Удзельнічаюць: Уладзімер Арлоў і Алена Бонар.
(эфір 10.10.2000)
Аўтар і вядучы: Сяргей Навумчык
(Навумчык: ) Юры Андропаў знаходзіўся на савецкім алімпе некалькі дзясяткаў
гадоў, але застаўся ў памяці тагачасных пакаленьняў пятнаццацю месяцамі,
цягам якіх кіраваў Савецкім Саюзам. Прыгадвае пісьменьнік і гісторык Уладзімер
Арлоў.
(Арлоў: ) “Мне прыгадваецца казус, які здарыўся назаўтра пасьля сьмерці
Андропава. Мы з сябрам, цяпер, дарэчы, вядомым чалавекам у навуковых, і
ня толькі навуковых, колах, ішлі па Менску і разважалі, якія наступствы
для Беларусі можа мець сьмерць Андропава. І раптам да нас падыходзіць немалады
ўжо чалавек, на лёгкім падпітку, і кажа: “Хлопцы, я бачу – па вашых вачах,
па вашай выпраўцы, па вашым адзеньні – што вы андропаўцы. Я таксама стары
андропавец. Дайце я пацісну вашыя рукі. Мы, андропаўцы, павінныя ў гэтыя
цяжкія дні трымацца разам”.
(Навумчык: ) “Гэты камічны выпадак, аднак, быў магчымы толькі ў дачыненьні
да Андропава. Цяжка ўявіць, каб нехта сказаў: “Мы, хрушчоўцы”. Ці: “Мы,
брэжнеўцы”. Ці тым болей: “Мы, чарненкаўцы”.
Канечне, Уладзімер Арлоў і ягоны сябра ня мелі ніякіх ілюзіяў адносна
Андропава. Але дзесяткі мільёнаў захоўваюць іх і цяпер.
Першая ілюзія – гэта адукаванасьць Андропава, веданьне ім замежных моваў.
Насамрэч Андропавў не давучыўся нават ў сярэдняй школе, і паводле цяперашняй
клясыфікацыі, у яго была незавершаная сярэдняя адукацыя.
У якой іншай краіне ён так і застаўся б звычайным матросам, але сталінскія
чысткі другой паловы 30-ых гадоў дазволілі яму хутка прасоўвацца на пасады
тых, каго адпраўлялі на растрэл альбо ў ГУЛАГ. Менавіта такім чынам ён
стаў першым сакратаром Яраслаўскага абкаму камсамола, а пазьней – ЦК камсамола
Карэла-Фінскай Рэспублікі. Там ён трапіў пад патранаж Ота Куусінена,
які пасьля абраньня сакратаром ЦК КПСС і членам Палітбюро – ўзяў
у Маскву і Андропава.
Ведаў Андропаў толькі адну мову – расейскую. На ёй і размаўляў з вугорцамі,
калі ў якасьці савецкага амбасадара ўвосені 56-ага ўдзельнічаў ў крывавым
здушэньні будапешцкага паўстаньня. Здольнасьці былі ацэненыя, і на працягу
наступных гадоў Андропаў адказваў ў ЦК КПСС за ўзаемаадносіны з кампартыямі
сацыялістычных краінаў. А па сутнасьці – за парадак у гэтых краінах.
Гэтае паняцьце – парадак – пазьней будзе ідыялягемай, на якой савецкае
грамадзтва пабудуе Андропаву вобраз “рэфарматара”.
І на пасадзе Старшыні КГБ, куды Андропаў прыйшоў у 67-ым годзе, Андропаў
ўсталёўваў “парадак” ужо ў сваёй краіне.
З моманту прыходу Андропава КГБ аднавіў усе свае функцыі
ў якасьці рэпрэсыўнага апарату. Масавыя арышты дысыдэнтаў, выкарыстаньне
псыхіятрыі дзеля барацьбы з іншадумствам, выкарыстаньне катаваньняў
у вязьніцах, і, нарэшце, аднаўленьне практыкі палітычных забойстваў, пра
якія распавялі ў сваёй кнізе дасьледчыкі біяграфіі Андропава Ўладзімер
Салаўёў і Алена Клепікава (пачаў Андропаў з Украіны, дзе праваабарончы
рух меў выразныя нацыянальныя рысы):
“28 лістапада 1970 году ў мястэчку Васількова пад Кіевам
была зьверскі забітая мастачка Алла Горская, якая знаходзілася на ўліку
КГБ. Пад Адэсай быў зарэзаны мастак Расьціслаў Палецкі. Пад мастом знайшлі
павешанага, са сьлядамі катаваньняў мастака-нонканфарміста Уладзімера Кандрашына.
Зажыва згарэў разам з жонкай у сваёй хаце нязгодны з уладамі сьвятар Гаргула,
на папялішчы аднавяскоўцы знайшлі на мерцьвяках абпаленыя вяроўкі. Сьвятар
з Заходняй Украіны Коцік быў утоплены ў калодзежы. З–за вугла забілі брата
палітзьняволенага паэта Міхася Осадчага. На вачах у сваіх прыхільнікаў
быў гвалтоўна запіхнуты ў машыну КГБ і ўвезены ў невядомым накірунку ўкраінскі
кампазытар Уладзімер Івасюк, а праз месяц яго, са сьлядамі катаваньняў,
знайшлі ў лесе”.
Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ягоным кумірам, нароўні зь Дзяржынскім
і Машэравым, зьяўляецца Андропаў.
Здушэньне іншадумства адбывалася і ў Беларусі. Прыгадвае пісьменьнік
Уладзімер Арлоў, які на пачатку 70-ых гадоў быў студэнтам Белдзяржунівэрсытэту.
(Арлоў: ) “Для Беларусі, як і для суседняй Украіны, гэты час ,
апрача ўсяго іншага, быў часам “паляваньня на вядзьмарак”. КГБ, абапіраючыся
на шырокі, так бы мовіць, няштатны актыў, заўзята шукала, выкрывала, ляпіла
ярлыкі і “обезвреживало” тых, хто быў супраць брэжнеўска-суслаўскіх тэорыяў
паскоранага разьвіцьця нацыяў і стварэньня новай этнічнай супольнасьці
– савецкага народу.
Водгульле гэтага змаганьня даносіа БДУ. Нейкія таямнічыя вэтэраны вайны
і працы бэсьцілі ў газэтах аповесьць Вольгі Іпатавай «Прадслава», прысьвечаную
Ефрасіньні Полацкай. Дасталося і пісьменьніку Эрнэсту Ялугіну, які выдаў
кнігу «Мсьціслаўскі посах». У той час у Наваполацку «камітэтчыкі» канфіскавалі
15 нумароў самвыдавецкага альманаху «Блакітны ліхтар», які і да цяперашняга
часу даступны толькі «літаратуразнаўцам у цывільным». Надоўга зьнікалі
ўзятыя «пачытаць» сім-тым з факультэцкіх камсамольскіх актывістаў нумары
нашага гістфакаўскага машынапіснага часопісу «Мілавіца», які мы зь сябрамі
пачалі выдаваць у 1974 годзе. Часопіс быў, зрэшты, досыць бяскрыўдны, але
беларускамоўны – і ў гэтым была галоўная крамола».
(Навумчык: ) “Існуе даволі распаўсюджанае меркаваньне, што беларуская
інтэлігэнцыя ў часы застою не выказвала супраціву КГБ, і што з гэтай прычыны
ніхто ў Беларусі не пацярпеў”.
(Арлоў : ) “Я магу адразу сказаць, што гэта – няпраўда. Гадамі,
як вядома, не друкавалі Ўладзімера Караткевіча. У Горадні ў той час білі
вокны Васілю Быкаву. У 1972 годзе загінуў пры нявысьветленых абставінах
мастак Лявон Баразна, які меў выразна акрэсьленую патрыятычную жыцьцёвую
пазыцыю. У 1974 у Менску выкрылі так званую “нацыяналістычную арганізацыю”.
Пачаліся выклікі, сходы, звальненьні з працы. Шмат каму зь вядомых сёньня
людзей ў той час “паказалі на дзьверы”. Навуковы супрацоўнік акадэмічнага
інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Зянон Пазьняк
мусіў тады перакваліфікавацца ў фатографы. Кандыдат філялёгіі
Прашковіч – у грузчыкі. І потым, дарэчы, трагічна загінуў неўзабаве. Кандадат
гістарычных навукаў, архэоляг Міхась Чарняўскі паўтары гады грузіў у мастацка-вытворчым
камбінаце цэмэнт, зьбіваў і грунтаваў шчыты пад наглядную агітацыю..”.
(Навумчык: ) “Юры Андропаў прыняў КГБ, калі чэкісты былі дэмаралізаваныя
хрушчоўскай дэсталінізацыяй – і за пятнаццаць гадоў аднавіў усе функцыі
бязьлітаснай рэпрэсыўнай машыны. Больш таго: у структуры дзяржаўнага
ўладкаваньня КГБ заяняў тое месца, якое ня меў нават пры Сталіне. Дзякуючы
намаганьням Андропава, КГБ было амаль ўроўненае з партыйным апаратам,
і абраньне Андропава на пасаду так званага “другога” сакратара ЦК пасьля
сьмерці Суслава ў студзені 1982 г. толькі фармальна зафіксавала тое, што
ўжо існавала.
У лістападзе 82-га Андропаў заняў пасаду Генэральнага сакратара
ЦК КПСС замест памерлага Брэжнева. Застаецца фактам, што болшасьць савецкіх
людзей успрыняла прыход Андропава да ўлады, як знак нейкай надзеі. А
вось як прыгадвае той год жонка акадэміка Сахарава, праваабаронца Алена
Бонар”.
(Бонар: ) “1982 год – адзін з найжудасьнейшых гадоў нашага жыцьця
ў Горкім. Я яшчэ езьдзіла ў Маскву, мяне абшуквалі, ў Андрэя Дзьмітрыевіча
скралі рукапісы, дзёньнікі. У мяне зь цела літаральна – я прывязвала ягоныя
дакумэнты да сябе, калі езьдзіла ў Маскву, прыбінтоўвала, не ў валізцы,
ня ў сумцы, а вось на сабе – зьдзіралі ўсё гэта… Вобыск у цягніку…. У мяне
здарыўся інфаркт… Я ня ведаю пра “добрыя справы” Андропава!“
(Навумчык: ) “Зрэшты, акадэміка Сахарава, як і іншых праваабаронцаў,
савецкі народ цэлымі працоўнымі калектывамі – асуджаў. І спадзяваўся, што
Андропаў “навядзе парадак”. Што начальнікі – ад кіраўнікоў заводаў
да міністраў – нарэшце сядуць. З начальнікаў селі адзінкі, затое
тысячы з тых, хто спадзяваўся, хутка самі апынуліся ў міліцэйскіх пастарунках
за тое, што ў працоўны час зьбеглі на піва ці па гарэлку. Дарэчы,
таннасьць знакамітай “андропаўскай” гарэлкі тлумачылася простай і шкоднай
тэхнялёгіяй; піць яе сапраўды, памятаю, моржна было толькі зь вельмі ўжо
вялікай ахвоты.
Гарэлка была для “рабацягаў”, інтэлігэнцыя ж спрабавала адшукаць у Андропаве
рысы інтэлектуала; тады і пайшла пагалоска пра нібыта веданьне Андропавым
“замежных моваў”.
(Бонар: ) “Я была шакаваная, што людзі зь вялікім жыцьцёвым вопытам,
і здавалася б, зь вельмі шырокай эрудыцыяй, -- былі ў захапленьні і лічылі,
што вось цяпер якраз усё і будзе добра. І пачыналася ўсялякае “сюсюканьне”:
“Ах, ён захапляецца і калекцыянуе мастацкі авангард”, “Ах, ён ведае вершы
і музыку” – і гэтак далей. І мне заўсёды хацелася крыкнуць: “Заткніцеся!
Дзяўчаты, што працавалі ў канцылярыі, атрымаўвалі ад Гітлера кветкі, Гітлер
разбіраўся ў жывапісе… Як быццам гэта істотна!”
(Навумчык: ) “Сёньня відавочна, што ілюзіі, якія ўвасабляліся
ў пэрсоне Андропава, паводле сваёй сутнасьці – “моцная рука”, “ачышчаны
сацыялізм”, “вернасьць ленінскім прынцыпам” – былі вынікам таго тыпу мысьленьня,
які абараняў Андропаў як кіраўнік КГБ”.
(Бонар: ) “Я не разумею апалягэтыкі стукацтва ў Расеі з вуснаў
прэзыдэнта. І мне здавалася, што ў постсавецкім грамадзтве, дзе кожны зь
дзіцячага садку ведаў: “Вось ён стукач, ябеда – зь ім не размаўляй”…
Спадар прэзыдэнт прамаўляе ў гонар стукача, і не знаходзіцца ніводнага,
выбачайце, “уладарніка думак”, які б сказаў “Цыц! І нават калі
ты стаў іншы, ўсё роўна – цыц! І не ўздумай так казаць пра гэтую прафэсію!
Ну вось Дастаеўскі, які зусім без сымпатыяў ставіўся ўсіх гэтых сацыялістаў,
левых і праых… Знакамітая гісторыя. Калі ў яго запыталіся: а ці мог
бы ён, калі б ведаў пра змову, данесьці ў жандармэрыю, адказаў абсалютна
канкрэтна – “Не!”.
(Навумчык: ) “Андропаў, бясспрэчна, спадзяваўся ўсталяваць “чэкісцкі
парадак”. Гэта не магло не знайсьці спачуваньня ў грамадзтве, значная частка
якога стала супрацоўнічала з ГБ. Алена Бонар кажа пра расейскае грамадзства,
але шмат што тычыцца і сёньняшняй Беларусі. На чале якой, нагадаем, былы
супрацоўнік памежных войскаў КГБ”.
(Бонар: ) “Навогул, часам вось ўзьнікае адчуваньне, а ці ўсё ў парадку
ў грамадзтве, ва інтэлектуальнай сферы? У тым пляне, што на чужых памылках
ніхто ня вучыцца, але на сваіх – вучыліся. Быў Андропаў. Мы ня ведалі,
што ён хворы, паміж іншым. Быў не стары, здавалася б, усё было “нармальна”.
Спрабаваў “навесьці парадак”. Лепшай, чысьцейшай краіна не зрабілася! Цяпер
паўтараем тое ж”.
( Навумчык: ) “Праз дзесяць гадоў пасьля сьмерці Андропава --
ва ўжо незалежнай Беларусі – грамадзтва спакусіцца на абяцаньне менавіта
такога, андропаўскага стылю, парадку. Нагуляўшыся ў псэўдадэмакратыю, сёньня
прыйшла да гэтага і Расея.
Поставецкая грамадзтва працягвае спадзявацца на парадак чэкісцкага тыпу”.
(Бонар: ) “Я заўсёды прыгадваю, як я стаяла на плятформе чыгункі на
станцыі Фьеза каля Флярэнцыі, і чакала прыгарадны цягнік, каб вярнуцца
ў горад. Паводле раскладу ён павінен быў быць, а яго ўсё няма і няма. Я
кажу чыгуначніку, які праходзіў міма: “Што ж так? Непарадак!”. А ён мне
сказаў: “Парадак быў пры Мусаліні”. Дык вось мне заўсёды часам
здаецца, што парадак у нас быў пры Сталіне, толькі хай кожны прыгадае,
хто ў яго сядзеў і хто быў расстраляны ў той час”.
Сяргей Навумчык, Прага
Самае папулярнае
1