Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паштовая Скрынка 111


20 Красавіка 2000.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

У пошце апошніх дзён ёсьць некалькі лістоў, аўтары якіх спрабуюць адказаць на пытаньне: што чакае Беларусь у блізкай будучыні? Ці захаваецца яна як незалежная дзяржава?

Алег Марціновіч з Баранавічаў піша: “Сорамна глядзець, як беларускія нацыянал-дэмакраты чарговы раз прадказваюць хуткае падзеньне Лукашэнкі. Няма сёньня аніякіх чыньнікаў дзеля перамогі над Лукашэнкам ані ўвосень 2000-га, ані ўвосень 2001-га. І далей цьмяна… Не існуе ў Беларусі тых грамадзкіх настрояў і тае намэнклятуры, якія зрабілі мачымай пабудову нацыянальных дзяржаваў, для прыкладу, ва Ўкраіне ці былой савецкай Цэнтральнай Азіі.

Кажуць, у Беларусі ёсьць пратэставы рух, і называюць у якасьці прыкладу Менск. Але што такое гэты рух? 10 тысячаў палітычна актыўных грамадзянаў на 2-мільённую сталіцу й 10-мільённую краіну?

Дзеля таго, каб Беларусь магла рэальна адраджацца паводле праектаў БНФ, народ сам мусіць пагадзіцца на адасабленьне ад Расеі і набліжэньне да Захаду, перацярпець, прызвычаіцца да новага, пажыць рэальна без Расеі, як тая ж Фінляндыя. Але ці магчыма зараз Беларусі пайсьці такім шляхам і ўтрымацца хаця б год? Ці не палезе народ сам пішчом у Расею? Ці не ўзвые па тэлеканалах з Масквы і свабодным уезьдзе ў Расею без візаў? А бяз гэтага ж, калі кіравацца мадэлямі БНФ, не абыдзешся. У іншым выпадку беларуская мова так і застанецца сьмешным славянскім эспэранта…”

Спынім на гэтым цытаваньне ліста Алега Марціновіча з Баранавічаў. Заўважу, што вашая спасылка, Алег, на 10 тысячаў палітычна актыўных людзей выглядае не зусім карэктна. І рэч ня толькі ў тым, 10 ці 50 тысячаў выходзяць на вуліцы Менску пад час масавых акцыяў пратэсту. Лічбы гэтыя ў любым выпадку ня сьведчаць аб сапраўдных маштабах пратэставых настрояў. Бо, каб выйсьці сёньня на вуліцу на акцыю апазыцыі, мала аднаго жаданьня – патрэбная сапраўдная мужнасьць і гатоўнасьць да рызыкі і ахвяраваньня.

Такой ахвярнасьці немагчыма патрабаваць ад мільёнаў, але гэта зусім ня значыць, што, калі чалавек не выходзіць на вуліцу, бо баіцца страціць працу ці трапіць у турму, то яго можна залічыць у хаўрусьнікі гэтае ўлады.

Алег Марціновіч бачыць такое выйсьце з гэтае сытуацыі:

“Зараз для беларускай нацыянал-дэмакратыі вельмі адказны момант: або пайсьці шляхам вечных пратэстантаў без шанцаў на перамогу, або разам з Расеяй патрошку нешта рабіць… У беларускай нацыянальнай спэцыфіцы можна так ні да чаго й не прыйсьці, а ў расейскім рэгіянальным памяркоўным руху, можа, і ёсьць ратаваньне?

Ці ня лепей адразу прызнаць: мадэль пасу дзяржаваў ад Таліна да Сафіі, празаходняя беларусізацыя – непраходны варыянт для Беларусі. Бо ўявім нават неверагоднае: што Лукашэнку нейкім чынам адхілілі. Якія дэмакраты прыйдуць тады да ўлады? Няўжо празаходнікі з БНФ? Наадварот, адразу пасьля зыходу Лукашэнкі ў Беларусі аформіцца прарасейскі рух, яшчэ больш магутны, чым партыі Сіманенкі й Мароза ва Ўкраіне… І паміж імі разгарыцца бойка. Эўропа не захоча прымаць да сябе такую краіну. У выніку беларусаў само жыцьцё зноў пагоніць у сатэліты да Расеі”…

Гэта быў ліст Алега Марціновіча з Баранавічаў. Выснова надзвычай супярэчлівая: па-вашаму, Алег, атрымліваецца – паколькі будаваць уласную дзяржаву цяжка, можа нічога не атрымацца, ды й Эўропа можа не прыняць, то ці ня лепш адразу скласьці рукі і ўліцца, як Вы пішаце, у “расейскі рэгіянальны памяркоўны рух”.

Тэза пра тое, што Беларусі не падыходзіць досьвед пасу дзяржаваў ад Таліна да Сафіі – гэта па сутнасьці сьцьвярджэньне пра непаўнавартаснасьць беларусаў як народа. Яно ў шырокім ужытку сярод рознага кшталту інтэгратараў, бо на ім грунтуюцца іхныя ўласныя палітычныя мэты. У сапраўднасьці рух у Расею – гэта рух да зьнікненьня беларусаў як нацыі.

Але ня толькі. Гэта адначасна й рух да вядомых расейскіх стандартаў жыцьця, да расейскіх нутрыпалітычных праблемаў і расейскіх жа войнаў, канца якім ня бачна. Нават тыя зь беларусаў, хто абыякавы да нацыянальных праблемаў, пачынаюць гэта ўсьведамляць. І ў гэтым, можа, галоўнае на сёньня спадзяваньне на захаваньне беларускае дзяржаўнасьці.

Сваеасаблівым адказам Алегу Марціновічу можа служыць ліст Паўла Біча зь Менску. Павал піша:

“Калі бываю ў выправах за межамі Беларусі, мяне часта пытаюць: пры якой уладзе мы жывем? Цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Вось некаторыя кажуць, што ўлада засталася ранейшай, камуністычнай. Як доказ, называюць відавочнае: жывем пад савецкімі сьцягамі, ля савецкіх помнікаў, на камуністычных ды савецкіх вуліцах, сьвяткуем 7 лістапада ды 1 мая…

Але кожны з уласнага досьведу ведае, што жыцьцё, пачынаючы зь 90-х гадоў, у нас дужа зьмянілася. Людзі сталі жыць значна горш, і зьніжэньне жыцьцёвага ўзроўню працягваецца. Зьнікла стабільнасьць жыцьця, ніхто ня ведае, што зь ім будзе праз 2-3 гады. Бяспраўе асобнага чалавека перад начальствам павялічылася. Калі раней можна было паскардзіцца на начальніка ў партыйны камітэт, “местком” і нават ЦК КПСС (і часам дамагчыся справядлівасьці), то цяпер скардзіцца няма каму. Так што называць гэтую ўладу ранейшай не выпадае.

Сёй-той кажа, што ў нас улада дэмакратаў і рынку, і гэта яны давялі нас да бяды, – працягвае Павел Біч зь Менску. – Але ж дэмакраты не былі пры ўладзе аніводнага дня. Шушкевіч быў сьпікерам больш як год, але ў абсалютна камуністычным Вярхоўным Савеце, і ня мог самастойна кроку ступіць. А Лукашэнка ў 96-м годзе ўвогуле выгнаў з парлямэнту ўсіх, хто меў дэмакратычныя погляды…

Пры дэмакратыі людзі маюць права на мітынгі, шэсьці, забастоўкі. У нас за гэта хапаюць, валакуць у кутузку, судзяць, звальняюць… Ва ўмовах рынкавай эканомікі людзі працуюць на сябе, у нас – на калгас. Хоць кожны ведае, як чалавек працуе на ўласнай дачы, і як – у калгасе.

Мо, прычына нашых бедаў у тым, што ня маем уласнае незалежнае краіны? Бо што гэта за дзяржава, у якой бальшыня ключавых пасадаў займаюць выхадцы з Расеі? Гэта ня ўрад, а нейкая каляніяльная адміністрацыя. Яны ж гэтак жа лёгка, як прыехалі да нас, могуць і зьехаць на радзіму.

Некаторыя лічаць: маўляў, простага народа гэта ня тычыцца, можна жыць багата й пры чужой уладзе. Але гэта ня так. Народ у калёніі ня можа жыць лепш, чым народ мэтраполіі. У калёнію звычайна скідваецца ўся самая цяжкая, брудная і танная праца.

Некаторыя ж лічаць, што ўлада ў нас крымінальная, і пляваць ёй на камунізм, каляніялізм і законы – яна кіруе з дапамогаю грубае сілы й зацікаўленая толькі ва ўласным узбагачэньні. Дзе яшчэ асабісты “прэзыдэнцкі” бюджэт роўны дзяржаўнаму, бязьсьледна зьнікаюць вядомыя палітыкі, а па вуліцы нельга прайсьці, не сутыкнуўшыся ці то зь міліцыянтам, ці з “АМАПаўцам”?

Дык пры якой уладзе мы жывем – камуністычнай, каляніяльнай ці крымінальнай? Думаю, пры кожнай пакрысе, ці пры ўсіх адначасова. І такую ўладу мы сваімі рукамі (уласнымі неабачлівасьцю й палахлівасьцю) самі паставілі над сабой. І калі не адумаемся, то анічога добрага нас не чакае”, – гэта быў ліст Паўла Біча зь Менску.

Ліст, у якім, на маю думку, досьвед, сумневы й балючыя пытаньні многіх з тых, хто аналізуе падзеі апошняга дзесяцігодзьдзя й задумваецца над тым, куды мы йдзем і што чакае наперадзе.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Сямёна Шэмета з Касьцюковіцкага раёну, Алены Шаўцовай зь Віцебску, Ганны Сьцепулёнак з Койданава і Эдуарда Кумішчы зь Менску. Дзякуй усім. Пішыце.

Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь.

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

XS
SM
MD
LG