Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


Аўтар і вядучы Віталь Цыганкоў

Лісты, якія прыходзяць на Радыё Свабода, пераважна можна падзяліць на некалькі катэгорыяў. У адных нашыя слухачы проста распавядаюць пра сваё жыцьцё, у другіх актыўна разважаюць пра шляхі выхаду Беларусі зь сёньняшняй сытуацыі, у трэціх вылучаюць якія-небудзь прапановы. У нашай сёньняшняй пошце ёсьць прыклады на кожны з гэтых тэматычных падыходаў

«Працы нідзе няма, каб зарабіць на прыстойнае жыцьцё. Толькі ў калгасе, дзе трэба працаваць задарма — усё роўна як прыгоннае права. І няма куды зьехаць, бо ўсюды аднолькавыя парадкі. - піша Пётра Лавіцкі зь Мядзельскага раёну Менскай вобласьці і працягвае, - Я вельмі хацеў бы ўступіць у якую-небудзь партыю дэмакратычнага кірунку, каб змагацца зь ненавісным рэжымам. Толькі ня ведаю, да каго трэба зьвяртацца». Сп. Лавіцкі паведамляе, што яму больш імпануе АГП, і кажа, што згодны распаўсюджваць улёткі і ўдзельнічаць у розных акцыях, накіраваных супраць цяперашняга рэжыму. Я патэлефанаваў у штаб-кватэру АГП, дзе мне паведамілі, што, на жаль, у Мядзельскім раёне партыя ня мае сваёй структуры. Сярод дэмакратычных арганізацыяў у раёне сваю суполку мае толькі БНФ, тэлефон для сувязі — 49448. Калі ж сп. Лавіцкі ўсё-ткі вырашыў абраць для сваёй палітычнай актыўнасьці менавіта АГП, то падаем тэлефон менскай штаб-кватэры — 29-27-12.

Але працягнем цытаваць ліст сп. Лавіцкага. «Я цяпер дзякуючы цяперашняму рэжыму зьяўляюся беспрацоўным. Атрымліваю «дапамогу», мізэрную суму, якой хапае на адзін раз схадзіць у краму. Зараз хутка скончыцца тэрмін гэтых 6 месяцаў, а што рабіць далей, як жыць? Паспрабуй у нашым раёне ўладкавацца на працу...» Далей аўтар ліста сьцьвярджае, што ў мясцовай міліцыі і пракуратуры мафіёзныя сувязі, і прыводзіць адзін прыклад. «У 1997 годзе ў сьнежні мяне трое неаднойчы судзімых па дарозе на працу зьбілі і абрабавалі. Зьвярнуўся ў міліцыю. Тры месяцы цягнулася справа. У гэты час адзін з удзельнікаў зьбіцьця ідзе да опэрупаўнаважанага крымінальнага вышуку Кісялёва, дагаворваецца зь ім «срубіць яму баньку» і становіцца ўжо сьведкам. За лета паставіў яму лазьню і цяпер працягвае займацца, чым уздумаецца. Бо «крыша» ж ёсьць. І нічога я не даказаў, куды толькі не зьвяртаўся».

Што ж, лісты нашых слухачоў часам гавораць пра рэальнае становішча справаў больш, чым сухія лічбы статыстыкі. Беларуская афіцыйная ўлада сьцьвярджае, напрыклад, што за апошнія два гады беспрацоўе ў краіне няўхільна зьніжаецца. Але на самой справе штучныя перашкоды ў рэгістрацыі ды ганебная сума матэрыяльнай дапамогі беспрацоўным вымушае многіх адмаўляцца ад зьяўленьня на біржы працы. Гэтак жа мы бачым, як на самой справе вядзецца барацьба з карупцыяй. Пакуль на экране тэлебачаньня разыгрываюцца спэктаклі на тэму пакараньня вэртыкальнікаў, на месцах квітнее кумаўство і беспакаранасьць.

Аднак ня толькі сумныя і роспачныя лісты прыходзяць на нашу службу. Часам менавіта дзякуючы Радыё Свабода сустракаюцца людзі, якія ня бачыліся дзясяткі гадоў. Адзін такі прыемны эпізод адбыўся і з нашай карэспандэнткай Галінай Айзэнштат. На адрас Свабоды ёй напісаў ліст колішні настаўнік нямецкай мовы Кіраўскай сярэдняй школы Магілёўскай вобласьці Ратнікаў Вячаслаў Нікіфаравіч. «Прабачце, калі вы ня тая самая Галя Айзэнштат, якая была вучаніцай гэтай школы». Што ж, цяпер мы можам сказаць упэўнена — тая, тая самая. Так дзякуючы радыё праз дзесяцігодзьдзі змаглі сустрэцца зноў настаўнік са сваёй вучаніцай.

«Троху пра сябе. - піша Вячаслаў Нікіфаравіч, - Працаваў у Кіраўскай сярэдняй школе, затым дырэктарам Мышкавіцкай школы. Закончыў факультэт нямецкай, а потым завочна факультэт англійскай мовы пэдагагічнага інстытуту. Быў абраны праз конкурс на пасаду старшага выкладчыка катэдры мэтодыкі выкладаньня замежных моваў свайго інстытуту. З таго часу яшчэ працую і цяпер у якасьці дацэнта гэтай катэдры. У 1993-94 гадах пачалі паступовы пераход на родную мову, а потым па вядомых прычынах адмовіліся ад яе. Шкада».

Два вышэйпрыведзеныя лісты прыйшлі да нас зь Беларусі, і зразумела, што менавіта ў Беларусі жыве большасьць нашых слухачоў. Але так атрымліваецца, што нашыя слухачы зь іншых краінаў відавочна актыўнейшыя за жыхароў Беларусі. Здаецца, растлумачыць гэта нескладана: людзі зь іншых краінаў, жывучы ў іншамоўным асяродзьдзі, часам ня маюць з кім падзяліцца думкамі, і РС застаецца для іх ці не адзіным акном у беларускі сьвет. Таму звычайна ў нашай пошце ёсьць допісы зь Літвы і Латвіі, Эстоніі, Украіны, Расеі, Польшчы. Трэба, дарэчы, заўважыць, што і беларусы з заходніх краінаў даволі актыўна лістуюцца з Радыё Свабода, але яны звычайна выкарыстоўваць больш сучасныя сродкі камунікацыі — інтэрнэт і электронную пошту. А сёньня мы зьвернем увагу на тры лісты з Прыбалтыкі — два зь Літвы і адзін з Латвіі.

Мікалай Бірыцкі зь Вільні зьвяртае ўвагу на праект стварэньня ў Літве беларускай радыё ці тэлестанцыі. «Гэтае пытаньне, - піша ён, - можа быць вырашанае арганізацыйна без аніякіх перашкод у выпадку, калі гэта зрабіць пад сьцягам задавальненьня інфармацыйных патрэбаў мясцовых беларусаў». У лісьце Мікалая Бірыцкага ёсьць цікавае назіраньне: паводле пэўнай інфармацыі, кіраўніцтва Літвы вельмі зацікаўленае ў зьвестках пра схаваныя рахункі Лукашэнкі з нагоды запазычанасьці Беларусі за электраэнэргію.

Наша слухачка з Прыбалтыкі на паштоўцы замест зваротнага адрасу напісала проста: Латвія ад беларускі. Слухачка, безумоўна, глыбока веруючая і, безумоўна, са сваеасаблівым талентам, хоць і відавочна без адукацыі. Свой ліст яна напоўніла вершаванымі радкамі накшталт народных прыпевак, дзе першы радок неабавязкова сэнсоўна зьвязаны з другім. Ну, напрыклад, такія радкі: «І возьме дэмана ў ахапку, і схаваецца ў мох, а нам патрэба толькі Бог. Сваёй любоўю дапамог, а злюшчый дэман ў пекле здох». Наступная прыпеўка прысьвечаная Рыгору Барадуліну: «Доляр біці мы ня будзем, і лат тожэ не асудзім. К сабе в рэспубліку прывадзім і разам з зайчыкам пасадзім. Як зайчык стане нараўне, жыць стане добра на зямле». Вось такая аўтэнтычная народная творчасьць.

Яшчэ адзін ліст з Прыбалтыкі, зь Літвы, зусім іншага кшталту. Ягоны аўтар — Ігар Ахрамовіч зь Вільні — дзеліцца некаторымі сваімі ўражаньнямі, хоча больш ведаць пра Чэхію і сябраваць зь беларусамі ў Чэхіі. З кароткага аповеду Ігара пра сябе, аднак, таксама можна знайсьці даволі цікавыя моманты. «Жыву я ў двухпакаёвай кватэры разам з бацькам. Мой бацька — пэнсіянэр. Нідзе не працуе, адпачывае. Ходзіць у сад, дзе корміць жыўнасьць. Я працую на заводзе. Нам заплацілі толькі за ліпень 1998 году, а за астатнія месяцы я не атрымаў ні граша. Цяпер нам з бацькам жывецца цяжка. Я ня ведаю, што будзе на заводзе». Магчыма, камусьці падасца даволі нечаканай падобная інфармацыя пра Літву, але відавочна, што і гэтая дзяржава мае тыя самыя эканамічныя праблемы, як і многія постсавецкія дзяржавы. Ігар Ахрамовіч просіць даць яму адрасы чэхаў, беларусаў у Чэхіі — відавочна, што да хлопца прыходзяць думкі пра эміграцыю. Гэтыя матывы сустракаюцца фактычна ў кожным нашым аглядзе пошты. Вось і зараз Алег Маскалёў зь Віцебску цікавіцца, ці праўда, што Канада — адзіная краіна, якая вольна прымае новых імігрантаў на сталае месца жыхарства? Алег просіць паведаміць яму, куды можна зьвярнуцца з гэтым пытаньнем. Тут мне давядзецца нагадаць, што нашае радыё выконвае трошкі іншыя функцыі і не дае даведкі, якія можна цалкам легальна знайсьці, напрыклад, у адмысловых фірмах, якія займаюцца пытаньнямі эміграцыяі. Але мы таксама можам запэўніць нашых слухачоў, што бліжэйшымі месяцамі ў нас выйдзе сэрыя праграмаў, прысьвечаных працы за мяжой . Там мы паспрабуем асьвятліць пытаньні, якія найчасьцей сустракаюцца ў вашых лістах на гэтую тэму.

Мы таксама дзякуем Алегу Маскалёву і ўсім астатнім слухачам, якія даслалі нам справаздачы аб якасьці прыёму нашых перадачаў. Нагадваем, што ў нядзелю ў сувязі зь пераходам на летні час мяняюцца частоты, на якіх выходзяць нашыя праграмы. Сачыце за абвесткамі ў нашай праграме. Але наш паштовы адрас застаецца нязьменны: у Беларусі — Менск-5, паштовая скрынка 111; у Празе — Praha 1, Vinohradska 1, Радыё Свабода. Пішыце — ніводзін ваш допіс не застанецца без увагі.

Віталь Цыганкоў, Прага

XS
SM
MD
LG