Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У якіх выпадках праваабарончыя арганізацыя могуць кантактаваць з КГБ? ФСБ, Інтэрнэт ды шпіянаж, а таксама іншыя тэмы.


Удзельнічае: Сьвятлана Курс.

(эфір 29.08.2000)

Аўтар і вядучы: Віталь Тарас

У мінулай перадачы мы згадвалі адказ Цэнтру інфармацыі КГБ Беларусі на запыт Беларускага Гэльсынскага камітэту ў справе Алега Батурына. У сваім лісьце начальнік Цэнтру інфармацыі спадар Котаў, у прыватнасьці, выказаў надзею на партнэрства з БГК у абароне правоў чалавека, але разам з тым даў зразумець, што гэты камітэт займаецца, так бы мовіць, не сваёй справай.

Я зьвярнуўся да кіраўніка прэсавай службы Беларускага Гэльсынскага камітэту Сьвятланы Курс з пытаньнем, ці ўтрымлівае гэты ліст адказ па сутнасьці пастаўленых у ім пытаньняў?

(Курс: ) “Натуральна, адказ нас не задаволіў. На ўсе нашыя закіды, якія мы лічым цалкам абгрунтаванымі, КГБ, у прынцыпе, нічога не адказаў. Мы пыталіся – чаму не была ўзбуджаная крымінальная справа па факце патаемнага вывазу Батурына невядомымі людзьмі з Польшчы ў Беларусь? На гэта ў КГБ нічога істотнага не адказалі, як не сказана нічога істотнага й на другі наш закід: што супраць яго не была ўзбуджаная крымінальная справа па незаконным перасячэньні мяжы. Таксама, што яго адпусьцілі зь Беларусі і ўпусьцілі ў Беларусь з-за нейкіх “гуманітарных соображеній”. Аднак, мы ўсе памятаем, што гэтыя “гуманіарные соображенія” ня былі ўлічаныя ў выпадку з Паўлам Шараметам і ў іншых падобных выпадках. Безумоўна, гэта не адказ на наш запыт. Мы не задаволеныя. Аднак, праз некаторы час да нас прыйшоў сам спадар Фёдар Котаў, і я думаю, што менавіта вынікам гэтага візыту стаў гэты ліст”.

(Тарас: ) “А як Вы расцэньваеце прапанову аб супрацоўніцтве, якая ўтрымліваецца ў гэтым адказе, і зь якога вынікае, што КГБ разглядае сябе як адну з арганізацыяў, якая таксама займаецца праваабарончай дзенйасьцю?”

(Курс: ) “У прынцыпе, арганізацыя, якая займаецца палітычным вышукам, ня можа адначасна займацца праваабарончай дзейнасьцю. Гэта быў бы нонсэнс. Аднак, у кожным канкрэтным выпадку – калі, напрыклад, будзе падобны выпадак, як са Славамірам Адамовічам, і нехта будзе там сядзець, у гэтай “амэрыканцы”, то, безумоўна, мы будзем мець нейкія кантакты і стасункі з КГБ дзеля таго, каб гэтаму чалавеку аблегчыць лёс. Але пра супрацоўніцтва ў нейкім шырокім фармаце казаць цяжка. Пакуль існуе такі панятак як палітычны вышук, а нашыя спэцслужбы робяць нейкія свае справы, якія зусім не ўваходзяць у іхную кампэтэнцыю (а гэта, на жаль, так на цяперашні момант) – пра нейкае шырокафарматнае супрацоўніцтва цяка казаць”.

(Тарас: ) “Даволі часта ўзьнікаюць зараз размовы аб тым, што КГБ займаецца ня тольк палітычным вышукам, але й нейкім чынам узьдзейнічае на розныя грамадзкія арганізацыі – інспіруе нейкія правакацыі, умешваецца ў іхную дзейнасьць – галосна альбо негалосна. Беларускі Гэльсынскі камітэт ці адчуваў такую цікавасьць з боку спэцслужбаў да сваёй дзейнасьці, ці можа нейкія спробыдэстабілізаваць працу Гэльсынскага камітэту. Як Вы ацэньваеце такія размовы?”

(Курс: ) “Гэта цалкам магчыма. Але ёсьць такая цудоўная расейская прымаўка: “Не пойман – не вор”. Пакуль мы не ўстанавілі, што людзі, якія працуюць на развал арганізацыі, працуюць на КГБ, а іх дзейнасьць ня ёсьць плёнам уласных, унутраных псыхалягічных праблемаў гэтых людзей – дык мы ня можам казаць, што менавіта спэцслужбы працуюць у гэтым накірунку. Мы лічым у БГК так: магчыма, што гэта працуюць, з аднаго боку, ня вельмі разумныя людзі, якія паводле сваёй канфліктнасьці імкнуцца развальваць арганізацыі, а з другога боку, спэцслужбы таксама могуць мець да гэтага дачыненьне. Мы гаворым пра гэта нават не ў выпадку зь Беларускім Гэльсынскім камітэтам, бо тут мы мяркуем знайсьці з нашымі апанэнтамі агульную мову. Але паглядзіце, што робіцца ў іншых арганізацыях! Літаральна ўсе арганізацыі развальваюцца паводле аднаго й таго ж сцэнару.
Так што чыста лягічна можна зазначыць, што гэта цалкам магчыма. Аднак, у нас няма ні фактаў, ні доказаў пра тое, што ў гэтым замяшаныя спэцслужбы”.

(Тарас: ) “Паколькі Вы сказалі, што грамадзкія арганізацыі, як правіла, развальваюцца па адным і тым сцэнары – не маглі б Вы ўдакладніць, што маецца на ўвазе?”

(Курс: ) “Вось паглядзіце: спачатку адбыўся ня вельмі прыемны раскол у Беларускім Народным Фронце, тады ў Маладым Фронце. Былі праблемы ў АГП з іхнай гарадзенскай філіяй. Былі праблемы ў Сацыял-дэмакратычнай партыі. Я маю на ўвазе, што спачатку назапашваецца нейкае непрыняцьце пазыцыі апанэнтаў, потым гэта перарастае ў нейкую асабістую няпрыязнасьць, і кулюурах ідуць нейкія нядобрыя размовы адзін пра аднаго, спускаюцца нейкія кампраматы, якія нічым не пацьвярджаюцца, што той украў грант, а той вось кепскі, а той абы што пра цябе казаў… І вось атрымліваецца ў выніку, што людзі пачынаюць неканструктыўна сябе паводзіць, і арганізацыя развальваецца. І ўжо ніхто ня думае пра тое, што мусціь рабіцца справа, а не выяўляцца дачыненьні адно да аднаго. Вось што я маю на ўвазе”.

Гаварыла Сьвятлана Курс.

Тэму “спэцслужбы й грамадзкія арганізацыі” мы працягнем у адной з бліжэйшых перадачаў СС-2000. А зараз – пра некаторыя публікацыі на тэму спэцслужбаў, шпіёнаў і шпіянажу

У пятніцу ў газэце Woll Street Jornal in Europe апублікаваны артыкул, прысьвечаны сытуацыі з арыштаваным расейкімі ўладамі амэрыканскім бізнэсоўцам Эдмундам Поўпам, які быў затрыманы
сёлета ў красавіку паводле абвінавачаньня ў набыцьці за 10 тысяч даляраў сакрэтнай інфармацыі аб навейшай рэактыўнай тарпэдзе ў расейскага навукоўца. У чацьвер, нягледзячы на просьбу адвакатаў, раённы суд у Маскве адмовіўся зьмяніць меру стрыманьня Поўпу, які некалькі месяцаў ўтрымліваецца ў асабліва сакрэтнай турме ў Лефортаве. Пры гэтым ня быў прыняты пад увагу той факт, што Поўп пакутуе на рак.

Газэта піша: “Паводле словаў адваката Дэвіда Поўпа Паўла Астахава, ягоны падабаронны адпрэчвае той факт, што ён спрабаваў купіць дакумэнты з сакрэтнай інфармацыяй. Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Рычард Баўчэр заявіў: “Мы ня бачылі ніякіх доказаў, што Поўп парушыў расейскія законы”. Судзьдзя лефортаўскага раённага суду пастанавіў пакінуць Поўпа ў зьняволеньні да сёлетняга кастрычніка. Але яму пагражае 20 гадоў турмы, калі яганая віна будзе даказаная. Сакрэтны турэмны комплекс за калючым дротам у Лефортаве, дзе ўтрымліваецца Поўп, прызначаны выключна для асобаў, абвінавачаных у шпіянажы альбо падрыве дзяржаўнай бясьпекі. Паводле словаў адваката, суд вырашыў зьвярнуцца да расейскіх лекараў – спэцыялістаў у ракавых хваробах, а таксама задаволіў просьбу Поўпа наконт магчымасьці патэлефанаваць сваім бацькам у ЗША.

Поўп, якому 54 гады, амаль штодня пакутуе на галаўны боль і галавакружэньне. У сябе на радзіме, у штаце Арэгон, ён лекаваўся ад захворваньня шчытападобнай залозы, а перад гэтым – ад раку касьцей.
Паводле словаў адваката, у Лефортаве няма кваліфікаваных анколягаў, і ўся дапамога хвораму зь іхнага боку абмяжоўваюцца анальгетыкамі.
Капітан першага рангу ВМФ ЗША працаваў пасьля выхаду ў адстаўку ў дасьледчыцкай лябараторыі ў Пэнсыльванскім унівэрсытэце. Пазьней ён заснаваў міжнароднае тэхналягічнае таварыства – кампанію, якая спэцыялізуецца ў вывучэньні марскога абсталяваньня ў замежных краінах. У заяве Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту падкрэсльваецца, што праца Поўпа палягала ў выкарыстаньні новых тэхналёгіяў у камэрцыйных мэтах.

Расейкія ўлады апісваюць гэтую зброю як балістыстычную ракету, здольную разьвіваць у вадзе хуткасьць да 400 кілямэтраў на гадзіну.

Справа прафэсара тэхналягічнага Унівэрсытэту імя Баўмана, які перадаў інфармацыю Поўпу, і які таксама быў арыштаваны, будзе разглядацца асобна”, – піша Woll Street Jornal in Europe.

Дарэчы, сёньня жонцы Эдмунда Поўпа Шэрыл, якая прыехала ў Маскву разам з амэрыканскім кангрэсмэнам Джонам Пітэрсанам, было дазволена наведаць свайго мужа ў турме. Паводле ейных словаў, якія цытуе агентцва Интерфакс, муж “у жахлівым стане – слабы, прыгнечаны і разьбіты”. Шэрыл Поўп лічыць, што да Поўпа, хворага на рак, мусіць быць дапушчаны амэрыканскі лекар.

Кангрэсмэн Джон Пітэрсан, якому ўлады адмовілі ў сустрэчы зь вязьнем, заявіў, што калі хвароба Поўпа будзе разьвівацца, ён хутка памрэ. Пітэрсан дадаў таксама, што Поўп займаўся ў Расеі бізнэсам і дапамог расейскім прадпрымальнікам стварыць шмат новых прадпрыемстваў.

Гішпанская газэта El Pais зьмясьціла 26 жніўня артыкул пад назвай “КГБ зможа без дазволу шпіёніць у Інтэрнэце”. Газэта піша: “Імкненьне ўсталяваць жорсткі кантроль над палітычнымі супраціўнікамі, выглядае, ёсьць адной з галоўных прычынаў, з-за якой Міністэрства сувязі дазоліла ФСБ ды іншым сьледчым ворганам шпіёніць ва ўсіх відах электроннай сувязі, улучна са стацыянарнымі й мабільнымі тэлефонамі, а таксама ў Інтэрнэце. Цяпер органы бясьпекі Расеі могуць атрымліваць шырокі доступ у сродкі сувязі ня толькі ў часе расьсьледаваньня злачынстваў, але і ў “надзвычайных выпадках”, пры пагрозе ваеннай, эканамічнай ці экалягічнай бясьпецы.
Паводле распараджэньня Міністэрства сувязі, паведамленьне аб назіраньні мусіць быць накіраванае ў суд цягам 24-х гадзінаў з моманту ягонага пачатку, адказ мусіць быць дадзены таксама праз 24 гадзіны. На практыцы гэта азначае, што закожным чалавекам можна безперашкодна сачыць цягам двух содняў.

Акрамя таго, усе фірмы, якія займаюцца паслугамі ў галіне сувязі, у тым ліку Інтэрнэт-правайдэры, мусяць прымаць усе меры, каб мэтады, што выкарыстоўваюць для сачэньня ФСБ ды іншыя спэцслужбы, заставаліся ў сакрэце. Пры гэтым функцыянаваньне сакрэтнага абсталяваньня таксама мусяць аплочваць самі фірмы. Яны вымушаныя мірыцца з гэтым пад пагрозай адкліканьня ліцэнзіяў”.

Віталь Тарас, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG