Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


25 Траўня 2000.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

У пошце мінулага тыдня сустрэліся два лісты, вельмі блізкія паводле тэмы, але зусім розныя паводле сьветапогляду аўтараў, паводле ўспрыманьня таго, што з намі было, што адбываецца сёньня і што чакае ў будучыні.

Першы ліст – ад нашага сталага слухача Віктара Скарахода зь Менску. Сёньня яму ўжо за семдзясят, а пад час ІІ Усясьветнае вайны ён 18-гадовым юнаком ваяваў у партызанскім атрадзе. На пачатку траўня, калі паўсюль у Беларусі сьвяткавалі гадавіну заканчэньня вайны, спадар Скараход пабываў у мясьцінах, дзе калісьці ваяваў – ля Докшыцаў. Вось як ён апісвае свае ўражаньні ад убачанага:

“На мітынгу, які наладзіла раённае кіраўніцтва, прамаўлялі словы пра мужнасьць і гераізм, гучалі песьні й маршы таго часу – і ўсё па-расейску. Я стаяў, слухаў, азіраўся вакол, шукаючы сёньняшні дзень – а яго нідзе не было бачна. Толькі дзень учарашні, савецкі. Поўная адсутнасьць імкненьня наперад, ад таталітарызму да дэмакратыі, да лепшае долі й свабоды. Гэта сапсавала настрой так, што я адмовіўся і ад банкету.

Застаўшыся на адзіноце, пачаў думаць: а чаго ж болей у тых вайне й перамозе – радасьці ці сьлёз, гераічнага ці трагічнага? Якую матэрыяльную падзяку атрымаў ад дзяржавы за сваю самаахвярнасьць яе абаронца? Ці мог утрымліваць сваю сям’ю інвалід вайны ці былы воін на пэнсію, прызначаную яму радзімай-маці? І якім быў той патрыятызм, дзякуючы якому салдаты кідаліся на калючы дрот, на амбразуры дотаў, на калёны танкаў з бутэлькамі гаручай сумесі?

Як мне здаецца, гэта быў ілжэпатрыятызм. Як мог любіць краіну і паважаць яе ўрад салдат, бацькі якога былі раскулачаныя або названыя ворагамі народа й пакараныя? Салдат, які перайшоў на армейскі паёк ад бясхлебіцы. Салдат-абаронца, апынуўшыся ў калгасе – савецкім прыгоне – жыў горш за прыгоннага селяніна пачатку XIX стагодзьдзя. Дэкляраваных правоў і свабод мы ня бачылі, як і гэтак званага “шчасьлівага й радаснага жыцьця”, пра якое няспынна трубілі СМІ і ЦК.

Заходзячы ў хаты знаёмых бягомельцаў, урыўкамі чуў, як з радыёкропак гучалі галасы Менску: суцэльны сацыялізм. Ужо колькі ў нас было тых сацыялізмаў – і “разьвіты”, і “перамогшы”, і “з чалавечым тварам”, і цяпер вось “рынкавы”… А чалавек-працаўнік як ня бачыў нармальнага жыцьця, гэтак і ня бачыць. Мяняюцца пакаленьні, ды не мяняецца прыгнёт, прымус, бяспраўе, жабрацтва. Людзі прызвычайваюцца да гэтага зь дзяцінства, і толькі нямногія падымаюцца на змаганьне з рабскімі парадкамі “камуністычнага раю”. Сьветлага дня ў бліжэйшы час ня бачу, бо, так бы мовіць, “мазгавы цэнтар” “вэртыкалі” пакляўся, што Беларусь за цывілізаваным сьветам не павядзе. І клятву гэтую ён выконвае”.

Гэта быў ліст былога партызана, цяпер – пэнсіянэра Віктара Скарахода зь Менску.

Другі ліст – ад Анатоля Арэшкі зь вёскі Дамашлін Карукаўскага раёну Чарнігаўскае вобласьці, што ва Ўкраіне. Піша ён пра тое, як цяжка сёньня жыць ва ўкраінскай вёсцы пры новых парадках.

Раней, лічыць спадар Арэшка, было лепш. Быў ён за камуністамі селькорам, пісаў у многія расейскія, беларускія ды ўкраінскія газэты нататкі – пераважна пра ўдзельнікаў штурму Райхстагу, атрымваў ганарары. А ў адной малдаўскай газэце нават надрукаваў аповесьць пад назваю “Сьцяганосцы Перамогі”.

А што цяпер?

“У мяне цяпер ні капейкі, – жаліцца Анатоль Арэшка. – Пра жыцьцёвы ўзровень і казаць няма чаго. Ад мяне гэтыя буржуі адабралі ўсё. Калі б ня пэнсія маёй маці, дык мне, вядомаму аўтару, не было б чым заплаціць за сьвятло, за дровы, за ўзворваньне гароду. А калі б я быў жанаты, дык жонка й дня не жыла б з такім як я – ёй патрэбен такі муж, які б за свой заробак мог утрымліваць сябе й сваю сям’ю.

Цяпер ва ўкраінскай вёсцы алькаголік без усялякай адукацыі сваім нахабствам і зладзейскімі мэтодамі ўмее жыць лепш, чым вядомы літаратар. У мяне няма грошай нават на тое, каб купіць сабе адзеньне й гуманітарную дапамогу. Хаця старшыня Карукаўскай раённай адміністрацыі добра ведае, што такіх, як я, літаратурных творцаў гісторыі, якія маюць прэстыжныя публікацыі, дзяржава павінна падтрымліваць духоўна й матэрыяльна.

А тут атрымліваецца наадварот. Тыя, хто разбурыў і разрабаваў нашую краіну, замест турмы атрымалі сабе дастойнае жыцьцё. Вось у нашай вёсцы жыве былы паліцай. Дык ён за здраду радзіме атрымлівае пэнсію 130 грыўняў, як ільготнік-герой. А раз у яго грошы, дык работнікі Карукаўскага лясгасу прывезьлі яму бяз выпіскі бярозавыя дровы. А нам, хто прыходзіць бяз грошай, па ільгоце, даводзіцца атрымліваць іх у самую апошнюю чаргу, ды й то сасновыя. А яшчэ пакуль іх у лясьніцтве выпішаш, дык работнікі лясгасу так патрэплюць нэрвы, што й дроў тых не захочаш”, – напісаў Анатоль Арэшка з украінскай вёскі Дамашлін, што на Чарнігаўшчыне.

Такія вось два лісты. Спадары Скараход і Арэшка – людзі розных пакаленьняў і вельмі рознага жыцьцёвага досьведу. Адзін памятае вайну па партызанскай зямлянцы, а калгасы – па працаднях ды пасьляваеннай бясхлебіцы; другі вайну пераважна апісваў у сваіх шматлікіх заметках ды літаратурных спробах, якія дасылаў у газэты па ўсім Савецкім Саюзе. Тэма гэтая тады была палітычна запатрабаваная, а таму атрымваў спадар Арэшка неблагія ганарары.

Жыцьцё цяпер несалодкае ў абодвух. Паказальна, аднак, у чым яны бачаць прычыны гэтага. У лісьце Віктара Скарахода, на маю думку, ёсьць адказы на ўсе пытаньні, ад якіх так пакутуе ў чарнігаўскай вёсцы Дамашлін былы селькор Анатоль Арэшка.

Жыцьцё тое, пра якое настальгічна згадвае Анатоль, у сапраўднасьці мела сваім падмуркам прымус, бяспраўе і жабрацтва для бальшыні людзей. Каб дабіцца адноснага дабрабыту, патрабавалася дамагчыся якіхсьці ільготаў, доступу да спэцразьмеркавальнікаў і спэцпаліклінікаў. А зрабіць гэта немагчыма было, не працуючы ва ўладзе або не абслугоўваючы яе.

Цяперашняя Ўкраіна будуе жыцьцё паводле іншых прынцыпаў. Напэўна, шмат у ім яшчэ недарэчнасьцяў і злоўжываньняў чыноўнікаў, але з тым фактам, што дровы там прадаюць тым, хто за іх плаціць, а ня тым, хто хоча атрымаць іх бясплатна – вам, спадар Анатоль, відаць, давядзецца зьмірыцца. Старым і нямоглым на тое выдаецца пэнсія (нават калі яны ваявалі за Ўкраіну не ў Чырвонай, а ва Ўкраінскай Паўстанцкай арміі). А іншым на гэта проста давядзецца зарабіць уласнай працаю. Па-іншаму дабрабыт ва ўмовах рынку й дэмакратыі не здабываецца – яго ня выстаіш у чарзе і не даб’есься праз выканкам па ільгоце. І ў гэтым ёсьць перавага ўсёй сыстэмы, бо яна прымушае чалавека спадзявацца на ўласны розум і ўласныя рукі, а не чакаць міласьціны ад чыноўнікаў.

На заканчэньне – ліст ад Уладзімера Мельнікава зь Менску. Ён піша:

“Здаецца, да русіфікацыі жыхароў краіны актыўна падключылася й Беларуская чыгунка. Так, напрыклад, у хуткіх цягнікох Менск – Берасьце – Менск, па-першае, парушаюцца правы пасажыраў на спакой: з калідорных дынамікаў ліецца аглушальная музыка, якую нельга адключыць ці хаця б зьменшыць гучнасьць; а па-другое, уся гэтая музыка – расейскі тэхна-поп з сумніўнымі тэкстамі, шкоднымі для дзяцей. Тасьма круціцца ўсе 4 гадзіны 26 хвілінаў. І аніводнага беларускамоўнага фрагмэнту, аніводнай аб’явы аб прыбыцьці цягніка на станцыю. Так што, паважанае спадарства, калі вы зьбіраецеся карыстацца беларускімі цягнікамі, добра мець затычкі для вушэй, якімі карыстаюцца ў працы з пнэўмамалаткамі.

Урэшце, хацелася б ведаць, ці гэта робіцца паводле адмысловага загаду рэжыму, ці проста на ўласную ініцыятыву русафілаў Беларускае чыгункі?” – пытаецца Ўладзімер Мельнікаў.

Адмысловага загаду ўладаў адносна расейскіх песьняў у беларускіх цягнікох, зразумела, не было. Улада пазначыла генэральны кірунак у справе барацьбы з усім беларускім. І адбылося гэта пяць год таму, пасьля травеньскага рэфэрэндуму. З таго часу беларускае слова нішчыцца паўсюдна, у тым ліку – і на чыгунцы. Ну, а што тычыцца гучнае музыкі ў вагонах, якую немагчыма выключыць, як і аздабленьня вагонаў, і ўзроўню абслугоўваньня на беларускай чыгунцы – гэта яшчэ й пытаньне агульнае культуры і эканамічнае свабоды ў Беларусі.

Вялікі дзякуй усім, хто знайшоў час напісаць нам. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

XS
SM
MD
LG