Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За што любяць прэзыдэнтаў: крытэры ацэнак кіраўнікоў дзяржаваў


Удзельнічаюць: Леанід Сядоў, Гжэгаш Сягноўскі, Фрэнк Н’юпарт.

(эфір 11.08.2000)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст

Прыгадваецца анэкдот пра полавае выхаваньне ў савецкай школе: “Дзеці, сёньня мы будзем гаварыць пра каханьне. Пра каханьне мужчыны і жанчыны вам ведаць яшчэ рана. Тэма уроку – любоў савецкага народу да камуністычнае партыі”.

Жарт жартам, але варта адзначыць, што стаўленьне народа, масавай сьвядомасьці да сваіх кіраўнікоў – пачуцьцё сапраўды даволі складанае і загадкавае.

Паводле дадзеных усіх сацыялягічных апытаньняў, у беларусаў няма аніякіх ілюзіяў як наконт свайго асабістага матэрыяльнага становішча, гэтак і наконт стану нацыянальнай эканомікі. Львіная доля апытаных канстатуе пагаршэньне эканамічных умоваў жыцьця як за апошні год, гэтак і за некалькі апошніх гадоў. Разам з тым рэйтынг кіраўніка дзяржавы ўвесь час утрымліваўся на дастаткова высокім узроўні і выглядаў слаба зьвязаным як з рэальным станам эканомікі, гэтак і з суб’ектыўнымі ацэнкамі людзьмі свайго становішча. Часам сувязь была нават адваротная – найбольш высокі рэйтынг за апошнія гады Лукашэнка меў у кастрычніку 1998 году – у самы разгар крызысу, імпартаванага ў Беларусь з Расеі, да якой менавіта Лукашэнка ўвесь час імкнуўся намёртва прывязаць краіну.

Нельга сказаць, што людзі проста ніяк не зьвязвалі праўленьне Лукашэнкі з пагаршэньнем эканамічнага становішча.
У чэрвені сацыёлягі НІСЭПД высьвятлялі, ці выканаў Лукашэнка, паводле меркаваньняў рэспандэнтаў, свае перадвыбарчыя абяцанні: памятаеце - “запусьціць заводы”, “вярнуць народу тое, што нарабавала мафія” і г. д.

60 % апытаных лічаць, што Лукашэнка здолеў аднавіць шчыльныя адносіны з Расеяй і Ўкраінай. Што тычыцца астатніх абяцаньняў, то, паводле грамадзкай думкі, тут кіраўнік дзяржавы меў сьціплы посьпех. З тым, што Лукашэнка здолеў “запусьціць заводы”, згодны толькі кожны трэці апытаны, што падняў міжнародны прэстыж Беларусі – толькі кожны чацьверты. І ўжо зусім невялічкая колькасьць людзей упэўненая, што былі выкананыя эканамічныя абяцаньні: толькі кожны дзясяты лічыць, што Лукашэнка падтрымаў прадпрымальнікаў і абараніў іх ад дзяржаўнага “рэкету”. Прыкладна столькі ж згодныя з тым, што кіраўнік здолеў кампэнсаваць уклады ў ашчадбанку, яшчэ менш людзей вераць, што нарабаванае мафіяй было за апошнія 6 гадоў вернутае народу.

Аднак эмацыйныя чыньнікі пераважалі і відавочнае пагаршэньне жыцьця, і невыкананьне абяцанняў. У часткі насельніцтва спрацоўваў, магчыма, мэханізм атаясамленьня з кумірам. Гэтыя людзі меркавалі: “Лукашэнка робіць тое, што на ягоным мейсцы рабіў бы і я. Ну а калі вынік атрымліваецца ня надта добры – значыць вінаваты нехта, а не ён. Яму “мяшаюць”.

Але гэты мэханізм, пры ўсёй яго ўстойлівасьці ня можа дзейнічаць вечна. Калі раней рэйтынг Лукашэнкі проста вагаўся, то ў апошнія два гады папулярнасьць кіраўніка дзяржавы паступова але няўхільна зьніжаецца – з чэрвеня па ліпень, паводле апытаньня НІСЭПД, рэйтынг Лукашэнкі ізноў упаў, прычым істотна – на 5%, і складае зараз 34%. Незадаволенасьць жыцьцём нарэшце ўсе ж такі адбіваецца на стаўленьні да кіраўніка дзяржавы.

Цяперашняя расейская сытуацыя вельмі падобная да беларускай. Паводле ліпеньскага апытаньня Ўсерасейскага Цэнтру вывучэньня грамадзскае думкі, вялікіх посьпехаў у дзейнасьці свайго новага кіраўніка расейцы ня бачаць. Чачэнскую вайну лічыць паспяховаю толькі кожны пяты, менш траціны апытаных адзначаюць, што Пуцін здолеў палепшыць стан эканомікі, менш паловы рэспандэнтаў мяркуюць, што парадку ў Расеі пры Пуціне стала больш. Але ўхваляюць яго дзейнасьць на пасадзе прэзыдэнта больш за 70 % апытаных.

Свой погляд на гэты парадокс выкладае вядучы навуковы супрацоўнік Усерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзскае думкі Леанід Сядоў:

(Сядоў: ) “Гэты высокі рэйтынг ухвалы дзейнасьці Пуціна на пасадзе прэзыдэнта вызначаецца перш за ўсё ня нейкімі канкрэтнымі дасягненьнямі – на гэты конт у нашай публікі якраз пакуль што дастаткова скептычны погляд, – а яго іміджам, выглядам валявога, моцнага палітыка, які мае харызматычны арэол. Нашыя людзі ня надта рацыянальныя, і ў адной галаве часам могуць суіснаваць зусім несумяшчальныя пазыцыі, і гэта мы назіраем вельмі часта.
Пакуль народ даруе Пуціну і адсутнасьць відавочных зьменаў у матэрыяльным становішчы, і няўдачу ў чачэнскай вайне, якая відавочная ўжо ня толькі элітам, але і шырокім слаям насельніцтва. А трымаецца папулярнасьць Пуціна ў найбольшай ступені на яго міжнародных дасягненьнях: “Ён узьняў прэстыж нашай краіны” – з гэтым згодная большасьць. Гэты фактар зьяўляецца вельмі важным. На гэтым нацыянальным самалюбстве, жаданьні, каб нас паважалі (адсюль і спрадвечнае расейскае “Ты мяне паважаеш?”), – на гэтым шмат што трымаецца. Вось Пуцін так сябе паставіў. І пакуль гэтая поза ня будзе абвергнутая падзеямі, яна вельмі выйгрышная і на ёй можна будзе трымацца дастаткова даўгі час”.

Гаварыў расейскі сацыёляг Леанід Сядоў.

Як бачым, і ў Беларусі, і ў Расеі стаўленьне людзей да першай асобы ў значнай ступені грунтуецца ня столькі на прызнаньні нейкіх зьдзяйсьненьняў, колькі на іррацыянальных сымпатыях, на адпаведнасьці іміджу кіраўніка народным чаканьням і спадзяваньням. У значнай ступені гэта, безумоўна, спадчына савецкага часу, а, магчыма, карані палягаюць нават глыбей – у праваслаўна культуры зь яе сакральным стаўленьнем да ўлады.

Але вось дадзеныя па “флягману руху ў Эўропу” – па Польшчы. У мінулай перадачы мы ўжо распавядалі пра тое, што рэйтынг Квасьнеўскага вышэй за 60% і перавышае рэйтынгі яго канкурэнтаў больш, чым у 6 разоў. Але вось што цікава: сацыёлягі польскай агенцыі “Дэмаскоп” вырашылі даведацца, паводле якіх матываў палякі робяць выбар на карысьць таго ці іншага палітыка. І высьветлілася, што найбольш распаўсюджаны адказ - “Таму што ён падаецца мне найбольш прыдатным на пасаду прэзыдэнта”. Гэтыя ня надта рацыянальныя адказы пераважаюць у групах прыхільнікаў амаль кожнага кандыдата, але найбольшая колькасьць тых, хто адказвае такім чынам – менавіта сярод прыхільнікаў Квасьнеўскага – амаль 70%. Галасаваць за Квасьнеўскага, за ягоныя палітычныя погляды будуць толькі 10%, толькі 2% пазначылі ў якасьці матыву зьнешні выгляд дзеючага прэзыдэнта, 11 % спаслаліся на матыў “найменшага зла”: іншыя кандыдаты, маўляў, горш.

Матывацыя, як бачым, ня надта адрозьніваецца ад беларускай ці расейскай: “Падабаецца і ўсе”. І ня ў тым сэнсе падабаецца, што прыгожы – такіх адказаў, нагадаем, толькі 2%, а падабаецца менавіта ва ўладнай ролі. Гэтыя вынікі тлумачыць супрацоўнік варшаўскай агенцыі “Дэмаскоп” Гжэгаш Сягноўскі.

(Сягноўскі: ) “Можна сказаць, што Квасьнеўскі ўжо зацьвердзіў сябе ў гэтай ролі ва ўяўленьні гэтых апытаных асобаў, і яны ня маюць патрэбы шукаць нейкіх іншых кандыдатаў. Вельмі вялікую ролю адыгрывае менавіта той факт, што Квасьнеўскі ўжо ёсьць прэзыдэнт. Я мяркую, камфортнасьць становішча Квасьнеўскага ў тым, што ён ужо мае за сабою 5 гадоў прэзыдэнцтва. Людзі ведаюць, чаго ад яго можна чакаць, і менавіта таму на дадзены момант яны аддаюць яму перавагу”.

Гаварыў польскі сацыёляг Гжэгаш Сягноўскі.

У яго меркаваньнях варта адзначыць важны момант: частка людзей схільная падтрымліваць існуючую ўладу толькі таму, што яна ўлада, бо вядома, чаго ад яе можна чакаць. Гэта – апошні рэзэрв улады, яны падтрымліваюць яе нават тады, калі ўсе астатнія ўжо прагнуць пераменаў. Але польскі досьвед не зусім тоесны беларускаму і расейскаму – польская эканоміка знаходзіцца зараз на пад’ёме, у зьнешняй палітыцы правалаў таксама не назіраецца.

А вось прырода ацэнак прэзыдэнтаў у ЗША – цалкам супрацьлеглая беларускай. Гаворыць Фрэнк Н’юпарт, галоўны рэдактар часопісу Gallup polls, які выдае ўсясьветна вядомы сацыялягічны цэнтар Гэллапа.

(Н’юпарт: ) “Калі Вы пытаеце людзей, як Клінтан кіруе эканамікай, яны адказваюць, што ён гэта робіць добра. Але на пытаньне пра яго маральнае аблічча, чалавечыя якасьці, на працягу апошніх некалькіх гадоў ён атрымлівае вельмі нізкія адзнакі. Тым ня менш, калі вызначаецца агульная ацэнка, то сярод сваіх папярэднікаў Клінтан выглядае даволі няблага: 57-59% апытаных ухваляюць яго дзейнасьць як прэзыдэнта.

Галоўныя фактары, што вызначаюць ацэнку прэзыдэнта – гэта эканоміка і зьнешняя палітыка. Гістарычна гэтыя фактары заўсёды бралі перавагу над асабістымі характарыстыкамі прэзыдэнта. Напрыклад, у апошнія гады свайго прэзыдэнцтва Рэйган атрымліваў надзвычай высокія ацэнкі яго асабістых якасьцяў. Людзі любілі Рэйгана, але ставілі яму ня надта высокія адзнакі, як прэзыдэнту. Тое ж самае было і з Картэрам.

Як толькі пагаршаецца эканоміка і людзі ўсьведамляюць гэта, ацэнка прэзыдэнта як кіраўніка дзяржавы адразу ж падае. Я ня памятаю выпадку, каб эканоміка была дрэннаю, а прэзыдэнт меў бы высокія адзнакі сваёй дзейнасьці. Калі такое адбываецца ў Беларусі, што людзі пры дрэннай эканоміцы высока ацэньваюць прэзыдэнта, дык у нас гэта немагчыма”.

Гаварыў амэрыканскі сацыёляг Фрэнк Н’юпарт.

Як бачым, у амэрыканскай грамдзкай свядомасьці ацэнка асабістых якасьцяў кіраўніка, нават любоў да яго, зусім ня вызначаюць яго ацэнку як прэзыдэнта. Цікава адзначыць, што ў адрозьненьне ад амэрыканцаў якраз беларусы дэманструюць даволі высокія сымпатыі да амэрыканскага прэзыдэнта – у Беларусі ў апошнія гады да зьяўленьня Пуціна Клінтан па пытаньні пра палітыка, які найбольш падабаецца, займаў другое мейсца пасьля Лукашэнкі. Росквіт амэрыканскай эканомікі, за які амэрыканцы даруюць свайму прэзыдэнту пэўныя маральныя асаблівасьці, на беларусах ніяк не адбіваецца. І свайго, і амэрыканскага лідэраў яны ацэньваюць паводле зусім іншых крытэраў.

Юры Дракахруст

XS
SM
MD
LG