Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць, калі за вамі сочаць Былы афіцэр войску ЗША абвінавачваецца ў шпіянажы на карысьць СССР Расейскія спэцслужбы актывізуюць дзейнасьць на Захадзе.


Удзельнічае: Уладзімір Вялічкін.

(эфір 20.06.2000)

Аўтар і вядучы: Віталь Тарас

Што рабіць, калі за вамі сочаць і вы ўсур’ёз апасаецеся за сваю бясьпеку? Парады праваабаронцы.У ЗША арыштаваны былы агент КГБ.Служба зьнешней разьведкі Расеі актывізуе сваю дзейнасьць – меркаваньне амэрыканскага экспэрта ў галіне бясьпекі.Брытанскі парлямант завершыў расьследваньне ў справе спэцслужбаў Мі-15 і Мі-16.

У нашых перадачах мы імкнемся ня толькі гаварыць пра мэтады, якія выкарыстоўвае КГБ супраць апанэнтаў рэжыму, але спрабуем дапамагчы парадамі тым, хто сутыкнуўся з падобнымі мэтадамі ў сваёй практыцы.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” у Берасьці Уладзімір Вялічкін падзяліўся з намі асабістым вопытам. Гісторыя, якую ён распавёў, здарылася летась, калі апазыцыя ў Берасьці ладзіла сымбалічныя памінкі з прычыны заканчэньня тэрміну прэзыдэнцікх паўнамоцтваў Лукашэнкі. З гэтай нагоды зь Менску чакалі гасьцей зь Вярхоўнага Савету. Успамінае Уладзімір Вялічкін:

(Вялічкін: ) “Калі я пайшоў сустракаць Антончыка – ён цягніком ехаў у Берасьце, дык ад самага цягніка за намі йшоў нейкі чалавек у кашулі карычневага колеру. Ну, і Антончык кажа – ён за мной ужо ад Менску самога едзе. Пазьней гляджу: ён пайшоў у адзін бок, але толькі сыйшоў у бок помніка Леніну, зьявіўся другі на ягоным мейсцы. Ён, канечне, робіць выгляд, што яго не відаць, але такіх людзей хто ведае, адразу ж у вочы кідаецца, што яны неяк ненатуральна паводзяць сябе. Сустрэліся ўвечары, абмеркавалі, як будзе праводзіцца сустрэча з Ганчаром (ён на наступны дзень прыязджаў), і прапанавалі Антончыку недзе пераначаваць, каб ён у прыватнай, неафіцыйнай абстаноўцы нармальна адпачыў. Так атрымалася, што я зь ім паехаў на сваёй “Джэце”. І калі ехалі, таксама адразу ўбачылі, што той, хто пешкі за намі йшоў, недзе зьнік, але амаль адразу ж тры машыны мы заўважылі тады: сярод іх Фольксваген-Гольф белы, і ВАЗ карычневы таксама. І вось гэты “гольф” за намі езьдзіў. Мы спрабавылі іх “згубіць” неяк. Заехалі ў Тэльмы – гэта прадмесьце Берасьця, каб там упэўніцца, што гэта ўсё-ткі яны за намі едуць.

Ну, і так атрымалася, што там, каля запраўкі, мы павярнулі рэзка і паехалі насустрач таму, хто ехаў за намі сьледам. Ужо вечарэла, цёмна было, і самае цікавае, калі я затрымаўся й адразу фары ўключыў (машыны ад нас у мэтры былі), дык адзін з машыны адразу выскачыў, пабег у двор -- нібыта да сваякоў. А той, што ў машыне застаўся, ажно пад прыборную дошку залез.

Ззаду другая машына выехала. Так атрымалася, што мы пасярэдзіне апынуліся. Вось такая сытуацыя… Што далей?

Гляджу, яны не набліжаюцца – відаць, спалохаліся. Я аб’ехаў іх і -- у кірунку Кобрына па трасе. На гэтай трасе рамонт быў на мосьце. І вось, парушаючы ўсе правілы дарожнага руху –- газ на дзясятку – праскочыў гэты мост; ужо цёмна было, бяз фараў. Яны праскочылі міма. І я, не ўключаючы вагней, вярнуўся назад праз мост і там затаіўся ў кустох на некаторы час.

Яны там паезьдзілі па трасе і паехалі. Ну, і мы таксама паехалі. Усё добра скочылася”.

(Вядучы: ) “Кожнаму, ці амаль кожнаму палітыку, ды й ня толькі палітыкам, але й звычайным грамадзянам даводзіцца часам сутыкацца з тым, што за імі сочаць. Як у гэтай сытуацыі, падобнай на тую, што Вы апісалі, паступаць грамадзянам? Ці варта ім зьвяртацца ў праваахоўчыя ворганы – напрыклад, у пракуратуру, каб высьветліць, на якой падставе за імі сочаць? Як, на Вашую думку, лепш дзейнічаць у такой сытуацыі?”

(Вялічкін:) “У гэтай сытуацыі, канечне, трэба зьвяртацца ва ўсе магчымыя дзяржаўныя інстанцыі, але гэта толькі фармальны бок справы. Таму што гэтыя інстанцыі, мы ўпэўненыя, няшмат будуць надаваць гэтаму ўвагі. А зьвяртацца трэба ў праваабарончыя цэнтры. Пажадана, каб апазыцыя, незалежныя СМІ, перадалі гэтую інфармацыю далей. Таму што калі такія факты становяцца вядомыя міжнароднай супольнасьці -- галоснасьці яны проста баяцца”.

(Вядучы: ) “Ці ёсць нейкія агульныя правілы – як у гэтай сытуацыі найлепш сябе паводзіць?

(Вялічкін: ) “Найлепш адразу паспрабаваць зьвязацца зь кімсьці са сваіх – ці гэта знаёмыя, ці гэта сваякі, ці паплечнікі, каб яны паінфармавалі кіраўніцтва той структуры, у якую чалавек уваходзіць, альбо міжнародную супольнасьць, што нешта можа здарыцца. У мяне былі такія выпадкі, калі да мяне да хаты проста прыходзілі зь міліцыі : “Зьбірайся, пайшлі!” Дык я звычайна казаў: “Пачакайце, я апрануся.” А пакуль яны чакалі, я тэлефанаваў у “Вясну”, напрыклад. У цэнтры ў кожным выпадку ведалі, што адбываецца і чакалі, што я павінен адзваніць праз гадзіну, празь дзьве. Каля я не адзваню, то яны ўжо пачыналі самі мяне шукаць”.

(Вядучы: ) “Значыць, гэтыя людзі, якія сочаць – яны больш за ўсё баяцца сьведкаў, баяцца нейкай публічнай агласкі, так?”

(Вялічкін: ) “Так”.

А цяпер навіны сакрэтных службаў за мінулы тыдзень.

У сераду на мінулым тыдні ў горадзе Тампа ў амэрыканскім штаце Флёрыда быў арыштаваны палкоўнік узброеных сілаў ЗША ў адстаўцы Джордж Трафімаф, які падазраецца ў шпіянажы на карысьць былога СССР. Вось што пісала пра гэта агенцтва Reuters.

“Палкоўнік Трафімаф пайшоў у адстаўку ў 1995 годзе, пасьля 35 -гадоў службы ў войску. Ён абвінавачваецца ў выдачы Савецкаму Саюзу ваенных сакрэтаў, якія дазволілі СССР уведаць пляны амэрыканскага вайсковага кіраўніцтва.

Пракурор Тампы назваў Трафімафа самым высокапастаўленым за ўсю гісторыю “афіцэрам амэрыканскага войска з тых, хто калі-небудзь абвінаваўся ў шпіянажы.”

З 1969-га па 1994 гады Трафімаф працаваў грамадзянскім кіраўніком вайсковага аддзелу Аб’яднанага цэнтру дазнаньня (Joint Interrogation Center) у Нюрнбэргу і меў доступ да сакрэтных матэрыялаў. У цэнтры вяліся допыты ўцекачоў з сацыялістычных краінаў

Трафімаў, які ўзначальваў штат перакладчыкаў, ведаў, якія менавіта ўцекачы і якая інфармацыя асабліва цікавяць ЗША. Яго падазраюць у тым, што ён перадаваў гэтую інафрмацыю СССР і дапамагаў КГБ перапраўляць на Захад падвойных агентаў”.

Паводле Reuters, сын палітэмігранта з Расеі Трафімаф быў завербаваны агентам КГБ, якога звалі Ігар Уладзіміравіч Сесеміхль і які хаваўся пад выглядам праваслаўнага архіепіскапа Венскага. У Трафімафа было некалькі псэўданімаў – Антэй, Маркіз, Консул.

Паводле некаторых зьвестак, ён атрымаў за час сваёй шпіёнскай дзейнасьці каля 250 тысяч даляраў і ордэн працоўнага Чырвонага Сьцяга.

Маскоўская газета “Сегодня” днямі апублікавала інтэрвію з аглядальнікам Washington Times, знаўцам у галіне нацыянальнай бясьпекі Білам Герцам. Біл Герц, у прыватнасьці, выказаў сваё меркаваньне наконт адстаўкі кіраўніка Службы зьнешняй разьведкі (СВР) Расеі Вячаслава Трубнікава і прызначэньня на гэтую пасаду Сяргея Лебедева.

“Так, я чуў пра адстаўку Трубнікава. Зараз я працую над артыкулам, які зьвязаны з апублікаваным ФБР сьпісам пагрозаў з боку разьведак сьвету. І Расея разам з КНР узначальвае сьпіс. Гэта сьведчыць аб тым, што актыўнасьць разьведкі Расеі расьце. Прычым, ФБР сьцвярджае, што ўзровень актыўнасьці СВР зараз ужо перавышае узровень актыўнасьці КГБ часу “халоднай вайны”.

Тады ў Вашынгтоне сядзела процьма афіцэраў КГБ, і цяпер гэта пачынаецца зноў. Ужо цяпер расейская разьведка пачынае паводзіць сябе вельмі агрэсыўна. Аб чым сьведчыць, напрыклад, высылка афіцэра разьведкі Расеі з ЗША летась...”

Адказваючы на пытаньне аб узаемадачыненьнях паміж спэцслужбамі й прэсай, Біл Герц сказаў:

“У расейскіх спэцслужбаў ёсьць такая асаблівасьць – выкарыстоўваць прэсу для дэзінфармацыі. А мы ў ЗША, калі чэрпаем інфармацыю ў спэцслужбаў, прывыклі заўжды ўсё правяраць…Па-мойму, амэрыканскія спэцслужбы ў гэтым выпадку працуюць вельмі слушна – у ЦРУ, напрыклад, забаронена вербаваць журналістаў і выкарыстоўваць іх у якасьці афіцэраў разьведкі. Таксама забараняецца выдаваць дэзінфармацыю амэрыканскай прэсе.”

І на заканчэньне – паведамленьне з газэты Тimes за 14-га чэрвеня пад назвай “Шпіянаж за шпіёнамі”. Публікацыя прысьвечаная справаздачы камітэту брытанскага парляманту ў справе разьведкі й бясьпекі аб дзейнасьці сакрэтных службаў Мі-15 і Мі-16, якія неафіцыйна называюць “вайсковай выведкай”. Парляманцкі камітэт бясьпекі ўпершыню пачаў аглядаць дзейнасьць сакрэтных службаў у 1994-м годзе.

У цяперашняй справаздачы ня лепшым чынам ацэньваецца іхная дзейнасьць. У часе падрыхтоўкі дакладу парлямантары, дзякуючы шырока вядомаму цяпер архіву Мітрохіна, атрымалі як ніколі шмат новай інфармацыі – у прыватнасці, аб правалах брытанскай разьведкі ў мінулым.

Парлямэнцкі камітэт начале з Томам Кінгам цягам апошніх гадоў узьняў пытаньні, датычныя некаторых “цёмных справаў”. Дасьведчанасьць парляманту ў справах бясьпекі можа пакласьці канец грамадзкаму міту пра Джэймса Бонда, а таксама скандальным плёткам пра спецслужбы, прыцягнуць грамадзкую падтрымку ў іхнай дзенайсьці – у першую чаргу, у барацьбе з распаўсюджваньнем наркотыкаў альбо экстрэмізмам.

Віталь Тарас

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG