны верш Веры Рыч і яна згадзілася прасьпяваць урывак зь яго…Спадарыня Вера паведаміла, што напісала гэты верш 10 гадоў назад, калі ў жыцьці нешта пачало адбывацца…”

(Караткевіч: ) “Вера Рыч сьпявае ў касьцёле. Ведае яна і беларускую песьню – “Люблю свой край, старонку гэту.
Калі Вера Рыч была ў Празе, ёй удалося пагаварыць па тэлефоне з Рыгорам Барадуліным. Размаўлялі яны па-беларуску, як сябры. Яшчэ аднаго чалавека Вера Рыч узгадвае зь вялікай цеплынёй – гэта Адама Мальдзіса. Зрэшты, як і ён пра яе…”

(Мальдзіс: ) “Ведаю яе як чалавека апантанага. Як чалавека вельмі й вельмі таленавітага. Як чалавека, закаханага ў беларускую паэзію. Яе кніга перакладаў беларускай паэзіі “Як агонь, як вада” ў свой час была сэнсацыяй. Чаму? Таму што яна выйшла ў беларускім нацыянальным афармленьні, з Пагоняй, і адначасова на грошы, калі не памыляюся, Юнэска. Нашыя ўлады, я памятаю, былі супраць выхаду кнігі менавіта ў такім афармленьні. Кніга гэтая фундамэнтальная, яна вялікая паводле аб’ёму, прыгожа аформленая. І самае важнае, што пераклады зробленыя на высокім мастацкім узроўні.

Вера Рыч вельмі тонка адчувае паэзію. Мне памятаецца, калі я першы раз быў у Лёндане на стажыроўцы па лініі Юнэска, заўсёды ў нядзелі яна сьпявала арыгінальным, прыгожым голасам. Апроч таго, яна яшчэ й навуковец. З адукацыі Вера Рыч – матэматык. Яна вельмі глыбока разьбіраецца ў экалягічных, Чарнобыльскіх справах. Выступае на гэтую праблематыку з артыкуламі ў ангельскіх навуковых часопісах. Гэтыя артыкулы становяцца сэнсацыяй.

Яна яшчэ вельмі актыўна займаецца грамадзкай дзейнасьцю. Мне памятаецца, што ў бібліятэцы ймя Францішка Скарыны ў Лёндане ніводная вечарына не праходзіць безь яе беспасярэдняга ўдзелу. Яна нешта чытае: пераклады, свае вершы. Яна ж вельмі арыгінальная паэтка. Увесь парадокс заключаецца ў тым, што ў Беларусі ўсе думаюць, што Вера Рыч паводле паходжаньня – беларуска, бо ня можа ангелька так добра авалодаць беларускай мовай для пееракладу. Імя славянскае – Вера – у яе выпадкова. Яна – ангелька, і гэта ёй дазваляе рабіць высокамастацкія пераклады.

Вера Рыч зьяўляецца прадстаўніком беларускай культуры ў Вялікай Брытаніі. Яна актыўна бярэ ўдзел у Кангрэсах беларусістаў, у міжнародных канфэрэнцыях, выступае зь вельмі цікавымі дакладамі і паведамленьнямі. Мне здаецца, што гэта – рэдкая індывідуальнасьць. Каб такіх перакладчыкаў, такіх папулярызатараў, паэтаў, адданых беларускай паэзіі, у іншых краінах было больш, безумоўна, беларуская літаратура была б куды больш вядомая шырока ў сьвеце, яна б сапраўды несла, як казаў Максім Багдановіч, свой дар усяму чалавецтву…”

(Караткевіч: ) “Вера Рыч як асоба…Як чалавек. Яна вельмі тонкая, добра разьбіраецца ў людзях. Ці ёсьць нешта, што яднае вас?”

(Мальдзіс: ) “Быў такі выпадак. Пакінула плашч свой, і я тры дні яе шукаў, ня ведаючы, як гэты плашч перадаць. Яна можа паводзіць сябе крыху экстравагантна. У Саюзе пісьменьнікаў яна можа разуцца і хадзіць босай па падлозе. І гэтак далей. Для яе гэта ўсё арганічна. Гэта ня поза. Яна – вельмі шчыры чалавек. І вельмі спагадлівы, наколькі я ведаю. Безумоўна, Вера Рыч – яркая індывідуальнасьць”.

(Караткевіч: ) “Адам Мальдзіс гаварыў пра Веру Рыч. Я цікавілася ў спадарыні Веры, ці аптымістка яна ў дачыненьні да будучыні Беларусі. І Вера Рыч паведаміла, што ўсё трымаецца на аптымізьме і на любімым занятку. На кантактах з сябрамі… Гэта слова Вера Рыч вымавіла па-асабліваму”.

(Рыч: ) “Сябрa… Гэта складанае слова. І нічога не азначае.У ангельскай мове – напрыклад, ёсьць арганізацыі, назоў якіх пачынаецца словамі “Сябры таго ці іншага…” Гэтыя арганізацыі праводзяць адпаведныя кампаніі. Сябры зямлі – змагаюцца за экалёгію. Cябры Брытанскага музэю шукаюць грошы, каб дапамагчы музэю. Сябры гэтага, сябры таго… Я лічу, што гэта вельмі асабістае. Сяброўства – вельмі прыватная сфэра. Сябра – гэта нехта, для каго ты гатовы зрабіць учынак. І хто гатовы зрабіць учынак для цябе. Сябра – гэта частка тваёй пашыранай сям’і. Зь кім ты не зьвязаны сваяцкімі і юрыдычнымі сувязямі. Я не адзьдзяляю сям’і ад сяброў”.

(Караткевіч: ) “Энэргія і глыбокі інтэлект такіх людзей, як Вера Рыч заўсёды правакуюць на пытаньні, здавалася б банальныя, але адказы на іх - істотныя, бо адказвае разумны чалавек. Што ў жыцьці любіць Вера Рыч”.

(Рыч: ) “Шчасьце, прыгажосьць, работу ў маім гародчыку, сустрэчы з новымі паэтамі, якіх я ня ведала раней. Музыка. Сьпевы. Добрая ежа. Добрае віно”.

(Караткевіч: ) “А які любімы тост?”

(Рыч: ) “За жыцьцё!”

(Караткевіч: ) “Пра рэчы, якія Вера Рыч любіць, яна сказала задуменна, а вось пра тое, што раздражняе, значна больш эмацыйна”.

(Рыч: ) “Глупства. Я сустракаю яе дастаткова часта… Адзін мой калега гаворыць: “Я ведаю, што ў сьвеце павінныя быць ідыёты. Але чаму ўсе яны павінныя працаваць у адной установе?”. Дурасьць і бюракратыя. Такія рэчы. Любыя абмежаваньні. І яшчэ я не люблю дэпрэсыўнай паэзіі. Я ведаю адну паэтку чалавека, якая што б не пісала– гэта ўсё дэпрэсыўнае. Ёй ва ўсім удаецца знайсьці нешта чорнае. Я не разумею гэтага. У сьвеце няма нічога такога, што мы не маглі б абмінуць”.

(Караткевіч: ) “А як можна спрабаваць абмінуць грэх?”

(Рыч: ) “Грэх? Божа, я не тэоляг. Я не філёзаф. Грэх – ня шкодзіць Богу. Грэх шкодзіць тым, хто чыніць яго. Мы ня можам пашкодзіць Богу, таму што Бог – па-за гэтым. Грэх – падрывае парадак, зроблены Богам на Зямлі. Грэх разбурае пэрсанальныя дачыненьні. Адзін зь вялікіх рабінаў сказаў, што не рабіце людзям таго, што б не хацелі, каб рабілі вам. Гэта – галоўны закон. А ўсё іншае – камэнтары.
Мы маем вызначаны час жыць на гэтым сьвеце. І мы павінны рабіць у гэтым жыцьці тое, што патрэбна. Трэба пражыць гэтыя гады як мага лепш. Я хрысьціянка, веру ў жыцьцё пасьля сьмерці. Але я думаю, тое, што мы робім тут – гэта важна. Я ня веру, што варта ігнараваць зямное жыцьцё. Бог даў нам гэтае жыцьцё, каб цешыцца ім. Габрэі кажуць, я рабіла шмат дасьледаваньняў, што нас будуць судзіць ня толькі паводле таго добрага і кепскага, што мы зрабілі. Таксама мы будзем адказваць і за тое, што мы маглі мець раскошу, але адмаўляліся ад яе… Бог даў нам магчымасьці для асалоды. І мы абавязаныя яе мець. Я цешуся жыцьцём.”

(Караткевіч: ) “Імя Вера Рыч азначае “Багатая Вера”.

Вольга Караткевіч

XS
SM
MD
LG