Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


11 Лістапада 1999.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

Пачну зь ліста нашага сталага слухача Антона Капніцкага зь Менску, які піша пра стасункі Беларусі й Расеі і пра тое, як да гэтай праблемы ставяцца ў дэмакратычным асяродзьдзі.

Ён распавядае: “Днямі быў на хутары ў сястры і ў чарговы раз сустрэўся з фэрмэрам, былым палкоўнікам ракетных войскаў, які служыў у Сібіры. У яго цяпер вялікая фэрма: коні, гусі, нават паляўнічыя сабакі. Ёсьць свая машына. Калі яшчэ два гады таму ён рэзка адмоўна ставіўся да маёй крытыкі Лукашэнкі, то цяпер – за свабоду й незалежнасьць Беларусі. Але пры гэтым і за дружалюбныя адносіны з Расеяй”.

“Гэтак жа, – лічыць Антон Капніцкі, – думаюць сёньня многія з тых, хто яшчэ ўчора не ўяўляў жыцьця без Савецкага Саюзу. І ня трэба адштурхоўваць такіх, як гэты фэрмэр, ад апазыцыі няспыннымі нападкамі на Расею. Куды больш разумны шлях – паспрабаваць знайсьці падтрымку ў прагрэсіўных расейскіх палітыкаў. Адштурхоўваючы іх, мы толькі аказваем вялізную дапамогу Лукашэнку, бо лёс ягонае дыктатуры залежыць выключна ад стаўленьня Расеі”, – гэта была думка нашага слухача Антона Капніцкага зь Менску.

Аўтар піша пра сябе, што зьяўляецца сталым удзельнікам вулічных акцыяў апазыцыі з 88-га году, а 2 красавіка 97-га году недалёка ад расейскай амбасады быў нават зьбіты міліцыянтамі, пасьля чаго вымушаны быў тры тыдні лячыцца.

Расея, сапраўды, розная. Ёсьць Расея Зюганава й Макашова, а ёсьць – Гайдара і Навадворскай. І няма лягічных аргумэнтаў супраць таго, каб падтрымліваць добрыя стасункі з тымі, хто прызнае беларускую незалежнасьць і хоча бачыць у Менску дэмакратычнае кіраўніцтва.

Рэч, аднак, у тым, што тыя сілы ў Расеі, якія маюць сёньня рэальную ўладу і называюць сябе дэмакратамі, глядзяць на гэтую праблему па-іншаму. Лукашэнку прызнае законным прэзыдэнтам пасьля 20 ліпеня гэтага году дэмакрат Ельцын і зь ім жа зьбіраецца падпісваць чарговую хаўрусную дамову.

А калі над дзяржавай навісае рэальная пагроза страты незалежнасьці, думаць трэба найперш, як свой дом абараніць, і толькі потым – што пра гэта падумаюць суседзі. Тым больш, што і вайна ў Чачні, і разгул бандытызму, і жабрацтва расейскае вёскі – гэта не паклёп на далікатнага суседа, гэта – сёньняшнія расейскія рэаліі, якія заўтра могуць прыйсьці ў нашую хату.

Сям’я Ліцьвінкоў зь Менску – Людміла, Ян і Алеся – у сваім лісьце таксама выказваюцца наконт лукашэнкавай інтэграцыйнай палітыкі. Яны пішуць: “Мы супраць хаўруснае дамовы паміж Беларусьсю й Расеяй, таму што гэта пагражае незалежнасьці нашае краіны. Мы хочам жыць у свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі, зь беларускай культураю, адукацыяй, з нармальным і прадказальным кіраўніцтвам, за якое не было б сорамна перад іншымі народамі”.

Зусім натуральныя жаданьні, уласьцівыя любому грамадзяніну, што адэкватна ацэньвае тое, як успрымаюць у сьвеце сёньняшнюю Беларусь і гэтым незайдросным успрыманьнем незадаволены.

Многія нашыя слухачы ўстрывожаныя сытуацыяй у Беларускім Народным Фронце. Уладзіслаў Міцкевіч зь вёскі Чэрцы Лепельскага раёну Віцебскае вобласьці піша: “Беларусь – гэта ня толькі палітызаваны Менск. Ад простых людзей у вёсцы я ўжо неаднойчы чуў: маўляў, Пазьняк вас пакінуў назаўсёды. Гэта выклікае недавер да БНФ… Вядома, рызыкаваць такой асобаю проста неразумна, але калі б у вырашальны для Беларусі час Зянон Станіслававіч зьявіўся на Радзіме, то гэта быў бы вельмі вялікі плюс для ўсяго вызвольнага руху”, – напісаў нам Уладзіслаў Міцкевіч зь лепельскай вёскі Чэрцы.

У сваім лісьце ён таксама тлумачыць, чаму так хоча вяртаньня Пазняка ў Беларусь: “Ня толькі таму, што ён выдатны чалавек і палітык, а менавіта таму, што для простага народу яго пакуль што не заменіць аніякі палітык так званае “новае хвалі”. Не хачу нічога дрэннага сказаць пра Лявона Баршчэўскага, але для бальшыні людзей, якія ня вельмі добра разьбіраюцца ў палітыцы, БНФ – гэта Зянон Пазьняк, а Пазьняк – гэта БНФ”.

Лілія Сазанавец з горада Ліда Гарадзенскае вобласьці, дэлегатка 6-га зьезду Народнага Фронту, таксама піша пра сытуацыю ў БНФ: “Фронт падзяліўся канчаткова. Тое, чаго не хацелі й чаго баяліся, здарылася. Да гэтага йшлі даўно. Магчыма, ня ўсе фронтаўцы пра тое ведалі, а хто ведаў – той не хацеў верыць”.

“Праца па расколу Фронту пачалася ня сёння і ня ўчора, – мяркуе Лілія Сазанавец. – Апошнія гады два практычна нічога з таго, што прапаноўваў Зянон Пазьняк, ня выконвалася. Не выконвалася цэнтральнымі ды рэгіянальнымі кіраўнікамі Фронту, якія вырашылі стаць у апазыцыю да Пазьняка. Я пра гэта кажу не таму, што зьяўляюся прыхільніцаю Пазьняка, а таму, што гэтую сытуацыю проста бачыла. Да шэраговых фронтаўцаў інфармацыя аб нейкай акцыі магла не дайсьці, бо кіраўнікі пра яе проста не паведамлялі”, – напісала нам актывістка Народнага Фронту зь Ліды Лілія Сазанавец, якая пачала свой ліст з рытарычнага пытаньня: “Няўжо мы ворагі адзін аднаму?”

Раскол, які адбываецца ў Народным Фронце, вельмі хваравіта ўспрыняты многімі й многімі прыхільнікамі руху. Гэта, як правіла, людзі, для якіх БНФ – апошнія дзесяць гадоў іхнага жыцьця, запоўненыя цкаваньнем на працы, перасьледам уладаў, прыніжэньнямі й гвалтам у міліцэйскіх пастарунках.

Адзінства й згуртаванасьць аднадумцаў былі для іх, можа, найважнейшым маральным апірышчам сярод гэтае шэрае паласы няўдачаў і паразаў. І гэтае апірышча давала сілы, каб ня скласьці рукі й верыць у посьпех.

Цяпер у многіх зь іх уражаньне, што падмурак рушыцца, зыходзіць з-пад ног.

За гэтых людзей, за іхную будучыню сёньня, напэўна, у аднолькавай ступені адказныя і БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі, і БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка.

Вы слухалі перадачу “Паштовая Скрынка 111”.

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко

XS
SM
MD
LG