Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


Эфір 30 Лістапада 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

У школах і паліклініках, у шпіталях і бібліятэках — паўсюль сярод люду, заробкі якога цалкам залежаць ад прыхамаці чыноўніка, самая папулярная тэма сёньня — падвышэньне заробку. Настаўнікі й мэдыкі чакаюць абяцаных Аляксандрам Лукашэнкам штомесячных 100 даляраў, хоць дагэтуль ім плацілі й плацяць у чатыры разы меней. Зрэшты, ня ўсе ўпэўненыя ў тым, што абяцанае будзе выканана. Вось які ліст даслала нам настаўніца Сьвятлана Кобзева зь Менску. Яна піша:

“На ўроках гісторыі, паводле навучальных плянаў, я павінна хваліць сацыяльную скіраванасьць мудрае палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. А, вярнуўшыся дамоў, вымушаная штодня сутыкацца з рэаліямі гэтае так званае “мудрае палітыкі” — напрыклад, з пытаньнем, як ста грамамі каўбасы накарміць вячэраю сям’ю з чатырох чалавек. Бо нічога больш я на свой заробак дазволіць не магу.

Маладыя настаўнікі ў нас вельмі ўзрадаваліся, калі днямі Аляксандар Лукашэнка аб’явіў, што ў наступным годзе заробак у бюджэтнікаў падвысіцца да ста даляраў. Гэта пры тым, што сёньня маладому настаўніку плацяць 20–25 даляраў. Мы, старэйшыя, над іхнай радасьцю паблажліва пасьмейваемся. Колькі ўжо на нашым вяку было такіх абяцаньняў. А настаўнік як быў жабраком пры камуністах, гэтак і цяпер ім застаецца. Што да абяцаньняў Лукашэнкі, дык яму абы застацца прэзыдэнтам — а там ён знойдзе адгаворку, растлумачыць, хто яму перашкодзіў падняць настаўніку заробак у чатыры разы”,

— напісала менская настаўніца Сьвятлана Кобзева.

Гісторыя з абяцаным чатырохразовым падвышэньнем заробкаў даволі цьмяная. Аляксандар Лукашэнка спачатку казаў пра “сто даляраў”, а цяпер чамусьці — пра “сто тысячаў беларускіх рублёў”. Сто тысячаў рублёў ужо нават сёньня — гэта толькі 85 даляраў…

Да таго ж абяцае ён гэта зрабіць да канца наступнага году — гэта значыць, да таго тэрміну, калі прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ўжо адбудуцца. Такога кшталту абяцаньні ў тых, хто ня раз чуў падобнае перад выбарамі, і праўда, ня могуць ня выклікаць пытаньні.

Яшчэ адзін ліст зь Менску — ад Вячаслава Каныша. Вячаслаў напісаў нам пад уражаньнем нядаўніх гучных адставак у вышэйшым кіраўніцтве беларускіх сілавых ведамстваў. Гэтыя адстаўкі выклікалі ў слухача такія вось успаміны:

“Памятаю, у 94-м годзе, калі Аляксандар Лукашэнка ўзначальваў камісію Вярхоўнага Савету ў барацьбе з карупцыяй і дамагаўся адстаўкі Станіслава Шушкевіча, ён увесь час паўтараў: “Вы, Станіслаў Станіслававіч, ня ўмееце разьбірацца ў людзях. Кім Вы сябе акружылі?”. Цікава, што думае цяпер Лукашэнка пра ўласныя здольнасьці распазнаньня чалавечых якасьцяў. Дзе цяпер усё ягонае былое атачэньне, якое дапамагала яму ўзысьці на прастол? Дзе гаспадарнік Ціцянкоў? Дзе кадравік Сініцын? А сілавік Захаранка? А правазнаўца Ганчар? А сьпічрайтар Фядута?

Да апошняга часу заставаўся побач адзін толькі былы маёр-танкіст Шэйман. А цяпер вось і ў яго адабраў Лукашэнка генэральскія лямпасы. І хоць канчаткова ня выгнаў, але як пачувае сябе кадравы вайсковец, пазбаўлены мундзіра й кінуты кіраваць зусім незнаёмай і спэцыфічнай сфэраю, у якой нават прафэсіяналам цяжка?..

Усё паўтараецца. І вельмі блізка той дзень, калі на трыбуну падымецца які-небудзь новы лукашэнка й спытае: “Кім жа Вы акружылі сябе, Аляксандар Рыгоравіч?” І распавядзе новую гісторыю пра карупцыю — праўда, гэтым разам не пра скрыню цьвікоў, а верагодна, пра прэзыдэнцкі самалёт, эшалёны кантрабанднае гарэлкі й прэзыдэнцкія палацы. Сумна назіраць за ўсім гэтым”,

— напісаў Вячаслаў Каныш зь Менску.

Ня думаю, што камусьці ўдасца паўтарыць гісторыю ўзыходжаньня Аляксандра Лукашэнкі на вяршыню ўлады. Іншыя палітычныя ўмовы, іншыя настроі ў грамадзтве. Сем год таму чамаданы з кампраматам выглядалі бяспройгрышным палітычным аргумэнтам. Сёньня звычайны абываталь марыць ня так пра тое, каб пабачыць міністра за турэмнымі кратамі (гэтага ён ужо нагледзеўся), як пра нармальнае жыцьцё, пры якім ня трэба думаць пра кавалак хлеба, а ўлада калі не дапамагае, дык хоць не замінае зарабіць самастойна.

Піша былы журналіст Уладзімер Вайцяхоўскі зь мястэчку Навасады Барысаўскага раёну Менскае вобласьці:

“Пасьля публікацыі ў прэсе крытычных матэрыялаў я апынуўся “пад каўпаком” кампэтэнтных ворганаў. У турме пазбавіўся здароўя, фактычна стаў інвалідам. Стан здароўя цяпер крытычны. У адпаведнасьці з Законам аб амністыі мне павінны скараціць тэрмін пакараньня на год. Адміністрацыя зоны строгага рэжыму, дзе я адбываю тэрмін, затрымлівае маё вызваленьне. Падобна на тое, што робіць яна гэта не з уласнай ахвоты. Адчуваю, што са мною хочуць расквітацца. А на волі бяз сродкаў да існаваньня засталася мая 75-гадовая мама…”,

— напісаў былы журналіст, а цяпер зьняволены Ўладзімер Вайцяхоўскі зь мястэчку Навасады Барысаўскага раёну.

Амністыі ў беларускіх турмах чакаюць дзясяткі тысячаў зьняволеных. Цяжка сказаць нешта пэўнае пра Вашую справу, спадар Вайцяхоўскі — дзеля гэтага трэба было б ведаць яе падрабязнасьці. Але фактам ёсьць тое, што беларускія турмы з прычыны іхнае “перанаселенасьці”, антысанітарыі ды жабрачага харчаваньня ператвораныя ў фабрыкі інваліднасьці. Здаровыя людзі вяртаюцца адтуль калекамі, утрымліваць якіх потым забавязана ўсё грамадзтва. І не выпадкова да стану турмаў і ўмоваў утрыманьня зьняволеных эўрапейская супольнасьць прад’яўляе жорсткія патрабаваньні — Беларусі да такіх стандартаў пакуль вельмі далёка.

Праваслаўны сьвятар зь Пінскага раёну Берасьцейскае вобласьці іярэй Аляксандар, ліст якога мы цытавалі ў мінулай перадачы, даслаў яшчэ адно паведамленьне.

“На просьбу сваіх прыхаджанаў хачу працягнуць размову пра становішча праваслаўнага сьвятарства, — піша іярэй Аляксандар. — Пасьля распаду СССР мы, сьвятары, чакалі, што нам дадуць магчымасьць пачаць актыўную хрысьціянізацыю. Але гэтага не было і няма. Ані архірэй, ані ягоны сакратар гэта не заахвочваюць. Іхная мэта адная — выпампоўваць з прыходаў як мага болей грошай. За грошы купляюцца ўзнагароды, прыходы, службовае падвышэньне. Да чаго гэта вядзе?

На Піншчыне некалькі сьвятароў Беларускага экзархату ёсьць адначасова сьвятарамі Беларускае Аўтакефальнае праваслаўнае царквы ці Ўкраінскае царквы. Яны патаемна выйшлі з экзархату, калі ўбачылі, што ў ім творыцца. Я асабіста знаёмы з адным дыяканам экзархату, які адначасова ёсьць пратаіярэем Украінскае царквы і таемна абслугоўвае маленькую абшчыну. Для кагосьці гэта падасца сьмешным. А для нас гэта — трагедыя. У якой яшчэ краіне праваслаўныя абшчыны, не зьвязаныя з Маскоўскім Патрыярхатам, мусяць быць у падпольлі, як у першыя стагодзьдзі хрысьціянства? А гэта ж не адзінкавая зьява. Колькасьць такіх абшчынаў павялічваецца — асабліва пасьля таго, як група студэнтаў з Жыровіцкай сэмінарыі выйшла з-пад юрысдыкцыі экзархату”,

— напісаў іярэй Аляксандар зь Пінскага раёну Берасьцейскае вобласьці.

Зьява, сапраўды, адметная, і сьведчыць пра тое, што ў асяродзьдзі Праваслаўнае царквы адбываюцца глыбінныя працэсы, хоць звонку й незаўважныя. І што палітызаванасьць Беларускага экзархату, ягоная дэманстратыўная падтрымка палітыкі Лукашэнкі ды нядобразычлівае стаўленьне да беларускае незалежнасьці непасрэдна адбіваюцца на царкоўным жыцьці, а ўрэшце — і на будучыні царквы.

На заканчэньне — ліст ад Івана Зінчанкі са Жлобіну Гомельскае вобласьці. Іван піша:

“Не хапае цярпеньня слухаць хлусьню ўлады пра тое, што беспрацоўе ў нас складае нібыта ўсяго два адсоткі насельнікаў. Гэта такі ж падман людзей, як і тое, што ў нас засталася бясплатная мэдыцына. Хадзіў я днямі ў нашу бясплатную паліклініку. Урач адразу папярэдзіў: “Бясплатна я вам магу толькі тэмпэратуру зьмерыць”. Трэба ўкол — нясі шпрыц і вакцыну; хочаш праўдзівы дыягназ — плаці за ўльтрагукавое дасьледваньне. Бяз грошай ніхто цябе нават слухаць ня хоча. А адкуль тыя грошы, калі заробак на заводзе плацяць раз у два месяцы, ды й то — усяго па дваццаць тысячаў. Дырэктар тлумачыць — адкуль грошы, калі працуем па два дні на тыдзень. Але пры гэтым нікога не звальняюць — Лукашэнка забараніў. Напэўна, дзеля таго, каб лічыць, што ў нас няма беспрацоўя і каб не выплочваць дапамогу беспрацоўным. Адным словам, куды ні кінь — усюды сацыялізм зь нечалавечым тварам”,

— напісаў Іван Зінчанка са Жлобіна.

Праявы такога, як Вы, Іван, пішаце “сацыялізму зь нечалавечым тварам”, — ня толькі кепска прыхаванае беспрацоўе і ня толькі гэтак званая бясплатная мэдыцына. Вось, да прыкладу, памятаеце, як улады ўвялі бясплатны ды ільготны праезд для вясковых пэнсіянэраў — і сёньня тыя пэнсіянэры ня могуць заехаць у раённы цэнтар ані бясплатна, ані за грошы — бо сыстэма грамадзкага транспарту ў выніку ўвогуле распалася. Або яшчэ: дзеля таго, каб захаваць калгасную сыстэму, улада накіроўвае туды мільярды рублёў з дзяржаўнана бюджэту. А ў выніку сёлета ў Беларусі ўпершыню за апошняе дзесяцігодзьдзе хлеб стаў даражэйшы, чым у Расеі ды ва Ўкраіне, і Беларусь пачала губляць ня тое што замежны, а і свой уласны рынак харчовых прадуктаў.

Прынамсі адное са сваіх колішніх абяцаньняў Аляксандар Лукашэнка выканаў: ён паспрабаваў захаваць сацыялізм на 210 тысячах квадратных кілямэтраў былога СССР. Але аблічча гэтага сацыялізму нікога з суседзяў чамусьці ня вабіць.

Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

XS
SM
MD
LG