Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускае мастацтва выжываньня: вынікі сямігодзьдзя.


Удзельнічаюць: Аляксандар Сасноў, Леанід Заіка, Леанід Злотнікаў.

(эфір 22.12.2000)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст

У рамане Сяргея Даўлатава “Філіял” герой уладкоўваецца на замежную радыёстанцыю, кшталту нашай “Свабоды”. І першае, што чуе ад кіраўніка службы: “Ніколі не кажыце, што ў СССР – эканамічны крызыс”. “Чаму ? – пытае герой. - Там жа сапраўды крызыс”. “А таму – адказвае мудры шэф,- што мы гаворым гэта на працягу дзесяцігодьдзяў, а СССР дагэтуль існуе. Відаць, крызыс – гэта нармальная форма тамтэйшага існаваньня”.

У самім СССР публічна пра крызыс пачалі гаварыць прыканцы перабудовы, за некалькі гадоў да таго, як Савецкі Саюз, насуперак меркаваньню шэфа даўлатаўскага героя, на самой справе сканаў.
Але ж канстатацыі крызісу, прадказаньні яшчэ большых катастрофаў не суціхаюць і дагэтуль, прычым, ува ўсіх краінах былога СССР.
І тут высьвятляецца, што тэза пра крызыс як нармальную форму існаваньня ізноў набывае нейкую рацыю.

У свой час савецкія грамадазнаўцы паўтаралі як заклінаньне марксавае: - “Быцьцё вызначае сьвядомасьць”. Зараз, як ня дзіўна, эстафэту ў іх перанялі заходнія дасьледчыкі, якія, гледзячы на постсавецкія краіны, шчыра здзіўляюцца: “Калі там так дрэнна жывуць, дык чаму ж там не пратэстуюць?”.

Адказваючы на гэтае пытаньне, адзначым , што ацэнка матэрыяльнага дабрабыту – рэч умоўная, яна вызначаецца праз параўнаньне: з тым, што было ўчора, і зь сёньняшнім дабрабытам суседа.
Пра тое, як мяняўся сярэдні заробак беларусаў на працягу апошніх гадоў, распавядае былы міністар працы, намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Аляксандар Сасноў.

(Сасноў: ) “Будзем вызначаць рэальны заробак праз курс даляру.Калі лічыць паводле рынкавага курсу, у 1994 годзе сярэдні рэальны заробак складаў каля 19 даляраў. Потым ён пайшоў угору і дасягнуў у 1996 годзе 72 даляраў. Але потым ён пачаў зьніжацца і ў 1999 годзе быў роўны 42 далярам. У першым паўгодьдзі сёлетняга году сярэдні заробак склаў 50 даляраў. Падсумоўваючы, можна сказаць, што зараз сярэдняя заработная плата значна вышэй, чым у той год, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, але значна ніжэй, чым у 1996 годзе”.

Гэта быў эканаміст Аляксандар Сасноў.

У адносінах да іншых паказчыкаў дабрабыту назіраецца падобная карціна. Гаворыць экспэрт Міжнароднай фінансавай карпарацыі Леанід Злотнікаў.

(Злотнікаў: ) “Ёсьць такі паказчык – суадносіны сярэдняга заробку і мінімальнага спажывецкага бюджэту, які вызначае - колькі “набораў” можна набыць за сярэдні заробак. У 1990 годзе можна было купіць тры “наборы”. У 1994 годзе паказчык быў самы нізкі – 1.09. А вось ужо ў 1998 годзе пакупніцкая здольнасьць заробку некалькі ўзрасла і склала 1.28. Зараз, прыканцы 2000 году, яна вагаецца ў межах 1.24-1.26. Гэта значыць, што сярэдні заробак складае адзін з чвэрцю мінімальнага бюджэту. Такім чынам, пасьля таго, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады, мы маем, як сьведчыць статыстыка, невялікае - на чвэрць,- але павелічэньне пакупніцкай здольнасьці сярэдняга заробку”.

Робіць выснову эканаміст Леанід Злотнікаў.

Паводле розных паказчыкаў, найгоршым у сэнсе дабрабыту за апошняе дзесяцігодьдзе быў 1994 год. Чаму? Чаму ў 1994 годзе, калі палітыка была відавочна больш спрыяльнай для рынкавага асяродьдзя, сярэдні заробак быў роўны 20 далярам, а зараз, калі рынкавыя пераўтварэньні згорнутыя, людзі атрымліваюць пасьля ўсіх пэртурбацыяў усё ж такі больш?

Тут варта адзначыць, што пачатак 90-х быў часам імклівых сацыяльных, эканамічных і палітычных зломаў, гадамі прыстасоўваньня людзей да новай сыстэмы гаспадараньня, нарэшце, менавіта той парой чынавенства вучылася - як кіраваць больш-меньш рынкавай, несавецкай эканомікай, а па-другое, эканомікай нацыянальнай, у якой Масква ня будзе загадваць, але і ратаваць. Трэсла тады, прыгадаем, усе постсавецкія краіны – і тыя, дзе рэформы праводзіліся збольшага пасьлядоўна, і тыя, дзе кіраўніцтва чаплялася за савецкі досьвед.

У 1995-1996 гадох у Лукашэнкі была неблагая ўрадавая каманда; падзеньне жыцьцёвага ўзроўню амаль супала зь яе сыходам. Потым быў і абвал беларускага рубля, і магутны расейскі крызыс. Разам з тым шок ад пераналадкі велізарнага эканамічнага арганізму краіны скончыўся. Але ж антырынкавая палітыка зьнішчыла шмат магчымасьцяў разьвіцьця. І атрымалася ў выніку – лепш, чым у 1994 годзе, але горш, чым у 1995-м.

Але, як мы ўжо казалі, чалавек, даючы ацэнку свайму дабрабыту, параўноўвае сябе з суседам. І тут дадзеныя дзівосныя. Пра тое, які рэкорд паставіла Беларусь у 1998 годзе, распавядае прэзыдэнт дасьледчага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка.

(Заіка: ) “Паводле дадзеных ААН, у 1998 годзе даходы 20% найбольш багатых людзей у Беларусі пераўзыходзілі даходы 20% найменьш забясьпечаных беларусаў прыкладна ў 3 разы. Зараз, паводле дадзеных нашага мінстату, даходы багатых пераўзышлі даходы бедных прыкладна ў 4 разы. Гэта самы нізкі паказчык у сьвеце сярод 150 краінаў. Мы – самая “роўная” краіна. У амэрыканцаў даходы самых багатых пераўзыходзяць даходы самых бедных у 9 разоў, у Расеі – у 13. Ну, Расея – краіна кантрастаў. У Польшчы гэты паказчык крыху меньш - каля 7. Разрыў у 7-8 разоў уласьцівы шмат якім пераходным краінам”.

Гаварыў эканаміст Леанід Заіка.

Менавіта гэтая роўнасьць ёсьць адзін з падмуркаў устойлівасьці, адзін з тых чыньнікаў, якія стрымліваюць пратэсты супроць невыноснага жыцьця: жыву, як усе – і добра. А як жыву? Пад покрывам роўнасьці ідзе змаганьне за выжываньне, прычым, выжывае беларус зусім не за кошт даброцьцяў дзяржавы. Ізноў гаворыць Леанід Заіка.

(Заіка: ) “Людзі навучыліся жыць ва ўмовах паўплянавай, аўтарытарнай эканомікі. Ёсьць праблемы ў пэўных групаў, якія называюць “новымі беднымі”. Да іх можна аднесьці працаўнікоў дзяржаўнага сэктару: лекараў, настаўнікаў, работнікаў сфэры культуры. Значна лепш жывуць тыя, хто зьвязаны з асноўнымі фінансавымі патокамі. Гэта, у першаю чаргу, намэнклятура, кіраўнікі розных узроўняў.

А ўрэшце людзі знаходзяць тыя ці іншыя шляхі, каб зарабіць грошы. Для гэтага ёсьць тое, што называецца нефармальнай эканомікай: прыватныя паслугі, рэпэтытарства, рамонт кватэраў, маляваньне карцінаў, нарэшце. Існуюць “чорная” і “белая” наяўнасьць, асабліва на недзяржаўных прадпрыемствах, хаця і на дзяржпрадпрыемствах ёсьць свае фінансавыя схемы. Экспэртныя апытаньні сведчаць за тое, што афіцыйныя даходы ў бізнэсе ў чатыры-пяць разоў ніжэй за рэальныя. І гэта – немалая частка эканомікі. Нават нашая беларуская статыстыка паказвае , што ў нас 28% сукупных даходаў атрымліваецца як даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасьці”.

Гаварыў эканаміст Леанід Заіка.

Яго калега Злотнікаў дадае, што нават паводле афіцыйнай статыстыкі заробак – далёка не адзіная крыніца даходаў беларусаў.

(Злотнікаў: ) “Калі ўзяць усе грашовыя даходы насельніцтва, дык “афіцыйныя” заробкі складаюць толькі каля паловы. Каля чвэрці гэтых даходаў – даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасьці. Гэта і даходы ад гандлю на рынках, і даходы “чаўнакоў” і шмат што іншае. Каля 20% сваіх даходаў насельніцтва атрымлівае ў натуральным выглядзе – гэта вынік працы на дачах і прысядзібных дзялянках”.

Гаварыў Леанід Злотнікаў.

Пра яшчэ адну надзвычай цікавую асаблівасьць эканамічных паводзінаў беларусаў ізноў распавядае прэзыдэнт цэнтру “Стратэгія”.

(Заіка: ) “Беларусы – гэта вельмі дзіўная рыса - людзі вельмі эканомныя. Мяне гэта ў свой час зьдзівіла. Мы з 1992 года вывучалі схільнасьць насельніцтва да ашчаджэньня, і высьветлілася , што узровень ашчаджэньня дасягае 20%. Для амэрыканца, магчыма, цяжка сябе уявіць, як можна эканоміць 20%”.

Тое, што адзначыў сп. Заіка – сапраўды глыбокая структура беларускай будзеннасьці, рыса нацыянальнага характару, вымераная статыстыкаю: бедныя беларусы ашчаджаюць большую частку сваіх даходаў, чым, прыкладам, куды больш багатыя за іх расейцы і нават амэрыканцы. Беларус апошнюю капейчыну, ператварыўшы яе, зразумела, у цэнт, адкладзе на “чорны дзень”, на дзяцей, на будучыню. Гэта, дарэчы, вельмі карысная якасьць з эканамічнага пункту гледжаньня: і хатняя гаспадарка, і грамадзтва ў цэлым, якія схільныя больш інвэставаць у будучыню, чым прамантачваць на спажываньне, маюць лепшыя пэрспэктывы. Але гэтая жыцьцёвая стратэгія дыктуе і пэўны стыль паводзінаў: чалавек, які, зарабляючы 20 даляраў, ашчаджае 4 даляры, сто разоў падумае, перш чым пратэставаць.

Ці вынікае з усяго сказанага, што жывуць беларусы добра? Зразумела, не. У першаю чаргу так мяркуюць прадстаўнікі найбольш актыўных сацыяльных групаў: моладзь, высокаадукаваныя людзі, жыхары вялікіх гарадоў. Для іх беларуская роўнасьць – роўнасьць могілак.
Нават тыя зь іх, хто жыве істотна лепш за сярэдні ўзровень, незадаволеныя сваім жыцьцём больш, чым зусім ужо гаротныя беднякі, якія баяцца пратэставаць, каб не згубіць тое, што маюць.
Нядаўна мой калега спытаў славутага амэрыканскага эканаміста Мілтана Фрыдмана: як доўга, на ягоны погляд, можа працягвацца беларускі эканамічны экспэрымэнт. “Бацька манэтарызму”, “капіталістычны Маркс” адказаў: “Як заўгодна доўга”.
Клясык - ён і ёсьць клясык, але ў стагодьдзі, якое днямі адыходзіць у мінулае, сьвет спачатку ня мог паверыць, што нялюдзкія таталітарныя сыстэмы кшталту савецкай наогул могуць існаваць колькі-небудь працяглы час. Нарэшце, пераканаліся, што могуць, упэўніліся нават, што існаваць гэтае ўтварэньне можа як заўгодна доўга. Ды нечакана яно развалілася, зьдзівіўшы сьвет другі раз за стагодзьдзе.
Выжываць на сваім доўгім шляху беларусы навучыліся. Цяпер бы жыць навучыцца.

Юры Дракахруст, Прага

XS
SM
MD
LG