Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


2 Сьнежня 1999.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

Чаму людзям у Беларусі часта цяжка даведацца праўду пра падзеі ва ўласнай краіне? Наш слухач зь Берасьця Мікалай Курэль, спрабуючы адказаць на гэтае пытаньне, узгадвае той час, калі Аляксандар Лукашэнка яшчэ толькі марыў пра пасаду прэзыдэнта.

“Згадайце Вярхоўны Савет 12-га скліканьня, – прапануе Мікалай. – Вяліся бурныя дэбаты, якія гадзінамі трансьляваліся па радыё і тэлевізіі. Гэтак было, калі здымалі Шушкевіча за скрынку цьвікоў; калі Лукашэнку некаму спатрэбілася паставіць прэзыдэнтам”.

“Я вельмі добра памятаю той час, – піша Мікалай Курэль. – У нас на працы ўвесь час радыёкропка была ўключаная. І мне запомнілася перадача “На хвалі часу”, у якой Лукашэнка стала выступаў разам зь Ядранцавым. За што потым Ядранцаў стаў начальнікам на радыё і сёньня замбуе электарат. А дабіўся свайго Лукашэнка – і галоснасьць скончылася. На тэлевізіі і радыё сёньня толькі два пункты гледжаньня – лукашэнкаў і няправільны”.

“Тыя некалькі апазыцыйных газэтаў, што выходзяць сёньня ў Беларусі, надвор’я ня зробяць, – лічыць Мікалай Курэль. – Тым больш, што супрацьдзеяньне ім вялізнае. Вось сёньня, прачытаўшы артыкул у “Народнай Волі” пра тое, што нам нясе далучэньне да Расеі, паказаў яго свайму брыгадзіру. І што пачуў у адказ? “Гэта, можа, і так – кажа брыгадзір, – але й Захад нам шчасьця не прынясе”. А яшчэ раней ён жа мяне папярэдзіў: “Будзеш шмат гаварыць на гэтыя тэмы – давядзецца разьвітацца”, – гэта быў ліст Мікалая Курэля з Берасьця.

Той непрацяглы час на пачатку 90-х гадоў, калі пра падзеі ў Вярхоўным Савеце, сапраўды, можна было атрымаць поўную інфармацыю па тэлевізіі і радыё, памятае, верагодна, ня толькі Мікалай. Многія людзі задаюць сабе сёньня падобныя пытаньні. І адказы на іх відавочныя: улада баіцца іншадумства, баіцца, каб на тэлеэкране не зьявілася новая фігура палітыка, які б склаў канкурэнцыю Лукашэнку. Адсюль і тая атмасфэра ў працоўных калектывах, калі начальнікі спыняюць, так бы мовіць, “крамольныя” размовы, пад час якіх людзі спрабуюць шчыра гаварыць пра палітыку.

“Нашых людзей трэба будзіць, а не закалыхваць выказваньнямі кшталту: “Вася, ты – у Эўропе”, “Ты – памяркоўны”, – дакарае нас Людміла Петрыч зь Менску. – Такія словы шкодныя, ад іх Вася засьне, як ад калыханкі. Для Васі трэба часьцей цытаваць Лукашэнку. У таго што ні слова, то “вашывыя блохі”, “ашмёткі”, “бамжатнікі”, “трэба на лыжы станавіцца, а не па аптэках бегаць ды скардзіцца”… Людзі павінны пабачыць і пераканацца, што кожным сваім словам і справай Лукашэнка ўсіх нас зьневажае і падманвае – ад заробкаў, уведзеных ім нормаў на электраэнэргію да ацяпленьня, пры якім батарэі ледзь цёплыя, – лічыць Людміла Петрыч.

Пра сябе яна паведамляе, што ў мінулым – расейка, але стала ненавідзець Расею менавіта праз Лукашэнку. Бо антырасейскія настроі, на яе думку – вынік кіраваньня Лукашэнкі. Але, як яна піша, “хутчэй расейцы гэта заўважаць, чым самі беларусы”.

Нас Людміла папракае: “Няма аналізу, чаму Лукашэнка ненавідзіць усё беларускае і не пускае тут карані – жыве як у камандзіроўцы. Здасьць Беларусь – і зьнікне. У яго тут ні кала, ні двара, ні адказнасьці. Вы, “Свабода”, ніколі не гаворыце пра тое, што расейцаў з краінаў СНД гоняць і заўсёды будуць гнаць з-за такіх палітыкаў, як Лукашэнка”, – напісала нам Людміла Петрыч зь Менску.

Людміла адзначыла вельмі важную дэталь, на якую мы, сапраўды, ня часта зьвяртаем увагу: Лукашэнка пры ўсёй ягонай прарасейскае рыторыцы аб’ектыўна блізкасьці паміж народамі ня спрыяе. І справа ня толькі ў тым, што пры ім, як ніколі раней, зьневажаецца й нішчыцца ўсё беларускае, што выклікае адпаведную рэакцыю ня толькі ў беларусаў. Пры Лукашэнку ўпершыню за многія дзесяцігодзьдзі фактычна спынены плынь эміграцыі з Расеі, і разгарнуўся зваротны працэс – усё больш людзей перасяляецца зь Беларусі ў іншыя краіны, у тым ліку і Расею.

Паказальна, што людзі, якія назіраюць за нашай сытуацыяй як бы збоку, толькі зрэдку бываючы тут, адчуваюць гэтыя тэндэнцыі вастрэй – ім ёсьць з чым параўноўваць. Наш слухач з латвійскага Даўгаўпілсу Міхал Козел напісаў: “У Беларусі многія паводзяць сябе як недарэзаныя цяляты, ня ймкнуцца да абароны сваёй радзімы й чалавечай годнасьці, ня бачаць, што “свабода й радаснае жыцьцё” іх чакаюць у Сібіры. Нават відавочныя рэчы часам немагчыма растлумачыць. Аднаму чыноўніку неяк кажу: “Пры такой палітыцы вас чакае гіпэрінфляцыя”. А ён мне: “Ну й што, абы заробак своечасова давалі”. “Я тут падумаў, – піша Міхал Козел, – што такім людзям можна й “керанкамі” плаціць”.

Наш сталы слухач з Глуску Ян Эмоцын, ліст якога я цытаваў у мінулай перадачы, незадаволены маімі высновамі, даслаў яшчэ адно пісьмо, у якім піша: “Вось вы кажаце, што ня трэба абражаць Лукашэнку. А што рабіць, калі на загад Лукашэнкі нас зьбіваюць на мітынгах, зьневажаюць. Вы зазірніце ў вёску й спытайце, хто такі Зянон Пазьняк. Вам адкажуць, што фашыст, што ў вайну паліцаем быў. (Хоць яго ў вайну й на сьвеце не было). І спытайце, хто такі Лукашэнка. Пачуеце, што Лукашэнка, Шэйман, Латыпаў ды Чумакоў – сапраўдныя беларусы, якія хочуць далучыць Беларусь да Расеі, каб нам лепш жылося. Вось што робіць лукашэнкава прапаганда, а вы зь ёй ейнымі ж метадамі ня хочаце змагацца”, – папракае нас Ян Эмоцын з Глуску.

Ня хочам, Ян, бо выкарыстоўваць ейныя метады – азначала б на зьнявагу адказваць зьнявагай, а на хлусьню – хлусьнёю. Праўда й чалавечы гонар заўсёды мацней, чым гэтыя так званыя “прапагандысцкія метады”, сапраўдная вартасьць якіх рана ці позна стане відавочнай.

Таму мы вельмі радыя, калі атрымліваем такія лісты, як ад Тодара Краміча з гораду Глыбокае Віцебскае вобласьці. Ён піша: “Слухаю вашыя перадачы амаль кожны дзень. Гэта як глыток сьвежага паветра ў задушны дзень перад навальніцай”. Гэтай шчырасьцю, няхай сабе й крыху пафаснай, мы вельмі даражым.

Вы слухалі перадачу “Паштовая скрынка-111”.

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

XS
SM
MD
LG