Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


30 Сьнежня 1999.

Аўтар і вядучы Юры Дракахруст.

Паважаныя радыёслухачы! Нам вельмі прыемна атрымліваць ад вас віншаваньні з Новым годам і Калядамі.

Кіраўнік ТБМ Алег Трусаў жадае нам ў сваім лісьце “шчасьця й радасьці, аптымізму й натхненьня ў жыцьці й працы”. А Ўладзіслаў Жыгалка піша: “Каб вы, як і ўсе беларусы, жылі багата. Каб Беларусь была незалежнай, дэмакратычнай, цывілізаванай дзяржаваю, каб была бліжэй да Эўропы і далей ад Расеі”.

У практычным пляне сп. Жыгалка скардзіцца на тое, што нашыя перадачы дрэнна чуваць, па ягоных словах, часам на сярэдніх хвалях чутна лепш, чым на кароткіх, і жадае нам, каб беларускае Радыё Свабода гучала на FM.

Уладзімер Міцкевіч у сваім віншаваньні выказвае спадзяваньне, што прйшоўшы год будзе апошнім у гісторыі посткамуністычнага рэжыму ў Беларусі, і над краінаю зазьзяе зорка свабоды.

Мы шчыра ўдзячныя ўсім, хто даслаў нам лісты й паштоўкі з віншаваньнямі, віншуем вас і ўсіх нашых радыёслухачоў з Новым годам і з Калядамі, жадаем, каб Дракон, год якога наступае, быў для вас ня злым, а лагодным, і каб ўсе вашыя “праблемы 2000” вырашыліся добра.

Але й напярэдадні сьвята нашых слухачоў турбуюць ня толькі перадсьвяточныя клопаты. Сп-ні Казлова й Біч з Воршы ў сваім лісьце прыгадваюць драматычныя абставіны расколу, які адбыўся ў Беларускім Народным Фронце. “Пазьняк, – пішуць яны, – быў і застаецца заснавальнікам БНФ і лідэрам нацыі, у розуме, цьвёрдасьці духу, сумленнасьці й адданасьці сваёй шматпакутнай бацькаўшчыне зь ім ніхто не параўнаецца”.

У паводзінах апанэнтаў Пазьняка аўтаркі ліста з Воршы бачаць адзіную мэту – адхіліць яго на апошні плян. “Хто ім перашкаджаў працаваць у адсутнасьць Пазьняка? Чаму менавіта цяпер, калі над Беларусьсю навісла пагроза незалежнасьці, распачалася валтузьня вакол імя Пазьняка, папіраючы мараль і хрысьціянскія запаведзі?”, – пытаюць сп-ні Казлова й Біч, і робяць выснову: “Прайграла ад гэтага Беларусь, а выйграў Лукашэнка і ягоны рэжым”. А сьпявячцы Касі Камоцкай яны раюць навогул не выказвацца наконт Фронту й Пазьняка, а лепш пець цудоўныя беларускія песні.

Паважаныя спадарыні Казлова й Біч! Расколы, падзелы палітычных партыяў і рухаў, калі ўчарашнія аднадумцы й сябры разыходзяцца й робяцца ці ня ворагамі – справа, сапраўды, драматычная. Але адбываюцца падобныя расколы ў самых розных партыях у самых розных краінах.

Амаль адначасна з БНФ раскалоўся ўкраінскі Рух, расколваліся й Саюдзіс, і Салідарнасьць, і камуністы, дарэчы. Лічыць, што ўсё гэта інсьпіравана спэцслужбамі – занадта вялікі камплімэнт здольнасьцям спэцслужбаў. Падаецца, што расколы, як і аб’яднаньні ў палітыцы – гэта справа непазьбежная. І варта, відаць, глядзець наперад, а не назад, высьвятляючы, хто быў правы, а хто не. Падзел адбыўся, і ў Пазьняка, і ў Вячоркі – шмат прыхільнікаў, якія не адступяць ад сваіх кіраўнікоў.

Дарэчы, і самі кіраўнікі ўжо перайшлі ад ўзаемных абвінавачваньняў да наладжваньня кантактаў, да знаходжаньня шляхоў агульнае працы. Іх прыхільнікам варта зрабіць тое ж самае.

А што да Касі Камоцкай – выказвацца на тэмы Фронту, як гэта робіце вы, нашыя слухачкі, маюць і астатнія, і сьпявачкі ў тым ліку.

Андрэй Дубіна, асьпірант Варшаўскага унівэрсытэту ў сваім лісьце да нас выказвае свае меркаваньні наконт дыскусіі аб ролі беларускае мовы, якая прагучала месяц таму ў “Праскім Акцэнце”. Яго ўразіла думка Вінцука Вячоркі пра розьніцу паміж носьбітамі беларускае літаратурнае мовы й носьбітамі беларускае мовы ўвогуле.

Аўтар бачыць праблему ў тым, што ролю гутарковага стандарту ў Беларусі выконвае або трасянка для ніжэйшых клясаў насельніцтва, або расейскі гутарковы стандарт для бальшыні адукаванае часткі насельніцтва. Сп. Дубіна бачыць выйсьце менавіта ў стварэньні гэтага агульнага гутарковага стандарту на падмурку як літаратурнай мовы, гэтак і пабытовай мовы.

Ён піша: “Менавіта канфармізм насельніцтва павінен стаць асновай моўнае палітыкі пасьля зьмены ўлады. Гутарковы стандарт паўстане сам сабою, калі мы адкінем рамантычныя стэрэатыпы накшталт “агеньчыка роднае мовы” і пачнем працаваць не са створаным рамантыкамі вобразам простага люду, а з рэальным беларускім насельніцтвам – слаба і аднабокова адукаваным, канфармісцкім і лёгка ўнушальным”, – прапануе наш слухач, асьпірант Варшаўскага ўнівэрсытэту Андрэй Дубіна.

Ліст нашага слухача з Баранавічаў Уладзімера Юрэні прысьвечаны той жа тэме – шляхам беларушчыны. Ён лічыць памылкаю, што ў свой час беларускія адраджэнцы скарысталі балтыйскую схэму: беларусы аказаліся непадобнымі на народы Балтыі.

Сп. Юрэня прапануе адраджэнцам прыгледзецца да мадэлі паводзінаў расейскіх абшчынаў у той жа Балтыі, якія рэальна жывуць у сваім расейскамоўным асяродку і ў інфармацыйным полі Расеі: “Жыць геаграфічна й фізычна ў лукашэнкавай Беларусі, а душою, розумам, мэнталітэтам быць у беларускай, ангельскай мове, у аб’яднанай Эўропе”. Сп. Юрэня адзначае, што менскія групоўкі адраджэнцаў ня маюць тэндэнцыі росту й не распаўсюджваюцца на “цёмную масу” беларускага насельніцтва.

Паважаны спадар Юрэня! Прапанова вашая досыць цікавая, прычым цікавая як адлюстраваньне самаадчуваньня людзей, апантаных беларушчынаю. Сапраўды, рэалізацыя нацыянальнага праекту ў апошнія гады прынесла шмат расчараваньняў. Але прапануемы Вамі варыянт ператварэньня нацыянальных асяродкаў у гета – гэта прызнаньне паразы назаўжды.

Ёсьць у вашай прапанове і пэўная супярэчнасьць: расейцы ў Балтыі глядзяць маскоўскую тэлевізію, у нас жа іншай, эўрапейскай Беларусі няма. Эўропа – гэта ня нацыя, і быць у абстрактнай Эўропе – гэта ня быць нідзе. Усё ж такі нацыянальная сьвядомасьць, беларускасьць ёсьць сьвядомасьцю менавіта нацыі, а не адной эліты.

Чамусьці часам беларушчына лічыцца нейкай вызначанай формулаю, адкрытай інтэлектуаламі, якую трэба ўпіхнуць у галовы “цьмянаму”, як Вы пішаце, насельніцтву. А можа беларушчына – гэта тое, што ствараецца сёньня ўсёй нацыяй, уся сукупнасьць прароцтваў, глупства, мудрасьці й забабонаў?

З гэтага пункту гледжаньня ўсё выглядае не такім ўжо і сумным. Не пазбавілась жа Беларусь чамусьці за 8 гадоў сваёй незалежнасьці. Дзякуючы эліце? Часткова так, хаця больш падобна на тое, што як раз эліта прайграла ўсё, што толькі можна. Хутчэй дзякуючы беларушчыне – якая ня ёсьць ўласнасьцю пэўных груповак, а таямнічым чынам разьлітая ва ўсім грамадзтве.

Яна й надалей выратуе нас на нашым шляху.

Куды? Хаця б у Новы год, зь якім я шчыра віншую ўсіх нашых слухачоў.

Юры Дракахруст, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG