Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ і “трэці сэктар” у Беларусі, люстрацыя ў Польшчы, высылка расейцаў з Эстоні.


Удзельнічае: Раман Якаўлеўскі.

(эфір 5.09.2000)

Аўтар і вядучы: Віталь Тарас

Сёньня мы працягваем тэму дачыненьняў КГБ ды іншых спэцслужбаў з грамадзкімі арганізацыямі ў Беларусі. Кіраўнік інфармацыйнай службы Беларускага Гэльсынскага камітэту Сьвятлана Курс у мінулай нашай перадачы выказала меркаваньне, што ў развале БНФ, Сацыял-дэмакратычнай Грамады, іншых грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку непалітычных, можна бачыць почырк спэцслужбаў. З другога боку, і сам Беларускі Гэльсынскі камітэт не пазьбег абвінавачаньняў на свой адрас у тым, што ягоная дзейнасьць магла быць накіраваная спэцслужбамі ў зручнае ўладам рэчышча. У гэтым абвінавачваюцца і некаторыя вядомыя палітычныя дзеячы, а таксама партыйныя арганізацыі.

Аднак свой уплыў на грамадзкі сэктар спаэцслужбы могуць аказваць ня толькі, так бы мовіць, дэструктыўным мэтадам. А якімі яшчэ? Аб гэтым мы гутарым зь менскім журналістам, які часта піша на тэмы спэцслужбаў, былым сябрам назіральнай рады Беларускага Фонду Сораса Раманам Якаўлеўскім.

(Якаўлеўскі: ) “Перш за ўсё хацеў бы нагадаць, што ў Беларусі на сёньняшні дзень функцыянуе 7 вядомых спэцслужбаў. Адной з прыкметаў спэцслужбы ёсьць права займацца правядзеньнем апэратыўна-вышуковай дзейнасьцю. Што тычыцца далучанасьці КГБ да кантролю за няўрадавымі арганізацыямі… Можна сказаць, што гэта адна з функцыяў ворганаў дзяржаўнай бясьпекі – праводзіць, паводле іх тэрміналёгіі, “маніторынг” за палітычнымі ды іншымі, дзеючымі на тэрыторыі Рэспублкі Беларусь, арганізацыямі. На самой справе структура ў КГБ па абароне канстытуцыйнага ладу – гэта былое 5 ўпраўленьне (ды яно й зараз у Беларусі ёсьць!) па барацьбе зь іншадумствам. Безумоўна, адной з функцыяў гэтай структуры ёсьць кантроль і ўплыў на дзейнасьць грамадзкіх структураў. Пры гэтым хацеў бы зазначыць, што не зусім справядліва казаць аб датычнасьці КГБ да дзейнасьці альбо развалу арганізацыяў. Не абавязкова развальваць, можна паставіць пад кантроль, і ў зручным для дзяржавы рэчышычы гэтыя арганізацыі працягваюць дзейнічаць. Супрацоўнікі ўсіх астатніх спэцслужбаў у Беларусі, асабліва кіраўнікі, застаюцца афіцэрамі КГБ. Як кажуць, у КГБ афіцэры ніколі ў запас не сыходзяць”.

Раман Якаўлеўскі далей нагадаў факт, які зараз многімі забыты. У свой час цяперашні дзяржаўны сакратар дзяржаўнага сакратарыяту Рады бясьпекі Беларусі Віктар Шэйман быў намесьнікам Мікалая Статкевіча у створаным на пачатку 90-х гадоў Беларускім згуртаваньні вайскоўцаў. Мой суразмоўца лічыць, што БСДП “Народная Грамада”, а таксама Беларускі Гэльсынскі камітэт у найбольшай ступені адчулі на сабе цікавасьць з боку спэцслужбаў. Акрамя таго ён назваў такія арганізацыі як Рэспубліканская ліга правоў чалавека на чале з былым дэпутатам Яўгеніем Новікавым альбо малавядомы Цэнтар падтрымкі грамадзкіх асацыяцыяў і фондаў СКАФ на чале зь Юрыем Загумёнавым. Дарэчы спадар Загумёнаў зьяўляецца актыўным сябрам і каардынатарам ініцыятыўнай групы ў правядзеньні так званага дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, абвешчанага Лукашэнкам:

(Тарас: ) “А што, можна сказаць пра так званыя славянскія грамадзкія арганізацыі – наколькі я ведаю, і такія зьявіліся?”

(Якаўлеўскі: ) “Ноў хаў” у грамадзкім сэктары пасьпяховае ўжываюць у сваіх мэтах улады. Зьявіліся дастаткова шматлікія так званыя славянскія няўрадавыя арганізацыі, мэтай якіх абвешчаная нібыта грамадзкая ініцыятыва, якая спрыяе яднаньню ўсіх славянаў. Накіраванасьць гэтых арганізацыяў – звышпрарасейская. Гэта й Сэрбска-беларускі камітэт, пра які, мабыць, усе забыліся, але тым ня менш, ён працуе; можна назваць і так званую Народную палату, якую курыруе таварыш Посахаў; гэта й таварыства “Русь” – нібыта культурна-асьветніцкае, а насамарэч хапае ў яе дзейнасьці й палітычных момантаў; рэшткі так званага Славянскага сабору “Белая Русь”, які не прайшоў перарэгістрацыю, але тым ня менш актывісты гэтага грамадзкага аб’яднаньня – нярэдкія госьці беларускага тэлебачаньня. З адпаведнымі ацэнкамі яны выступаюць па розных аспэктах унутранай і зьнешняй палітыкі Беларусі.

Наконт гэтых славянскіх арганізацыяў я хацеў бы сказаць, што ўлады працуюць, ствараючы свой трэці сэктар – я яго назваў бы “3-ці славянскі” сэктар няўрадавых арганізацыяў”. Яны ствараюць ілюзію грамадзкай актыўнасьці, хаця, падкрэсьліваю, гэтыя “актывісты” усе вядомыя – яны што ў кампартыі Чыкіна актыўнічаюць, што ў ніжняй палаце так званага Нацыянальнага сходу, ну, і гэтак далей”.

Гаварыў Раман Якаўлеўскі. Працяг гутаркі з журналістам – аб мэтадах беларускіх спэцслужбаў і аб тым, ці адрозьніваюцца гэтыя мэтады ад мэтадаў КГБ СССР – у наступнай перадачы.

А зараз – агляд некаторых публікацыяў.

Напрыканцы мінулага тыдня двум эстонскім дыпляматам давялося пакінуць Маскву, пасьля таго як амбасадару Эстоніі ў расейскім МЗС 31-га жніўня была ўручаная нота аб высылцы “за дзейнасьць, несумяшчальную зь іх статусам”. Паводле інфармацыі маскоўскай газэты “Сегодня”, высланыя другі і трэці сакратар эстонскай амбасады.
Перад гэтым МЗС Расеі атрымаў паведамленьне аб высылцы двух супрацоўнікаў расейкай амбасады ў Таліне з аналягічнай фармулёўкай.
Газэта “Сегодня” прывяла ў гэтай сувязі словы прэсавага сакратара паліцыі бясьпекі Эстоніі (КАПО) Ханэса Конта аб тым, што рашэньне аб высылцы дыпляматаў з Эстоніі былі прынятыя палітычнымі органамі. Незадоўга перад гэтым інцыдэнтам міністар унутраных справаў Эстоніі Лоодус і міністар унутраных справаў Расеі Рушайла падпісалі ў Пскове пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне барацьбы з тэрарызмам.

“Шпіён, які ніколі ня быў шпіёнам” – Так азагалоўлены артыкул у брытанскай газэце “Independent”. “ФБР назвала чалавека пад імем Вэн Ху Лі галоўным ворагам амэрыканскага грамадзтва. Ён перабывае у адзіночнай камэры пад асаблівай аховай у турме Санта-Фэ ўжо амаль год. Ён абвінавачаны ў продажы сакрэтаў, датычных ракетнай тэхналёгіі Кітаю, чым паставіў пад пагрозу жыцьцё мільёнаў людзей. Ёсьць толькі адна рэч, якая аддзяляе яго ад электрычнага крэсла – праўда”, – такімі словамі пачынаецца артыкул ў газэце. Паводле пракурора, доктар Лі, які працаваў у нацыянальнай лябараторыі Лос-Аламас, прызнаў, што ён выкраў важны вайсковы сакрэт з мэтай прадаць яго. Нядаўна здарыўся скандал ў сувязі з уцечкай інфармацыі наконт сыстэмы бясьпекі ў Лос-Аламасе. Але публікацыяў на гэты конт у New York Times, а таксама апасеньняў, выкліканых супярэчлівым дакладам Кангрэсу, апублікаваным 18 месяцаў таму, што Кітай выкраў найбольш важныя ваенныя сакрэты, яшчэ недастакова для доказаў, – лічыць газэта.

Цяпер ужо ФБР і Міністэрства энэргетыкі ЗША не настойваюць на абвінавачаньні ў шпіянажы, што выглядае неверагодным пасьля таго, як год доктар Лі называўся ў судовых паперах і ў мэдыях здраднікам. Спробы даказаць, што ён меў нелегальныя кантакты з кітайскімі навукоўцамі, пайшлі на марна. Адзіны факт, які, насамрэч, мае сьледства супраць Лі – гэта тое, што ён перавёў інфармацыю з аднаго кампутара на іншы – менш бясьпечны, і скапіяваў некаторыя файлы на дыскеты, некаторыя зь якіх ня былі афіцыйна ўлічаныя. На гэтым факце базуюцца ўсе астатнія абвінавачаньні. Аднак і тут ёсьць праблемы, бо матэрыялы, атрыманыя доктарам Лі, былі абвешчаныя сакрэтнымі ўжо пост-фактум. Паводле супрацоўнікаў Лос-Аламасе, большасьць скуапіяваных ім матэрыялаў былі ўжо апублікаваныя.
У сувязі са справай доктара Лі газэта нагадвае аб ранейшых ўспышках істэрыі супраць амэрыканцаў азіяцкага паходжаньня – пачынаючы з дыскрымінацыйных законаў супраць этнічных кітайцаў напрыканцы ХІХ стагодзьдзя да інтэрнаваньня 120 тысячаў японцаў-грамадзянаў ЗША, у часе другой Усясьветнай вайны.

Разам з тым, самі амэрыканскія спэсцслужбы дапусьцілі апошнім часам шэраг сур’ёзных памылак. Напрыклад, сёлета ў траўні загадкавым чынам з кампутараў у сакрэтнай лябараторыі ў Лос-Аламасе зьніклі два жорсткія дыскі з інфармацыяй аб ядзерных сакрэтах. Ня менш загадкавым чынам яны знайшліся праз некалькі дзён. А кіраўнік ЦРУ Джон Дойч, якія скапіяваў сакрэтныя матэрыялы на свой хатні кампутар, падаў у адстаўку, але працэс у ягонай справе распачаты ня быў. Доктар Лі, тым часам, застаецца ў турме. Ён можа бачыць сваю сям’ю толькі адну гадзіну ў тыдзень. Ягоная дачка Альбэрта лічыць, што яе бацьку зрабілі “ахвярным казлом, па-сутнасьці – палітычным вязьнем”.

Газэта Wall Street Jornal in Europe надрукавала 1-га верасьня артыкул, прысьвечаны працэсу люстрацыі ў Польшчы. Паводле прынятага ў 1997-м годзе закону, 22 тысячы дзяржаўных служачых павінныя былі абнародваць ўсе выпадкі сьвядомага й сакрэтнага супрацоўніцтва са службамі бясьпекі Польшчы, пачынаючы з 1944 па 1990-ы гады. Працэс гэты быў названы люстрацыяй – ад лацінскага слова, якое азначае “ачышчэньне”. Аднак, працэс ачышчэньня ператварыўся ў брудную справу з выкарыстаньнем сакрэтных дасье, дазаванымі уцечкамі інфармацыі ў прэсу і публічным абвінаваўцам (яго называюць омбудсмэнам), які служыў судзьдзём за камуністычным часам. У выніку тых справаў, што разгледзеў люстрацыйны суд, пяць чалавек былі прызнаныя чыстымі, тры справы былі часова прыпыненыя за недахопам доказаў, а сем – у тым ліку, два вядомыя ў мінулым дзеячы апазыцыі – абвешчаныя лгунамі. Яшчэ 46 справаў чакаюць свайго разгляду.

Газэта падрабязна разглядае справу былога актывіста польскага самвыдату, намесьніка міністра абароны Робэрта Мражэвіча, якія 10 апошніх гадоў актыўна працаваў на карысьць уступленьня Польшчы ў НАТО. Ён мяркуе абскардзіць рашэньне суду. Аднак, гэтае рашэньне ўжо каштавала яму рэпутацыі, і верагодна, сталася заканчэньнем палітычнай кар’еры. Ягоныя старыя сябры па падпольнай барацьбе супраць камуністычнага рэжыму першымі прыйшлі яму на дапамогу. Вядомы ў мінулым дысыдэнт Яцэк Курань, згадваючы, як Мражэвіч змагаўся за правы чалавека, напісаў у “Газэце Выборчай”, што ня бачыць нічога дзіўнага ў тым, што Мражэвіч зноў пазбаўлены ягоных правоў праз маніпуляцыі спэцслужэбаў. Абвінаваўца Нізеньскі нагадаў яму тых людзей, якія саджалі некалі апазыцынэраў у турму.
Спадар Нізеньскі, – піша Wall Street Jornal in Europe, – вырашыў зазірнуць у дасье Мражэвіча пасьля таго, як той адпрэчыў падазрэньне ў супрацоўніцтве з тайнай паліцыяй. Але пошукі ў архівах УОП (Ужонду охроны паньства) ёсьць цяжкай навукай. Архівы 45-89-х гадоў займаюць 10 квадратных кілямэтраў. Больш за тое, многіх матэрыялаў не хапае. Адразу пасьля перамогі “Салідарнасьці” ў 1990-м годзе спэцслужбы зьнішчылі многія дакумэнты. Сакрэтныя нумары агентаў таксама зьнішчаныя.

Нізеньскі у якасьці доказу выкарыстаў фотакопію старонкі з фармуляру Міністэрства ўнутраных справаў за 1977 год. Ён даводзіў, што ў фармуляры Робэрт Мражэвіч узгадваецца пад псэўданімам Эўстахі (гэта ягонае другое імя). У разьдзеле пад назвай “род кантактаў” значацца літары Т. В. – скарачэньне словаў “тайны вспулпрацоўнік”, альбо сакрэтны агент. Адвакаты даводзілі, што факт рэгістрацыі ў фармуляры не азначае, што Мражэвіч сапраўды супрацоўнічаў з паліцыяй. Былыя агенты пацьвердзілі ў судзе, што ў мінулым яны часам фабрыкавалі такія дакумэнты. Аднак у прысудзе гаварылася аб тым, што Мражэвіч быў сакрэтным інфарматарам паміж 1977-м і 1985-м гадамі, і што ён сустракаўся з агентам паліцыі прынамсі 26 разоў, што мае дакумэнтальнае пацьверджаньне. Прыхільнікі і сябры Мражэвіча, якія прысутнічалі ў судзе, былі ў шоку. Галоўны рэдактар “Gazety Wyborczej” Адам Міхнік адмовіўся камэнтаваць вэрдыкт.
Мражэвічу, як ён сам гаворыць, трэба пачынаць жыцьцё з пачатку.
Зараз ён выкладае гісторыю ў Варшаўскім унівэрсытэце.

Віталь Тарас, Прага

XS
SM
MD
LG