Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьпіраль маўчаньня: нашыя меркаваньні, якія мы не падзяляем


Удзельнічаюць: Аляксей Талпыга, Сьвятлана Навумава.

(эфір 8.09.2000)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст

У савецкія часы быў такі анэкдот. У чалавека пытаюць: «Як Вы ставіцеся да ўнутранай палітыкі КПСС?» «Падзяляю і падтрымліваю». «А да зьнешняй палітыкі?» «Таксама падзяляю і падтрымліваю». «Слухайце, а асабістае меркаваньне ў Вас ёсьць?» «Зразумела, ёсьць, але я яго не падзяляю і не падтрымліваю».

Нібыта сышоў у нябыт час, калі выказваньне асабістага меркаваньня, адрознага ад меркаваньня уладаў, пагражала вялікімі непрыемнасьцямі. Хаця ў Беларусі ня надта і адышоў: для выказваньня сваёй думкі, часам, патрэбная грамадзянская мужнасьць, гатоўнасьць прайсьці праз зьбіцьцё, звальненьне з працы, а то і вязніцу. Але ёсьць і больш складаныя сацыяльныя мэханізмы, якія прымушаюць чалавека маўчаць, «не падзяляць і не падтрымліваць», як у анэкдоце, уласнае меркаваньне. Гэта ціск атачэньня, страх быць не такім, як усе, адрозьнівацца ад агульнапрынятага.

Нярэдка, прыгадваючы розныя, мякка кажучы, дзіўныя асаблівасьці беларусаў, мы прыгаворваем: «А вось на Захадзе …». Але якраз у дадзеным выпадку па-сутнасьці беларусы і не адрозьніваюцца ад іншых нацыяў.

Упершыню зьяву, пра якую мы гаворым, у 50-х гадох распачала вывучаць нямецкая дасьледчыца Элізабэт Ноэль Нойман. Падчас перадвыбарчых сацыялягічных дасьледаваньняў разам са звычайным пытаньнем «За каго будзеце галасаваць Вы асабіста?» Ноэль-Нойман пачала задаваць дадатковае «А як Вы лічыце, хто ў рэшце рэшт пераможа, за каго прагаласуе большасьць?». І высьветлілася, што адказы на другое пытаньне вызначаюць тэндэнцыю сапраўдных зьменаў меркаваньняў большасьці: чаканая большасьць робіцца сапраўднай большасьцю. Гэта – агульначалавечая асаблівасьць. Пра падобны прыклад зь нядаўняй палітычнай гісторыі Ўкраіны распавядае супрацоўнік кіеўскага цэнтру палітычных дасьледаваньняў і канфлікталёгіі Аляксей Талпыга.

(Талпыга: ) «На выбарах прэзыдэнта, якія ў нас адбыліся ў мінулым годзе, доўгі час амаль на адным узроўні паводле рэйтынгаў ішлі два кандыдаты – прэзыдэнт Леанід Кучма і Натальля Вітрэнка. За іх зьбіралася галасаваць амаль аднолькавая колькасьць выбаршчыкаў – прыблізна па 20 %. Але калі задавалі іншае пытаньне: “Хто пераможа на выбарах?”, то палова называла Кучму і толькі 5% – Вітрэнку. У выніку Кучма набраў не 50%, але і не 20%, а 37% у першым туры, а Вітрэнка набрала 10%”.

Гаварыў украінскі палітоляг Аляксей Талпыга.

Нямецкая дасьледчыца Ноэль-Нойман высьветліла цікавую псыхалягічную асаблівасьць: тыя, хто лічаць сябе ў большасьці, не хаваюць свае меркаваньні, публічна выказваюць іх, тыя, хто адчувае сябе ў меншасьці, пераважна маўчаць, ухіляюцца ад дэманстрацыі сваіх поглядаў. І што асабліва важна: чым грамчэй, чым больш гавораць тыя, хто ў большасьці, тым больш больш унушальнай, упэўненай ў сабе робіцца іх перавага. Чым маўклівей тыя, хто ў меншасьці, тым мацней сярод іх ваганьні і сумненьні, тым, так бы мовіць, «меншай меншасьцю» яны робяцца. Першапачатковая сытуацыя паўтараецца на новым, горшым для меншасьці, узроўні. Менавіта гэты мэханізм Ноэль-Нойман і назвала «сьпіральлю маўчаньня».

Гаворыць беларускі дасьледчык, супрацоўнік Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Сьвятлана Навумава.

(Навумава: ) «Сьпіраль маўчаньня” палягае ў тым, што чалавек хоча далучыцца да большасьці. Напрыклад, мы публікуем нейкія сацыялягічныя апытаньні і гаворым, што большасьць людзей думае пэўным чынам. І тады ў астатніх зьяўляецца спакуса думаць дакладна гэтак жа, як большасьць. Гэта просты мэханізм псыхалёгіі чалавека, але ён спрацоўвае кожнага разу з дзіўнай дакладнасьцю. Кажучы наогул, думаць інакш вельмі цяжка, гэта тое ж самае, што плыць супраць плыні. Таму людзі аддаюць перавагу таму, каб думаць як усе”.

Гаварыла беларускі палітоляг Сьвятлана Навумава.

“Сьпіраль маўчаньня” існавала заўсёды. Але пры зьяўленьні сродкаў масавай інфармацыі яе дзеяньне набыло асаблівую моц. Валоданьне мэдыямі – гэта валоданьне магчымасьцю вызначаць, хто ёсьць большасьць. Публікацыі вынікаў сацыялягічных дасьледаваньняў, пра якія казала спадарыня Навумава – толькі адзін, прычым далека ня самы папулярны, сродак “закручваньня “сьпіралі маўчаньня” мэдыямі. Дарэчы, шмат у якіх краінах за пэўны час да дня выбараў забаронена друкаваць вынікі перадвыбарчых апытаньняў менавіта дзеля таго, каб пазьбегнуць дзеяньня гэтай “сьпіралі”.

Але ёсьць сродкі больш традыцыйныя. Беларускія дзяржаўныя мэдыі кожны дзень гавораць, што “ўвесь беларускі народ, за выключэньнем невялічкай купкі” хоча аб’яднаньня з Расеяй, падтрымлівае Лукашэнку, і ўсё, што спатрэбіцца. І гэтыя няхітрыя прыёмы дзейнічаюць. Паводле ліпеньскага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў напярэдадні восеньскіх парлямэнцкіх выбараў колькасьці тых, хто гатовы галасаваць за уладных кандыдатаў, і тых, хто аддае перавагу кандыдатам незалежным ці апазыцыйным, амаль роўныя – прыблізна па 40%. Але ж суадносіны адказаў на пытаньне, за каго ж прагаласуе большасьць, зусім іншыя: ужо каля 60% лічаць, што большасьць аддасьць свае галасы кандыдатам-прыхільнікам Лукашэнкі і “партыі ўлады”, і толькі кожны чацьверты мяркуе, што перавага будзе на баку апазыцыйных і незалежных кандыдатаў. Такая ж карціна, дарэчы, назіраецца і ў меркаваньнях наконт прэзыдэнцкіх выбараў: гатовых галасаваць за Лукашэнку ці за іншага ўладнага кандыдата амаль столькі ж, колькі тых, хто мае намер галасаваць за апазыцыянэра ці незалежнага кандыдата. Але разам з тым прыкладна 60% упэўненыя, што пераможа ўсе ж такі Лукашэнка – гэта амаль удвая больш, чым тых, хто гатовы галасаваць уласна за яго.

Вось дзеяньне “сьпіралі маўчаньня”: прыхільнікі улады ўпэўненыя ў сабе, у тым, што яны складаюць большасьць. Гэтае меркаваньне, якое, як бачым, не адпавядае рэчаіснасьці, падзяляе зь імі і частка тых, каму існуючая улада ўпоперак горла. Цалкам магчыма, што некаторыя зь іх так і прагаласуюць: маўляў, што ж рабіць, альтэрнатывы няма, куды людзі, туды і я. Тыя, хто маўчыць, хто псыхалягічна адчувае сябе меншасьцю, ня ведаюць, што на самой справе ёю ўжо не зьяўляюцца.
І што ж з гэтага вынікае? Ці тое, што “сьпіралі маўчаньня” наканавана “скручвацца” далей, а псыхалягічнай, разгубленай меншасьці заставацца фактычнай меншасьцю? Ізноў гаворыць палятоляг Сьвятлана Навумава.

(Навумава: ) “Заўсёды існуюць асяродкі свабоднай думкі і свабоднага дзеяньня. Да канца гэтая “сьпіраль” ніколі не закручваецца. Каб можна было маніпуляваць усімі і заўсёды – такога ніколі не бывае. У гэтым і шчасьце чалавецтва, чалавека, што ён і паддаецца маніпуляцыі, і супраціўляецца ёй адначасна. Заўсёды ёсьць людзі, якія ня думаюць, як усе і ня робяць, як усе. Ім цяжэй, іх так ці інакш перасьледуюць, але менавіта гэтыя людзі потым “закручваюць” іншую “сьпіраль маўчаньня”.

Гаварыла палітоляг Сьвятлана Навумава.

У некаторых краінах межы скручваньня “сьпіралі маўчаньня” вызначаюцца іх палітычнай геаграфіяй: у іх ёсьць регіёны з вызначанымі палітычнымі густамі і прыхільнікі палітычных поглядаў, што складаюць меншасьць у агульнанацыянальным маштабе, могуць адчуваць сябе ўпэўненай большасьцю ў сваім рэгіёне. Ізноў гаворыць наш кіеўскі суразмоўца, палітоляг Аляксей Талпыга.

(Талпыга: ) “У нас сытуацыя такая, што ёсьць захад Украіны, дзе папулярныя палітыкі нацыянальнага, я б сказаў – нацыяналістычнага напрамку; ёсьць Усход, дзе папулярныя камуністы, ёсьць цэнтральная Ўкраіна, дзе найбольшы “ураджай” зьбіраюць палітыкі больш-менш цэнтрысцкага кірунку. Так што ў нас сапраўды ў кожнага палітыка ёсьць свая “ніша”. Але калі размова ідзе пра прэзыдэнцкія выбары, то тут трэба мець ня 10%, а як мінімум 25% для першага туру”.

Гаварыў украінскі палітоляг Аляксей Талпыга.

Прыклад цікавы, але Беларусі ён не зусім тычыцца, у нас рэгіянальныя палітычныя адрозьненьні ня вельмі істотныя. Але дадзеныя дасьледаваньняў сьведчаць пра тое, што і ў Беларусі сытуацыя са “сьпіральлю маўчаньня” не такая ўжо і адназначная – існуюць перадумовы “раскручваньня” яе ў супрацьлеглы бок. Сацыёлягі Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў пры аналізе сваіх апытаньняў вымяраюць групы перакананых прыхільнікаў і праціўнікаў кіраўніка дзяржавы.

Перакананыя прыхільнікі – гэта тыя, што гатовыя і галасаваць за Лукашэнку, і давяраюць яму, і называюць ідэалам палітыка. А перакананыя праціўнікі па ўсіх гэтых пазыцыях маюць супрацьлеглую думку. Звычайна чалавечым меркаваньням, асабліва ў пытаньнях высокай палітыкі, уласьцівая супярэчлівасьць, і таму колькасьць людзей, якія маюць пасьлядоўныя погляды – вельмі важны паказчык. Дык вось – зьява апошняга часу: рэзкае падзеньне колькасьці перакананых прыхільнікаў Лукашэнкі і рост колькасьці ягоных перакананых праціўнікаў: у ліпені апошнія пераважалі сваіх антаганістаў у 2,5 разы – 30% супраць 13%. Колькасьць гатовых галасаваць за Лукашэнку застаецца вялікаю, але мяняецца якасьць яго электарату, ён робіцца менш упэўненым у сваім куміры. Перакананасьць – гэта ня толькі асабістая якасьць, перакананыя – гэта тыя, хто пераконваюць іншых, тыя, хто гавораць. А раз гавораць, то “сьпіраль маўчаньня” можа “раскруціцца” і ў іншы бок.

Што можа падвесьці балянс гэтых супярэчлівых тэндэнцыяў? Адказ просты – выбары. Менавіта яны могуць паказаць псыхалягічнай меншасьці, што яна ўжо ня меншасьць. І грамадзскія наступствы гэтага пазытыўнага “шоку” значна пераважаюць арытмэтычную колькасьць абраных палітыкаў.

У Польшчы ў 1989 годзе на першых часткова свабодных выбарах «Салідарнасьць» фармальна зусім не атрымала перамогу, толькі праз пэўны час, дзякуючы пагадненьню Валэнсы з партыямі, якія да гэтага былі сатэлітамі кампартыі, «Салідарнасьць» атрымала права фармаваць урад. А прэзыдэнтам Польшчы ажно да пачатку 90-х гадоў заставаўся «бацька» ваеннага становішча, камуніст Ярузэльскі. Але, як заўважыў адзін польскі журналіст, у 1989 годзе ў дзень, калі Польшча даведалася пра вынікі выбараў, яна стала іншай краінай.

Юры Дракахруст, Прага

XS
SM
MD
LG