Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залатая шляхоцкая легенда: пра выхаваньне дзяцей


Залатая шляхоцкая легенда: пра выхаваньне дзяцей

Удзельнік: Вацлаў Арэшка. (эфір 17 Лютага 2000 г.)
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) “За караля Саса еш, пі і распускай паса” – гэтая пагаворка з ХVІІІ стагодзьдзя як найлепей выяўляе атмасфэру й побыт нашае гістарычнае дзяржавы – фэдэратыўнае Рэчы Паспалітай абодвух народаў – Польшчы й Вялікага Княства Літоўскага. Гэта быў час гэтак званага застою, калі нашыя продкі адносна спакойна наладжвалі свой побыт, калі магнаты й шляхта ня мусілі дэманстраваць сваю ваяўнічасьць.

Традыцыі побытывае культуры беларускага й польскага народаў мы адшукваем у залатой шляхоцкай легендзе, якую стварылі ў сваіх дыярыюшах беларусы Марцін Матушэвіч, Міхал Казімер і Геранім Флярыян Радзівілы, Ігнацы Ходзька. Яскрава паўстаюць звычаі і норавы эпохі са старонак знакамітых кнігаў паляка Анджэя Кітовіча “Вопіс звычаяў за панаваньнем Аўгуста ІІІ” і Генрыка Жавускага “Успаміны Сапліцы”.

Гэтыя творы зьяўляюцца асноўнымі крыніцамі па вывучэньню побытавае культуры ХVІІІ стагодзьдзя, калі яна выступіла ў сваім завершаным стане, бо далей былі падзелы Рэчы Паспалітай і ўварваньне на нашыя землі культуры ўсходняй, расейскай.

Сяньня мы пачнем нашае падарожжа ў ХVІІІ стагодзьдзе, каб зразумець традыцыі побытавае культуры нашага народу – што і як елі, пілі, апраналі нашыя продкі, як забаўляліся, судзіліся, выхоўвалі дзяцей. Нашым гідам будзе гісторык культуры Вацлаў Арэшка. І пачынаем нашае падарожжа ад самага пачатку – ад нараджэньня чалавека й першых гадоў яго станаўленьня як асобы.

Спосаб зьяўленьня людзей на свет аднолькавы ва ўсіх народаў і будзе нязьменным аж да сканчэньня гэтага сьвету. Ён вядомы кожнаму. А выхаваньне дзіцяці адрознае.

Ітак, чалавек нарадзіўся. Як даглядалі немаўлятка нашыя продкі ў яго першыя гады жыцьця? Вацлаў…”

(Арэшка: ) “Стаўленьне да дзяцей, асабліва да дзяцей малодшага веку, мянялася з часам. У Сярэднявеччы ўвогуле не было адносінаў да дзяцей як да нейкіх асобных істотаў. Яны ўспрыймаліся як маленькія дарослыя, і толькі ў ХVІІ-ХVІІІ стагодзьдзях і ў нас, і ў Эўропе пачынаецца плынь любові да дзяцей.

Вядома, розьніца ў выхаваньні дзяцей была залежная ад розьніцы ў стане. У шляхты, магнатэрыі да дзяцей ставіліся паводле аднаго крытэрыю, сяляне – паводле іншага, значна прасьцей. Калі дзіцё нараджалася, то ў ХVІІІ стагодзьдзі першае, што яно атрымлівала, гэта – купаньне ў зёлках. Прычым, і ў сялянаў, і ў шляхты гэта адбывавлася аднолькава. Затым ужо пачыналася розьніца: мамкі, нянькі, якім аддаваліся дзеці багатых сем’яў, займаліся імі далей, практычна да дарослага веку. Бацькі мала займаліся дзецьмі, пераважна яны сачылі за тым, як працавалі іхныя найміты. Спачатку – гэта нянькі, потым – настаўнікі. І ў першыя гады жыцьця, прыкладна да пяці-сямі гадоў, за гэтым сачылі маці”.

(Ракіцкі: ) “А як апраналі дзяцей?”

(Арэшка: ) “Немаўлятаў вельмі моцна пеленалі, на малюнках з ХVІІІ стагодзьдзя можна бачыць, што дзяцёнак быў спеленаты як егіпецкая мумія. Дзяўчынкі й хлопцы з багатых, шляхецкіх сем’яў прыкладна да сямі гадоў насілі доўгія кашулі і аддзеньне, якое нагадвала сукенку – розьніца была невялікая. Што тычыцца сялянскіх дзяцей, то тут было значна прасьцей. Калі была кашулька, было вельмі добра, калі на гэту кашульку можна было яшчэ што апрануць, асабліва ў марозны час, было выдатна. Але, як пішуць тыя ж мэмуарысты, той жа Кітовіч, можна было бачыць дзяцей сялянскіх, ажно дзесяцігадовага веку “голых як пастэрнакі”.

(Ракіцкі: ) “Выхаваньне дзяцей было зьвязанае з пэўнымі ўяўленьнямі пра мараль. Вось вытрымка з дыярыюшу Гераніма Флярыяна Радзівіла:

“Строй іхны, прашу, каб ня быў каштоўны, ня із скупасьці, але каб не набіралі непатрэбнай амбіцыі. Боцік чорны ды строй венгэрскі, у якім постаць дзіцячая найлепей выглядае…

…Напою, прашу, іншага, чым вада, каб да дваццаці год ня ведалі, бо ёсьць жа гэта найлепшы й найздаравейшы напой, які прытомнасьці ў чалавека ніколі не забірае…”

Дыярыюшы, успаміны, апісаньні абвяргаюць вульгарна сацыялягізаваную гісторыю, напісаную камуністычнымі гісторыкамі, маўляў, нашыя продкі былі мала пісьменнымі. Насамрэч, ужо ад пяці гадоў у магнацкіх, шляхоцкіх і мяшчанскіх сем’ях пачыналі дзяцей вучыць чытаць і пісаць. Ад сямі гадоў дзяцей пасылалі ў школу. Што гэта былі за школы?”

(Арэшка: ) “Пачатковая школа была г.зв. парахіяльная, ці парафіяльная, школа, якая існавала пры катэдральных або фарных касьцёлах. Настаўнік быў адзін, які арыентаваўся ў першую чаргу на вывучэньне Закону Божага. Гэта быў асноўны прадмет у парафіяльных школах. Хадзілі да гэтых школаў і дзеці шляхты, і мяшчанскія дзеці, часам і сяляне, асабліва больш-менш заможныя, якія маглі дазволіць сабе гэта. Навучаньне было ня надта высокага ўзроўню, але давала самыя асновы навучаньня: чытаць, трошкі пісаць, гаварыць, а таксама пачаткі лаціны, якая была вельмі важным прадметам на той час. Норавы ў школе былі даволі строгія, як на той час. Асноўным пакараньнем было або пакіданьне без абеду, або, што нават часьцей, біцьцё ў розных формах”.

З “Вопісу Звычаяў” Анджэя Кітовіча:

“Яшчэ быў у парахіяльнай школе адзін від пакараньня, мала дзе ўжываны. Калі які хлапец суседзяў сваіх пахам непрыемным пачастуе, тады вінаваты мусіў сам дабравольна пакласьціся на століку, пасяродку школы выстаўленым, там кожны студэнт, зьняўшы з нагі бот, удараў яго раз халяваю, і было гэта пакараньне сараматное і не балючае, роўнае праступку…

Калі хто дрэнна вучыўся, дык ішоў да “асьлінай лавы”. Была гэтая лава пры печы, названая так для тых, хто вучыцца не хацеў; а калі й такая дэградацыя не дапамагала гнюснаму, накладана было яму на галаву саламяную карону. На астатні ж штуршок да навукі праводзілі яго ў той кароне па ўсіх школах, паўтараючы за ім па лаціне: “Асёл над асламі на вякі вечныя”. Але да такой астатняй і нязноснай ганьбы ледзьве калі даходзіла, бо калі ўжо хто быў дайшоў да кароны саламянай, так ужо пацеў і мазоліў з кніжкаю ўсемі сіламі сваімі…”

(Ракіцкі: ) “А калі не было ў нейкай вёсцы касьцёлу, а гэта значыць не было й школы, што тады?”

(Арэшка: ) “Для сялянскіх сем’яў у такіх выпадках выйсьця не было, а шляхта вучыла дзяцей дома. Дзеля гэтага наймаліся настаўнікі, розныя спэцыялісты, у залежнасьці, зноў жа, ад узроўню матэрыяльнага. Багатыя, магнацкія сем’і наймалі некалькі настаўнікаў, якія вучылі й фэхтаваньню, і коннай язьдзе, і танцам. Звычайна гэтым займаўся ўжо першы настаўнік”.

З “Дыярыюшу” Гераніма Флярыяна Радзівіла:

“Сын кожны ад трох год веку свайго ад нянек павінен быць адлучаны й адданы ў губэрню чалавеку, не маладзейшаму чым гадоў сарака, цьвярозаму, сур’ёзнаму й не герэтыку, а тым болей яшчэ атэісьце; такія чатыры мовы ведаючаму ў дасканаласьці, як то: лацінскую, французкую, італійскую і нямецкую”.

(Ракіцкі: ) “Выхаваньнем дзяцей займалася й сям’я, займалася й школа. Калі гаварыць пра школу, што гэта было за выхаваньне? Якім чынам прывівалі любоў дзяцей да навукі?”

(Арэшка: ) “У наступнай, г.зв. публічнай, школе, існавалі цэлыя сыстэмы заахвочваньня. Вельмі часта дзеці дзяліліся як бы на два такіх лягеры: адзін бок рымскі, а другі бок грэцкі. Тая партыя, якая вучылася лепш, якая лепш была па паводзінах запісвалася як рымская, яны атрымлівалі прывілей, сядалі за лепшыя парты, і гэтае спаборніцтва часам было вельмі зацятым. Існавала цэлая сыстэма адзначэньня лепшых вучняў. Часам прызначалі г.зв. “дыктатара”, каторы вылучыўся ў нейкай выключнай сытуацыі. За ім ішлі “імпэратары”…

Вельмі цікавай была яшчэ адна выхаваўчая форма – гэта г.зв. “цэнзар”, тайны вучань, якога прызначала школьнае начальства, каторы мусіў запісваць усе нядобрыя ці нават амаральныя ўчынкі, непатрэбныя словы, а потым даносіць аб гэтым начальству. Вельмі часта бывала, што калі вучні даведваліся аб тым, хто быў гэтым “цэнзарам”, яму прыходзілася нясоладка.

Каб зрабіць навучаньне больш цікавым, прыдумляліся розныя мэтодыкі. Адной зь іх было выкарастаньне тэатру. Знакаміты школьны тэатар якраз быў спосабам навучаньня дзяцей і лаціне, і польскай мове, і танцу, і рухам, і ўменьню размаўляць, і паводзінам у публічным мейсцы. Такія тэатральныя забавы былі папулярнымі пры магнацкіх дварох. Знакаміты Нясьвіскі тэатар быў створаны, па сутнасьці, дзеля выхаваньня Радзівілавых дзяцей. Да сяньня пераказваюцца знакамітыя гісторыі пра Караля Радзівіла, пазьнейшага “пане Каханку”, каторага маці, каб заахвоціць яго да вывучэньня граматы, прыдумала такі спосаб. Хутчэй за ўсё гэта легенда, але да гэтага часу яна пераказваецца, што літары яму ставілі ў якасьці мішэняў, і, калі ён па іх страляў, то паступова вывучаў літару за літарай”.

(Ракіцкі: ) “Вельмі цікавая акалічнасьць, што разам вучыліся й дзеці магнатаў, шляхты, мяшчанаў, а таксама сялянскія дзеці. У крыніцах па ХVІІІ стагодзьдзі, матэр’ялах, зьвязаных з адукацыяй, школьным выхаваньнем, я зьвярнуў увагу на слова “дырэктар”, якое аніякага зьвязу з сучасным тлумачэньнем слова ня мае. Успомніўся Коласаў дырэктар: “А сам дырэктар з вузел росту ў сваім убраньні бедным, простым…” Можа, тут ёсьць зьвяз ХХ стагодзьдзя з стагодзьдзем ХVІІІ-м?”

(Арэшка: ) “На маю думку, гэта непасрэдная традыцыя, якая захавалася з часоў тых касьцёльных і публічных школаў. Гэта быў свайго роду рэпітытар старэйшых вучняў, які дапамагаў іншым вучням разабрацца ў заданьні, дапамагаў вывучыць або праверыць урокі. Вельмі часта гэтыя дырэктары былі платныя, багацейшыя дзеці магнатаў ці заможнае шляхты наймалі сабе асобных дырэктараў. Бяднейшыя дзеці звычайна мелі аднаго дырэктара на цэлую каманду, групу”.

З “Дыярыюшу” Марціна Матушэвіча:

“Жылі мы ў кампаніі з панам Валяр’янам ды з панам Юзафам Руткоўскім. Але, маючы дырэктараў нашых ня надта добрапрыстойных, якія п’янства не засьцерагалі нас і на рэдуты або публічныя танцы ды на гульню ў карты з сабою бралі, значную меў я перамену ў добрай адукацыі. Між іншымі глупствамі й легкадумнасьцямі маімі найперш было тое, што, надта ў здольнасьці маёй упэўнены, зусім да навук аблянівіўся, лаяцца й піць не засьцерагаўся, ды нагэтулькі, што раз перад выступам у дыялёгу ўпіўся, дык ролі сваёй ня ўмеў і, упэўнены ў памяці сваёй, схібіў”.

(Ракіцкі: ) “Вацлаў, а як бавілі вольны час вучні ў школах?”

(Арэшка: ) “Гэта былі школы, зьвязаныя з законам, або езуіцкім, або піярскім. Езуіты або піяры надавалі асаблівую ўвагу фізычнаму разьвіцьцю вучняў. Спэцыяльныя дні адводзіліся для адпачынку, увесну былі такія “майскія выцечкі”, якія файна апісаў Ігнацы Ходзька. З такіх найбольш папулярных гульняў, якімі бавіліся ў вольны час, найбольш папулярнымі былі г.зв. “пальцаты“ й “бойка на дубінках”. Калі ўзгадаць нашую літаратуру, то выдатнае апісаньне гэтае бойкі мы знойдзем ў аповядзе Жавускага “Тадэвуш Рэйтан”:

“У школах ксяндзы езуіты завялі былі розныя забавы, стасоўныя да шляхецкіх звычаяў, – і, між іншымі, што вельмі нам падабалася, – бітвы на дубінках. За кляштаром была разьлеглая пляцоўка, а на кожнай палове, на краю прасторы, насыпаны быў узгорак, які называлі “табарам”. Школа дзялілася на дзьве часткі, нібы на два войскі. Перамога ўся залежала ад апанаваньня праціўнага табару; і зацята біліся мы, абы свой абараніць, а здабыць непрыяцельскі. Звычайна дзяліліся на “палякаў” і “маскалёў”, а выцягнутыя лёсы паказвалі, да каторых мусіў кожны з нас належыць”.

Вельмі папулярным быў і “мяч” або “пілка”, якая была зроблена з воўны, абшытая ніткамі, і толькі ў ХІХ стагодзьдзі зьяўляецца гумовы мяч”.

(Ракіцкі: ) “Моладзь ёсьць моладзь. Напэўна ж, былі й хуліганы сярод школьнае моладзі. У горад выходзячы, напэўна ж, ня ўсе былі анёламі. Як школа й гарадзкія ўлады тут узаемадзейнічалі? Можа, было нешта накшталт сёньняшняй “камісіі ў справах непаўнагадовых”? Ці маглі падлетка пацягнуць у суд, як гэта сяньня ў Беларусі здараецца?”

(Арэшка: ) “Школьнікі, як і ўся моладзь часам схілялася да лёгкіх паводзінаў, былі й выпіўкі, і ўсё астатняе. Але што вельмі важна, у Рэчы Паспалітай, у тым ліку і ў Вялікім Княстве Літоўскім, існавалі акадэмічныя свабоды. Акадэмічныя свабоды такія ж, як і ва ўсёй Эўропе. Школьнікі падпарадкоўваліся школьнай юрысдыкцыі. Гарадзкія ўлады афіцыйна не маглі прыцягнуць школьніка да адказнасьці. Таму апошнія даволі часта злоўжывалі сваімі правамі.

Школьныя законы былі больш паблажлівымі, а таму студэнты, або як на той час іх называлі – “жакі” – былі даволі небясспрэчнымі элемэнтамі. Яны зарганізоўвалі й бойкі, часам гэта былі бойкі паміж школамі, чапляліся да гарадзкіх жыхароў, асабліва ненавідзелі яны “інаверцаў”, лютэранаў ці гэбраяў. Вельмі часта менавіта студэнты спрычыняліся да канфліктаў, даволі, у прынцыпе, рэдкіх у Вялікім Княстве й Рэчы Паспалітай.

Практычна да канца ХVІІІ стагодзьдзя гэтыя акадэмічныя вольнасьці былі непарушальнымі. І толькі ў другой палове ХVІІІ стагодзьдзя, пасьля таго, як у Варшаве адбыліся вялікія сутыкненьні гараджанаў са студэнтамі, калі апошнія практычна вызвалілі з-пад варты забойцаў, нарэшце гэтыя вольнасьці былі абмежаваныя”.

(Ракіцкі: ) “Мы распавялі Вам, шаноўныя слухачы, пра выхаваньне дзяцей у ХVІІІ стагодзьдзі, напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай. У наступнай перадачы – наш расповед пра побытавую культуру шляхоцкіх двароў. Гэта значыць, пра балі, застольлі, паляваньні й да таго падобнае”.

Вячаслаў Ракіцкі, Менск

XS
SM
MD
LG