Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


14 Верасьня 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Пачну зь ліста Міхала Лекаха з Латвіі, з Рыгі. Мы ня надта часта зьвяртаемся да тэмы міжнацыянальных канфліктаў у гэтай балтыйскай краіне і да гісторыі гэтых канфліктаў. Міхал Леках, аднак, палічыў, што Беларуская служба радыё Свабода ставіцца да гэтае праблемы неаб’ектыўна. Вось чым ён абгрунтоўвае такое сьцьвярджэньне:

“28 ліпеня ў перадачы Беларускае Свабоды распавядалася пра інтэрвію з прэзыдэнтам Латвійскае Рэспублікі Вайрай Віке-Фрэйбергай і былі пераказаныя яе словы пра тое, што ў 44-м годзе “латышы пакідалі Латвію з прычыны пагрозы з боку таталітарнага савецкага рэжыму”. Сапраўды, латышы тады пакідалі Латвію разам з нямецкімі войскамі, — піша Міхал Леках. — Але гэта толькі паўпраўда, бо сумленна не сказана галоўнае: якія латышы, і чаму яны баяліся перасьледу”.

Далей спадар Леках робіць шырокі гістарычны экскурс у час Другое Ўсясьветнае вайны, калі ў злачынствах нацыстаў на зямлі Латвіі дзейсны ўдзел бралі латыскія легіёны SS і SD. Слухач піша:

“Аснову латыскіх легіёнаў складалі дабрахвотнікі-латышы, якія выказалі жаданьне паслужыць Гітлеру, і ня дзе-небудзь, а ў элітных вайсковых частках нацысцкае партыі — SS. Заўважу, што летувісам навязвалі падобнае, аднак тыя мужна адмовіліся. А беларусам нават не прапаноўвалі.

Зусім побач з тым месцам, дзе цяпер Курган дружбы, да 43-га году былі беларускія вёскі Васілеўшчына й Красава. У іх жыўцом былі спаленыя ўсе жыхары. Вядома, што зьверста гэтае ўчынілі латыскія паліцэйскія баталёны і латыскі дапаможны атрад SS “Зондэркомандо Арайс”.

На падставе гэтых ды іншых фактаў доктар Леках робіць наступную выснову:

“У 44-м годзе з Латвіі беглі ваенныя злачынцы ды калябарацыяністы, якія цяпер у Латвіі ператварыліся ў герояў і ахвяраў савецкага таталітарнага рэжыму”.

“Узьнікае пытаньне, — піша Міхал Леках, — ці было вядома ўсё гэта беларускай рэдакцыі радыё Свабода? Або такога кшталту гэтак званыя “аб’ектыўныя” перадачы ажыцьцяўляюцца паводле чыёйсьці замовы? Хацелася б верыць, што гэта проста прыкры хіб вашага радыё, бо йнакш вы мусілі былі б даць камэнтар да выказваньня спадарыні Віке-Фрайбергі, які б не дазволіў увесьці слухачоў Свабоды ў зман”,

— гэта быў ліст Міхала Лекаха з Латвіі, з Рыгі.

Пераказваючы словы прэзыдэнта Латвіі Вайры Віке-Фрэйбергі, мы не выконвалі нічыю замову, спадар Леках, тым больш ня ставілі на мэце ўвесьці ў зман слухачоў або падаць няпоўную інфармацыю. І патрэбы ў асобным камэнтары да фразы, якая Вас так абурыла, на нашую думку, няма. Хоць бы з тае прычыны, што няма падставаў сумнявацца ў праўдзівасьці гэтага сьцьвярджэньня прэзыдэнта Латвіі.

Так, дзясяткі тысячаў латышоў (гэтак сама, як і дзясяткі тысячаў беларусаў) напрыканцы вайны пакідалі радзіму, баючыся перасьледу камуністычнага рэжыму. Сярод іх былі ня толькі калябарацыяністы і ня толькі ваенныя злачынцы. Шукалі прытулку на Захадзе прадпрымальнікі й лекары, настаўнікі і юрысты, чыноўнікі й палітыкі — значная частка нацыянальнай інтэлігэнцыі.

Іх боязь была цалкам абгрунтаваная. Значная частка тых, хто паверыў камуністам, празь некалькі месяцаў апынуліся ў палярнай тундры й байкальскай тайзе. І вывозілі іх туды не за супрацоўніцтва з нацыстамі і не за ваенныя злачынствы — а проста паводле клясавае прыкметы, як варожы бальшавікам “элемэнт”.

Ліст ад Аляксея Калесьнікава, салдата тэрміновае службы Беларускай арміі з Бабруйску Магілеўскае вобласьці. Аляксей піша:

“Даўно слухаю вашыя перадачы. Сярод усяго армейскага дэфіцыту інфармацыі вашае радыё дапамагае мне даведвацца пра падзеі ў нашай краіне. У арміі нас ідэялягічна апрацоўваюць на занятках дзяржаўна-праўнае падрыхтоўкі і прымушаюць рэгулярна глядзець выпускі навінаў Беларускае тэлевізіі. Але вядома, якога кшталту там інфармацыя. Таму вельмі ўдзячны вам за тое, што вы ёсьць. Тым больш, разумею, як нялёгка вам працаваць у сёньняшніх беларускіх умовах”,

— напісаў Аляксей Калесьнікаў, салдат тэрміновае службы з Бабруйску, які адначасова выказаў жаданьне быць нашым пазаштатным карэспандэнтам і час ад часу распавядаць пра сёньняшняе жыцьцё ў беларускай арміі.

Ліст Аляксея вельмі адметны — патрэбная немалая знаходлівасьць і, бадай што, адвага, каб ва ўмовах салдацкае казармы пад пільным наглядам ідэялягічных начальнікаў недзе ў 1-й роце Барысаўскага гарнізону знаходзіць магчымасьць слухаць Свабоду. Прынамсі, дагэтуль салдацкія лісты з трохкутнымі штампамі палявое пошты сустракаліся ў нашай пошце надзвычай рэдка.

Ліст ад Барыса Валасюка зь Берасьця. Барыс піша:

“Распавяду пра справы на Берасьцейскай дывановай фабрыцы. Да траўня там плацілі заробкі рэгулярна. Потым пачаліся перабоі. Заробкавую плату ўвесь час затрымліваюць. Вось за ліпень выдалі толькі 44 тысячы. Калі выдадуць за жнівень, ніхто ня ведае.

Цяпер асноўная маса людзей на фабрыцы не працуе, усе капаюць бульбу. Бо на фабрыцы няма сыравіны. Полацак не дае валакна, бо не заплачана за раней пастаўленае. Адным словам, паўсюль у даўгах.

Ня лепш і на іншых прадпрыемствах. Электрамэханічны завод ледзь дыхае. Раней ён працаваў на ВПК, цяпер няма заказаў. Калі выйшаў указ Лукашэнкі наконт выплаты заробкаў, там адрапартавалі, што разьлічыліся. Хоць у сапраўднасьці гэта — хлусьня. Прыехалі кантралёры і ўсё выявілі. У выніку — скандал. Шукаюць ахвярнага казла. На электралямпавым заводзе таксама няўпраўка. Новае абсталяваньне распрадалі, а на старым далёка не заедзеш.

І так паўсюль. Заробкі мізэрныя, спэцыялісты разьбягаюцца, вялікае прыхаванае беспрацоўе. А тыя пераможныя рэляцыі, што гучаць на радыё і тэлевізіі, абсалютна не адпавядаюць сапраўднасьці”,

— напісаў Барыс Валасюк зь Берасьця.

Барыс апісаў ня нейкую надзвычайную сытуацыю — падобнае становішча на заводах любога беларускага гораду. Паказальна, што пры гэтым афіцыйна лічыцца, што прадпрыемствы працуюць, а ў гарадох амаль няма безпрацоўных. Зь беспрацоўем увогуле цікавая сытуацыя. Каб атрымліваць мізэрную дапамогу ў безпрацоўі (нешта каля трох даляраў) трэба штомесяц днямі выстойваць у чэргах, ды яшчэ ўдзельнічаць у гэтак званых “грамадзкіх работах” — падмятаць вуліцы ці капаць бульбу. Калі такі парадак захаваецца й надалей, афіцыйных безпрацоўных у Беларусі, можа стацца, увогуле ня будзе. Вось толькі каго гэтым улада зьбіраецца падмануць?”

Піша Іван Савіч зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну Берасьцейскае вобласьці:

“Свабода для мяне ёсьць аазысам шчырай інфармацыі і беларускасьці. Маю адну заўвагу. Лічу, добра было б, каб у канцы кожнае праграмы (магчыма, на апошняй хвіліне эфіру) перадавалася якая-кольвек патрыятычная беларуская песьня або гімн. Бо набыць такія песьні на касэтах у нас у правінцыі амаль немагчыма.

Калі глядзіш па тэлевізары футбол ці іншыя спартовыя спаборніцтвы, часта бачыш, як спартоўцы з натхненьнем сьпяваюць свой гімн. Нашыя ж (як, дарэчы, і расейцы) стаяць моўчкі, нібы таго гімна ў іх няма. Лічу, што гэта дзікунства й ганьба для дзяржавы. Што да гімна БССР, які цяпер ёсьць афіцыйна, дык гэта проста прыніжэньне нашага нацыянальнага гонару — усе гэтыя выразы пра тое, як нас беларусаў “з братняю Русьсю” аб’яднала Леніна імя і “партыя к шчасьцю вядзе ў паход…”,

— напісаў Іван Савіч зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну.

Гісторыя з гімнам, спадар Савіч, старая, мы пра яе шмат разоў распавядалі, і ўсе вашыя аргумэнты, на маю думку, слушныя. Што да музычнага афармленьня праграмаў, дык апошнім часам на гэты конт мы атрымліваем супярэчлівыя лісты ад слухачоў. Некаторыя лічаць, што з прычыны кепскае чутнасьці на кароткіх хвалях варта ўвогуле адмовіцца ад музыкі. Іншыя падзяляюць ваш пункт гледжаньня. Спадзяюся, мы знойдзем у гэтай справе кампраміс, і вашыя пажаданьні будуць улічаныя.

На заканчэньне — ліст зь Пінску, ад прыхільніка Беларускае Праваслаўнае аўтакефальнае царквы, які папрасіў не называць у эфіры ягонага прозьвішча. Ён піша:

“Як мне стала вядома, пасьля звароту студэнтаў Жыровіцкае сэмінарыі да кіраўніцтва БАПЦ, пачасьціліся выпадкі, калі сьвятары з Жыровіцкага манастыра выпытваюць на споведзі ў вучняў, хто пісаў скандальны для Беларускага экзархату зварот. Гэтае выкарыстаньне споведзі ў мэтах, якія ня маюць да яе ніякіх адносінаў, вельмі нагадвае часы таталітарнага мінулага. Ці, можа, тое мінулае для нас і не мінула? Ці ня сьведчаць пра гэта зьдзекі грамадзкіх ды царкоўных уладаў са сьвятара Івана Спасюка? І ўсё гэта адбываецца на фоне маральнага распаду Беларускага экзархату. Напрыклад, жнівеньскі сабор РПЦ асудзіў гомасэксуалізм. Адметна, што сярод гэтак званых “асуджальнікаў” былі й япіскапы-гомасэксуалісты, у тым ліку зь Беларускага экзархату”,

— напісаў прыхільнік Беларускай Аўтакефаліі зь Пінску. У лісьце ён дае сваё імя і дакладную адрэсу, але просіць не называць іх у эфіры. Слухач таксама дзякуе Свабодзе за перадачу з удзелам япіскапа Аляксандра Салагуба і паведамляе, што сябры і аднакурсьнікі ўладыкі па сэмінарыі віншуюць яго зь япіскапскай хіратоніяй.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Барыса Крыўцова зь Менску, Пятра Ткачэнкі зь Цяціева Кіеўскае вобласьці (Украіна), Генадзя Сёмухі зь Вілейскага раёну Менскае вобласьці і Алеся Марціновіча з Баранавічаў.

Вялікі дзякуй усім. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

XS
SM
MD
LG