Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


9 Сьнежня 1999.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

Пачну зь ліста Алесі Казаневіч зь Пінску. Яна піша: “Усё сваё жыцьцё я не любіла камуністаў і ніколі не была разам зь імі. Сёньня ў нас парадкі амаль такія, як і пры камуністах. Лукашэнку выбіралі на пяць гадоў, а ён спачатку яшчэ два з паловай гады сабе прыбавіў, а цяпер ідзе на новыя хітрыкі, на хлусьню, каб як найхутчэй пераехаць у Маскву. Тады зноў можна будзе падоўжыць тэрмін свайго валадараньня”.

Алеся напісала й пра тое, якіх вынікаў яна чакае ад новага хаўрусу: “Цяперашняга старшыню Пінскага раённага выканкаму прывезьлі да нас з Камянецкага раёну. А будзе хаўрус з Расеяй – адтуль будуць перамяшчаць у Беларусь у якасьці вялікіх спэцыялістаў расейцаў. Нібыта нашыя мясцовыя жыхары такія дурныя і неадукаваныя. Так ужо было ў нас у пасьляваенны час, калі везьлі й везьлі з Усходу палітрукоў, каб вучыць жыць па-савецку. І кожнага забясьпечвалі жыльлём у першую чаргу”.

Пра кватэрную праблему Алеся Казаневіч распавядае з хваляваньнем. Яна на пэнсіі, у яе муж інвалід 1-й групы. З 87-га году стаяць у чарзе на паляпшэньне жыльлёвых умоваў. “Калі атрымаем на гэтым сьвеце двухпакаёвую кватэру – абавязкова паведамім вам”, – з горкай гіроніяй піша спадарыня Казаневіч, якая паведаміла ў лісьце сваё сапраўднае прозьвішча, але папрасіла ў эфіры назваць псэўдонім: яна ўсё ж мае надзею на кватэру.

Сваю нелюбоў да камуністаў Алеся Казаневіч ня надта хавала і ў савецкія часы, хоць пра гэта цяпер, падобна, шкадуе. “Ніхто пра мяне ня ўспомніць, акрамя знаёмых, якія будуць на кухні асуджаць, што ня ўмела жыць па-халуйску і так нічога й не атрымала пры жыцьці”, – заканчвае яна свой ліст.

Шкадаваньне гэтае, здаецца, крыху паказное. У адрозьненьне ад многіх іншых людзей свайго пакаленьня, спадарыня Казаневіч, мяркуючы па лісьце, заўсёды ведала прычыны таго, чаму мы жывем так, як жывем. І ёй не давялося, як многім сваім аднагодкам, перажыць духовую драму, калі ў канцы жыцьця даведваесься, што верыў і служыў ілжывым ідэалам. Жыць у згодзе з уласным сумленьнем, напэўна, больш важна, чым дачакацца напрыканцы жыцьця двухпакаёвую кватэру. І спадарыня Казаневіч, па-мойму, і сама гэта добра ўсьведамляе.

У пошце апошніх тыдняў усё больш лістоў пра лёс беларускае мовы. Працытую ліст слухача, які вельмі незадаволены нашымі праграмамі на гэтую тэму: “Ці маеце вы рацыю на “Радыё Свабода”, калі выносіце на ўвесь сьвет пытаньне аб мове?, – піша ён. – Гэта вельмі нагадвае часы лукашысцкага рэфэрэндуму. У нармальнага грамадзяніна Беларусі такое пытаньне не паўстане. Нешта з вамі нядобрае робіцца, спадары. Азірніцеся! Мусіць, у вас працуе КГБ Расеі і вы адпрацоўваеце ягоныя грошы. У здаровым асяродку пытаньне, на якой мове размаўляць, ніколі не паўстае”. Ліст падпісаны ініцыяламі: А.М. зь Менску. Аўтар тлумачыць, што падпісваецца так, бо ўжо не давярае нам.

Яшчэ адзін ліст на гэту тэму (і таксама зь Менску) нам даслаў Віктар Скараход, вэтэран вайны й працы, і як ён падпісаўся “жабрак-мільянэр”. “У нашай краіне роднае слова запануе толькі тады, калі мы будзем жыць у беларускай дзяржаве пры беларускім кіраўніцтве, а не на паўночна-заходняй ускраіне азіяцкай Імпэрыі, якая дзьвесьце год затыкала Беларусі рот, каб не чуць нашага слова, якое для расейцаў “русский диалект, испорченный польщизною”, – напісаў Віктар Скараход. Ён жа лічыць, што радыёстанцыя “Свабода”, правільна робіць, ведучы вяшчаньне на Беларусь па-беларуску: тут і павага да краіны й народа, і доказ таго, таго, што нашая мова ня бедная, як пра тое казаў Лукашэнка. Спадар Скараход таксама зьвяртае ўвагу, што 90 адсоткаў насельніцтва Беларусі цалкам разумее таго, хто гаворыць па-беларуску: “Калі б сёньня Лукашэнка і ўся ягоная “вэртыкаль” загаварылі, як таго патрабуе здаровы сэнс, на мове свайго народа, то заўтра загаварыла б на ёй усё насельніцтва – ад міністра да токара”, – напісаў Віктар Скараход.

Пачуцьці нашага слухача, які падпісаўся ініцыяламі, зусім зразумелыя. Гэта натуральнае жаданьне: жыць у сваёй дзяржаве, размаўляць на сваёй мове і быць упэўненым, што ані гэтую дзяржаву, ані гэтую мову ніхто не асьмеліцца зьняважыць. У Беларусі сёньня ўлада ў тых, хто й незалежнасьць, і мову ня лічыць каштоўнасьцямі. У многім гэта – прычына цяперашняе моўнае сытуацыі ў Беларусі. Выходзіць з гэтага становішча рана ці позна давядзецца, а каб выходзіць – трэба абмяркоўваць праблему й разам шукаць выйсьце. Маўчаць пра яе, шаноўны А.М., не выпадае – гэтым мы толькі пашкодзім нашай мове.

Наш сталы слухач зь Берасьця Алег Бураў папракае нас, што часам ня ўлічваем некаторых беларускіх рэаліяў. Ён піша: “Беларускія навіны ў інтэрнэце, можа, і цікава чытаць і слухаць дзесьці ў ЗША, Канадзе ці Аўстраліі, дзе кампутары ёсьць у кожным доме. Для нас жа гэта застаецца экзотыкаю і, колькі б вы ні гаварылі, бліжэй ня будзе. Студэнты зь Беларусі ў замежных універсітэтах – гэта добра, але добра, здаецца, толькі для саміх гэтых студэнтаў. Штосьці ня чуў, каб пасьля вучобы яны вярталіся дадому й працавалі тут за мізэрныя грошы. Нашай уладзе, я лічу такія зусім не патрэбныя, бо прыносяць з сабою дух свабоды, а гэта супярэчыць вядомаму выказваньню Лукашэнкі пра тое, што ён свой народ за цывілізаванымі краінамі не павядзе”.

Алег Бураў напісаў таксама, што ня любіць слухаць разважаньні былых першых асобаў Беларусі – Шарэцкага, Шушкевіча ды іншых – пра тое, што было ў недалёкім мінулым, бо лічыць, што іхная залішняя асьцярожнасьць і разважлівасьць і давялі да таго, што мы цяпер маем.

Кампутары ды інтэрнэт у кожным доме, сапраўды, выглядаюць чымсьці неверагодным для многіх і многіх нашых слухачоў, хто ў гэты сьнежаньскі вечар слухае нас дзе-небудзь у далёкай беларускай вёсачцы, дзе па паўгады не могуць атрымаць мізэрны калгасны заробак і думаюць не пра кампутары, а пра тое, чым заўтра ўраніцу дзяцей накарміць. Але кампутары вельмі хутка зьявяцца й там – адгарадзіцца ад іх немагчыма, як нельга перанесьці Беларусь з Эўропы ў якое-небудзь глухое мейсца сьвету. Хоць часам такое ўражаньне, што беларускай уладзе падобны перанос і хацелася б зрабіць.

Вы слухалі праграму “Паштовая Скрынка 111”.

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

XS
SM
MD
LG