Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


27 Ліпеня 2000.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Два тыдні таму ў нашай праграме прагучаў ліст Івана Лянцэвіча зь Ліды, у якім слухач разважаў пра тое, як ва ўмовах правінцыі можна праявіць свой грамадзянскі пратэст супраць цяперашняе палітыкі ўладаў. Далучацца да шэрагу пікетоўцаў з БНФ Іван ня хоча, бо лічыць сябе памяркоўным, а іншых формаў пратэсту ў невялікім горадзе ён ня бачыць. На гэты ліст прыйшоў водгук ад Ірыны Барысевіч зь мястэчку Парэчча Гарадзенскага раёну.

Ірына піша:

“Анічога новага ад Івана Лянцэвіча я не пачула. Усё гэта чую кожны дзень ад знаёмых у сваім мястэчку. Але сёньня чамусьці захацелася даць параду адразу ўсім, хто лічыць сябе памяркоўным, але ўцяміў ужо, што так жыць нельга, хоць і ня ведае, што рабіць. Парада вельмі простая: быць чалавекам. Напэўна, шаноўныя, чулі пра адвечную мару беларусаў – людзьмі звацца! А каб гэта зьдзейсьнілася, патрэбна камусьці быць нацыяналістам і стаяць у пікетах, каб гэтак званыя “патриоты-интернационалисты” Беларусь Расеі не здалі. Дарэчы, сярод бэнээфаўскіх, так бы мовіць, “нацыяналістаў” ёсьць габрэі, армяне, літоўцы, татары, палякі, расейцы. І, у адрозьненьне ад “патриотов”, усе карыстаюцца дзяржаўнай беларускай моваю ў штодзённым жыцьці, а не з трыбунаў дзеля зьдзеку над беларускасьцю.

Бальшыня людзкая, на маю думку – гэта людзі, якія маюць розум, развагу, цярпеньне. Яны працуюць, выконваюць любыя законы (калі ня могуць іх абыйсьці). Але ў цяжкіх ці катастрафічных сытуацыях бальшыня не сьпяшаецца на дапамогу. Ад бальшыні можна пачуць: “А чаму я?”…

Людзі, у якіх, апроч розуму, ёсьць яшчэ сумленьне, гонар, пачуцьцё абавязку, здольнасьць аналізаваць, заўсёды бываюць у мяншыні. І іхнымі ўчынкамі кіруе іншае пытаньне: “Хто, калі не я?”.

Мне вельмі хацелася б, каб лёс маёй Радзімы вырашаўся ня простай бальшынёю галасоў, а большай колькасьцю розуму. Шмат залежыць і ад вас, спадары памяркоўныя. Вызначайцеся!”,

– гэта быў ліст ад Ірыны Барысевіч зь мястэчку Парэчча Гарадзенскага раёну.

У Вас, спадарыня Ірына, ня столькі парада Івану й такім, як Іван, колькі заклік і канстатацыя факту. З высновамі гэтымі цяжка спрачацца. Сапраўды, бальшыня не заўсёды мае рацыю – пад час выбараў і рэфэрэндумаў колькі ўжо разоў давялося гэта назіраць. Але й спадзяваньне на тое, што надыйдзе час, калі лёс дзяржавы будзе вызначаць, як Вы пішаце, большая колькасьць розуму, а не галасоў, выглядае пакуль што ўтапічным. Верагодна, усё залежыць ад таго, куды ў вырашальны момант хісьнецца гэтая вялізная маса людзей, якія ўжо ўсьвядомілі непазьбежнасьць пераменаў, але пакуль ня бачаць уласнага мейсца ў гэтым працэсе.

Ліст ад Паўла Сьцепаненкі зь Менску:

“Не разумею, чаму так шмат увагі вы надалі гісторыі з былым міліцыянтам Алегам Батурыным. У мяне бацька таксама служыць у міліцыі. Так, на цяперашнія міліцэйскія заробкі сям’ю пракарміць вельмі цяжка. І ад працы такой, калі загадваюць разганяць несанкцыянаваныя шэсьці, бальшыня міліцыянтаў не ў захапленьні. Але ж з гэтых прычынаў яны не імкнуцца трапіць на Захад любымі шляхамі, як гэта зрабіў Батурын.

Вы ж самі пераканаліся, што схлусіць Батурыну – лягчэй лёгкага. То ён перад тэлекамераю ў амэрыканскай амбасадзе кажа, што “Радыё Свабода” перадало няпраўду, то назаўтра ўжо абвяргае сам сябе, кажа, што хлусіць яго прымусілі. Але хто прымушаў? І як? Яго там у амбасадзе што – катавалі?

Няўжо вы такія легкаверныя і ня бачыце, што цяпер апазыцыянэрамі гатовыя стаць розныя прахадзімцы, якім пляваць і на дэмакратыю, і на лёс Беларусі, – абы як мага хутчэй апынуцца на Захадзе. Яны дзеля гэтага і ў пікет стануць, і любы паклёп падпішуць”,

– напісаў Павел Сьцепаненка зь Менску.

У гісторыі з Алегам Батурыным, сапраўды, ёсьць нявысьветленыя моманты; ёсьць супярэчнасьці ў ягоным расповедзе; ёсьць, нарэшце, і сказаная перад тэлекамераю няпраўда пра паведамленьне нашага радыё. Усё гэта, аднак, яшчэ не зьяўляецца доказам таго, што Алег Батурын усё прыдумаў, а ня стаў ахвяраю сплянаванае правакацыі беларускіх спэцслужбаў. Амэрыканскія ўлады сталі на абарону гэтага чалавека, верагодна, нават ня маючы дастаткова доказаў таго, што ўсё сказанае ім – праўда. І не таму, Павал, што, як Вы пішаце, такія легкаверныя. Проста цана памылкі ў гэтай сытуацыі – лёс чалавека.

Праўда – яна, рана ці позна выявіцца. І на сумленьні тых, хто прымаў рашэньне наконт Батурына, у любым выпадку ня будзе плямы за тое, што пакалечылі лёс чалавека ў той час, як маглі яго выратаваць.

Гэта ж можна сказаць і пра іншыя сытуацыі, зьвязаныя з палітычным перасьледам людзей – сапраўдным і ўяўным. А тое, што на Захад пад выглядам дысыдэнтаў і ахвяраў палітычнага перасьледу імкнуцца і некаторыя ў маральным пляне непераборлівыя асобы – мы ведаем. І выявіць іх у большасьці выпадкаў ня так складана.

Піша Міхал Лебядзюк зь Берасьця. Міхалу 24 гады. Яшчэ нядаўна ён зьбіраўся паступаць у Менскую сэмінарыю, але, пабываўшы ў Жыровічах, перадумаў гэта рабіць. Чаму? Вось як адказвае на гэтае пытаньне сам Міхал Лебядзюк:

“У сэмінарыю я прыехаў на пачатку ліпеня. Адразу пайшоў у храм, дзе зьдзівіўся мноству ўніяцкіх абразоў. А ўвогуле, усе храмы там пабудаваныя ўніятамі. Прайшоўся па манастыру зь нейкім гнятлівым адчуваньнем. Са мной быў сэмінарыст зь Берасьця. Спытаў яго, як ён пачуваецца ў Жыровіцкім манастыры. Ён пацьвердзіў пачуцьцё прыгнечанасьці. Кажа: “Расея праводзіла захопніцкую палітыку, а расхлёбваюць яе беларусы. Гвалтам, так бы мовіць, “узьядналі” беларусаў, а ў выніку што? Молісься ў гэтых сьценах – і адчуваеш раздвоенасьць”.

Зайшлі ў манастырскі корпус, у брацкія пакоі. Мне стала млосна ад гніласнага паху. У кельлях смурод яшчэ большы – ад вільгаці, бруду, гнілое бялізны. Як патлумачыў мой спадарожнік, з манастыра паслушнікі пэрыядычна ўцякаюць, але часам змушана вяртаюцца, не знайшоўшы працы.

…Заходзім у сэмінарыю. Вітаюся зь дзяжурным на беларускай мове. У дзяжурнага твар разгублены. “Тут гэтак не прынята, – падказвае мой знаёмца. Данясе, будуць непрыемнасьці”.

Абед дрэнны. Побач кавярня, ідзем туды. Пытаюся, ці ёсьць стыпэндыя. Ёсьць, – кажа, – адзін даляр.

– А як тады жывяце?

– Прывозяць зь вёскі сала, яйкі.

Паеўшы, сябра працягвае: “Тут усё вырашаюць грошы. За грошы паступаюць, здаюць экзамены. Мы – як лялькі, як манэкены для дзялкоў ад праваслаўя. …

У сэмінарыі мяне выклікаў дзяжурны памочнік. Яго цікавіць, ці не нацыяналіст я, ці не зьвязаны з БНФ. Такія, выяўляецца, тут не патрэбныя.

“Я не лічу сябе нацыяналістам ці фанатыкам, – працягвае Міхал Лебядзюк зь Берасьця. – Для мяне ідэал – незалежная Беларусь, дэмакратыя, Беларуская Аўтакефальная праваслаўная царква. У 44-м годзе яна была скасаваная, а яе сьвятары ці сталі таемнымі прыхільнікамі БАПЦ, ці зьніклі ў лягерох. Паводле словаў майго дзеда, таемныя сьвятары БАПЦ былі на Берасьцейшчыне да канца 50-х гадоў. Паколькі храмы БАПЦ апынуліся ў руках Маскоўскае Патрыярхіі, а супраціў гэтаму каштаваў рэпрэсіяў, мае родныя наведвалі гэтыя храмы.

Для мяне асабіста кіраўнік Беларускага Праваслаўя – гэта мітрапаліт Мікалай – беларус з Моталя, перакладнік на беларускую мову Служэбніка, Эвангельля, выдатны казаньнік, кожнае слова якога сьведчыць пра любоў да роднае зямлі. Такога пра Філарэта, які раней быў у шчыльных стасунках з камуністычным рэжымам, а цяпер у такіх жа зносінах зь беларускімі ўладамі, я сказаць не магу.

… Думаю, што БАПЦ усё ж адродзіцца. І я гатовы ў ёй служыць хоць сьпеваком, хоць чытальнікам. А калі спатрэбіцца, дык і экстэрнам здаць экзамен за курс сэмінарыі для пастырскага служэньня”,

– гэта быў ліст Міхала Лебядзюка зь Берасьця, які напісаў нам, пачуўшы ў адной зь перадачаў ліст ад жыровіцкіх студэнтаў, што стварылі суполку “Сябры Беларускай Аўтакефаліі”. Мы ня першы раз вяртаемся да гэтае тэмы, бо ў нашай пошце ўсё больш лістоў ад маладых беларусаў, якія хочуць стаць сьвятарамі, але сьвятарамі не расейскай, а незалежнай беларускай праваслаўнай царквы.

Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі й развагамі, адгукнуцца на пачутае. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG