Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская “замежная” прэса


Беларуская “замежная” прэса

(Эфір 22 Студзеня 2001)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

Тэма сёньняшняга выпуску праграмы “Час прэсы” — беларускія выданьні, што выдаюцца за межамі Беларусі. Віленская “Рунь”, беластоцкая “Ніва” й амэрыканскі “Беларус”. Розныя краіны, розныя ўмовы й лёс гэтых газэтаў.

(Цыганкоў: ) "Беларусы, якія воляй лёсу апынуліся за межамі Бацькаўшчыны, заўсёды імкнуцца неяк наладзіць нацыянальнае жыцьцё на новай Радзіме.

Найлепшым натуральным чыньнікам для паяднаньня застаецца газэта. Мы распавядзем пра тры беларускія газэты — вельмі розныя па ўмовах дзеяньня, накіраванасьці й задачах.

Штомесячнік “Беларус” сярод выдаваных сёньня за мяжой беларусіх газэтаў — найстарэйшае выданьне. Вось ужо 50 гадоў “Беларус” выходзіць у Нью-Ёрку. Пэўны час выданьне выходзіла паралельна з газэтай “Бацькаўшчына”, але потым “Беларус” стаў адзінай і асноўнай газэтай беларускай эміграцыі ў вольным сьвеце, найперш у ЗША.

Цяперашні рэдактар газэты Лявон Юрэвіч займаецца "Беларусам" ад 1993 году, як пераехаў у Амэрыку. Праўда, ад леташняга траўня “Беларус” часова не выходзіць. Рэч у тым, што газэта, як і большасьць таго, што робіцца на беларускай эміграцыі, ствараецца энтузіястамі ў вольны ад асноўнай працы час.

Цяпер фінансавыя праблемы супалі з праблемамі кадравымі. Але чаму ж стварылася такая сытуацыя, што “Беларус” не выходзіць? Адказвае Лявон Юрэвіч".

(Юрэвіч: ) "І раней былі моманты, калі газэта часова не выходзіла. Не сакрэт, што асноўная прычына — грошы. Старэйшае пакаленьне эмігрантаў, якое фінансавала й па сёньня фінансуе фактычна ўсе праекты, што робяцца на эміграцыі, ды шматлікія праекты ў Беларусі, — гэтыя людзі, на жаль, ня вечныя, людзі адыходзяць. І адыходзіць ня толькі іхны вопыт, іхныя веды, розум, дапамога, але й фінансавая падтрымка.

Сёньняшнія шматлікія эмігранты зь Беларусі — гэта людзі, якія, на жаль, яшчэ фінансава не стаяць на нагах ды мала зацікаўленыя ў такіх культурных праектах. Зноў жа — я не кажу пра ўсіх, але тое, што “Беларус” не выходзіць, я думаю, сьведчыць і пра гэта".

(Цыганкоў: ) "Якія тэмы могуць прыцягнуць новых чытачоў, што зрабіць, каб “Беларуса” чыталі маладыя эмігранты? Можа, варта неяк зьмяніць тэматыку выданьня? Пераключыць яго з культурніцкіх на больш прагматычныя рэйкі, распавядаючы пра жыцьцё новай эміграцыі?"

(Юрэвіч: ) "Каб газэту “Беларус” з ахвотаю чыталі маладыя эмігранты, яны мусяць цікавіцца беларускімі справамі. І паколькі газэта “Беларус” заўсёды пісала пра гэта, дык калі чалавек цікавіцца падзеямі, навінкамі друку, імпрэзамі, ён ня можа не чытаць "Беларуса".

Гэта газэта пра нашае тутэйшае жыцьцё. Таму калі ты частка гэтага жыцьця — ты чытаеш. У “Беларуса” вельмі канкрэтнае заданьне — асьвятляць жыцьцё эміграцыі. Гэта не вялікая ніша, але ніхто яе не запоўніць, ніхто не перабяжыць дарогу, ня будзе выконваць гэтай місіі".

(Цыганкоў: ) "Парадаксальна, што для выкананьня гэтай місіі вельмі цяжка знайсьці людзей, якія ахвяравалі б сваім вольным часам на карысьць выданьня. “Я не магу назваць людзей у Амэрыцы, якія робяць беларускую справу й зарабляюць на гэтым грошы”, кажаце вы. Але выглядае, што справа не зусім у грошах, дакладней, ня толькі ў іх".

(Юрэвіч: ) "Заўсёды газэту рабілі 1-2 чалавекі. Калі б сёньня знайшоўся чалавек, які б захацеў узяць выданьне на сябе — ня толькі пісаньне тэкстаў, але й кантакты зь людзьмі, зьбіраньне грошай — гэта вырашыла б палову справы".

(Цыганкоў: ) "Пакуль, аднак, такога чалавека няма, і “Беларус” часова не выходзіць…

Працягнем наш расповед пра “замежную” беларускую прэсу. Асобнае месца сярод беларускіх замежных выданьняў займае беластоцкі тыднёвік “Ніва”, які нарадзіўся ў 1956 годзе. Ад заснаваньня “Ніва” выходзіць штотыдзень, акрамя пэрыяду вайсковага становішча ў Польшчы ў 1980-я .

Адметнасьць "Нівы" ў тым, што гэта выданьне не эмігрантаў, а аўтахтоннага беларускага насельніцтва ўсходніх раёнаў Польшчы. Да таго ж “Ніва” выдаецца коштам фінансавых датацыяў Міністэрства культуры й нацыянальнай спадчыны Польшчы. Гэта дазваляе рабіць даволі якаснае й цікавае выданьне. Якая асноўная тэматыка газэты беларусаў Польшчы? Гаворыць сакратар рэдакцыі Аляксандар Максімюк".

(Максімюк: ) "Найперш мы засяроджваемся на тым, каб як мага паўней адлюстраваць жыцьцё беларусаў Беласточчыны. Мы імкнемся паказаць гэтае жыцьцё як самім беларусам Беласточчыны, гэтак і беларусам у сьвеце. Гэта штодзённая інфармацыя пра палітычныя, эканамічныя ды культурныя падзеі".

(Цыганкоў: ) "Дадам, што “Ніва” імкнецца разнастаіць сваю тэматыку й творчыя падыходы. У штотыднёвіку, які мае наклад 2 000 асобнікаў, ёсьць сталыя рубрыкі для дзяцей, крыжаванкі, гумар.

Пэрспэктывы ў газэты даволі аптымістычныя, улічваючы тое, што польская дзяржава, відаць, і надалей адпаведна з эўрапейскімі стандартамі будзе падтрымліваць друкаваныя выданьні нацыянальных мяншыняў.

У Вільні вось ужо чатыры гады выдаецца газэта “Рунь”. Заснавала яе віленскае Таварыства беларускай культуры, выходзіць раз на месяц на 8 старонках, наклад 1 000 асобнікаў.

Газэта не атрымлівае аніякай дапамогі ні ад літоўскай дзяржавы, ні ад нейкіх фундатараў. Адразу паўстае пытаньне — як гэта ўдаецца? Рэдактар “Руні” Алег Мінкін прычыны посьпеху газэты бачыць у самой Вільні, ейнай асаблівай прыцягальнасьці для кожнага беларуса".

(Мінкін: ) "Для нашай газэты важна, што яна выдаецца менавіта ў Вільні. Вільня — месца прыцягненьня як беларусаў зь Беларусі, так і з усяго беларускага замежжа. Геаграфічна мы вельмі блізкія да Беларусі, ды й Вільня — наша гістарычная сталіца. Усё гэта спрыяе таму, што мы існуем практычна без усялякай дапамогі, і сілкуемся сваімі ўласнымі сокамі".

(Цыганкоў: ) "З сантымэнтам да Вільні ставіцца ўвесь беларускі сьвет, і гэта пераносіцца на газэту “Рунь”. Аднак беларускі віленскі дух — гэта прыгожае, але трошкі нематэрыяльнае тлумачэньне посьпеху “Руні”. Напэўна, больш істотна, што газэта тэматычна разнастайная?"

(Мінкін: ) "Газэта не замыкаецца на беларускім жыцьці ў Вільні й Літве. Гэта больш шырокае выданьне. Беларускаму жыцьцю ў Літве мы прысьвячаем толькі адну старонку.

Астатняя прастора — жывыя галасы беларусаў з Захаду й Беларусі. Менавіта ў гэтым спэцыфіка — мы не перадрукоўваем зь іншых выданьняў ды не замыкаемся на жыцьці беларусаў у Літве".

(Цыганкоў: ) "Чаму ў Вільні без аніякай падтрымкі можа нармальна выдавацца беларуская газэта? Можа, рэч у тым, што апошнім дзесяцігодьдзем у Вільні зьявілася маладая хваля беларускай эміграцыі, людзей адукаваных і нацыянальна сьвядомых?"

(Мінкін: ) "Мне здаецца, перадусім гэта ня колькасны, а якасны фактар. Трэба, каб газэта мела каманду прафэсіяналаў, каб быў лідэр, які апякуецца ўвесь час выданьнем. Мы напраўду без усялякай дапамогі праіснавалі ўжо чатыры гады, і ўвесь час былі фінансава самастойныя — гэта дае надзею на разьвіцьцё.

Мы думаем, што ў пэрспэктыве будзем выдаваць ня штомесячнік, а тыднёвік. Асабліва калі ўдасца атрымаць грант — тады праз год мы змаглі б выдаваць даволі прафэсійны беларускі тыднёвік".

(Цыганкоў: ) "Мы пазнаёміліся з трыма дужа рознымі беларускімі выданьнямі за межамі Беларусі. Беларуская прэса за мяжой мае розны лёс, і прычына таго — стан беларускай супольнасьці у розных кутках сьвету. Посьпех альбо няўдача беларускай газэты за мяжой цалкам адпавядае стану беларускай эміграцыі ў гэтых краінах".

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG