Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрысьціянскае і дэманічнае ў беларускай літаратуры XIX-XX стст.


Хрысьціянскае і дэманічнае
ў беларускай літаратуры XIX-XX стст.

(эфір 27 Красавіка 2000 г.)

Удзельнік: Пятро Васючэнка.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) “Бог памірае, і Бог уваскрасае. Гэты хрысьціянскі, людзкі досьвед пацьвярджае і беларуская літаратура, у якой натуральным чынам адлюстраваліся ўсьведамленьні народу. Стагодзьдзямі панаваўшая ва ўяўленьнях людзей дэманалёгія, як аўтэнтычная, гэтак і літаратурна апрацаваная, у ХІХ стагодзьдзі мадэрнізуецца, абжывае новую прастору, каб урэшце рэшт саступіць месца ідэям і вобразам хрысьціянскім.

Барацьба д’ябальскага й боскага… Барацьба канфліктная, драматычная…

Нашым госьцем – літаратуразнаўца Пятро Васючэнка…”

(Васючэнка: ) “ХІХ стагодзьдзе звыкла называюць стагодзьдзем пары й электрычнасьці, стагодзьдзем рацыяналізму, якое пакідала мала тэкставае ды іншае прасторы “нячысьцікам”, “вадзянікам” дый іншым духам Зямлі, Паветра, Вады й гэтак далей. Невыпадкова Адам Ягоравіч Багдановіч называў уяўленьні беларусаў, зьвязаныя з язычніцтвам, перажыткамі.

І што ім заставалася рабіць, прадстаўнікам беларускае дэманалёгіі? Пайсьці ў рамантычную традыцыю, у рамантычны стыль, у той другі сьвет, які стваралі нашыя рамантыкі”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, дэманы, міталягічныя істоты пачынаюць жыць у новых варунках, пачынаюць абжываць новую літаратурную прастору?”

(Васючэнка: ) “Слушна. Я ўмоўна назваў бы гэтую прастору гафманічнай. У Яна Баршчэўскага мы знаходзім як сьветлых, гэтак і цёмных духаў, дэманаў. Да ліку сьветлых належыць “плачка”, “сынкуры” ды іншыя. “Кот Варгін” і “чарнакніжнік” належаць да цёмных сілаў”.

(Ракіцкі: ) “Але, напэўна, ўжо зусім іншыя іхныя кантакты зь людзьмі?”

(Васючэнка: ) “Кантакты адбываюцца ў рэчышчы рамантычнае традыцыі. Чалавек імкнецца памерацца сіламі з дэманамі, часам кідае ім выклік. З гэтае нагоды я хацеў бы прыгадаць трансфармацыю, якая адбылася зь нямецкім доктарам Фаўстам – героям шэрагу заходне-эўрапейскіх кнігаў.

У беларуска-польскае традыцыі доктар Фаўст пераўвасобіўся ў пана Твардоўскага – гэткага сьмелага шляхціца, які таксама ўступае ў хаўрус з Мэфістофелям, які таксама мусіць расплаціцца зь ім у карчме, але які ня хоча паміраць.

У вадрозьненьні ад доктара Фаўста вобраз пана Твардоўскага можа быць больш прыземлены, ён гэданіст, ён любіць зямныя радасьці. Разам з тым ён упарты, ён ня хоча паміраць. Ён не шукае заступніцтва ў жанчыны, як гэта робіць доктар Фаўст. Ён перамагае Мэфістофеля сваёй кемлівасьцю, даючы яму тры заданьні, апошняе зь якіх Мэфістофель не выконвае. Гэтым апошнім заданьнем ёсьць ажаніцца з паннай Твардоўскай.

Я нагадваю, што пераказваю твор Адама Міцкевіча “Пані Твардоўская”. Згадваўся гэты пэрсанаж таксама і ў Яна Баршчэўскага (“Шляхціц Завальня”), і ў Яна Крашэўскага, у якой ёсьць кніга, якая называецца адпаведна “Пан Твардоўскі”.

(Ракіцкі: ) “Ці можам мы казаць тут, што ўжо дзесьці напрыканцы ХІХ стагодзьдзя вось гэтая адвечная барацьба дабра са злом набывае характар рэлігійны, як барацьбы за ідэалы, якія нясе Ісус Хрыстос, супраць тых “чорных сілаў”, якія ўвасабляліся ў дэманічных істотах, а найперш, у істоце д’ябла?”

(Васючэнка: ) “Безумоўна, яна набыла містычны характар. Канец ХІХ стагодзьдзя – гэта пачатак дэкадансу, які зьвязаны зь філязофіяй Шапэнгаўэра, Ніцшэ ды іншых. Мне сяньня нават ня хочацца пераказваць тую формулу, якую вывеў Ніцшэ адносна Бога. Але некаторыя з дэкадэнтаў яе падхапілі, яны ўявілі сабе, што старога Бога няма.

Але ж прастора застаецца. Яны напоўнілі гэтую касьмічную прастору сваімі багамі-сурагатамі. Згадаю клясычны вобраз Нейкага ў шэрым з драмы Леаніда Андрэева “Жыцьцё Чалавека”. Гэты Нехта шэры, быццам высечаны з граніту, займае пастамэнт старога Бога, вершыць лёсы Чалавека, гартае кнігу ягонага лёсу.

А ў беларускай традыцыі, дзе ніцшэянства ня вылілася ў такую ступень, дэманічныя вобразы пачалі марнець, сталіся гэткімі літаратурнымі маргіналамі. Прыкладам, у творчасьці Максіма Багдановіча, дзе “вадзянік” залёг на дно ракі й грэецца сабе.

Зрэшты, Багдановіч прыдумляў свае міталягічныя наватворы, прыкладам, “павукі”, якія недзе ў хмарах ткуць павучыньне дажджу. Бліскучы клясычны вобраз…”

Дзесь у хмарах жывуць павукі,
Што снуюць павучыну дажджа.
Кожны тлусты і мяккі такі,
Скура сьлізкая, як у вужа,
Ў целе стыгне халодная кроў,
Злосьць бясцэльная ў мутных вачах…
Чуеш! Во шорах ног павукоў,
Аплятаючых сьцены і дах.
(Ракіцкі: ) “Напрыканцы ХІХ стагодзьдзя вялікі філёзаф Ніцшэ заманіфэставаў: “Бог памёр!” І, натуральна, што гэтая вельмі нечаканая, вельмі ўразьлівая формула была падхопленая эўрапейскімі літаратураю і мастацтвам. Узьнікаюць міталягічныя наватворы, узьнікаюць сурагаты Бога, сурагаты Боскага, заменьнік Бога. Ці можам мы казаць тут пра ўплыў Ніцшэ й пра спробу стварэньня вось гэтых сурагатаў Бога ў Беларусі?”

(Васючэнка: ) “Зь беларускіх аўтараў асабліва моцна палемізаваў зь Ніцшэ Янка Купала, які вывеў і адвергнуў вобраз Звышчалавека паэмаю “Магіла льва”. Машэка зьяўляецца свайго роду варыянтам Звышчалавека. Разам з тым мы і ў купалавай творчасьці сустрэнем шэраг дэманічных істотаў, якія зьвязаныя хутчэй не зь ніцшэянскай традыцыяй, а з асаблівасьцямі нашага Адраджэньня, Рэнэсансам.

У самыя змрочныя хвіліны, калі Купала зьняверыўся ў лёсе беларускага Адраджэньня, ў ягонай творчасьці зьяўляліся дэманы, якія гэтаму Адраджэньню перашкаджалі. Прыкладам, у паэме “Сон на кургане” зьяўляецца хтосьці Чорны, абсалютна варожая чалавеку дэманічная сіла, якая выплыла зь нейкіх касьмічных глыбіняў”.

(Ракіцкі: ) “Калі мы гаворым пра сурагат, пра заменьніка, то мы маем на ўвазе, што гэта будзе нешта падобнае, адэкватнае першатвору, скажам, таму ж Богу. Гэта будзе пошук Боскага, але ў нейкіх іншых праявах. Мне здаецца, што ў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагодзьдзя, найперш у літаратуры дэкадансу, сурагаты Бога ўзьнікаюць вельмі жорсткімі, дэманічнымі, з антыбеларускім выглядам. Ці згодныя Вы з маёй думкаю?”

(Васючэнка: ) “У беларускай традыцыі гэта хутчэй не сурагаты, а антыподы, паколькі дэкаданс у нас адметны, зьвязаны з Адраджэньнем. Так, у змрочныя хвіліны Купала згадваў Чорнага, а ў сьветлыя хвіліны зьвяртаўся да вобразу Хрыста, да Ўваскрэсеньня”.

(Ракіцкі: ) “Паўставала прастора бяз Бога?!”

(Васючэнка: ) “Прастора варожая чалавеку”.

(Ракіцкі: ) “Але, можа, ўсё ж з наватворнымі багамі?”

(Васючэнка: ) “Сапраўды, у савецкую эпоху зьявіліся сурагаты, я назваў бы іх “чырвонымі дэманамі”. Гэтак у Міхася Чарота ў паэме “Босыя на вогнішчы” распальваюць рэвалюцыю ў Беларусі нейкія “босыя, чырвоныя дэманы”, для якіх няма нічога сьвятога, якія руйнуюць палацы й храмы, падпальваюць маёнткі, а пасьля таньчаць на вугольлях. Таньчаць свой сатанінскі танец на вогнішчы. Якія да таго ж выганяюць з балота “русалку”, “вадзяніка”…”

Вайна і пажар…
На вогнішчы людзі
Жывуць босымі.
– Пажар на Ўсходзе!
Таварышы, ур-р-ра!
– Што вы, шалёныя, годзе
Што вам ня шкода дабра?
Усё, што зьбіралі вякамі,
Сёньня марнее ў вагні…
– Маўчы! Мы цябе кулакамі,
Чуеш?! Ні-ні!
Цэрквы, палацы, харомы –
Памяць мінулага – з дымам!
Што не запалім мы – зломім!
Зьнізу наверх усё падымем!
Страшна вам? Страшна?
Пажару агонь ломіць вочы?
Затое нам відна ўночы…
Ня ліце крыві – не пагасьне.
Маліцеся, грэшныя, небу,
Рукі ўгору ўзьняўшы,
Вас не паслухаюць хмары.
Таварышы!
Што нам трэба?
– Пажа-ары!
(Васючэнка: ) “І зьяўляюцца іншыя сурагаты, таксама “чырвонага колеру”, цені, якія таньчаць вакол Мікіты Зносака ў трагікамэдыі “Тутэйшыя”. Зьяўляецца апакаліптычны двуногі зьвер у аднайменнай паэме Ўладзімера Дудзіцкага, і нарэшце злавесны цень Консула ў паэме Язэпа Пушчы. Цень Консула, якая па першых літарах расшыфроўвалася, як ЦК”.

(Ракіцкі: ) “І ці расшыфравалі бальшавікі?”

(Васючэнка: ) “Пільныя цэнзары расшыфравалі, у выніку чаго й была заведзеная судовая справа Язэпа Пушчы. За гэта, а яшчэ за “Лісты да сабакі” Язэп Пушча адседзеў больш за 25 гадоў”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Васючэнка, зь цягам стагодзьдзяў, ды, зрэшты, з узьнікненьнем Хрысьціянства, адбывалася адвечная барацьба “чорных” і “сьветлых” сілаў. Зрэшты, зараз хрысьціяне-праваслаўныя пражываюць вось гэты тыдзень у роздумах пра гэтую барацьбу “чорных” і “сьветлых” сілаў у чаканьні пераможнасьці “сьветлага” пачатку, Уваскрэсеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Калі зірнуць на літаратуру ХХ стагодзьдзя, ці можна сказаць, што нават у творчасьці вельмі супярэчлівых пісьменьнікаў, паэтаў, а да іх дададзім і Янку Купалу, таму што гэта вельмі супярэчлівы творца, – ці можна сказаць, што ўсё ж такі Боскае, хрысьціянскае, сьветлае перамагала?”

(Васючэнка: ) “Гэта хораша прасачыць на творчасьці Ўладзімера Краткевіча, які аддаў даніну ў сваіх творах і дэманічным пачаткам, і чалавеку, і грамадзтву… Ён у свой час апісаў пекла, стварыў мадэль пекла ў аповесьці “Ладзьдзя роспачы”. Але ў іншых сваіх творах ён стварыў і свой рай, прыкладам, у рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

Караткевіч быў вернікам, але вернікам вельмі супярэчлівым, не артадаксальным, хутчэй вернікам-герытыком. Тым ня менш у сваёй творчасьці, асабліва – творчасьці апошніх гадоў – ён зьвяртаўся да Бога, ён казаў: “На Беларусі Бог жыве!” І ягоная творчасьць сталася яркім адлюстраваньнем тае барацьбы, якая вядзецца ў жыцьці паміж змрочнымі сіламі, зрэшты, гэтаксама, як і ў літаратуры.

Канец ХХ стагодзьдзя – эпоха постмадэрну, і дэманы, так бы мовіць, зноў ажываюць. Духі насяляюць горад – так адбываецца ў прозе Адама Глёбуса. У міталягічнае прозе Віктара Казько духі насяляюць асушанае Палесьсе. У нетрах балатоў раве балотны бык, плача Галоска Галасьніца, Жалезны Чалавек паўстае з глыбіняў іржавых балатоў. Але мы пераходзім ужо ў іншае стагодзьдзе – ХХІ-е…”

(Ракіцкі: ) “І зноў будзе вяртаньне гэтых духаў, пэўнае міталёгіі? Але на якой падставе?”

(Васючэнка: ) “Яны вяртаюцца пад час крызысу, пад час пераходных пэрыядаў у жыцьці цывілізацыі і літаратуры – гэткім чынам мы можам зафіксаваць дэкаданс, мадэрнізм і постмадэрн. Дэманы ажываюць, яны пачынаюць успрымацца як нейкі аўтэнтычны парадак мастацтва”.

(Ракіцкі: ) “А ці ёсьць надзея на Ўваскрэсеньне ў наш крызысны час сьветлага, хрысьціянскага пачатку ў літаратуры?”

(Васючэнка: ) “Разьвіцьцё літаратуры рытмічнае. Я мяркую, што сьледам за постмадэрнам настане эпоха рамантызму, у якой будуць пераважаць духі сьветлыя. Што тычыцца “вадзянікоў”, “русалак” і іншых традыцыйных і наваствораных міталягічных істотаў, я мяркую, што яны знойдуць свой прытулак, знойдуць сваю нішу.

Я думаю, што яны прытуляцца ў казачнай фантастыцы, у беларускіх творах, напісаных у жанры “fantasу” або “а-ля Льюіс”, можа быць – “а-ля Стывен Кінг”, у “страшылках”, у нашым фальклёры… Інакш кажучы, вернуцца да маргінальнага, так бы мовіць, існаваньня”.

(Ракіцкі: ) “Дзякуй, спадар Васючэнка. І на разьвітаньне, як пацьверджаньне вашага аптымізму, аптымізму напярэдадні сьветлага сьвята, якое нас чакае, завершым нашую праграму некалькамі радкамі зь верша Янкі Купалы…”

Над пакаленьнем неакрэпшым,
Над бедным краем-сіратой
Груган з начніцаю сьляпою
Банкет спраўляюць чорны свой.

Таўкуцца душы скамянелы,
Крывавы пот цячэ са шчок,
А ўсьлед над імі і за імі
Імчацца гібелі наўскок.

Нідзе ні ладу, ані праўды,
Званы хаўтурныя зьвіняць…
О Божа! Ты хоць заступіся
Й ня дай да рэшты нам сканаць!

Вячаслаў Ракіцкі, Менск
XS
SM
MD
LG