Аўтар і вядучы Аляксандар Лукашук
Піша наш сталы слухач з Магілева:
«Вы мне прабачце, што я не называю свайго прозьвішча, вы ж ведаеце,
у якой дзяржаве мы жывем. Тут законы пішуцца для Захаду, а мы жывем
паводле ўказаў нашага фюрэра».
Так пачынаецца гэты ліст – і ня ён адзін. Многія з тых, хто піша на
Свабоду, не пазначаюць свайго прозьвішча й адрасу. Мы можам адно
здагадвацца, колькі нашых слухачоў увогуле ня пішуць, ня йдуць на пошту
і не апускаюць свае лісты ў скрынкі – паводле тае самае прычыны,
на якую спасылаецца слухач з Магілеву: «пазначаць свае каардынаты зараз
небясьпечна».
Піша яшчэ адзін наш "штодзённы" слухач, як ён сябе называе:
«Я стары. У свой час падлеткам хаваўся разам з маці ад фашыстаў
у лесе. Добра ведаю, што такое страх. Таму толькі ЯВК» – так,
ініцыяламі, падпісаны ліст, у якім выказваюцца заўвагі й пажаданньні на
адрас нашай праграмы. Гэты слухач зь Віцебску (калі меркаваць паводле
паштовага штэмпелю) раіць нам «спусьціцца бліжэй да зямлі й да людзей.
Я маю на ўвазе ў першую чаргу мову і ўжываньне занадта мудрагелістых словаў».
Прыкладаў наш слухач, на жаль, не прыводзіць – магчыма, сапраўды, тэрміны
кшталту «імпічмэнт» ці «экстрадыцыя» гучаць у праграмах занадта часта.
Экстрадыцыя – выдача праваахоўным органам замежнай краіны чалавека з тэрыторыі
сваёй краіны. Такой выдачы, напрыклад, патрабуе цяпер гішпанскі суд
ад Вялікабрытаніі – гаворка пра справу Аўгуста ПІначэта.
Чытаю радкі зь ліста з Магілева:
«Я хачу выказаць свой пратэст з нагоды суду над Аўгустам Піначэтам.
У гэтым чалавеку я і шмат хто бачылі змагара за стаўпы дэмакратыі, за нармальныя
чалавечыя каштоўнасьці. А яго зьбіраюцца судзіць за тое, што ён зьнішчыў
нейкія дзве-тры тысячы ашалелых чырвоных ваўкоў. Калі б гэтыя чырвоныя
ваўкі прыйшлі да ўлады, дык крыві чылійскага народу пралілося б куды болей.
Гэта сьвяты чалавек. Яго ў народзе будуць заўсёды памятаць як змагара
з камунізмам. Ён адзіны тады ўсьвядоміў, чым пагражае чылійскаму народу
прыход да ўлады чырвонай мафіі. Увесь Захад сядзеў ціхенька і маўчаў,
адзіны Аўгуста Піначэт вёў тады змаганьне. А цяпер, бач ты, раптам
знайшліся змагары за дэмакратыю. Дзе тады была палата лордаў?
Я тады ня чуў ейнага голасу. Яна маўчала».
Слухач з Магілева, які выказвае свой погляд на справу з затрыманьнем
генэрала Піначэта, упікае палату лордаў у немаральным падыходзе.
Адклаўшы гэты ліст у бок адзначу, што прад'яўляць маральныя патрабаваньні
арганізацыі – любой арганізацыі, ад рэлігійнай, напрыклад царквы, да прафэсійнай,
кшталту парлямэнту – няўдзячная справа. Чалавек існуе ў сфэры маралі,
ад чалавека можна і трэба патрабаваць маральнасьці; ад групы – наўрад ці.
У маральным сэнсе пяць чалавек слабейшыя за аднаго. Любая арганізацыя апэруе
і карыстаецца іншымі катэгорыямі – на жаль. Нагадаю слухачам, што
палата лордаў цяпер пераглядае сваю пастанову ў справе выдачы Піначэта.
Працягнем чытаць ліст з Магілева:
«Піначэт вёў барацьбу з чырвонай мафіяй іхнымі мэтадамі. Яны ў Расеі
і іншых краінах сьвету, дзе былі іх рэжымы, змагаліся з народам усімі даступнымі
ім спосабамі. Чырвоныя фашысты ў адным СССР з 1917 па 1991 зьнішчылі
свайго народу каля 60 млн. чалавек. Вы паглядзіце, што адбываецца
там, дзе пабывалі камуна-фашысты, паўсюдна голад, беднасьць, бандытызм,
цкуюць народы адзін на аднаго, ідуць войны суьсветнага значэньня.
Піначэт уратаваў сваю краіну ад усяго гэтага».
Далей наш слухач даволі эмацыйна зноў папракае брытанскіх лордаў у тым,
што яны граюць на руку камуністам. Сканчаецца ліст так: «Я асабіста
жадаю Аўгуста Піначэту добрага і доўгага жыцьця, удачы ў ягонай нялёгкай
справе. Жыве Піначэт!»
І прыпіска: «Калі магчыма, перадайце мой ліст у той суд, які будзе судзіць
Піначэта, альбо яму асабіста».
Шаноўны аўтар ліста з Магілева, ваш допіс мы пераслалі ў амбасаду Чылі
ў Чэскай Рэспубліцы.
Сёньня перадача была прысьвечаная ў асноўным аднаму лісту бяз подпісу
– пра іншыя пагаворым наступным разам.
Пошту чытаў Аляксандар Лукашук
Самае папулярнае
1