Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ і прадпрымальніцтва, самавыкрыцьцё агентаў КГБ у Літве, "пуцінакратыя".


Удзельнічае: Аляксандар Патупа.

(эфір 8.08.2000)

Аўтар і вядучы: Віталь Тарас

У нашых перадачах мы распавядалі пра мэтады ўплыву спэцслужбаў на палітыкаў, студэнтаў, іншых беларускіх грамадзянаў розных прафэсіяў. Ні для кога не сакрэт, што прыватны прадпрымальніцкі сэктар Беларусі таксама быў і застаецца прадметам пільнай увагі КГБ. На жаль, ніхто з цяперашніх вядомых прадпрымальнікаў не пажадаў (зь вядомых прычынаў) распавесьці пра выпадкі націску альбо спробы выкарыстаць іх з боку айчынных спэцслужбаў.

Але мы сёньня пагаворым пра тое, як КГБ некалі спрычыніўся да прадпрымальніцкага руху і пра схемы, якія пры гэтым былі адпрацаваныя і якія зь лёгкасьцю могуць быць выкарыстаныя й сёньня.

Мой суразмоўца – старшыня назіральнай рады беларускай Асацыяцыі праваабарончых аб’яднаньняў, віцэ-прэзыдэнт Саюзу прадпрымальнікаў палітоляг Аляксандар Патупа.

(Тарас: ) “Вядома, што ў 80-я гады-напачатку 90-х КГБ разам з КПСС і камсамолам, былі сярод першых, хто ўдзельнічаў, калі так можна сказаць, у прадпрымальніцкім руху (маецца на ўвазе прыватызацыя і г.д.). Зараз мы назіраем у Расеі ў пэўным сэнсе наступствы гэтага ўдзелу КГБ-ФСБ у прадпрымальніцкай дзейнасьці. А наколькі для Беларусі, дзе ўсё быццам бы трымаецца пад дзяржаўным кантролем, гэтая зьява распаўсюджаная?”
(Патупа: ) “Гэта была безумоўна агульная рыса для ўсіх рэспублік былога СССР. Трэба ўяўляць сабе, што асновай так званай перабудовы быў пэўны рух намэнклятуры. У іх была вельмі элемэнтарная патрэба ў тым, каб любым коштам атырмаць доступ да прыватнай уласнасьці. Гэта была галоўная задача намэнклятуры. І трэба сказаць, гэтая задача вельмі эфэктыўна вырашалася.

Агромністая колькасьць каапэратываў – прынамсі больш-менш буйных, якія мелі доступ да сур’ёзных грошай – ствараліся на самой справе пад кантролем розных намэнклятурных клянаў. Паколькі самі яны ў той час ня надата хацелі, так бы мовіць, “засьвечвацца”, то яны пачалі наймаць пасярэднікаў. Прычым, істотна, што ў кола гэтых пасярэнікаў у першую чаргу трапляў “верны атрад памочнікаў партыі” – розныя камсамольскія дзеячы. Адсюль такая колькасьць маладзёвых цэнтраў, якія мелі агромністыя льготы.

І, асабліва на міжнародных апэрацыях, сядзелі вельмі спрактыкаваныя людзі – галоўным чынам супрацоўнікі КГБ, якія мелі багаты вопыт у савецкі пэрыяд у адкрыцьці падстаўных замежных фірмаў, рознага роду “прыкрыцьцяў” для разьведвальных дзеяньняў. І канешне, іхны вопыт быў больш, чымся ў астатніх, звычайных грамадзянаў.

Акрамя таго ў гэтым былі задзейнічаныя, зразумела, супрацоўнікі зьнешніх эканамічных ведамстваў. Многія зь іх былі, так бы мовіць, толькі прыкрыцьцём для КГБ альбо ГРУ – гэта добра вядома. Некаторыя зь іх мелі багатую практыку арганізацыі сумесных прадпрыемстваў.
І пачаліся масавыя апэрацыі перапампоўваньня дзяржаўных грошай. У прадпрыемстваў тады былі агромністыя, фактычна, грошы на рахунках, хоць і фіктыўныя – за іх даволі цяжка было што-небудзь набыць.

Пачаліся прапрацоўвацца схемы, пры якіх было магчымае прыватнае ўзбагачэньне, прычым – з пэўнай легалізацыяй пад маркай рынкавых рэформаў.

Схемаў было досыць шмат, хаця адна з найбольш простых, унівэрсальных схемаў – яна заўсёды ахвотна выкарыстоўвалася.

Пад усялякія льготныя паперы аб тым, што трэба выхоўваць моладзь, ствараць розныя камсамольскія вытворчыя цэнтры, атрымліваўся, напрыклад, вялікі рублёвы крэдыт. Банкі яшчэ былі цалкам пад кантролем дзяржавы і праблемы тут вялікай не было. І пры гэтым крэдыт браўся пад мізэрныя працэнты. Гэта дастаткова простая схема.

Далей патрэбныя асобы канвэртавалі гэтыя грошы ў валюту, прычым паводле курсу 60-62 капейкі за даляр. І потым за гэтую валюту, напрыклад, закуплялася агромністая партыя кампутараў – закуплялася, адпаведна, са ськідкамі. Часта гэта былі цалкам выпрацаваныя кампутары, якія нідзе на Захадзе ўжо не ўжываліся. Вядомыя закупкі партыяў так званых РС ХТ – ні на што нявартых кампутараў старой мадыфікацыі, розных “жоўтых” зборак.

А залічвалася гэта як пакупка па даволі высокай цане, каб прыбытак ня кідаўся ў вочы.

Далей знаходзіліся кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў – гэта іншы, так бы мвоіць, элемэнт сыстэмы, якія гіганцкімі грашыма, што ляжалі на рахунках як безнаяўныя, рабілі закупку гэтай тэхнікі.

Тым самым апэрацыя завяршалася. Можна было вярнуць крэдыт, атрымаўшы агромністы прыбытак. Фактычна розьніца паміж рэальнымі цэнамі і паказанымі ў паперах магла разьмяшчацца за мяжой.”

(Тарас: ) “Наколькі актуальным зараз для Беларусі застаецца тое, аб чым Вы казалі?”

(Патупа: ) “Справа вось у чым. Той прарыў КГБ да ўлады, які мы назіраем цяпер у Расеі у вельмі яўным выглядзе – насамрэч у Беларусі шэсьць гадоў перад гэтым рэалізоўваўся…

Чаму, напрыклад, сярод першых дзеяньняў Пуціна быў поўны перахоп улады ў асноўных так званых натуральных манаполіяў? Таму што праз натуральныя манаполіі ідзе агромністы паток грошай ад гандлю нафтай і газам. Значыць, гэта мусіць быць узятае пад кантроль. Тым самым узьніклыя алігархічныя групоўкі, якія канкуруюць паміж сабой, дазваляюць падтрымліваць адносную свабоду слова ў Расеі і хоць неяк процістаяць манаполіі дзяржавы. Іхнае існаваньне, па-сутнасьці, падрываецца”.

Гаварыў Аляксандар Патупа.

Наўрад ці трэба нагадваць, што ў Беларусі, дзе пэрыяд так званага пачатковага назапашваньня капіталу далёка ня скончаны, усе прадпрыемствы застаюцца пад кантролем дзяржавы, а з прадпрымальнікаў выжываюць толькі тыя, хто захоўвае ляяльнасьць рэжыму і дзеліцца зь ім дывідэндамі.

А цяпер агляд некаторых паведамляньнняў у прэсе.

4-га жніўня газэта Washington Post апублікавала артыкул “Пуцінакратыя ў Расеі” аб барацьбе, якая працягваецца паміж расейскім прэзыдэнтам і бізнэс-алігархамі. Газэта піша, што Пуцін сустрэўся ў Крамлі з 21-м магнатам і запэўніў іх, што ня мае намеру пераглядаць вынікі прыватызацыі. У сваю чаргу, алігархі выступілі з заявай, што яны ўхваляюць тэзіс аб тым, што “тыя кампаніі й банкі, якія ў сваёй дзейнасьці будуць кіравацца дзяржаўнымі інтарэсамі, атрымаюць гарантаваную падтрымку і шырокамаштабную дапамогу з боку прэзыдэнта”.

На думку газэты, застаўся толькі адзін бізнэсовец, які па-ранейшым ня ўпісваецца ў пуцінскую канцэпцыю. Гэта Ўладзімір Гусінскі, якому належыць незалежны тэлеканал НТВ, а таксама газэта і папулярная радыёстанцыя. Улады спынілі крымінальны перасьлед Гусінскага, які некалькі дзён правёў у турме, аднак, кампанія Газпрам, 38 працэнтаў акцыяў якой належаць дзяржаве, патрабуе ад кампаніі Гусінскага Мэдыя-МОСТ перадаць яму кантрольны пакет акцыяў у разьлік за пазыкі.

Гусінскі шукае замежных інвэстараў, але ўрад Пуціна спрабуе гэтаму перашкодзіць. Да гэтай карціны, – піша газэта, – трэба дадаць новыя сьведчаньні аднаўленьня ўнутранага шпіянажу з боку ФСБ…”

6 жніўня агентцва Аssociated Рress паведаміла аб тым, што 1400 грамадзянаў Літвы дабрааахотна прызналіся ў супрацоўніцтве з былым КГБ СССР. Паводле закону аб люстрацыях, прынятага літоўскім сэймам у лютым, для прызнаньня ў падобнай дзейнасьці адводзілася поўгады. Тэрмін скончыўся акурат у мінулую сыботу. Тым, хто за гэты час падаў у адпаведную камісію зьвесткі аб сваёй дзейнасьці ў якасьці агента альбо інфарматара КГБ, абяцаная канфідэнцыйнасьць інфармацыі. Тых жа, хто схаваў такую інфармацыю, у выпадку выяўленьня чакае забарона працы на адказных пасадах у дзяржаўных установах і ў прыватных кампаніях. Акрамя таго, гэтая інфармацыя стане здабыткам грамадзкасьці.

Віталь Тарас

XS
SM
MD
LG