Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


Эфір 19 Кастрычніка 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Амаль ва ўсіх лістах апошняга тыдня так ці йнакш закранаецца тэма выбараў — і тых выбараў, што адбываліся ў мінулую нядзелю і якія прынамсі палова ўсіх грамадзянаў краіны прайгнаравала; і тых, галоўных для лёсу дзяржавы, якія павінны адбыцца ў наступным годзе. Многія нашы слухачы ўжо сёньня заклапочаныя тым, чые прозьвішчы будуць у бюлетэнях на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году. Вось якімі развагамі на гэты конт дзеліцца Алесь Мікалайчык зь Віцебску. Ён піша:

“Спрабую знайсьці адказ на пытаньні: чаму напрыканцы XX стагодзьдзя ў цэнтры Эўропы існуе “запаведнік камунізму” з зусім не чалавечым тварам; чаму б’юць беларусаў за размову па-беларуску; чаму гэтыя бязбожнікі навязваюць грамадзтву праваслаўную веру (я сам праваслаўны, і мне прыкра бачыць, як ганьбяць іншыя канфэсіі — не па-хрысьціянску гэта). А апроч таго: чаму наш працавіты народ даведзены да галечы, а дзеці ў школах губляюць прытомнасьць ад недаяданьня? Некаторыя лічаць, што ва ўсім вінаваты Лукашэнка. Але, па-мойму, такое тлумачэньне занадта простае. Галоўную прычыну паразы дэмакратыі ў Беларусі я бачу ў тым, што ў 90–94-м гадох вырашэньне пытаньняў, што датычаць кожнага з нас, грамадзтва даверыла вузкаму колу асобаў, што называлі сябе палітыкамі. Між тым, яны зусім не адпавядалі выклікам часу, былі людзьмі шэрымі, невыразнымі, бяз гонару й годнасьці. Нарабілі памылак, а вінаватымі абвесьцілі сваіх, так бы мовіць, “ворагаў”.

І вось цяпер хутка зноў рабіць выбар. І зноў я бачу вузкае кола палітыкаў, што прапануюць сябе ў чарговыя правадыры. Ізноў грамадзтва выяўляе абыякавасьць, даверлівасьць, млявасьць…”

Спадар Мікалайчык прапануе супольна шукаць годную асобу, якая магла б на выбарах скласьці рэальную канкурэнцыю Лукашэнку. Сярод апазыцыйных палітыкаў ён такіх людзей ня бачыць. Яшчэ адна цытата з ліста:

“Ня час ім яшчэ прэтэндаваць на галоўныя ролі. Напачатку няхай паходзяць у мэрах (як Шырак); у губэрнатарах (як Клінтан); у міністрах (як Бальцэровіч). Хопіць нам ужо нахабных выскачак, рознага кшталту банапартаў, чыя вучоба выходзіць нам бядою. Вектар пошуку трэба скіраваць па-за межы палітыкі. Нашае грамадзтва мае шмат таленавітых людзей. Праблема ў тым, каб гэтыя людзі былі ўведзеныя на авансцэну грамадзкага жыцьця.

І ў якасьці ўзору спадар Мікалайчык называе судзьдзяў Канстытуцыйнага суду Пастухова, Фадзеева й Чудакова, якія ў 96-м годзе пасьля гэтак званага рэфэрэндуму падалі ў адстаўку на знак пратэсту супраць неканстытуцыйных дзеяньняў улады. Такіх ды падобных на іх асобаў Алесь Мікалайчык заклікае не стаяць у баку ад палітыкі, бо толькі зь імі, а не са старымі імёнамі, зьвязвае спадзяваньні на будучыню.

Гэтая праблема — новых імёнаў у палітыцы — хвалюе пакуль ня ўсё грамадзтва, хоць самі палітыкі добра ўсьведамляюць, наколькі актуальнай яна будзе ў наступным годзе. Згадайма: за год да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі расейскі народ па сутнасьці ня ведаў Уладзімера Пуціна. Як, зрэшты, і ў Беларусі яшчэ ў 93-м годзе ніхто ўсур’ёз ня ўспрымаў, як палітыка, саўгаснага дырэктара Аляксандра Лукашэнку. Гэтак сама вельмі верагодна, што праз год у выбарчым бюлетэні побач з прозьвішчам Лукашэнкі будзе зусім невядомае сёньня прозьвішча.

Таксама пра выбары й пра адметнасьці беларускага нацыянальнага характару — ліст Лявона Сяменчыка зь Менску. Ён піша:

“Як радаваліся ўлады ў мінулую суботу, калі менчукі не пайшлі на апазыцыйную акцыю байкоту выбараў. І якія кіслыя міны былі ў чыноўнікаў назаўтра, калі менчукі не пайшлі й на выбары, — гэта значыць, фактычна падтрымалі кампанію байкоту. Тое, што выбары ў Менску нібыта адбыліся — яўная хлусьня. У мяне знаёмы быў у выбарчай камісіі — прагаласавала ў лепшым выпадку 40 адсоткаў выбаршчыкаў, астатняе прыпісвалі ўсімі магчымымі спосабамі.

Я часта ежджу па справах у Польшчу. Заўсёды зьдзіўляўся, чаму ў той самай сытуацыі, калі паляк аб’яўляе страйк або наладжвае мітынг, беларус пакорліва маўчыць. Але пакора гэтая ўяўная. Тое, што беларус не наладжвае страйк або не імчыцца на апазыцыйную акцыю, яшчэ зусім ня значыць, што ён пагаджаецца з уладаю.

Гэтая ўласьцівасьць нацыянальнага характару — найбольшая небясьпека для Лукашэнкі на наступных выбарах. Ён да апошняга моманту (як некалі Кебіч) будзе верыць, што людзі яго любяць і што апазыцыю падтрымлівае кучка адшчапенцаў — толькі тыя, што ходзяць на мітынгі. Праўду ён даведаецца на наступны дзень пасьля галасаваньня. Прычым, тады падрабіць вынікі выбараў наўрад ці ўдасца, як не ўдалося Кебічу. Бо на тыя выбары людзі пойдуць”.

Да напісанага спадаром Сяменчыкам варта згадаць пра некалькі апошніх заяваў Лукашэнкі наконт таго, што ў 2001 годзе, маўляў, годных супернікаў на выбарах ў яго ня будзе, і што ён застанецца прэзыдэнтам яшчэ на пяць гадоў. Падобнай самаўпэўненасьці ня было ў Кебіча, хоць і той да самага апошняга моманту не сумняваўся ў сваёй незаменнасьці.

Піша наш сталы слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ліст, як заўсёды ў спадара Алеся, на тэму геапалітыкі й дачыненьняў з Расеяй. Вось урывак зь яго:

“8 кастрычніка мітынг у Баранавічах прайшоў млява. 200 чалавек слухалі ўдарную групу менскіх актывістаў ды асобных дэмакратаў з Баранавічаў. Адкуль ваш карэспандэнт Горбач узяў гэтак званы “пералом у народзе”? 5 тысячаў мусіла было быць толькі ў Баранавічах на 180 тысячаў жыхароў. А ў Менску варта мець 100-150 тысячаў.

Падзеі ў Бялградзе? Так, гэта прыклад, узор. Але ж сэрбы цяжка пераадольваюць сындром мэтраполіі, якая страціла імпэрыю. Там ня йдзе справа пра адраджэньне. Сваё адраджэньне беларусы павінны былі пачаць у жніўні–сьнежні 91-га, як народ васальны, калянізаваны, на агульным імпэце, які віраваў тады ва Ўсходняй Эўропе. Беларусам патрэбныя высілкі ў грамадзтве на парадак–два большыя, чым у тых сэрбаў. Сэрбы ўладкавалі свае адносіны з Захадам, а іхнае каханьне з Масквою — эфэмэрны пацалунак праз паветра, праз тры мяжы й паўтары тысячы кілямэтраў”,

— лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Да слушных заўвагаў спадара Марціновіча варта дадаць хіба тое, пра што напісаў Лявон Сяменчык. Тое, што ў Менску ў мінулую суботу выйшла на вуліцу пяць тысячаў, а ня сто тысячаў чалавек, яшчэ ня сьведчыць пра сапраўдны маштаб пратэставых настрояў. І ўжо ўвогуле нельга чакаць маштабных акцыяў ад дэмакратычных сілаў у правінцыі, ведаючы ўсю спэцыфіку стаўленьня ўладаў да любое праявы нязгоды.

Ліст ад нашага сталага слухача зь Менску, які падпісаўся ініцыялам “М”. Слухач дакарае нас за тое, што выкарыстоўваем дадзеныя сацыёлягаў. Ён піша:

“Маюць рацыю тыя, хто сьцьвярджае: спасылаючыся на апытаньні жыхароў, вы аказваеце сур’ёзную дапамогу Лукашэнку ў захаваньні ягонае ўлады. Давер да вынікаў апытаньняў можа грунтавацца толькі на сумленнасьці тых, хто апытвае, і тых, каго апытваюць. Але ў Беларусі ні адным, ні другім давяраць нельга. Немагчыма спадзявацца ані на шчырасьць адказаў, ані на незалежнасьць апытальнікаў. Трэба ўлічваць, колькі было ў Савецкім Саюзе гэтак званых “стукачоў”, а таксама тое, што ніхто зь іх ня выкрыты й не пакараны. Страх перад дыктатураю жыве й цяпер, і нельга чакаць ад гэтых людзей шчырых адказаў нават на ананімныя анкеты.

Таму, называючы лічбы апытаньняў, вы забавязаныя згадваць пра гэта. А вы гэтага ня робіце. І які вынік? Па-першае, у жыхароў Беларусі праз гэтую дэзінфармацыю ўзьнікае пачуцьцё безнадзейнасьці ў барацьбе з дыктатураю, што, як вы даказвалі, адбіваецца на выніках выбараў.

Па-другое, замежныя краіны, мяркуючы, што бальшыня народа падтрымлівае Лукашэнку, недастаткова змагаюцца з дыктатураю. І, што асабліва важна, Расея на гэтай падставе падтрымлівае беларускі рэжым.

Адумайцеся, ня шкодзьце Беларусі!”,

— заклікае наш ананімны слухач “М”.

Цяжка не пагадзіцца, што таталітарнае мінулае і сёньня адбіваецца на псыхалёгіі людзей, асабліва сталага веку, а ўрэшце й на выніках апытаньняў. Але ці ёсьць гэта падставаю дзеля таго, каб увогуле адмовіцца ад зьвестак сацыёлягаў? Ніякіх іншых больш-менш дакладных спосабаў вызначэньня грамадзкіх настрояў чалавецтва ня вынайшла. Да таго ж, людзей, у якіх жыве страх яшчэ з часу сталінізму, усё менш. Хоць папраўку на гэтую спэцыфіку постсавецкае сьвядомасьці пры аналізе сацыялягічных зьвестак, відавочна, рабіць трэба.

На заканчэньне — ліст ад Тані Лебядзевіч з Заслаўя Менскае вобласьці. Таня — з шэрагу нашых новых слухачоў. Яна піша:

“Мне й раней пра вас распавядалі, але знайсьці патрэбную хвалю я не магла. І вось днямі прачытала абвестку ў “БДГ” пра вашыя хвалі і дзякуючы гэтаму знайшла вас ў эфіры. Прашу прабачыць за расейскую мову — пісаць і размаўляць на роднай мове гэтак, як гэта робіце вы, мяне, на жаль, не навучылі. Заслаўе побач зь Менскам, але чуваць беларускую Свабоду кепска, такое ўражаньне, што шумы ды іншыя перашкоды асабліва ўзмацняюцца пад час самых цікавых сюжэтаў.

Хачу сказаць вялікі дзякуй за вашую працу. Ад сябе абяцаю распавядаць усім знаёмым пра вашае існаваньне, і пра тое, што вас варта слухаць, каб ведаць праўду”,

— напісала Таня Лебядзевіч з Заслаўя.

Вялікі дзякуй за добрыя словы, Таня, вам і ўсім, хто знайшоў час паслухаць нас і падзяліцца думкамі пра пачутае. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG