Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зрабілі апошнія кадравыя перастаноўкі Лукашэнку цалкам залежным ад волі Крамля і расейскіх спэцслужбаў?


Удзельнічаюць: Мечыслаў Грыб і Аляксандар Старыкевіч.

(эфір 28.11.2000)

Аўтар і вядучы: Сяргей Навумчык

Гэтымі днямі ў перадачах нашага радыё гучаць палітычныя ацэнкі перастановак ў кіраўніцтве сілавых ведамстваў і спэцслужбаў. У цяперашняй перадачы мы паспрабуем прааналізаваць некаторыя спэцыфічныя вэрсіі і аспэкты гэтай падзеі

Як і варта было чакаць, самі супрацоўнікі спэцслужбаў ухіляюцца ад камэнтароў. Менавіта з гэтай прычыны цікавым уяўляецца меркаваньне генэрал-лейтэнанта Мечыслава Грыба, які ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня ўзначальваў камісію ў справе абароны і нацыянальнай бясьпекі.

(Грыб: ) “Вядома, яны нечаканыя, такіх пераменаў раней ніколі не было. Што за гэтым стаіць? Пэўна, нешта вельмі неардынарнае. Можа, нешта ўскрылася вельмі для Лукашэнкі небясьпечнае, пра што спэцслужбы альбо ня ведалі, альбо не дакладалі.

Але больш за ўсё я гэта зьвязваю са справай зьнікненьня вядомых палітыкаў і журналіста – пасьля апублікаваньня ліста невядомага супрацоўніка КГБ. Таму, мне здаецца, у гэтую “кагорту” трапіў і генэральны пракурор. Ён ня мае апэрытыўна-вышуковай службы, але ён сюды трапіў. Мне здаецца, справа ў тым, што ўлады зараз хочуць адхрысьціцца ад усіх гэтых падзеяў і зрабіць выгляд, што яны нічога ня ведалі, а вось калі даведаліся, – дык так вось рэзка зрэагавалі”.

(Навумчык: ) “Такім чынам, Мечыслаў Грыб падтрымлівае тую вэрсію, што прычынай адставак была сытуацыя вакол зьнікненьня вядомых у краіне асобаў. Мы вернемся да гэтага пазьней, а цяпер – ці згодны спадар Грыб з тым, што новыя прызначэньні выгадныя расейскім спэцслужбам?”

(Грыб: ) “Так, яны ўсе выгадныя Маскве і зьвязаныя са спэцслужбамі Расеі. Але я сёньня не магу падзяліць думку, што гэты варыянт быў распрацаваны Масквой. Яны б не распрацоўвалі такіх варыянтаў раптоўных, яны б зрабілі гэта больш павольна, на працягу нейкага тэрміну, месяцаў двух ці трох. Тым больш, яны б не рабілі гэтага перад самітам кіраўнікоў дзяржаваў СНД”.

Гэта было меркаваньне Мечыслава Грыба, якое, як бачым, адрозьніваецца ад ацэнкі шмат якіх назіральнікаў. Праўда, заўважым, што раптоўнасьць і нечаканасьць не абавязкова ўласьцівая аднаму Лукашэнку – ня ў меншай, калі ня ў большай ступені яна характэрная і для Масквы. Наогул, гэта ў традыцыях Крамля – прыгадаем хоць бы леташняе прызначэньне былога кагэбіста Пуціна прэм’ерам; яшчэ больш нечаканым быў зыход Ельцына. А вось саміт СНД сапраўды можа падавацца пэўным аргумэнтам.

Зрэшты, сёньняшняя “Незавісімая газэта” піша наступнае:

“Сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў СНД можа быць перанесеная. У якасьці прычыны магчымага пераносу саміту называюць нейкія падзеі, якія прывялі да адстаўкі кіраўнікоў Рады Бясьпекі, КГБ і Пракуратуры Беларусі… Некаторыя палітолягі, што пажадалі застацца невядомымі, кажуць, што ў бліжэйшы час Аляксандар Лукашэнка можа абвясьціць пра раскрыцьцё нейкай антыпрэзыдэнцкай змовы… З маскоўскіх крыніцаў удалося даведацца, што афіцыйныя асобы будуць казаць менавіта пра змову, і менавіта тыя, хто адпраўлены ў адстаўку, будуць абвешчаныя яе арганізатарамі.

“Назавісімая газэта” адзначае, што кіраўніком ворганаў бясьпекі прызначаны былы першы намесьнік старшыні КГБ Леанід Ерын, усяго месяц таму перакінуты на службу бясьпекі прэзыдэнта. Ерын мае трывалую рэпутацыю неафіцыйнага прадстаўніка Масквы ў спэцслужбах яе стратэгічнага саюзьніка. Па ўсёй верагоднасьці, менавіта ён змову і раскрыў. Ва ўсялякім разе, раней у Менску казалі, што Віктар Шэйман не спрацаваўся са сваім расейскім калегам Сяргеем Івановым,” – адзначае сёньня “Незавісімая газэта”.

Ну, вось яшчэ адна вэрсія; ці яна спраўдзіцца – пабачым у бліжэйшым часе. Хаця выклікае сумненьні, што спадар Шэйман, найбольш адданая Лукашэнку асоба, будзе абвінавачаны ў здрадзе, чаму сьведчаньне і сёньняшняе прызначэньне Шэймана на пасаду Генпракурора. Зрэшты, ў структуры ўлады цяперашняй Беларусі найбольш істотная не пасада – а ступень набліжэньня да Лукашэнкі. Гэта яшчэ раз пацьвярджае і прызначэньне Латыпава – які быў ня толькі міністрам замежных справаў, але і першым віцэ-премьерам – на пасаду Дзяржсакратара Рады Бясьпекі. І ў гэтым сэнсе выхадзец з Расеі Ўрал Латыпаў свае пазыцыі ўмацаваў, а народжаны ў Беларусі Віктар Шэйман – страціў.

Гэтымі днямі ў Маскве знаходзіцца журналіст Аляксандар Старыкевіч, які меў магчымасьць пагутарыць зь некаторымі расейскімі назіральнікамі. Тое, што вы цяпер пачуеце, зьвязанае і зь вядомым ананімным лістом супрацоўніка КГБ, і са зьнікненьнем апазыцыйных палітыкаў, але выяўляе зусім новую вэрсію.

(Старыкевіч: ) “Падобна, што некалькі гадоў таму паводле загаду кіраўніцтва Беларусі была створаная група, у склад якой уваходзілі найперш афіцэры КГБ, і якая мела на мэце, найперш, ліквідацыю “крымінальных аўтарытэтаў”. Аднак, пасьля таго, як яна зьнішчыла некалькі “злодзеяў у законе”, ёй прапанавалі заняцца палітычнымі апанэнтамі Лукашэнкі.

Дарэчы, зьвернем ўвагу на тое, што Захаранка, былы міністар унутраных справаў, нават пасьля сваёй адстаўкі меў досыць добрыя дачыненьні з “алмазаўцамі”. І ёсьць сьведчаньні, што менавіта ў той вечар, калі Захаранка зьнік, яго сустрэлі людзі, зь якімі ён быў добра знаёмы, бо зычліва прывітаўся і зь іх прапановы абсалютна дабраахвотна сеў у “Жыгулі”, пасьля чаго яго больш і ня бачылі. Ня выключана, што гэта былі якраз ягоныя падначаленыя, якія здрадзілі і перайшлі на іншы бок.

Пасьля таго, як аналягічная апэрацыя была праведзеная з Ганчаром, першапачатковая “зачыстка” палітычнай прасторы Беларусі была скончаная, і гэтыя людзі апынуліся бяз працы. Яны вырашылі зарабіць грошай у Чачні і накіраваліся туды ўдзельнічаць у баях на баку маджахэдаў.

Аднак, адзін зь іх, як вядома, быў затрыманы фэдэраламі, якія ў гэткіх сытуацыях з братамі-славянамі звычайна не цырымоняцца і пускаюць “у расход”, а не бяруць у палон. Але той “алмазавец”, які быў затрыманы ў Чачні, нейкім чынам купіў сабе жыцьцё. Паводле пэўных зьвестак, цалкам верагодна, што ён паведаміў сьледчым ФСБ кампрамэтоўную інфармацыю датычна зьнікненьняў вядомых людзей у Беларусі, якая дазваляе ФСБ трымаць на кароткім ланцугу шмат каго ў Беларусі. І вось менавіта пасьля гэтага і пачаліся падзеі, за разгортваньнем якіх мы цяпер назіраем”.

(Навумчык: ) “Калі сказанае Аляксандрам Старыкевічам адпавядае рэальнасьці – тады зразумела, што ў справе маніпуляцыі Лукашэнкам Масква атрымала яшчэ адну казырную карту. Крэмль можа прымусіць Лукашэнку нешта рабіць і па-за межамі ягонага асабістага памкненьня. Зрэшты, часам здараецца, што і жаданьні чалавека можна абярнуць супраць яго. Аляксандар Старыкевіч працягвае.”

(Старыкевіч: ) “У гэтай справе ёсьць відавочныя рэчы, і ёсьць тое, што пакуль што ўяўляе сабой вэрсіі, бо дакладнай інфармацыі мы ня маем. Таму пачнем зь відавочных.

Першае. Лукашэнка канчаткова згубіў кантроль над сваімі сілавымі структурамі. Гэта для мяне – аксіёма, бо відавочна, што на чале сілавых структураў, у тым ліку і спэцслужбаў, апынуліся людзі, якія не кантралююцца Лукашэнкам у поўнай ступені. Ён зрабіў стаўку, як гэта часам здараецца ў аўтарытарных кіраўніуоў, якія перастаюць давяраць мясцовым кадрам, – ён зрабіў стаўку на “варагаў”. У дадзеным выпадку – расейскіх.

Але відавочна, што гэтыя людзі маюць свае пляны і гульні, якія яны рэалізуюць на розных узроўнях паралельна, і таму ў любы момант можа здарыцца, што лёс Лукашэнкі павернецца зусім іншым бокам, чым яму б хацелася. Менавіта ў зьвязку з тымі прызначэньнямі, якія адбыліся. Лукашэнка цяпер цалкам залежны ад волі Крамля і расейскіх спэцслужбаў. Сапраўды, зь гісторыі вядома шмат выпадкаў, калі дыктатары ў рэшце рэшт пераставалі давяраць сваім і запрашалі “варагаў” у мэтах уласнае бясьпекі і вырашэньня розных палітычных пытаньняў. Вядома таксама, чым гэта звычайна скончвалася. Лукашэнка патрапіў у тую ж схэму, у якую да яго трапіла досыць шмат людзей”.

(Навумчык: ) “Дарэчы, нядаўнія адстаўкі, лічыць Аляксандар Старыкевіч, могуць быць не апошнімі”.

(Старыкевіч: ) “Ёсьць верагоднасьць, што кадравыя пертурбацыі на гэтым ня скончацца. Ва ўсялякім разе, прагназаванай зьяўляецца яшчэ адна перастаноўка. Мяркую, што невыпадкова вернуты з “запасу” Сівакоў – і менавіта на пасаду намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. Гэта зусім не абавязкова, але ёсьць вялікая верагоднасьць, што празь нейкі досыць кароткі час ён заменіць Міхаіла Мясьніковіча”.

(Навумчык: ) “Дарэчы, такое ж меркаваньне адносна Мясьніковіча выказаў нашаму радыё і Зянон Пазьняк, які, праўда, лічыць, што цяперашні кіраўнік адміністрацыі можа стаць кандыдатурай Масквы на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Зрэшты, ўсё гэта пакуль што – толькі вэрсіі.

Тэма сёньняшняй перадачы непарыўна спалучае спэцслужбы і палітыку. І падумалася вось пра якую заканамернасьць. У сёньняшняй Амэрыцы, якая перажывае даволі востры палітычны крызыс з прычыны вядомай выбарчай калізіі, нічога не чутно пра ўдзел у ім спэцслужбаў. Яны – нэўтральныя. Спроба кіраўніка ФБР паўплываць на вырашэньне канфлікту скончылася б ня толькі што адстаўкай, а крымінальнай адказнасьцю.

У дэмакратычных краінах дзейнічаюць іншыя канстытуцыйныя і грамадзскія мэханізмы. У краінах жа з адсутнасьцю дэмакратычных інстытуцыяў роля спэцслужбаў у вызначэньні палітычных прыярытэтаў надзвычай высокая. Ну, а ў тым выпадку, калі ўзмацняецца кантроль з боку замежнай спэцслужбы – пагроза ўзьнікае ўжо ня толькі прынцыпам дэмакратыі, але й існаваньню самой краіны”.

Сяргей Навумчык, Прага

XS
SM
MD
LG