Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што можа інфармаваць кіраўніка Беларусі расейская служба заменжай выведкі.


Удзельнічаюць: Аляксандар Коктыш.

(эфір 14.11.2000)

Аўтар і вядучы: Сяргей Навумчык Скандал, які ўзьнік пад час візыту дырэктара Фэдэральнай службы замежнай выведкі Расеі генэрал-лейтэнанта Сяргея Лебедзева ў Менск, прымушае нас вярнуцца да тэмы супрацоўніцтва беларускіх і расейскіх спэцслужбаў.

Нагадаем, што Лебедзеў быў прыняты Лукашэнкам. Пасьля гутаркі гаспадар і госьць выйшлі да журналістаў.

Лукашэнка выказаў падзяку службе зьнешняй выведкі Расеі за тыя “апэратыўныя і аналітычныя матэрыялы, якія рэгулярна паступаюць з Масквы”. І якія, як ён выказаўся, “дазваляюць спакойна перажыць самыя сур’ёзныя падзеі”.

Спачатку – пра рэакцыю на гэтыя словы самога генэрала Лебедзева. Як пішуць сьведкі, Лебедзеў спачатку зьбялеў, потым паружавеў, а потым – ізноў зьбялеў.

Прычыны такой нярвовай рэакцыі простыя. Справа ў тым, што паводле расейскага заканадаўства, а канкрэтна Закону Расейскай Фэдэрацыі “Аб зьнешняй выведцы”, ведамства генэрала Лебедзева падпарадкоўваецца непасрэдна прэзыдэнту Расеі. Толькі прэзыдэнт мае права атрымаць усю, без выключэньня, інфармацыю. Да кіраўніка ж ураду яна йдзе ў далёка няпоўным аб’ёме, ды й тое толькі тады, калі ўзьнікае вялікая патрэба.

Адсюль вынікае, што калі Лукашэнка не хлусіў і сапраўды атрымліваў інфармацыю з расейскай службы зьнешняй выведкі, дык яе дырэктар парушыў заканадаўства, вынікам чаго ў дадзеным выпадку можа быць ня проста адстаўка, а ўзбуджэньне крымінальнай справы, суд і турма.

Кожная краіна зацікаўленая ў тым, каб мець сваіх агентаў у выдакавых службах іншых краінаў. Мець жа агентам не каго-небудзь, а самога кіраўніка службы выведкі – гэта практычна недасягальная мара; у якасьці адзінага прыкладу можна прыгадаць хіба што Кіма Філбі, які ў ролі кіраўніка аднаго з падразьдзяленьняў брытанскай выведкі працаваў на Савецкі Саюз.

Карацей кажучы, адразу пасьля свайго вяртаньня ў Маскву генэрал-лейтэнант Лебедзеў павінен быў бы сутыкнуцца зь вельмі вялікімі непрыемнасьцямі.

Аднак ніякіх непрыемнасьцяў не было – генэрал працягвае займаць свой кабінэт у Ясеневе, у доме, больш вядомым як “акварыюм”.

У такім разе варта было чакаць рэзкага абвяржэньня словаў Лукашэнкі ад афіцыйных прадстаўнікоў Службы зьнешняй выведкі, напрыклад, ад яе прэсавай службы. Але й гэтага таксама не здарылася.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што гэта быў той рэдкі выпадак, калі Лукашэнка казаў праўду.

І тады цяжка ўявіць, каб перадача інфармацыі з Масквы Лукашэнку адбывалася без санкцыі прэзыдэнта Пуціна. У такім разе, з аднаго боку можна высунуць абвінавачваньне ў парушэньні адпаведнага закону самому расейскаму прэзыдэнту, але з другога – існуе пагадненьне аб супрацоўніцтве, падпісанае КГБ Рэспублікі Беларусь і Службай Зьнешняй выведкі яшчэ восем гадоў таму, у 92-ім.

Калі ж адыйсьці ад юрыдычна-прававога аспэкту, дык выказваньне Лукашэнкі яшчэ раз пацьвердзілі тое, што ніколі і не было вялізным сакрэтам: расейскія спэцслужбы кантралююць палітычную сытуацыю ў Беларусі, прычым у самым шчыльным супрацоўніцтве з менскім КГБ. Ня цяжка ўявіць, у якіх канкрэтна сфэрах і па якіх накірунках адбываецца такое, так бы мовіць, супрацоўніцтва.

Калі ў свой час КГБ СССР мела філіі ў кожнай саюзнай рэспубліцы, у кожнай вобласьці, упаўнаважаных у большасьці раёнаў і адпаведныя аддзелы на кожным буйным прадпрыемстве – дык зьнешняя выведка, якая кіравалася з Ясенева, сваіх афіцыйных прадстаўніцтваў нават у рэспубліках ня мела. З распадам СССР новыя краіны фактычна апынуліся бяз службаў зьнешняй выведкі – усе рэзыдэнтуры ў дзясятках краінаў сьвету засталіся пад кантролем Масквы. У тых новых незалежных краінах – як, напрыклад, Латвія ці Эстонія, акія абралі выразна немаскоўскі курс, Расея імкунулася стварыць новыя рэзыдэнтуры. У гэтым, дарэчы, таксама палягае прычына патрабаваньняў люстрацыі ў гэтых краінах – былых кагэбістаў трэба было пазбавіць усялякага ўплыву на палітыку і дзяржаўныя дачыненьні.

У Беларусі такіх праблемаў не ўзьнікала – Масква практычна цалкам кантралявала КГБ Беларусі; з прыходам да ўлады Лукашэнкі на ключавыя пасады ў апараце ГБ былі пастаўленыя асобы з грамадзянствам Расеі. Калі ж улічыць, што ў апошнія чатыры гады чэкісты ўзначалілі МЗС, дык можна казаць і пра кантроль ня толькі над ўнутрыпалітычнай сытуацыяй, але й над міжнароднай палітыкай. Ці, калі хочаце, нават пра вызначэньне прыярытэтаў гэтай палітыкі.

Наўрад ці беларускае КГБ, якое ніколі не было самастойным, здолела за апошнія гады стварыць свае рэзыдэнтуры ў заходніх краінах. Ды ў гэтым і не было патрэбы, паколькі для паслугаў прарасейскага прэзыдэнта заўсёды была расейская выведка.

Што цяпер Лукашэнка й пацьвердзіў.

Дарэчы, Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што яму вядома, чым займаюцца апазыцыйныя палітыкі пад час сваіх замежных візытаў.

Некаторыя беларускія апазыцыйныя палітыкі, якія вядуць актыўную міжнародную палітыку – я пакуль ўстрымаюся ад таго, каб называць іх прозьвішчы – прызнаваліся, што даволі часта іх ужо як быццам палагоджаныя пляны рушыліся таму, што гублялася канфідэцыйнасьць.

Бясспрэчна, што і палітычная актыўнасьць беларускай дыяспары таксама прадметам самага пільнага зацікаўленьня з боку спэцслужбаў.

Можна меркаваць, што будучую прэзыдэнцкую кампанію, якая для Лукашэнкі будзе хіба што “самай сурьёзнай падзеяй”, ён спадзяецца перажыць з дапамогай спэцслужбы суседняй дзяржавы.

Зрэшты, пазыцыя спэцслужбаў на будучых выбарах можа і ня быць адназначнай, і пра гэта – наступны сюжэт нашай праграмы.

Пазыцыю спэцслужбаў пад час будучых прэзыдэнцкіх выбараў можна спрагназаваць, прааналізаваўшы некаторыя падзеі часу леташняй так званай альтэрнатыўнай выбарчай кампаніі. Ля мікрафону – журналіст Аляксандар Коктыш.

(Коктыш: ) “Першае гучнае зьнікненьня вядомай публічнай асобы ў Беларусі адбылося ў канцы леташняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Але папярэджаньне пра “меры ўзьдзеяньня”, якія ня ўпісваюцца ў межы Крымінальнага Кодэксу, у адносінах да асабліва свавольных (з пункту гледжаньня ўладаў) пачаліся нейдзе ў канцы лютага 1999 году.

Некаторыя ўдзельнікі той выбарчай кампаніі выдатна памятаюць пра бясконцыя пагрозы “фізычна разабрацца” са старшынём Цэнтаравыбаркаму Віктарам Ганчаром і ягонай сям’ёй. Падобныя пагрозы рэгулярна атрымлівалі і іншыя сем’і чальцоўў Цэнтральнай Камісіі ў справе выбараў, прызначаныя Вярхоўным Саветам 13 скліканьня. Тады гэтым пагрозам і папярэджваньням ніхто не надаў асаблівай ўвагі. Відаць, таму, што да таго часу ў “нейтралізацыйных мерах” ва ўладаў не было патрэбы.

У нефармальнай размове са мной адзін чалавек, які “спачувае апазыцыі”, як ён сам акрэсьліў, паведаміў, што пры адной зь сілавых структураў створаная адмысловае падразьдзяленьне якраз дзеля “нейтралізацыі” найбольш актыўных дзеячаў выбарчай кампаніі. І што яно зьбіраецца дзейнічаць пастаянна.

Празь нейкі час пасьля той размовы не дайшоў да свайго дому экс-міністар унутраных справаў генэрал Юры Захаранка. У верасьні зьніклі Старшыня Цэнтаравыбаркаму Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Ужо сёлета так і не сустрэўся Павел Шарамет ў аэрапорце “Менск-2” Зьмітра Завадзкага.

Калі прааналізаваць вышэйўзгаданыя зьнікненьні, дык прыходзіш да высновы, што ёсьць некалькім агульных фактараў.

Па-першае, усе зьніклыя ў свой час працавалі побач з Лукашэнкам і зьяўляліся не апошнімі асобамі ў ягоным атачэньні.

Па-другое, усе яны ўвасабляюць тыя сілы, якіх баіцца ўлада. Юры Захаранка карыстаўся вялікай павагай у сілавых колах, Віктар Ганчар – харызматычны апазыцыйны лідар, Анатоль Красоўскі – буйны прадпрымальнік, які адкрыта дапамагаў дэмакратычнай апазыцыі. Зьміцер Завацкі – прадстаўнік корпусу ўласных карэспандэнтаў расейскіх СМІ, а канкрэтна – тэлевізыйных каналаў, якія маюць вялікае ўзьдзеяньне на масавую аўдыторыю ў Беларусі.

У сваім нядаўнім фільме “Дзікае паляваньне” Павал Шарамет звязвае зьнікненьне Зьміцера Завацкага з былым супрацоўнікам міліцэйскага атраду адмысловага прызначэньня “Алмаз” і колішнім актывістам РНЕ Ігнатовічам.

Трэба адзначыць, што паводле меркаваньня некаторых былых супрацоўнікаў КГБ, для адмысловых сілавых акцыяў прызначалася і прызначаецца “беларускае” РНЕ, існаваньне якога немагчыма ўявіць без патранажу спэцслужбаў.

Праўда, інтарэсы і прыярытэты спэцслужбаў могуць з цягам часу мяняцца. Тое, што ўзгаданы фільм зьявіўся на ОРТ - першая, але вельмі непрыемная ластаўка для Аляксандра Лукашэнкі. Жорсткая крытыка ў дачыненьні да яго і яго палітыкі на “прапуцінскім” тэлеканале” – сьведчаньне таго, што прэзыдэнцкія выбары 2001 году ў Беларусі для Крамля робяцца не такімі адназначнымі, як падаецца на першы погляд”.

Як бачым, Аляксандар Коктыш не выключае, што Масква, а значыць, і расейскія спэцслужбы, могуць і не падтрымаць Лукашэнку на будучых выбарах. Падаецца, што верагоднасьць такага разьвіцьця падзеяў можа быць адной з тэмаў нашых наступных перадачаў.

Сяргей Навумчык, Прага.

XS
SM
MD
LG