Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


13 Красавіка 2000.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

У нашай пошце нячаста, але сустракаюцца лісты ад тых, хто катэгарычна ня згодны з нашай пазыцыяй і вельмі адмоўна ставіцца да ўсяго пачутага на хвалях “Свабоды”.

Адзін з такіх лістоў даслаў днямі Пятро Івановіч зь Віцебску. Вось некалькі ўрыўкаў зь яго:

“Ужо колькі часу вы круціце адную і тую ж пласьцінку – пра свабоду, незалежнасьць, правы чалавека ў Беларусі, кожную хвіліну праклінаючы ўлады. Як быццам пры ўладзе адныя дурні, якія толькі й думаюць, як зрабіць яшчэ горш. А вось шарэцкія, шушкевічы, грыбы, лябедзькі, вячоркі, пазьнякі ды іх агучвальнікі на радыё такія разумныя і вельмі шчыра хварэюць за беларусаў. А самі езьдзяць па замежжы ды ўгаворваюць Захад, каб не дапамагаў Беларусі. У абойме вашых гаспадароў адныя і тыя ж асобы, якія даўно страцілі давер у беларускага грамадзтва і якія сваёй дзейнасьцю ў былыя гады столькі зрабілі дрэннага й давялі да галечы.

Годзе, спадары, беларусы пісьменныя і кемлівыя людзі, і вельмі добра ведаюць, з кім і як будаваць сваё жыцьцё. А тым, хто баламуціць і цягне людзей на вуліцы, а не заклікае да стваральнае працы, і на гэтай падставе – да дабрабыту, беларусы, як ужо ня раз было, дадуць па шапцы. Хто й адкуль накіроўвае гэтую дзейнасьць адшчапенцаў, нам добра вядома…”

Спыню на гэтым цытаваньне ліста нашага апанэнта Пятра Івановіча зь Віцебску. Лёгіка такіх развагаў (як, зрэшты, і аргумэнтацыя, і лексыка) цалкам пазычаныя з савецкага мінулага. Паводле іх, існуюць толькі дзьве пазыцыі, два сьветапогляды – адзін правільны, афіцыйна зацьверджаны; другі – варожы, падрыўны, злачынны.

Адпаведна, тыя, хто, паводле спадара Івановіча, “не заклікае да стваральнае працы”, а крытычна ставіцца да афіцыйнае палітыкі – ёсьць адшчапенцам, наймітам імпэрыялізму… ну, і гэтак далей.

Цікава, спадар Івановіч, што менавіта на іх Вы ўскладаеце адказнасьць за тое, што людзі ў Беларусі даведзеныя да галечы. Нібы гэта ў іхных руках на працягу шасьці апошніх гадоў засяроджаная ўся ўлада; нібы яны мелі магчымасьць уплываць на эканамічную палітыку; нібы іхны палітычны курс хоць бы на працягу нядоўгага часу ажыцьцяўляўся ў Беларусі.

Здаецца ж, ужо каторы год усё адбываецца ў краіне так, як Вы лічыце слушным: заклікаў да стваральнае працы хапае; пры ўладзе паўсюль, у тым ліку, у “парлямэнце”, выключна аднадумцы Лукашэнкі; апазыцыю, як Вы пішаце, “б’юць па шапцы” пры кожным зручным выпадку – кідаюць у турмы, зьбіваюць, абкладваюць шматмільённымі штрафамі. Чаму ж дабрабыту няма, спадар Івановіч, а толькі ўсё большая галеча?

Калі Вы самому сабе паспрабуеце сумленна адказаць на гэтае пытаньне, то зразумееце, чаму мы й казалі, і працягваем штодня казаць пра дэмакратыю, незалежнасьць і правы чалавека. Без усяго гэтага, як паказаў усясьветны досьвед – ані пазбаўленьня ад галечы, ані спадзеваў на дабрабыт не бывае.

У канцы свайго ліста Пятро Івановіч з выклікам пытаецца: “Ну, што, адважыцеся выказацца на радыё адносна майго ліста? Ведаю, спалохаецеся кармільцаў сваіх”.

Як бачыце, адважыліся. І ня лічым, што, калі Вы нязгодныя з нашай пазыцыяй, дык Вас абавязкова трэба запісаць у ворагі й адшчапенцы. Выкажу нават здагадку, што самі вы слухаеце “Свабоду” якраз дзеля таго, каб даведацца тое, пра што ня можаце пачуць з афіцыйных мас-мэдыяў, пазыцыю якіх падзяляеце.

* * *

Ільля Копыл зь Менску:

“Хутка сьветлае веснавое сьвята – Вялікдзень. Людзі рыхтуюцца да сьвяточных клопатаў. А клопатаў хапае.

Мне прыгадалася, як Лукашэнка перад Новым годам наведаў некалькі гастраномаў і паставіў задачу – кожнай сямьі па бутэльцы шампанскага. Але нават такое дробязнае абяцаньне ня было выкананае. Па-першае, у глыбінку гэтую бутэльку не завезьлі; а па-другое, ня кожнай сямьі тая бутэлька па кішэні.

Цяпер, перад Вялікаднем, самы час аб’яўляць новую прэзыдэнцкую мэту: “Кожнаму беларусу – па яйку”. Але ж і гэтая праграма можа быць сарваная. У многіх месцах зь яйкамі перабоі. А таксама могуць перашкодзіць, як звычайна, жульлё, заходнія спэцслужбы, апазыцыя, “вашывыя блохі”. Праўда, выйсьце ёсьць – калі па яйку выдаць вернікам толькі дзяржаўнае – праваслаўнае веры. Абяцанка – цацанка, а дурню – радасьць. Будзем чакаць”, – гіранічна піша Ільля Копыл зь Менску.

Заўважым, што шумныя кампаніі былых гадоў у забесьпячэньні жыхароў ці то шампаньскім, ці то яйкамі, ці то гарэлкаю апошнім часам спакваля сьціхлі. Ужо цягам паўгода спажывецкія цэны ў Беларусі ймкліва набліжаюцца (і ў многіх выпадках дасягнулі) усясьветнага ўзроўню. Адпаведна, зьнікаюць і ажыятаж, і дэфіцыт, і патрэба ў прапагандысцкіх акцыях.

Іншая рэч, што да відавочнай ісьціны давялося йсьці шмат гадоў, учыняючы зьдзек і над людзьмі, і над разважным сэнсам.

* * *

На заканчэньне – яшчэ некалькі цытатаў з пошты апошняга тыдня. Алег Кулікоўскі зь Менску:

“Мне 17 год. Слухаю “Свабоду” ўжо тры гады. Вашыя выпускі навінаў дакладныя і зьмястоўныя, а перадачы вельмі цікавыя. На мой погляд, “Радыё Свабода” – адна з галоўных крыніцаў свабоднай інфармацыі для Беларусі”.

Арцём Лява, таксама зь Менску:

“Мяне не задавальняе палітычная і эканамічная сытуацыя, што склалася ў Беларусі. Я ня бачу аніякіх прыкметаў, якія б сьведчылі аб станоўчых зрухах у бліжэйшыя гады. Але ж сядзець, склаўшы рукі – гэта пахаваць сябе як грамадзяніна”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час падзяліцца думкамі наконт пачутага. Чакаем новых допісаў.

Пішыце на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь.

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG