Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40 гадоў зь Беларускай Свабодай


Гутарка Сяргея Шупы з гісторыкам Міхасём Чарняўскім

20 траўня мінула роўна 45 гадоў з таго дня, калі ў эфіры прагучала першая перадача беларускай сэкцыі Радыё Свабода, якое тады называлася Радыё Вызваленьне. Гэтаму юбілею і прысьвячаецца наша сёньняшняя «Вольная Студыя». Наш сёньняшні госьць — чалавек, які на працягу ўжо амаль 40 гадоў слухае перадачы Беларускай Свабоды: гісторык МІхась Чарняўскі.

(Шупа:) Спадар Міхась, у 1953 годзе пачала сваю працу радыёстанцыя «Вызваленьне», скіраваная на слухачоў у краінах, якія апынуліся пад савецкім ярмом. У 1954 годзе ў рамках гэтай радыёстанцыі пачала сваю працу беларуская сэкцыя. Вельмі цяжка было знайсьці людзей, якія б слухалі ў тыя сёньня ўжо далёкія часы радыё на кароткіх хвалях, каб яны маглі падзяліцца сваімі ўражаньнямі, сваімі ўспамінамі пра гэта. Вы — адзін з тых людзей. Ці не маглі б Вы прыпомніць — з чаго такое слуханьне звычайна пачыналася? Калі Вы першы раз пачулі заходнія радыёстанцыі? Ці Вы ведалі, што нехта навокал Вас слухаў іх? Што Вас прывяло да гэтага? Якія Вашыя першыя ўражаньні і калі прыблізна гэта было?

(Чарняўскі:) «Што датычыць заходніх радыёстанцыяў, дык гэта пачалося... ну, нават ня ведаю, калі «Голас Амэрыкі» пачаў вяшчаць на расейскай мове — недзе, мабыць, у канцы 40-х гадоў, можа ў якім-небудзь 1947-1948-ым. Гэта было па дэтэктарным прыёмнічку, нават на доўгіх хвалях было чуваць. Вось была такая радыёстанцыя.

А вось калі ўжо беларускую радыёстанцыю — то я дакладна ня памятаю, таму што гэта на кароткіх хвалях было... недзе, напэўна, у 1956 годзе. Раней гэта не магло быць, таму што я быў тады завочнікам і працаваў настаўнікам у адной з школаў на Мядзельшчыне і набыў такі прыймач з батарэйкамі — і ўжо з таго часу я пачаў слухаць. Я, як кажуць, «бегаў» па ўсіх хвалях і проста сам знайшоў, ніхто мне не падказаў. Я, канешне, слухаў потым на польскай мове — што не заглушалася ў нас, — на чэскай, на славацкай. На ўкраінскай яшчэ часамі не заглушалася. А беларускую праграму слухаць было намнога цяжэй, асабліва калі потым выяжджаў у 1961 годзе і паступіў у асьпірантуру ды пераехаў у Менск — тут было татальнае заглушаньне, і, канешне, слухаць было даволі цяжка.

А дзесьці ўжо з 1961 году я слухаў рэгулярна — да сёньняшняга дня — і, напэўна, прапускаў толькі тады, калі ўжо вельмі незвычайныя былі ўмовы. Недзе прыкладна 99% перадачаў я слухаў, прыкладна недзе з 1961 году — Радыё Свабода на беларускай мове».

(Шупа:) Якія былі Вашыя ўражаньні? Як успрымаліся перадачы Беларускай Свабоды тады, на пачатку 60-х? Што ў іх было незвычайнага для чалавека, які жыў па гэты бок Жалезнай Заслоны?

(Чарняўскі:) «Што яно давала — канешне, яно давала шмат. Па-першае, увогуле адраджэнцы пачатку 60-х гадоў адчувалі сябе даволі адзінока ў сваёй краіне. Гэта былі невялікія групкі, мала зьвязаныя паміж сабой, адрэзаныя ад інфармацыі. І вось гэтае слуханьне беларускай рэдакцыі Радыё Свабода давала адчуваньне, што мы не адны, што ёсьць у сьвеце яшчэ людзі, якія змагаліся за наша адраджэньне, за нашую незалежнасьць. Давалі яшчэ вельмі шмат, канешне, перадачы па гісторыі Беларусі, бо, як вядома, тады гісторыю Беларусі не вывучалі, і сапраўдных гістарычных кніжак практычна не было — мы нейкім чынам даставалі віленскія выданьні, езьдзілі ў антыкварыят у Вільню, набывалі выданьні і абменьваліся імі. Так, па сапраўднай беларускай гісторыі практычна адны былі — перадачы беларускай рэдакцыі Радыё Свабода, яны тады былі даволі часта — Урбана памятаю і іншыя перадачы — гэта шмат давала.

Слабейшыя былі, канешне, перадачы пра ўнутрыбеларускае жыцьцё, таму што рэдакцыя ня мела прамой інфармацыі зь Беларусі, ня мела такіх кантактаў. Проста абыгрываліся нейкія крытычныя артыкулы з «Вожыка», нейкія фэльетоны з газэтаў — нас асабіста гэта ня ўражвала.

І, канешне, яшчэ шмат давала інфармацыя пра жыцьцё беларускай эміграцыі. Тады таксама гэта даволі багата прадстаўлялася — гэта паказвала, што наша дыяспара вялікая, расьсеяная па ўсім сьвеце».

(Шупа:) Як ведама, слуханьне заходніх радыёстанцыяў за савецкім часам было справай небясьпечнай. Як Вы думаеце, колькі людзей рэальна магло слухаць заходнія радыёстанцыі і ў прыватнасьці беларускую службу Радыё Свабода? Наколькі гэта было небясьпечна, і ці вядомыя Вам прыклады рэпрэсіяў з боку ўладаў?

(Чарняўскі:) «Канешне, ніхто не хваліўся чужым людзям, што слухае заходнія радыёстанцыі — гэта было небясьпечна. Ну, у турму то не пападзеш, а тое, што можна было вылецець з унівэрсытэту — то гэта элемэнтарна. А нават і з працы, ці, па крайняй меры, паставіць крыж на сваёй далейшай кар’еры. Ну а такія абвінавачаньні — я ведаю, 1950 год, на судзе смаргонскіх школьных падпольшчыкаў — Хацялоўскі, адзін з удзельнікаў падпольля, абвінавачваўся ў тым, што ён меў такі прыймач, слухаў заходнія радыёстанцыі і гэтую інфармацыю распаўсюджваў.

Такі факты былі — гэта было вельмі небясьпечна. А які працэнт слухаў — кожны, хто разумеў, што гэты рэжым антыбеларускі, стараўся слухаць і больш-менш рэгулярна слухаў. Я ня ведаў адраджэнцаў, якія б ня слухалі Беларускую Свабоду.

Калі абвінавачаньні былі — напрыклад, у 1973 годзе, на допытах у КГБ, калі КГБ граміла так званы «акадэмічны асяродак», таксама былі абвінавачаньні: «Рэгулярна слухае заходнія радыёстанцыі...»»

(Шупа:) А зараз я Вам дам паслухаць адзін гук — спадзяюся, Вы яго пазнаеце — і тады задам наступнае пытаньне.

(ххххххх - Гук глушыльнага генэратара - ххххххх)

Ну, хіба пазнаеце?

(Чарняўскі:) «Я адразу памаладзеў на 15-20 гадоў, пачуўшы гэты гук...»

(Шупа:) Як ужо можна было зразумець з папярэдняга адказу, слуханьне заходніх станцыяў было справай, можна сказаць, інтымнай. Як гэта канкрэтна адбывалася? Трэба было хавацца ад людзей, якім не давяраеш, магчыма, уначы — тады, пэўна, і тэхнічныя ўмовы былі лепшыя? І як Вы перамагалі глушэньне? Якія тэхнічныя прыёмы Вы ўжывалі, каб слухаць перадачы, якія глушыліся «па-чорнаму»?

(Чарняўскі:) «У горадзе, у Менску, гэта быў, канешне, кашмар. Можна было яшчэ слухаць уночы — неяк, можа, яны эканмомілі энэргію ці што. Пасьля ў мяне быў прыёмнік з накіраванай антэнай, і можна было неяк круціць у розных кірунках і знаходзіць такі кірунак разьмяшчэньня прыймача, калі заглушаньне было меншае. Ну й я археоляг, я паўгода ў экспэдыцыі, і канешне я ўжо выяжджаў у такія раёны, дзе далёка было ад глушакоў — напрыклад, на Віцебшчыне на такіх шырокіх тарфяніках, там заглушаньне было значна меншае, фактычна можна было ўсё слухаць.

Ну а ці хаваліся ці не... У прынцыпе я слухаў пераважна дома, у мяне ўся сям’я — аднадумцы і гэта не было праблемай. Канешне, я ўжо не ўключаў на поўны гук, каб суседзі ня чулі — была такая перасьцярога. Горш было ў інтэрнаце — тады трэба было адыходзіць куды-небудзь. У экспэдыцыі, калі былі чужыя людзі, асабліва незнаёмыя ці малазнаёмыя — тады браўся рукзак на плечы і быў нейкі маршрут, я адыходзіў ад экспэдыцыйнага лягеру і там ужо слухаў».

(Шупа:) Спадар Міхась, такім чынам, Вы зь Беларускай Свабодай ужо амаль 40 гадоў. Ці можаце Вы прасачыць дынаміку зьменаў?

(Чарняўскі:) «Безумоўна. Непараўнаўча, канешне, у тым сэнсе, што цяпер можна працаваць літаральна на месцы, браць інфармацыю на тэрыторыі Беларусі практычна любую. Сёньняшнія перадачы Радыё Свабода вельмі надзённыя. Надзённыя — значыць, гарачая інфармацыя. Гэта, напэўна, вельмі дадатна, дый, напэўна, і журналістам Свабоды зусім інакш працуецца цяпер, чым працавалася 20 гадоў таму назад.

Ну й мы — цяпер можна слухаць на працы, і я ў розных месцах чуў, калі недзе а 6-тай гадзіне ўключаецца Свабода, нават чуваць на калідоры, што недзе ў нейкім кабінэце слухаюць беларускую праграму — і няма праблемы, ніхто ня кідаецца званіць у КГБ ці ў міліцыю».

(Шупа:) Апошняе пытаньне: якой Вы бачыце будучыню Беларускай Свабоды?

(Чарняўскі:) «Лепш скажу — будучыню, якую хацеў бы бачыць, бо якая бачыцца — хто яго ведае, як яно там будзе... Я хацеў бы, каб была перадача не паўтары гадзіны, а чатырохгадзінная, і каб яна ішла, дапусьцім раніцай чатыры гадзіны і вечарам чатыры гадзіны. Цяпер, калі пакуль ня глушаць, то гэтага дастаткова. Але гэта для нас надзвычай важна, таму што радыё дасяжнае ў кожную вёску Беларусі, чаго ня скажаш пра газэты — «Навіны» ці якую іншую свабодную газэту. Гэта надзвычай важна для сёньняшняй Беларусі: калі нармальнай, незалежнай інфармацыі ў правінцыі, у невялікіх мястэчках і вёсках — вялікі брак, дык Радыё Свабода патрэбнае як паветра.

Калі мы сустракаемся па партыйнай лініі зь немцамі, швэдамі ці кім іншым, і яны пытаюцца: «Як Вам памагчы?», мы заўсёды кажам, што нам трэба вось гэта найперш. Нам патрэбная свабодная інфармацыя не паўтары гадзіны, а недзе гадзіны чатыры».

(Шупа:) Вы адказалі на маё пытаньне, так сказаўшы, у тактычным аспэкце, а я хацеў бы пачуць стратэгічны адказ, бо часам гучаць галасы, што, маўляў, зь пераменамі, якія адбыліся апошнім дзесяцігодзьдзем ва Ўсходняй Эўропе і на постсавецкай прасторы, неабходнасьць у такіх радыёстанцыях нібыта адпадае. Наколькі гэта стасуецца да беларускай сытуацыі — сёньняшняй і нейкай магчымай заўтрашняй?

(Чарняўскі:) «Для Беларусі гэта яшчэ больш, можа, вострае пытаньне, чым на пачатку 90-х гадоў, таму што Беларусь сёньня — гэта востраў, на якім спрабуе аднавіцца і імпэрыя і нейкі камуністычны рэжым. Гэта надзвычай небясьпечна і актуальна для Ўсходняй Эўропы. Такое адчуваньне, што наш цягнік — недзе на нейкіх запасных рэйках стаў. Цягнікі літоўскі, латыскі, эстонскі, нават украінскі, ня кажучы пра польскі — пайшлі ўперад, а наш недзе так стаіць на нейкіх зарослых быльнягом рэйках, і ёсьць адчуваньне часамі нават забытасьці і адзіноты. Таму такая радыёстанцыя як ніколі нам сёньня патрэбная. Тым больш, што яна будзе і гуртаваць і аб’ядноўваць. Калі спыніцца радыёстанцыя і калі яшчэ прыкрыюць нашыя газэты, то мы адкоцімся да ўзроўню 50-х гадоў».

(Шупа:) Спадар Міхась, я шчыра дзякую Вам за гутарку, і як аднаго з найстарэйшых нашых слухачоў я Вас таксама віншую з нашым 45-гадовым юбілеем.

Сяргей Шупа, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG