Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узмацненньне пазыцыяў афіцэраў КГБ у Расеі ды іншае.


(эфір 3.10.2000)

Аўтар і вядучы: Сяргей Навумчык

Узмацненньне пазыцыяў афіцэраў КГБ у Расеі
Якія функцыі выконвае нямецкае падразьдзяленьне ГСГ-9
Дачыненьні патрыярха Маскоўскага і Ўсея Русі Алексія Другога з ворганамі дзяржбясьпекі

Працэсы, якія адбываюцца ў Расеі, шэраг замежных назіральнікаў наўпрост злучаюць з узмацненьнем спэцслужбаў. Менавіта гэтак ацэнены зацьверджаны Дзярждумай у першым чытаньні закон, паводле якога ў выпадку ўвядзеньня надзвычайнага становішча ўсё кіраваньне краінай будзе перададзенае Радзе Бясьпекі. У адрозьненьне ад выбарнага парляманту альбо прызначанага ім ураду, гэтая Рада прызначаецца самім прэзыдэнтам. Сёньня яна складаецца пераважна з былых паплечнікаў Пуціна па КГБ.

Брытанская газэта “Daily Telegraph” адзначае, што гэты крок Дзярждумы сьведчыць пра канцэнтрацыю ўлады ў руках вузкай групы вэтэранаў спэцслужбаў, якія былі знаёмыя з Пуціным у часе ягонай працы ў КГБ у Ленінградзе. Такім чынам, афіцэры ГБ выйграюць у змаганьні за ўплыў на прэзыдэнта ў групы дарадцаў Ельцына, якая вядомая пад назовам “сям’я”. Лічыцца, што менавіта “сям’я”, намінальным лідарам якой зьяўляецца Барыс Беразоўскі, і зрабіла ў свой час Пуціна палітычным спадкаемцам Ельцына.

Вайсковы аналітык маскоўскага цэнтру Карнэгі Дзмітры Трэнін адзначае, што разьлік Пуціна на Раду Бясьпекі не пазбаўлены лёгікі. Гэтыя людзі блізкія да прэзыдэнта ў поглядах, дзе галоўным кампанэнтам зьяўляюца пытаньні бясьпекі.

Праз закон, які дазваляе ўводзіць надзвычайнае становішча ў выпадку палітычных, крымінагенных альбо экалягічных крызысаў, афіцэры ГБ з Рады Бясьпекі атрымоўваюць магчымасьць забараняць палітычныя партыі і ціснуць на прэсу. Прычым парлямант абавязаны на працягу 72 гадзінаў зацьвердзіць указ прэзыдэнта пра ўвядзеньне надзвычайнага становішча.

Адзін з параграфаў закону абумоўлівае ўвядзеньне надзвычайнага становішча ў пэўных выпадках “неадкладна і без папярэджаньня”.

“Закон у такой фармулёўцы – адзначае “Daily Telegraph”, – мог бы дазволіць уладам абвясьціць надзвычайнае становішча пасьля леташніх выбухаў у жылых дамах, калі загінулі больш як 300 чалавек. Апошнім часам зьявіліся чуткі, што выбухі былі арганізаваныя ўладамі, каб мець нагоду для пачатку інтэрвэнцыі ў Чачню”, – піша “Daily Telegraph”.

Зрэшты, пакуль што гэта толькі чуткі. А вось ўзмацненьне Рады Бясьпекі, якая пры Ельцыне была дэкаратыўным ворганам, а цяпер складаецца з афіцэраў КГБ, ёсьць зьява бясспрэчная.

Адна з асноўных функцыяў спэцслужбаў у цывілізаваных краінах – гэта барацьба з тэрарызмам. Пры гэтым паўнамоцтвы, якія даюца адпаведным падразьдзяленьням, надзвычай вялікія. Цікава, дарэчы, што цягам апошніх гадоў менавіта так званае “Упраўленьне барацьбы з тэрарызмам і абароны канстытуцыйнага ладу” КГБ Рэспублікі Беларусь адсочвае дзейнасьць актывістаў апазыцыйных партыяў.

А вось у нямецкага элітнага падразьдзяленьня ў справе барацьбы з тэрарызмам, гэтак званага ГСГ-9, іншыя функцыі. Цяпер яны пашыраныя, і на групу ўскладзеныя і абавязкі барацьбы з паветранымі піратамі.

Паводле словаў міністра ўнутраных справаў зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія Фрыца Бэрэнса, ГСГ-9 ад самага пачатку свайго стварэньня прымала ўдзел у дзясятках складаных апэрацыяў па вызваленьні закладнікаў. Менавіта таму ў некаторых аэрапортах Нямеччыны створаныя адмысловыя базы для спэцгрупаў, якія пачнуць дзейнічаць у выпадку патрэбы. Пра канкрэтныя спосабы гэтых дзеяньняў, зразумела, не паведамляецца.

Днямі амэрыканская газэта “Washington Times” зьмясьціла артыкул, у якім распавядаюцца некаторыя падрабязнасьці біяграфіі цяперашняга патрыярха расейскае праваслаўнае царквы Алексія Другога.

Аўтар артыкулу Арнольд Бэйхман адзначае, што доступ да большасьці расейскіх архіваў істотна абмежаваны, але на постсавецкай прасторы ёсьць месцы, дзе можна пазнаёміцца з дакумэнтамі савецкіх часоў. Адно з такіх месцаў – Эстонія.

“У жніўні 94-га году Эстонію пакінулі апошнія савецкія танкі і вайскоўцы. Але там засталіся архівы КГБ. І адзін зь нядаўна апублікаваных дакумэнтаў сьведчыць, што 70-гадовы Патрыярх Маскоўскі і Ўсея Русі Алексі Другі быў шматгадовым агэнтам КГБ і нават узнагароджаны “ганаровай граматай”.

Гэтыя сьведчаньні былі атрыманыя Кэстанскім інстытутам, які месьціцца ў Оксфардзе, Вялікабрытанія. Адна з прычынаў абнародваньня інфармацыі палягае ў тым, што Алексі Другі актыўна выступае супраць візытаў Папы Яна Паўла Другога ў Расею і мае ў гэтым падтрымку прэзыдэнта Пуціна. Дарэчы, ніводзін рымскі Папа не наведваў Маскву з 1054 году – часоў Вялікага расколу.

У дакумэнтах КГБ адлюстравная дзейнасьць цяперашняга патрыярха, які праходзіў пад псэўданімам “агэнт Драздоў”. Паводле зьвестак, ён быў завэрбаваны КГБ Эстонскай ССР 28 лютага 1958 году. Хаця Алексі Рэдзігер – гэта сапраўднае імя Алексія – і нарадзіўся ў незалежнай Эстоніі, сам ён – этнічны рускі і служыў праваслаўным сьвятаром, пакуль у эпоху Гарбачова яго не перавялі ў Маскву.

Патрыярх Алексі , адзначаецца ў “Washington Times”, зьяўляецца цьвёрдым прыхільнікам прэзыдэнта Пуціна, які сам 15 гадоў праслужыў у КГБ. Алексі галосна падтрымаў вайну Пуціна ў Чачні і ягоныя паводзіны падчас катастрофы субмарыны “Курск”.

Нягледзячы на абвяржэньні, зь якімі раней выступіў афіцыйны прадстаўнік Рускае праваслаўнае царквы айцец Усевалад Чаплін, Кенстанскі інстытут заявіў, што вывучыў усе даступныя дакумэнты з розных архіваў КГБ і прыйшоў да высновы, што “агэнт Драздоў” і патрыярх Алексі – адна і тая ж асоба, паколькі некаторыя дробныя падрабязнасьці могуць тычыцца толькі Алексія, і нікога іншага.

“У адносінах Рускае праваслаўнае царквы з царскім і бальшавіцкім рэжымамі нічога не зьмянілася, – адзначае - гісторык з Гарварду Рычард Пайпс. – З часоў Пятра Вялікага РПЦ знаходзілася ў надзвычай вялікай залежнасьці ад дзяржавы. Сьвятары былі абавязаныя паведамляць паліцыі зьвесткі пра змовы супраць імпэратара, нават калі яны былі атрыманыя ў часе споведзі. Яны таксама былі абавязаныя дакладаць пра зьяўленьне ў парафіянаў падазроных незнаёмцаў.”

Хаця пры Леніне і Сталіне царква зазнала перасьлед, Другая ўсясьветная вайна прымусіла бакі прымірыцца. Вышэйшае духавенства было прыроўненае да высокапастаўленых партыйных кіраўнікоў.

Паводле зьвестак гісторыкаў Міхаіла Геллера і Аляксандра Некрыча, царква пачала актыўна супрацоўнічаць з савецкімі ўладамі яшчэ ад ліпеня 1926 году, пасьля арышту Мітрапаліта Сергія, які пасьля вызваленьня ў сакавіку 27 году заявіў пра прызнаньне царквой бальшавіцкага рэжыму.

У далейшым кантроль дзяржавы над царквой ажыцьцяўляўся менавіта праз КГБ – пачынаючы з таго, што адбор кандыдатураў у духоўную сэмінарыю рабілі мясцовыя структуры дзяржбясьпекі.

На дакумэнтах, датычных цяперашняга патрыярха і якія захоўваюцца ў Эстонскім дзяржаўным архіве, стаіць подпіс старшыні КГБ Эстонскай ССР палкоўніка Карпава. У адным зь лістоў ён адзначае, што “агэнт Драздоў” даў каштоўную інфармацыю адносна сьвятара Паведскага і дадае: “Пасьля таго, як агэнт назапасіць вопыт практычнай працы з ворганамі дзяржаўнае бясьпекі ў справе вярбоўкі агэнтаў, мы маем намер выкарыстоўваць яго ў нашых патрэбах, накіроўваючы ў камандзіроўкі ў капіталістычныя краіны”.

“У дакумэнтах КГБ, якія захоўваюцца ў маскоўскім архіве, гаворыцца, што ў 69-ым годзе агэнт Драздоў быў накіраваны ў Англію. Ад сакавіка 83-га праводзіў выхаваўчую працу сярод манахаў у Пскове, а ў 85-ым быў накіраваны для выкананьня заданьня ў Партугалію,” – адзначае “Washington Times”.

Сяргей Навумчык

XS
SM
MD
LG