Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталіца і Вандэя: роля Менску ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі.


Удзельнічаюць: Сямён Домаш, Міхась Залескі, Зянон Пазьняк, Юры Хадыка.

(эфір 2.06.2000)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст

“Сталіца пераймае ў вёскі ролю апірышча нацыянальнага духу”, “У 50-х гадох ніводзін горад ад Дняпра да Тэмзы ня рос хутчэй за Менск”, “Менск можа стаць для Беларусі не Парыжам, а Бухарэстам”, “Менск яшчэ 100-200 гадоў ня будзе духоўным цэнтрам Беларусі”, “Для правінцыі Менск – сталіца ўлады і апазыцыі” – вось некаторыя тэзы, якія вы пачуеце ў сеньняшняй праграме.

Вызначэньне “Беларусь – Вандэя перабудовы”, дадзенае Алесем Адамовічам ў канцы 80-х гадоў, ўскаланула тады ўсю рэспубліку. Хто ўзрадваўся, хто абурыўся, хто задумаўся. Самае гэтае вызначэньне магло нарадзіцца толькі ў рамантычнай атмасфэры перабудоўчага вызваленьня. З гістарычнага пункту гледжаньня цяжка сказаць, на чыім баку была праўда: рэвалюцыйнага Парыжу, які насаджаў “свабоду, роўнасьць і братэрства” рабэсп’ераўскаю гільяцінай, ці неадукаваных сялянаў з поўначы Францыі, якія захавалі вернасьць царкве і каралю. Але слова было сказанае, вызначэньне дадзенае.

Як ня дзіўна, неўзабаве пасьля гэтага Беларусь нібыта абвергла такую адзнаку: выбухнула мітынгам на Курапатах, зьяўленьнем БНФ, а потым, у красавіку 1991 году – магутным страйкам, які стаў адным з апошніх цьвікоў ў труну СССР і КПСС. Цяпер мы жывем ў незалежнай краіне, даўно ўжо няма той вонкавай сталіцы, цэнтру, адносна якога Беларусь, як цэлае, магла б выглядаць Вандэяй.

Так што зараз мы самі сабе і Парыж і Вандэя. “У Нясьвіжы – як у Парыжы, у Прапойску – усё па-свойску, у Віцебску – вельмі кепска, у Воршы – яшчэ горша” – падобныя прымаўкі пра сябе і пра суайчыньнікаў з іншых рэгіёнаў краіны складае, відаць, кожны народ. На сваю сталіцу букчыць, бадай, кожная нацыя, але да яе – асаблівыя адносіны, яна – заканадаўца палітычнае моды. Але якую моду дыктуе Беларусі Менск?

Досьвед найноўшае палітычнае гісторыі краіны сьведчыць пра тое, што Менск – лідэр ня толькі дэмакратычных, але і незалежніцкіх настрояў. Вось меркаваньне на гэты конт старога менчука, намесьніка старшыні БНФ Юрася Хадыкі.

(Хадыка: ) “Традыцыйна вёска зьяўляецца апірышчам нацыянальных традыцыяў, крыніцаю нацыянальнага адраджэньня. Я мяркую, што ў пэрспэктыве так будзе і ў Беларусі, калі вёска будзе разьняволеная з-пад кантролю “чырвоных памешчыкаў”. Зараз такая сытуацыя, што больш дынамічны і больш палітычна падрыхтаваны горад пераймае гэтую ініцыятыву”.

Пра вылучнае становішча Менску сьведчаць ня толькі шматлікія і шматлюдныя апазыцыйныя мітынгі, – гэта пацьвярджаецца таксама і вынікамі як усенародных галасаваньняў, гэтак і сацыялягічных апытаньняў. У Вярхоўных Саветах 12-га і 13-га скліканьняў доля менчукаў сярод апазыцыі істотна пераважала іх адсотак у агульным дэпутацкім корпусе. І на двух рэфэрэндумах, пры ўсёй іх сфальсыфікаванасьці і нелегітымнасьці, і на прэзыдэнцкіх выбарах Лукашэнка атрымліваў найменшую колькасьць галасоў у падтрымку менавіта ў Менску.

Асаблівасьць Беларусі палягае ў тым, што ў ёй няма рэгіёну народнага нацыяналізму. Нават малаадукаванага селяніна ва ўкраінскай Галіччыне ня трэба пераконваць у каштоўнасьцях нацыяналізму: у яго, хутчэй за ўсё, дзед ваяваў з бальшавікамі ды з Масквою, бацька ваяваў, а трэба будзе – ён сам з пуні стрэльбу дастане. Ну стрэльбу ня стрэльбу, але менавіта Захад Украіны раз за разам галасуе за дэмакратаў і нацыяналістаў. Такога рэгіёну ў Беларусі няма.

Але нацыянальнае – гэта палітычная ідэя, яна ня зводзіцца да этнічнасьці і нават да гісторыі. Гэтая ісьціна, якая стала банальнасьцю ў Заходняй Эўропе, у Беларусі прымае нават парадаксальныя формы. Напрыклад, паводле сацыялягічных апытаньняў і вынікаў галасаваньня на рэфэрэндуме 1995 года рэгіёны краіны, найбольш адданыя ідэі незалежнасьці – гэта рэгіёны з найменшай доляй этнічных беларусаў: Гарадзеншчына і Менск. Паводле перапісу, Менск – регіён, дзе доля этнічных расейцаў – найбольшая, а доля беларусаў, якія называюць роднай беларускую мову, – найменшая. Але ў 1995 годзе на рэфэрэндуме нават па пытаньні пра наданьне расейскай мове статусу роўнага з беларускаю ў зрусыфікаванай сталіцы станоўчы адказ даў такі ж адсотак выбаршчыкаў, як і на Гарадзеншчыне, і значна меншы, чым у іншых регіёнах краіны. Ну а ў пытаньнях інтэграцыі з Расеяй і дзяржаўных сымбалях, больш далёкіх ад этнічнасьці, Менск быў абсалютным лідэрам ў ступені непрыняцьця прапановаў Лукашэнкі.

Можна, зразумела, спаслацца на тое, што блізкасьць значнай колькасьці людзей іншай культуры ў пэўнай ступені мабілізуе нацыянальныя пачуцьці. Але больш натуральным падаецца, што галоўную ролю тут адыгрывае сам па сабе фактар сталіцы. Менавіта сталічныя жыхары ў найбольшай ступені выйгралі ад набыцьця краінаю незалежнасьці, ператварэньня правінцыйнага гораду вялікай імпэрыі ў цэнтар самастойнае дзяржавы. Гэтыя здабыткі не заўжды нават матэрыяльныя, гэта і падвышэньне прэстыжу, пашырэньне жыцьцевых магчымасьцяў.

Ізноў гаворыць Юрась Хадыка

(Хадыка: ) “Як я памятаю, ў канцы 40-х-пачатку 50-х гадоў Менск быў, калі ня сэрцам, дык ва ўсякім выпадку беларускім горадам. Хаця была вялікая колькасьць яўрэяў, але гэта – традыцыйны складнік насельніцтва беларускіх гарадоў. Зараз ён значна зьнізіўся, але тады гэта было вельмі адчувальна. Потым пайшоў працэс саветызацыі і камунізацыі і, зразумела ж, недзе ў 70-е гады Менск згубіў выразныя рысы нацыянальнае сталіцы. Аднак зараз гэтая роля робіцца ўсё больш арганічнай. Гэта ня толькі тое, што Менск зьяўляецца цэнтрам палітычнае актыўнасьці, але й цэнтрам культурных ініцыятываў, цэнтрам маладзёвага руху адраджэнскага кшталту (што асабліва прыемна). Мне падаецца, што Менск усё болей набывае рысы нацыянальнае сталіцы”, – Лічыць Юрась Хадыка.

І ўсё ж, адрозьненьні беларускае сталіцы ад правінцыі ня надта вялікія. Ёсьць шмат фактараў, якія, так бы мовіць, працуюць супраць павелічэньня гэтых адрозьненьняў.

Адзін з галоўных – гэта гісторыя станаўленьня Менску як сталіцы. Юрась Хадыка ужо казаў пра працэс саветызацыі гораду ў пасьлеваенны час. Але – чарговы менскі парадокс: менавіта параз гэтую саветызацыю Менск паўставаў, як цэнтар краіны. Дарэчы, працэс, які, магчыма, сапраўды выглядаў, як страта городам нацыянальных рысаў, быў, хаця б з пункту гледжаньня статыстыкі, якраз працэсам беларусізацыі Менску: з 1959 па 1989 год доля этнічных беларусаў сярод менчукоў ўзрасла з 63 да 71 адсоткі. Тлумачэньне гэтага парадоксу прапануе сацыёляг, экспэрт Незалежныга інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Міхась Залескі.

(Залескі: ) “Гавораць, у Слуцку – усё па людзку, а ў Менску – самі ведаеце як. Пачалося ўсё ў 1944 годзе. Вызваленьне, разбуранае места, побач зь якім распачалі супэрбудоўлю супэрзаводаў, дасьледчых інстытутаў, навучальных установаў – усяго таго, што было разьлічанае па магутнасьці не на Беларусь, а на адну шостую Зямлі. З усіх беларускіх абшараў пацягнуліся ў горад па грошы, а галоўнае, далей ад калгаснага ладу, маладыя людзі. І ня самыя нягеглыя, небаракі, а тыя, у каго бацькі былі талковыя, і бацькі ім раілі: “Як няма зямлі, пачынай плішчыцца ў вайскоўцы і гарадзкія”. І вось гэтая “расьліна” пачала расьці. Хутчэй за Менск не павялічваўся ніводзін горад ад Дняпра да Тэмзы. І вось ў гэтым катле пачалося фармаваньне паваеннай эліты нашае нацыі. Можа, ня вельмі адукаванай на эўрапейскі капыл, але вельмі пасыянарнай. Гэтую эліту ўзгадавалі партыя, войска, ваенна-прамысловы комплекс і КДБ. І ўся яна была зьнітаваная моцнымі ідэалягічнымі сувязямі. А потым гэтыя сувязі раптам зьніклі.
Уявіце сабе, колькі засталося недагадаваных элітчыкаў, у якіх кавалак выцягнулі з-пад самага носу. Вось яны і паселі вакол свайго лідэра і падперлі яго з ўсіх бакоў”.

Гаварыў сацыёляг Міхась Залескі.

Сапраўды, за 40-х гадоў насельніцтва Беларусі павялічылася толькі на чвэрць, а менчукоў за гэты ж час паболела ўтрая. Нават зараз ва ўскраінных раёнах Менску жыцьцё падобнае не на сталічнае, а на існаваньне ў мястэчку ці вёсачцы. Гэтыя новыя менчукі прынесьлі з сабой у горад патрыярхальную культуру, у тым ліку, і палітычную.
Адсюль і дваістасьць іх палітычных паводзінаў: Менск адначасна і цэнтар дэмакратыі, і цэнтар консэрватызму. “Недаробленасьць” Менску, як гораду, спрыяе таму, што ў выпадку нацыянальнае крызы сталіца можа адыграць ролю зусім не Парыжу.

Ізноў гаворыць Міхась Залескі:

(Залескі: ) “Хутчэй стане Бухарэстам, а не Парыжам. Бо людзі, якія пойдуць з Серабранак і Чыжовак, яны прэтэнзіяў да ўлады ня маюць. Яны маюць прэтэнзіі да крамаў кшталту “Прэстан-маркет” і “Эўрапейскі”, яны маюць прэтэнзіі да “Мэрсэдэсу” чорнага, яны маюць прэтэнзіі да міліцыянта, як да клясавага ворага. І іх палітычныя зьмены не цікавяць. Можа, я песыміст, але ў мяне прагноз такі. Тут ў Менску людзей можна давесьці да люмпенскага, эмацыйнага, “чорнага” выбуху”.

Лічыць сацыёляг Міхась Залескі.

Яшчэ адной праблемай Менску зьяўляецца яго недастатковая гістарычная “легітымнасьць”. Для ангельца ці расейца, напрыклад, адпаведна Лёндан і Масква – сталіцы спрадвеку. Нават украінец можа абаперціся на гістарычную традыцыю, якая сягае далёка за межы савецкага часу – нават у афіцыйнай расейскай гісторыяграфіі “Кіеў – маці гарадоў рускіх”. А Менск стаў сталіцай амаль адначасна з набыцьцём Беларусьсю савецкае квазідзяржаўнасьці. “Ці можа Менск стаць для Беларусі Парыжам”? – на гэтае пытаньне адказвае кіраўнік Кансэрватыўна-Хрысцьянскае Партыі БНФ Зянон Пазьняк.

(Пазьняк: ) “Менск ня мае такіх магчымасьцяў, якія мелі старыя духоўныя, гістарычныя сталіцы. Менск як сталіца аформіўся толькі з 1918 году. Таму пэрспэктывы, зьвязаныя толькі зь яго адміністрацыйным становішчам, канцэнтрацыяй насельніцтва, існаваньнем там ўрадавых ўстановаў (што немалаважна), навучальных установаў, у яго значна меншыя, чым у старых сталіц, ці калі б сталіцаю была Вільня. Сталіца як адміністрацыйны, духоўны і культурны центар складаецца і ствараецца цягам гістарычнага разьвіцьця. Менск жа зьяўляецца новай, даволі штучнай адміністрацыйнай сталіцай, духоўным цэнтрам гэтая сталіца не зьяўляецца і ў бліжэйшай пэрспэктыве, на 100-200 гадоў, і ня будзе”.

Гаварыў Зянон Пазьняк.

Што будзе праз 100 гадоў – ведае няшмат людзей. Але варта зьвярнуць ўвагу на меркаваньні неменчукоў. Вось, напраклад, што піша ў апошнім нумары “Свободных новостей” грамадзкі дзеяч з Гомлі, былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Юры Варонежцаў: “Паняцьце “эліта”, на мой погляд, больш варта ўжываць у дачыненьні да суседніх краінаў: Польшчы, Літвы, Латвіі. У нас жа дадзены тэрмін, актуальны бадай, толькі ў сталіцы. У Гомлі ўзьнікае час ад часу адчуваньне адарванасьці ад палітычнага “бальшаку”, – кажа Юры Варонежцаў.

Пра цікавыя зьмены ў сьвядомасьці распавядае дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, былы старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Домаш:

(Домаш: ) “Калісьці, ў пачатку 90-х гадоў, многія гарадзенцы, можа і абсалютная большасьць, лічылі, што сталіца – гэта той горад, які высмоктвае з Гарадзенскае вобласьці ўсе прадукты харчаваньня. І стаўленьне было да менчукоў, да гэтага гораду, да ўладаў, якія прытрымліваюцца такога накірунку – адмоўнае. Зараз такая думка зьнікла, у гарадзенцаў ужо няма размоваў на гэты конт. Калі зьбіраць агульныя меркаваньні, як зараз ставяцца да Менску жыхары Гарадзеншчыны, то зразумела, што ён лічыцца цэнтрам, сталіцай нашай Рэспублікі, цэнтрам ўлады цяперашняй, і, так ўжо здарылася, таксама лічыцца, што гэта цэнтар апазыцыі”.

Гаварыў Сямён Домаш.

Менск прымушаюць ператварацца з адміністрацыйнага цэнтру ў “сэрца краіны” ня толькі ўнутраныя чыньнікі: спыненьне імклівага росту гораду, барацьба за дэмакратыю і незалежнасьць, нарэшце, проста час існаваньня ў якасьці сталіцы. Ня менш важнае – погляд краіны. Падаецца, што “стрэлка компасу” беларускай правінцыі пераключылася з Масквы на Менск ўжо даволі даўно. А, як той казаў, “караля робіць сьвіта”. Гэтаму, як ні парадаксальна, спрыяе нават і усталяваная дыктатура: канцэнтрацыя ўлады ў цэнтры спараджае і канцэнтрацыю ў цэнтры апазыцыі ёй, прымушае краіну глядзець на сталіцу, як на месца, дзе вырашаецца яе лёс.

Сталіцы старой Эўропы, на якія спасылаецца Пазьняк, таксама часьцей за ўсё ствараліся не як адмысловыя духоўныя цэнтры, а як цэнтры ўлады, цэнтры барбарскіх каралеўстваў. Менск ўжо пачаў свой шлях ад старажытнае Лютэцыі да сучаснага Парыжу. Шлях гэты, варта спадзявацца, не такі, як наканаваў Пазьняк, але, безумоўна, даўгі.

Юры Дракахруст

XS
SM
MD
LG