Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


Эфір 26 Кастрычніка 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Дзевяць год таму, адразу пасьля распаду Савецкага Саюзу, Беларуская армія, якая паўстала з колішняй Беларускай ваеннай акругі, выглядала самай баяздольнай і магутнай у гэтай частцы кантынэнту. Што сабою ўяўляюць Узброеныя Сілы Беларусі сёньня? І ці здольная небагатая дзяржава ўтрымліваць шматлікае войска? Вось як адказвае на гэтыя пытаньні ў сваім лісьце Мікола Сінюга зь Лідзкага раёну Гарадзенскае вобласьці. Ён піша:

“Ні ў адной з суседніх дзяржаваў (апроч, хіба, Расеі) няма такой вялікай арміі, як у Беларусі (калі лічыць адносна колькасьці жыхароў). Жыву я побач з вайсковым гарадком, добра ведаю сапраўдную баяздольнасьць нашых “ваякаў”. На танках і БМП яны ня езьдзяць, бо няма паліва; ракеты не запускаюць, бо вельмі дарагія; з аўтаматаў не страляюць, бо трэба ашчаджаць патроны… Бадзяюцца паўгалодныя, апранутыя хто ўва што — бо на адзіную форму зноў жа грошай не хапае. Каго мы хочам падмануць гэтай сваёй 100-тысячнай арміяй.

А галоўнае — з кім ваяваць? З Польшчаю ці Летувою, за плячыма якіх NATO? Ці, мо, з такой жа жабрацкай, як і мы, Украінаю? Лукашэнка надоечы слушна казаў — армія гэтая патрэбная толькі Расеі. Але ж Расея за яе ні капейкі ня плаціць. Дык навошта ўтрымліваць яе ў такім разе? Аддайце гэтыя грошы настаўнікам і пэнсіянэрам, а галодных хлопцаў адпусьціце да маці — няхай вучацца, справаю займаюцца, грошы зарабляюць”,

— напісаў Мікола Сінюга зь Лідзкага раёну, у якога сын таксама ў гэтую восень мусіў апрануць вайсковую форму, хоць ані бацька, ані сын ад гэтага не ў захапленьні.

Зьвярну ўвагу, Мікола, на вашую заўвагу пра словы Лукашэнкі наконт таго, каму такая армія патрэбная. Сказаныя яны былі некалькі тыдняў таму як дакор Расеі — мы, маўляў, дзеля вас такую армію ўтрымліваем, а вы нам нават “газавыя” даўгі дараваць ня можаце. Гэта, аднак, эмоцыі. На справе ж тое, што для Беларусі такая грувасткая армія непатрэбная, было відавочна й сем год таму, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Але скарачаць яе ён не пажадаў, а фінансаваць як належыць — ня мог. Вынік такога стаўленьня да арміі вы можаце бачыць на прыкладзе вашага вайсковага гарадку.

Наш сталы слухач М. зь Менску адгукнуўся на нядзельную дыскусію, якую вялі ў перадачы “Праскі акцэнт” Аляксей Кароль і Аляксандар Старыкевіч наконт вынікаў нядаўніх выбараў. Слухач у гэтай дыскусіі на баку спадара Караля. Ён піша:

“Мае рацыю Аляксей Кароль, калі абвяргае сьцьвярджэньне апанэнта пра тое, што апазыцыя нібыта не паўплывала на байкот выбараў. Яшчэ ніколі столькі людзей сьвядома не адмаўлялася ад удзелу ў галасаваньні. І тое, што апазыцыя ня мае падтрымкі ў грамадзтве — таксама няпраўда. Ня маюць вялікае падтрымкі лідэры апазыцыі, а вось падтрымка самога апазыцыйнага руху, апазыцыйнай ідэі вялікая, на парадак вышэй, чым любога палітыка. На шэсьці ды іншыя акцыі апазыцыі людзі не прыходзяць проста таму, што не разумеюць іхнага значэньня. І памыляецца той, хто лічыць, што перамога незалежнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах ня будзе залежаць ад падтрымкі яго апазыцыяй. Вось жа і ў Югаславіі Ваіслаў Каштуніца, здаецца, стаіць па-над партыямі, але ці адолеў бы ён Мілошавіча без падтрымкі апазыцыі?”,

— напісаў наш сталы слухач і аўтар М. зь Менску. Ад яго мы досыць часта атрымліваем цікавыя лісты, але заўсёды падпісаныя толькі ініцыялам і адпраўленыя ня поштаю, а кінутыя наўпрост у скрынку. Калі меркаваць па почырку, аўтар іхны — чалавек сталага веку, і, магчыма, мае сумны досьвед стаўленьня ўладаў да праяваў іншадумства. Прынамсі, і ў гэтым лісьце, як і ў многіх папярэдніх, слухач нагадвае пра тое, што ў СССР была вялізная колькасьць гэтак званых “стукачоў” — штатных і пазаштатных інфарматараў КГБ, якія дагэтуль ня выкрытыя ды гатовыя і сёньня працягваць сваю справу, а таму, маўляў, трэба іх усяляк асьцерагацца.

Дзяніс Клямко з Баранавічаў Берасьцейскае вобласьці даўно й рэгулярна нас слухае, але мае да нашае працы сур’ёзныя заўвагі. Вось цытата зь ягонага ліста:

“Сумна вас слухаць, Беларуская Свабода. Што вы ўсё адным і тым жа людзям слова даяце — Лябедзька, Пазьняк, Вячорка, Грыб, Шушкевіч… І так даўно вядома, што яны думаюць і што скажуць. Няўжо вам не цікава, як пракамэнтаваў бы праблему ўціску незалежнае прэсы, да прыкладу, віцэ-прэм’ер Уладзімер Замяталін або як ставіцца да адкрыта антыбеларускіх праяваў расейскае палітыкі міністар замежных справаў Урал Латыпаў. Цікава было б таксама чуць іншых асобаў, якія рэальна кіруюць дзяржаваю — старшыняў абласных выканкамаў, міністраў. Бяз гэтага вашыя перадачы выглядаюць надта аднабаковымі. Бярыце прыклад з Расейскае Свабоды”,

— гэта быў ліст Дзяніса Клямко з Баранавічаў.

Заўвагі вашыя, Дзяніс, цалкам слушныя. Натуральна, быць аб’ектыўным — значыць, адлюстроўваць розныя пункты гледжаньня й розныя пазыцыі. І гэта ёсьць нашай мэтаю.

Існуе, аднак, вельмі сур’ёзная праблема, зьвязаная са спэцыфікаю дзяржаўнага ўладкаваньня ў Беларусі. Палягае яна на тым, што дзяржаўныя чыноўнікі (і ня толькі высокія) пастаўленыя ў такія ўмовы, што выказваць уласны пункт гледжаньня прэсе на якую б ні было праблему для іх рызыкоўна. Раптам не дагодзіш начальству і трапіш у “чорны сьпіс” або і ўвогуле згубіш пасаду. І сёньня звычайны адказ, для прыкладу, міністра ці старшыні абласнога выканкаму на просьбу пра камэнтар — гэта просьба даслаць пытаньні ў пісьмовым выглядзе. І чакаць адказу на тыя пытаньні, зазвычай, безсэнсоўна.

Цікава, што датычыць такая практыка ня толькі недзяржаўных або замежных мэдыяў — нават журналісты “Советской Белоруссии” скардзяцца Лукашэнку на тое, што ня могуць дамагчыся камэнтароў ад чыноўнікаў — тыя проста баяцца неадэкватнае рэакцыі начальства на ўласную, як ім здаецца, празьмерную сьмеласьць.

Пра свае шматгадовыя стасункі з чыноўніцкім апаратам напісаў нам Віктар Бута зь Менску, былы кіроўца Менскага тралейбуснага дэпо №5, які ўжо некалькі гадоў пасьля звальненьня спрабуе даказаць, што звольнілі яго незаконна, і адначасова шукае іншую працу. Вось урывак зь ягонага ліста:

“Чаго толькі ні давялося выслухаць, ходзячы па чыноўніцкіх кабінэтах. Пагражалі і на 101-ы кілямэтар выслаць, і згнаіць у турме або “псыхушцы”…

Вырашыў я, каб пражыць, заняцца продажам газэтаў і часопісаў. І хоць выканкам тры гады таму выдаў мне адпаведнае пасьведчаньне прадпрымальніка, але цяпер адмаўляецца выдаць ліцэнзію, субсыдыю, месца — тое неабходнае, што патрабуецца дзеля гэтае працы.

У аддзеле занятасьці Першамайскага раёну мяне адмаўляюцца паставіць на ўлік і выплочваць дапамогу як беспрацоўнаму, былому ліквідатару-“чарнобыльцу”.

… Я зразумеў, што жыву па сутнасьці ў той жа камуністычнай дзяржаве, дзе чыноўнікам няма справы да мяне й маіх праблемаў і дзе немагчыма прымусіць іх выконваць закон, бо кіруюцца яны не законам, а выключна загадамі свайго начальства. Лёс маленькага чалавека ім абсалютна абыякавы”,

— напісаў беспрацоўны Віктар Бута зь Менску.

Лісты, у якіх людзі апісваюць даўгія гісторыі ўласнага праўдашукальніцтва — ня рэдкасьць у рэдакцыйнай пошце. Адметна тое, што ў грамадзкай сьвядомасьці так і не ўсталявалася простая аксіёма, што ўсе сацыяльныя ці працоўныя спрэчкі павінны вырашацца ў судзе. Суд, як і пры камуністах, страціў сваю функцыю галоўнага і адзінага арбітра — усе добра ведаюць, што праблемы трэба вырашаць ня ў судзе, а ў выканкаме… Бо адтуль кіруюць усім, у тым ліку — і судамі. Гэтак, як раней з райкамаў ды абкамаў.

На заканчэньне — ліст ад Сяргея Піменава зь Менску. Сяргей марыць зьехаць за мяжу і шукае дзеля гэтага магчымасьці. Ён піша:

“Сёлета я закончыў Політэхнічную акадэмію. Працую на заводзе інжынэрам, за што атрымліваю 50 тысячаў рублёў за месяц. Жонка даглядае малое дзіця. Пражыць за гэтыя грошы ані тэарэтычна, ані практычна немагчыма. Калі б не бацькі, і ня тое, што яны вырошчваюць на лецішчы, мы б натуральна галадалі. Ад такога жыцьця я даўно стаміўся. Кажуць, што вы можаце дапамагчы выехаць за мяжу на сталае месца жыхарства. Паведамце, калі ласка, што для гэтага патрэбна. Можа, трэба паўдзельнічаць у якіх-небудзь акцыях апазыцыі ці ўступіць у БНФ — я гатоў гэта зрабіць. Немагчыма далей жыць сярод гэтага хамства, неадукаванасьці й жабрацтва”,

— напісаў Сяргей Піменаў зь Менску.

Мяркую, Сяргей, што ўступаюць у дэмакратычныя партыі ды ўдзельнічаюць у апазыцыйных акцыях пратэсту тыя людзі, якія імкнуцца пазбавіцца хамства, неадукаванасьці й галечы тут, у Беларусі, а ня тыя, хто шукае лёгкіх і хуткіх шляхоў на Захад. Прыкрывацца фіктыўнай апазыцыйнасьцю, каб паправіць матэрыяльнае становішча — учынак зусім амаральны, як і любая хлусьня. Сумленны шлях у вашым выпадку — выправіцца на заробкі гэтак жа, як выпраўляюцца за мяжу тысячы іншых людзей, якіх змушаюць да гэтага эканамічныя абставіны. Магчыма, у чымсьці вам можа дапамагчы, падказаць, дзе могуць спратрэбіцца вашыя рукі, праграма нашага радыё “У сьвет на заробкі”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

XS
SM
MD
LG