Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


Аўтар і вядучы Сяржук Сокалаў-Воюш

Яшчэ год таму назва нашай перадачы Паштовая Скрынка 111 была цалкам актуальнай. Але сьвет не стаіць на мейсцы й апошнім часам рэдакцыя пачала атрымліваць допісы праз электронную пошту. Зразумела, што ў ёй нашыя каардынаты гучаць інакш. Тым ня менш, лісты, дасланыя ў Паштовую Скрынку 111 мы таксама атрымліваем… Сёньня агляд пошты праводзіць Сяржук Сокалаў-Воюш, які радзіць усім, хто цікавіцца беларускай эміграцыяй, узяць у рукі асадку, бо ў гэтым выпуску Паштовае Скрынкі 111 вы знойдзеце адрасы й нумары тэлефонаў некаторых беларускіх арганізацыяў у замежжы.

Пакуль вы будзеце браць асадкі, скажу, што пераважная бальшыня тых, хто піша да нас праз электронную пошту – людзі, якія воляю лёсу апынуліся па-за межамі Бацькаўшчыны. Зазвычай, усе яны маюць адну найбольшую праблему: адсутнасьць простых кантактаў з суайчыньнікамі за мяжою.

Вось, напрыклад, кароткі допіс з Канады: “Паважанае спадарства. Я эміграваў у Канаду два гады таму і ня ведаю, ці ёсьць у Таронта беларуская грамада. Калі ласка, калі вы ведаеце пра гэта, напішыце”. І подпіс: Глеб Нікіфараў.

Шаноўны Глеб, у Канадзе існуе Каардынацыйны Камітэт Беларусаў Канады, які знаходзіцца ў месьце Бары – правінцыя Антарыё. Старшыня гэтай арганізацыі: жонка пятага старшыні Рады Беларускае Народнае Рэспублікі Вінцэнта Жук-Грышкевіч – Раіса Жук-Грышкевіч. Сярод сяброў Камітэту: цяперашні Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, рэдактар тамтэйшага часопісу “Прамень” Анатоль Храноўскі ды іншыя. Тэлефон і факс для сувязі з Каардынацыйным Камітэтам Беларусаў Канады наступны: код: (705) нумар: 725-86-54. Праз гэты ж тэлефон можна даведацца і каардынаты беларускае грамады ў Таронта. Акрамя гэтага, жывуць там і былыя грамадзяне Беларусі, арганізацыйна не зьвязаныя з нашымі суайчыньнікамі: бард Марк Мерман, бізнэсмэн Астроўскі ды іншыя.

Яшчэ адзін ліст прыйшоў зь места Брно – у Чэхіі. Ягоны аўтар – Валеры Ашомка піша, што пасьля двухгадовае працы праграмістам у Менску, ужо месяц працуе ў маленькай чэскай фірме.

“Быў бы рады, – піша Валеры, – атрымаць ад Вас хоць якую-небудзь інфармацыю аб беларускім асяродку ў Чэхіі. У Менску, – чытаем далей, – я цікавіўся палітычнымі і культурнымі падзеямі, хоць актыўнага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці й не прыймаў. Адчуваю цяжкі боль за цяжкі лёс Беларусі, але сваё жыцьцё цалкам прысьвяціць барацьбе не гатовы”.

Шаноўны Валеры, дзякуй за ліст, а найперш: за шчырасьць. Здаровая нацыя ня мусіць складацца толькі са змагароў. Галоўнае тут – нацыянальная сьведамасьць, жаданьне нешта рабіць дзеля сваёй, няхай сабе й далёкай цяпер Радзімы.

Пра беларускую грамаду ў Чэхіі магу паведаміць наступнае: Праскія беларусы згуртаваныя ў суполку “Скарына”. Разам з пражакамі трымаюцца й іншыя беларусы Чэхіі, якія атрымалі тут палітычны прытулак і жывуць ня толькі ў сталіцы, але і ў іншых мясьцінах. Суполка “Скарына” зьбіраецца больш-менш раз на месяц (апрача летніх месяцаў) каб абмеркаваць самыя розныя пытаньні, прыкладам, справу падрыхтоўкі ці сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці 25 сакавіка, або наведаньня ды прыборкі магілаў пахаваных на Альшанскіх могілках у Празе, прэзыдэнтаў БНР Крычэўскага й Захаркі – на Дзяды. Суполка “Скарына” стараецца дапамагчы сваім сябрам і ў разьвязаньні некаторых прыватных праблемаў, зь якімі сутыкаецца чалавек, які апынуўся далёка ад Радзімы. Для тых, хто шукае сувязі зь беларусамі ў Чэхіі, падаю часовы тэлефон суполкі “Скарына”, які будзе дзейнічаць ажно да Калядаў: 20-96-04-73.

Наступны ліст напісаны па-ангельску. Аўтар – Дан Полцэк – задае ў ім усяго адно пытаньне: дзе можна купіць падручнік, каб вывучыць беларускую мову. Зразумела, што адказ яму мы дадзім таксама праз электронную пошту па-ангельску. А для нашых слухачоў паведамім, што падобны падручнік існуе. Ягоная аўтарка, Валянціна Пашкевіч, у свой час скончыла факультэт клясычнае філялёгіі Віленскага ўнівэрсытэту. З 49-га году жыве ў Канадзе. Там у 1974-78 гадох і пабачыў сьвет ейны грунтоўны двухтомны падручнік “Беларуская мова” – “адзіны сыстэматычны і найбольш поўны курс беларускае мовы для навучальных мэтаў за межамі Беларусі”. Такімі словамі гэтае выданьне характарызуе энцыкляпэдыя “Беларуская мова” у якой, між іншым адзначана: “Падручнік (Валянціны Пашкевіч) абапіраецца на правапіс Браніслава Тарашкевіча з пазьнейшымі ўдакладненьнямі, прынятымі на эміграцыі пад уплывам Янкі Станкевіча й Антона Адамовіча. У дадатку да падручніка зьмешчаны беларуска-ангельскі й ангельска-беларускі слоўнікі па 9 тысячаў лексычных адзінак кожны”.

А вось яшчэ адзін ліст, гэтым разам адпраўлены звычайнай поштаю. Ён прыйшоў да нас з Гомелю. У ім, як у бальшыні лістоў зь Беларусі, боль. Стан чалавечай зацятасьці, ад якога блізка, або да вар’яцтва, або да нэрвовага зрыву. Раней, аўтар ліста зьвярнуўся да тагачаснага прэзыдэнта Аляксандара Лукашэнкі з просьбаю дапамагчы ў вырашэньні некаторых праблемаў. Даведзены да адчаю чалавек напісаў Лукашэнку, што ў выпадку адмовы ён спаліць сваю руку на Вечным агні Пляцу Перамогі.

“Раскажыце расейскаму й беларускаму народу, – піша цяпер гэты чалавек да нас. – Раскажыце праўду пра жыцьцё тут, у нас, у Гомелі. Можа перастануць прыяжджаць сюды расейскія губэрнатары, калі даведаюцца што:

Прэзыдэнт даў згоду на падпал левай рукі на Вечным агні на Пляцы Перамогі ў Менску. Я гатовы гэта зрабіць. Цяпер мне цяжка трымаць асадку. Таму што я хачу прызвычаіцца да болю, таму што я павінен гадаваць дзяцей. Каб выжыць, мы мусім трымаць козаў і казьлянятаў. Рукі баляць ад фізычнага і маральнага болю”.

Мушу зазначыць, што акцыі самаспаленьня ці спробаў самаспаленьня ў часы прэзыдэнцкай Беларусі ўжо былі. Сам сябе спаліў наваполацкі адвакат, які не знайшоў іншага спосабу абараніць свой прафэсыйны гонар і сваю падабаронную. У Менску, на Пляцы Незалежнасьці у знак пратэсту супраць сельскагаспадарчае палітыкі ўладаў спрабаваў сам сябе спаліць беларускі фэрмэр.

І ўсё ж, самаспаленьне не найлепшы спосаб разьвязаньня сваіх праблемаў. Як вынікае з працытаванага ліста, аўтар мае дзяцей, а гэта значыць, што ў выніку самаспаленьня або калецтва ад няўдалай акцыі, праблемы ахвяры абрынуцца на плечы нашчадкаў. Як кажуць: “адна бяда ня ходзіць”.

І на заканчэньне сёньняшняга агляду пошты яшчэ адзін электронны ліст. Яго даслала нам зь места Ольдэнбург Дзіна Круцікава. У лісьце ўсяго адна фраза: “Прывітаньне зь Нямеччыны!” На маю думку, гэта знак таго, што ёсьць у сьвеце беларусы, якія чуюцца шчасьлівымі й гатовыя гэтым шчасьцем падзяліцца зь іншымі суайчыньнікамі, а гэта значыць, што ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG