Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


9 Сакавіка 2000.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

На пачатку – ліст ад Івана Лявоненкі зь вёскі Рудня Лагойскага раёну Менскае вобласьці. Іван разважае пра падабенства палітычных біяграфіяў многіх дзеячоў, зь імёнамі якіх сёньня часам атаясамліваецца беларуская апазыцыя. Міхал Чыгір, Віктар Ганчар, Анатоль Лябедзька, Станіслаў Багданкевіч, Юры Захаранка, Аляксандар Фядута… Іван Лявоненка ўважліва сачыў за палітычнай кар’ераю гэтых людзей на працягу многіх гадоў. І прыйшоў да такое высновы (цытую ягоны ліст):

“Вядома, зь якога кубла яны выпалі ў апазыцыю. Вараня, якое выпала з гнязда (ці то само палезла на край ды звалілася, ці то варона-маці сваім крылом штурхнула неслуха) – і апынулася на зямлі, не становіцца ані жаўруком, ані шпаком.

Аднойчы Анатоль Лябедзька, апраўдваючы сваё паплечніцтва з Лукашэнкам, узгадаў нават нейкія дэмакратычныя памкненьні свайго былога шэфа напачатку прэзыдэнцтва. Сапраўды, герб “Пагоня” ўзьняўся над Домам ураду адразу ж пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады. Але спатрэбілася няшмат часу, каб скінуць ня толькі гэты герб, але й бел-чырвона-белы сьцяг”.

“Можна памыляцца, ацэньваючы напачатку каго-небудзь ці што-небудзь”, – піша Іван Лявоненка. – “Але ж што тычыцца Лукашэнкі, то ня трэба быць палітыкам ці нават вельмі дасьведчаным чалавекам, каб вызначыць ягоную сутнасьць пасьля двух-трох выступаў у тагачасным Вярхоўным Савеце. Балазе, сэсіі тады трансьляваліся на ўсю Беларусь. А калі ты гэтага не разгледзеў ці не зразумеў, дык не выдавай сябе за палітыка, тым больш – за рупліўца Бацькаўшчыны.

Усе яны сталі апазыцыянэрамі, гэтак як і раней служылі Лукашэнку, зусім не на падставе палітычных ці ідэйных перакананьняў. Іхнае жыцьцёвае крэда мае вельмі празрыстую акрэсьленасьць. На расейскай мове гэта называецца “шкурничеством”, а ў беларускай, здаецца, няма адпаведніку. Прыстасаваліся людзі да карыта, а калі страцілі яго, кінуліся шукаць другое. Нечакана ўсе зрабіліся патрыётамі, успомнілі родную мову і… сталі апазыцыянэрамі. Але ад перамены месцаў складнікаў сума не зьмяняецца. Таму і ніякай пагрозы рэжыму такая апазыцыя не ўяўляе. Яна – ня сіла, а толькі цацка ў гульнях Лукашэнкі з Захадам”, – напісаў нам Іван Лявоненка зь вёскі Рудня Лагойскага раёну.

Гэтыя словы нашага слухача, безумоўна, крыўдныя для некаторых апазыцыйных палітыкаў, але падобныя думкі падзяляюць многія людзі, якія памятаюць пачатак 90-х і абставіны прыходу Лукашэнкі да ўлады.

На жаль, вельмі нямногія асобы, якія займаюцца палітычнай дзейнасьцю, стала сувымяраюць свае ўчынкі з высокімі маральнымі стандартамі. Лічыцца, што дасягнуць канчатковае мэты – здабыць уладу – надзвычай цяжка (мо, і немагчыма), калі не падладжвацца пад момант, не прамаўляць папулісцкія лёзунгі й не авалодваць гэтак званымі “палітычнымі тэхналёгіямі”. Гэта стала ледзь не абавязковым атрыбутам прафэсіі палітыка. Такі аспэкт, на маю думку, важна ўлічваць, даючы ацэнку тым асобам, пра якіх так катэгарычна напісаў Іван Лявоненка.

Пэнсіянэр Віталь Леановіч зь Віцебску апісаў гісторыю таго, як ён ужо сталым чалавекам зьдзейсьніў мару свайго юнацтва. Вось ягоны ліст:

“Яшчэ ў маладосьці, калі ў 60-я гады працаваў пасьля інстытуту паводле разьмеркаваньня далёка ад Беларусі, трапілася мне ўпершыню кніжка Васіля Быкава на расейскай мове – “Жураўліны крык”. Прачытаўшы яе, я так усхваляваўся і ўзрадаваўся за сваіх землякоў. Усім знаёмым потым даваў пачытаць гэтыя цудоўныя апавяданьні. А калі даведаўся, што Васіль Быкаў – наш ушацкі, з Кублічаў, дык вывучыў ягоную біяграфію і ўвесь жыцьцёвы шлях. Мінулым летам, ужо як пэнсіянэр, дабраўся я ў Кублічы й задумаў адведаць мясьціны, дзе нарадзіўся й вырас мой улюбёны пісьменьнік. Дабраўся і ў вёсачку Бычкі. І вось хатка на ўскрайку. Недалёка лес. Але няма нават аніякае шыльдачкі, што тут нарадзіўся пісьменьнік, якога ведае ўвесь сьвет. Вакол зарасло ўсё крапівою і быльнягом па пояс. На хлеўчуку і пуньцы прагніла страха. Дзякаваць Богу, што хоць шыбаў не паразьбівалі: на вокнах яшчэ вісяць нейкія старэнькія фіранкі. Я так усхваляваўся, гледзячы на гэтую сялянскую хатку, што ледзь ня стаў перад ёй на калені. Як перад сьвятыняй нашае Беларусі. І што проці яго, Васіля Быкава, нейкія казіяткі ды зімоўскія, якія абліваюць яго гразьзю, каб дагадзіць былому саўгаснаму дырэктару.

Ва ўсім сьвеце шануюць сваіх слынных пісьменнікаў ды паэтаў. Толькі ня ў нас. У Беларусі зноў загадваюць пісаць пра Айчынную вайну з камуністычных вышыняў, а ня гэтак, як пісаў пра яе Быкаў. Я вайну помню, хоць і быў дзесяцігадовым хлопчыкам. Мы жылі тады каля Ўшаччыны, дзе ўдзень былі немцы, а ўначы – партызаны. І нам, малым з матуляй, так дасталася за тры гады, што перад вачыма й зараз стаяць гэтыя сцэны. Толькі Быкаў пісаў пра вайну так, як яна захавалася ў маёй памяці. Як немцы, гэтак і партызаны былі ўсялякія – і добрыя, і гады”, – гэта быў ліст Віталя Левановіча зь Віцебску.

Сьведчаньне чалавека, які сам перажыў вайну і для якога ўсё жыцьцё зьвязанае з творчасьцю Васіля Быкава, вельмі выразна ілюструе сапраўдную вартасьць тых, хто, выконваючы палітычны заказ, ліе бруд на вялікага пісьменьніка. Месца Васіля Быкава ў нацыянальнай і ўсясьветнай літаратуры відавочнае ўжо цяпер. Імёны тых, хто ганьбаваў яго, таксама застануцца ў гісторыі…

Наш даўні слухач Міхал Сантаровіч з Койданава (Дзяржынску) напісаў пра свае непаразуменьні з праваслаўнай царквою:

“Амаль паўсюдна ў праваслаўных храмах царкоўная служба праводзіцца на расейскай мове. А ці магчыма йнакш пры маскоўскай царкве? Як ненатуральна, непаўнавартасна, зьняважана адчуваюць сябе ў гэтай царкве вернікі, у якіх роднай моваю зьяўляецца беларуская!

Такое ж становішча і ў нас у Дзяржынску (Койданаве), дзе сьвятаром Мікалай Леднік. Што ж застаецца рабіць вернікам, якія пачуваюць сябе беларусамі? Яны прамаўляюць пра сябе пацеры на сваёй роднай мове, калі ўголас з вуснаў сьвятара гучыць расейская мова. Такі стан душы вельмі пакутлівы, ды толькі вера, цярпімасьць, адсутнасьць сваёй царквы ўтрымліваюць іх у сьценах гэтага храму.

Расейская так бы мовіць “выключнасьць” мае месца й пры памінаньні памерлых. Па некалькі разоў узгадваюцца загінуўшыя “российские воины” (відаць, хлопчыкі-жаўнеры з Чачні).

Сьвятар Леднік не клапоціцца пра веданьне беларускае мовы, а вось пра наступнае жыцьцё паклапаціўся. На цьвінтары ўсталяваны мармуровы помнік на ягонае імя ды збудаваны пахавальны склеп.

Нездарма нашыя продкі ў Вялікім Княстве Літоўскім змагаліся за стварэньне ўласнае царкоўнае мітраполіі. Гэта разумелі вялікія князі Віцень, Гедымін, Альгерд, Вітаўт, ды імкнуліся захаваць самастойнасьць сваіх праваслаўных людзей. Цяпер таксама ёсьць неабходнасьць стварыць уласную беларускую праваслаўную царкву”, – напісаў Міхал Сантаровіч з Койданава.

Тое, што ў беларусаў няма ўласнае царквы й беларуская мова гучыць толькі ў некалькіх храмах, самым непасрэдным чынам адбіваецца на стане й беларускае дзяржавы, і культуры, і нацыянальнае самасьвядомасьці. Назіраньні Міхала Сантаровіча толькі пацьвярджаюць гэта.

Аляксандар Слабодзіч, выдавец зь Менску, піша:

“Аддаючы павагу вашае службе, хацеў бы распавесьці пра новае пэрыядычнае выданьне, прысьвечанае беларускай культуры і гісторыі – часопісе “Колокола времён” (“Званы часоў”). Гэта – пачатковая частка праекту, якая мае на мэце адраджэньне гістарычнае спадчыны і нацыянальных каштоўнасьцяў Беларусі. Часопіс цалкам прыватны, ня мае аніякае падтрымкі. І тым ня менш – Беларусь жыве.

У пэрспэктыве плянуецца сэрыя дадаткаў, якія б распавядалі пра гісторыка-культурныя мясьціны Беларусі. Асобныя пляны – паказ старога Менску – таго, які мы яшчэ не згубілі.

На жаль, часопіс выдаецца пераважна на расейскай мове. Мы марым зрабіць яго нацыянальным, беларускім. Было б добра, каб праз вашую службу пра яго даведаліся людзі, якім дарагая Бацькаўшчына.

Дзякуй вам за прыемны голас свабоды, які не дае нам забыцца пра сваю годнасьць і неабходнасьць “людзьмі звацца”, – напісаў Аляксандар Слабодзіч, выдавец зь Менску, які разам зь лістом даслаў першы нумар свайго часопіса – невялікага па аб’ёму, але вельмі маляўнічага й зьмястоўнага. У ім – публікацыі пра гісторыю Мірскага замку, пра дынастыю Радзівілаў, пра Сьвятаполка Мірскага й Нясьвіж, які аўтары часопіса называюць сталіцаю беларускіх прывідаў.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Эдуарда Тобіна са Смалявічаў, Віктара Буты, Мікалая Старэнькага, Вячаслава Станішэўскага, Ангеліны Масюты і Арэнція Дзегіля зь Менску, Ганны Матусевіч з Койданава, Георгія Белаконя з Калінкавічаў, Анатоля Міхнюка з гораду Высокае Берасьцейскае вобласьці, Алеся Ніжэвіча з Адэсы (Украіна) і Міколы Яцкова зь вёскі Брылі Магілёўскага раёну. Вялікі дзякуй усім.

Пішыце нам на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь.

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG