Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэвалюцыі выбарчых скрыняў: Сэрбія, сьнежань 2000 году.


Удзельнічаюць: Айя Кугі, Ліліяна Бачавіч.

(эфір 5.01.2001)

Аўтар і вядучы: Юры Дракахруст

“Скончым справу” – такім быў лёзунг сэрбскіх дэмакратаў напярэдадні выбараў у парлямэнт. Меўся на увазе працяг верасьнёўскага “электаральнага цуду”, калі кандыдат аб’яднанай апазыцыі Каштуніца перамог дыктатара Мілошавіча, які здаваўся непераможным.
На гэты раз “цуд” быў прадказальным – посьпех блёку Дэмакратычная апазыцыя Сэрбіі на парлямэнцкіх выбарах прадказвалі ўсе сацыялягічныя службы. Паводле дадзеных Цэнтарвыбаркаму, на выбарах 23 сьнежня за гэты блёк аддалі свае галасы 64% выбаршчыкаў, сацыялістычная партыя Мілошавіча атрымала толькі 13%, адпаведна 9% і 6% заваявалі дзьве ўльтранацыяналістычныя групоўкі: Радыкальная партыя Сэрбіі і партыя Сэрбскага адзінства. Такім чынам назва дэмакратычнага блёку – Дэмакратычная апазыцыя Сэрбіі – страціла сэнс, дэмакраты сталі кіруючай партыяй.

На наступны дзень пасьля выбараў кандыдат ў прэм’еры ад дэмакратаў Зоран Джынджыч заявіў:

(Джынджыч: ) “На нас ускладзены велізарны абавязак. Мы ўдзячныя грамадзянам за выдадзены нам мандат на рэформы. Мы выдатна разумеем, што гэта мандат не на тое, каб уладарыць Сэрбіяй – гэта мандат на перамены ў Сэрбіі”.

Толькі пасьля сьнежаньскіх парлямэнцкіх выбараў сэрбскія дэмакраты атрымалі рэальныя ўладныя паўнамоцтвы, рэальную магчымасьць зламаць сыстэму падаўленьня і карупцыі, створаную Мілошавічам. Ці здолеюць яны зрабіць гэта – пакажа будучыня. Мы ж зараз засяродзім увагу на некаторых асаблівасьцях сьнежаньскай выбарчай кампаніі.
Відавочна, што і палітычна, і псыхалягічна яна была працягам верасьнёўскага трыюмфу Каштуніцы. Але тады яго перавага над Мілошавічам склала некалькі адсоткаў; паводле любых падлікаў, як мінімум траціна выбаршчыкаў галасавала тады за дзейнага прэзыдэнта. Прыкладна столькі ж набрала тады на выбарах у федэральны парлямэнт і Сацыялістычная партыя Мілошавіча. Праходзіць тры месяцы – і партыя ўчорашняга ўладара набірае ў пяць разоў менш галасоў, чым дэмакраты. Чаму? Чаму за такі кароткі тэрмін электарат сацыялістаў “схуднеў” амаль на дзьве траціны? Свой адказ на гэтае пытаньне прапануе карэспандэнт расейскай службы Радыё Свабода ў Югаславіі Айя Кугі.

(Кугі: ) “Гэта канчатковая параза рэжыму Мілошавіча адбылася з-за шэрагу чыньнікаў. Галоўнае – гэта зьмена грамадзкай атмасфэры, адчуваньне краху ранейшай сыстэмы. Пасьля перамогі Каштуніцы прыйшла свабода слова. Мэдыі за гэтыя месяцы шмат паведамлялі пра скандальную карупцыю пад час праўленьня Мілошавіча, пра тое, як узбагацілася яго сям’я і ўся дзяржаўная вярхушка. Сваю ролю тут адыграў і псыхалягічны эфэкт – схільнасьць людзей галасаваць за пераможцу. Варта адзначыць і тое, што за гэтыя месяцы надзвычай папулярным стаў новы прэзыдэнт Ваіслаў Каштуніца”.

Гаварыла журналістка Айя Кугі. У яе меркаваньнях варта адзначыць два моманты. Першае – раскручваньне “сьпіралі маўчаньня”, пра якую мы шмат разоў казалі ў нашых праграмах. Да верасьня панавала думка, што Мілошавіч пераможа ў любым выпадку. І раптам ён прайграў, высьветлілася, што ён не “Кашча бесьсьмяротны”, а звычайны слабы чалавек. І “сьпіраль маўчаньня” пачала рэзка раскручвацца ў іншы бок, дэмаралізуючы прыхільнікаў учорашняга куміра. Пра цікавую асаблівасьць электаральных паводзінаў распавядае дырэктар Бялградзкага інстытуту сацыяльных дасьледаваньняў і вывучэньня грамадзкай думкі Ліліяна Бачавіч.

(Бачавіч: ) “Паводле нашых апытаньняў я мяркую, што значная колькасьць тых, хто ў верасьні галасаваў за Мілошавіча, фактычна байкатавалі сьнежаньскія выбары, бо лічылі, што сацыялісты ўсё роўна прайграюць. Немалая частка былога электарату сацыялістаў на парлямэнцкіх выбарах у Сэрбіі галасавала за іншыя партыі. Калі гаварыць пра сутнасныя прычыны, то падзеньне папулярнасьці Сацыялістычнай партыіі тлумачыцца тым, што выбаршчыкі ўсьведамілі яе сапраўдную прыроду. Яны зразумелі сапраўдныя вынікі 10-гадовага кіраваньня сацыялістаў: галеча, санкцыі, міжнародная ізаляцыя, вайна, бамбаваньні НАТА. Гэтае ўсьведамленьне вынікаў кіраваньня Мілошавіча падштурхнула людзей у бок дэмакратычнай апазыцыі”.

Гэта была сацыёляг Ліліяна Бачавіч. Значная колькасьць тых, хто мог бы прагаласаваць за сацыялістаў, былі настолькі ўпэўненыя ў іх паразе, што не пайшлі на выбары, адмовіліся ад барацьбы. І тым самым зрабілі паразу партыі Мілошавіча яшчэ больш сакрушальнаю. Навідавоку эфэкт чаканьняў, якія рэалізуюць самі сябе.

Гэта, дарэчы, цікавая асаблівасьць палітычнай рэчаіснасьці канца ХХ стагодзьдзя: пасьля першай жа паразы жорсткія рэжымы рассыпаюцца, як картачны дамок. Пасьля французскай і расейскай рэвалюцыяў на абарону старога рэжыму са зброяю ў руках падымаліся сотні тысячаў людзей, пад час “аксамітных” рэвалюцыяў ва Ўсходняй Эўропе, у тым ліку і ў Сэрбіі, прайграўшы рэжым імгненна страчваў літаральна ўсіх сваіх прыхільнікаў.

Яшчэ адна больш практычная прычына паразы сацыялістаў на сьнежаньскіх выбарах ў Сэрбіі, пра што ўжо казала сп-ня Кугі, – вал выкрывальнай інфармацыі, які абрынуўся на людзей з экранаў тэлевізараў і са старонак газэтаў. Рэформы, вяртаньне ў Эўропу – лёзунгі прывабныя, але на масы людзей дзейнічаюць рэчы куды больш простыя.

Тое, што ўлада крадзе, неяк здагадваліся, зразумела, усе, што ў Сэрбіі, што ў Беларусі. Але калі мэдыі гавораць гэта публічна, гучна, на ўсю краіну, з сумамі, нумарамі рахункаў, назвамі фірмаў – былыя кіраўнікі губляюць апошніх прыхільнікаў: мала хто можа захаваць вернасьць палітыкам, якіх грамадзкая думка і мэдыі лічыць злодзеямі. Кампанія выкрывальніцтва карупцыі былога рэжыму, калі і была арганізаваная цяперашнімі ўладамі, дык толькі часткова.
Ізноў гаворыць Айя Кугі:

(Кугі: ) “Я не магу сказаць, што новыя ўлады ўсталявалі нейкі кантроль над мэдыямі. Але цікава адзначыць, што дзяржаўнае тэлебачаньне, дзяржаўныя выданьні, прыкладам, галоўная газэта “Палітыка”, якія былі самым моцным апірышчам рэжыму Мілошавіча, зараз сталі вельмі паслужлівымі перад новымі ўладамі, асабліва перад прэзыдэнтам Каштуніцам. І не таму, што хтосьці ад іх гэтага патрабуе – ніякай цэнзуры няма. Відаць, справа ў тым, што яны прызвычаіліся так працаваць. Але і ў незалежным друку пакуль вельмі мала крытыкі на адрас новых уладаў. Зараз і дзяржаўныя мэдыі, што раней падпарадкоўваліся Мілошавічу, і недзяржаўныя мэдыі пішуць пра фінансавыя скандалы былога рэжыму”.

Гэта была журналістка Айя Кугі.
Нешта падобнае можна было назіраць і ў Беларусі ў 1994 годзе, калі самыя адданыя лісьліўцы Кебіча ў адну ноч рабіліся гарачымі прыхільнікамі Лукашэнкі. Калі сыйдзе Лукашэнка – невядома, але не выклікае сумненьняў, што пасьля яго сыходу найбольш горача выкрываць “злачынствы дыктатарскага рэжыму” будуць яго самыя зацятыя цяперашнія прапагандысты.

Яшчэ адна з важных асаблівасьцяў сэрбскіх парлямэнцкіх выбараў – тое, што блёк Дэмакратычная апазыцыя Сэрбіі здолеў захаваць адзінства. Блёк складаецца з 18 партыяў, рухаў і груповак з вельмі рознымі поглядамі. Але досьвед паказаў, што адзінства – амаль сынонім перамогі. Дзякуючы гэтаму Каштуніца перамог у верасьні, адзінства забясьпечыла посьпех і ў сьнежні.

Гаворыць Айя Кугі.

(Кугі: ) “Можна чакаць, што нарэшце блёк Дэмакратычная апазыцыя Сэрбіі расколецца. Прагназуюць, што гэта не адбудзецца раней вясны. Гэта сапраўды надта розныя сілы. А не раскалоліся яны таму, што зразумелі, што зараз гэта надзвычай нявыгадна. Да таго ж, зддаецца, за час змаганьня з Мілошавічам гэтыя палітыкі загартаваліся і адчуваюць надзвычайную адказнасьць перад тымі людзмі, якія галасавалі за іх адзінства. На пэўнымі этапе будзе нават і няблага, калі дэмакраты разыдуцца, створаць асобныя партыі, якія б кантралявалі адна адну. А то зараз у сэрбскім парлямэнце сапраўднай апазыцыі няма”.

Гаварыла Айя Кугі.

Цікава прыгадаць, што гэтым летам, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, самая ўплывовая на той час апазыцыйная партыя – Сэрбскі Рух аднаўленьня – адмовілася ўвайсьці ў блёк Дэмакратычная апазыцыя Сэрбіі і выставіла свайго альтэрнатыўнага кандыдата. Вынік – кандыдыт з трэскам прайграў прэзыдэнцкія выбары, а вынік больш аддалены, але больш пераканаўчы – на парлямэнцкіх выбарах ў сьнежні Сэрбскі рух аднаўленьньня ня здолеў нават пераадолець 5%-ы бар’ер і не атрымаў ніводнага дэпутацкага мандату. Раскольнікаў спасьцігла самае жорсткае пакараньне: асуджэньне ўчорашніх паплечнікаў заўсёды можна перажыць, але калі ад партыі адварочваюцца выбаршчыкі – гэта палітычная сьмерць.

За тры месяцы пасьля абраньня Каштуніцы прэзыдэнтам Югаславіі эканамічная сытуацыя ў краіне не палепшылася. Абвастрыліся праблемы ўнутры федэрацыі: чарнагорскія лідэры ужо ва ўльтыматыўнай форме гавораць пра ператварэньне Югаславіі ў “мяккую” канфэдэрацыю Сэрбіі і Чарнагорыі, албанскія экстрэмісты атакуюць сэрбскіх паліцыянтаў у дэмілітарызаванай зоне паміж Сэрбіяй і Косавым, лідэры косаўскіх албанцаў патрабуюць незалежнасьці. Падчас восеньскіх выбараў тагачасны прэзыдэнт Мілошавіч казаў, што перамога апазыцыі азначае далейшы распад Югаславіі. І тым ня менш на сьнежаньскіх выбарах сэрбскі народ пацьвярджае свой верасьнёўскі выбар яшчэ больш адзінадушна і пераканаўча. Чаму? Ізноў гаворыць сацыёляг Ліліяна Бачавіч:

(Бачавіч: ) “Былі і станоўчыя зьмены. Я гэта ведаю лепш, бо я тут жыву. Мы ўсе адчуваем сябе лепш, чым перад прэзыдэнцкімі выбарамі, больш вольнымі і больш бясьпечнымі. Югаславія аднавіла сваё сяброўства ў шэрагу міжнародных арганізацыяў, ізноў стала сябрам міжнароднай супольнасьці. Безумоўна, праблемы з Чарнагорыяй, Косавым, паўдзёнай Сэрбіяй вельмі цяжкія і іх вырашэньне возьме шмат часу. Але нагадаю, што новы югаслаўскі ўрад не абяцаў хуткіх зьменаў на лепшае, гэтага не абяцаў і Ваіслаў Каштуніца. Грамадзяне разумеюць, што новым уладам трэба даць шанц і перадусім час, каб вырашыць цяжкія праблемы, што стаяць перад краінаю. Ня думаю, што новыя ўлады будуць мець на гэта 10 гадоў, як мелі іх папярэднікі – сацыялісты. Але год-два грамадзяне гатовыя пацярпець. Я ня думаю, што грамадзяне будуць прыгадваць перасьцярогі Мілошавіча, што перамога апазыцыі прывядзе да разбурэньня Югаславіі. Якраз наадварот, грамадзяне будуць памятаць, што 10-гадовае кіраваньне Мілошавіча і яго партыі менавіта і прывялі да разбурэньня краіны, і да шэрагу іншых цяперашніх праблемаў”.

Гаварыла сэрбскі сацыёляг Ліліяна Бачавіч.

Сьнежаньскія парлямэнцкія выбары ў Сэрбіі сталі канчатковым разьвітаньнем з дыктатарскім мінулым, галасаваньнем за будучыню.
Будучыня ніколі не бывае гарантаванаю, але шлях, нават цяжкі і даўгі, лепш за тупік.

Юры Дракахруст, Прага

XS
SM
MD
LG