Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


20 Студзеня 2000.

Аўтар і вядучы Валянцін Жданко.

Пачну зь ліста Леаніда Муранчыка зь Берасьця. Ён піша: “Мы на сваёй зямлі нібы эмігранты. Столькі сумленных людзей было вынішчана, столькі прыхадняў асела тут пасьля вайны. Ня дзіва, што спадкаемцы таталітарызму зноў пры ўладзе, зноў зьбіраюцца рабіць сваю чорную справу. А адукаваныя беларусы, ведаючы ўсё гэта, чагосьці чакаюць: што электарат паразумнее, выправіць памылку, скіне ашуканца. Але такога не бывае, калі не працаваць зь людзьмі”.

Леанід Муранчык раіць зьвярнуць увагу на тых, хто заняты ў выканаўчай “вэртыкалі”. Ня ўсе там, на думку Леаніда, бяздумныя выканаўцы ды перакаці-поле – ёсьць і нармальныя людзі, якія задумваюцца пра будучыню сваіх дзяцей і сваёй краіны. “Усім беларусам – і асіміляваным, і неасіміляваным, трэба, – лічыць Леанід, – зразумець: калі яны не аб’яднаюцца і не адстаяць незалежнасьць дзяржавы, то ў іхных дзяцей і ўнукаў няма будучыні”.

У якасьці ўзору для перайманьня наш слухач называе прыклад Фінляндыі. Ад каляніяльных ланцугоў яна вызвалілася ў 17-м годзе. Сёньня сукупны нутраны прадукт гэтае краіны, насельніцтва якой складае толькі тры адсоткі ад расейскага насельніцтва, большы, чым у Расеі.

“Сёньняшняя лагоднасьць і памяркоўнасьць беларусаў – не памочнік у барацьбе з расейскім імпэрыялізмам, які паказвае свае іклы ў Чачні і глядзіць на Беларусь як удаў на труса. Трусу ўжо даўно трэба было б ператварыцца ў вожыка, каб ня стаць ахвяраю гэтага цмока”, – напісаў Леанід Муранчык зь Берасьця.

Стаўленьне да незалежнасьці сваёй краіны ў людзей мяняецца – пра гэта сьведчаць усе сацыялягічныя апытаньні апошняга часу. Пакаленьне савецкіх беларусаў адыходзіць, яму на зьмену прыходзяць учорашнія дзеці адраджэнцкае хвалі пачатку 90-х гадоў.

Да таго ж аніводзін нармальны бацька або маці, назіраючы за сёньняшнімі тэлекадрамі з Чачні, не пажадае сваім дзецям жыць у краіне, якая няспынна вядзе крывавыя войны. Час працуе не на тых, хто хоча зьнішчыць незалежную Беларусь. Яны адчуваюць гэта – адсюль і гэтыя скарасьпелыя хаўрусныя дамовы ды інтэграцыйная гістэрыка.

Алесь Антановіч з Горадні дакарае нас за тое, што мы, на ягоную думку, зрэдку распавядаем, як у сёньняшняй Беларусі дзейнічаюць тыя, каго Алесь у сваім лісьце называе “патаемнымі памочнікамі рэжыму Лукашэнкі”. Спадар Антановіч піша:

“Расейскі гісторык Валкагонаў казаў, што ў СССР было 11 мільёнаў патаемных супрацоўнікаў КГБ (па-расейску “осведомителей”). Гэта паводле архіваў КГБ.

Гэтыя даносчыкі ў беларускім КГБ захаваліся, як захаваўся і сам КГБ без якіх-небудзь зьменаў. І яны вядуць, так бы мовіць, “растлумачальную работу” сярод людзей. Колькі разоў на працы, у чарзе ў магазіне, ці проста ў натоўпе на кірмашы даводзілася чуць, як падазронага выгляду асобы распачынаюць палітычную дыскусію. Яны кажуць: “Вось, Пазьняк уцёк, а без Расеі мы не пражывем. Няма ў нас ані газу, ані нафты” ці “Добра, што Лукашэнка разагнаў Вярхоўны Савет, яны ўсё роўна нічога не рабілі”.

Калі да працы сэксотаў дадаць штодзённы падман, які льецца на нас з тэлевізара, дзяржаўных газэтаў ды радыё, то стануць відавочныя сапраўдныя маштабы тае хлусьні, якой адурманьваецца народ. Гэтак і набіраецца той рэйтынг, якім хваліцца Лукашэнка. Лукашэнка абапіраецца на спэцслужбы, а спэцслужбы – на “стукачоў”. Прычым, “стукачы” ёсьць і сярод начальнікаў, і сярод простых рабацяг. Лічу, што гэта вельмі важна, і што людзі павінны гэта ведаць, каб разумець, што адбываецца ў Беларусі й чаму жыцьцё з дня на дзень становіцца ўсё цяжэйшым”, – гэтак лічыць Алесь Антановіч з Горадні.

Тое, што армія сакрэтных інфарматараў захавалася й дзейнічае, не адмаўляюць і самі спэцслужбы. З вынікамі працы “сэксотаў” ня раз даводзілася сутыкацца ўдзельнікам апазыцыйных акцыяў пратэсту. “Сэксоты” крочаць у шэрагах дэманстрантаў, каб потым удзельнікі акцыі апынуліся на турэмных нарах або на лаве падсудных.

Цяжка меркаваць, ці захаваная за “стукачамі” функцыя прапагандысцкая. Зусім магчыма, што вам, Алесь, даводзілася чуць проста аматараў лукашэнкавай палітыкі. І наўрад ці варта прылічваць да спэцслужбаў кожнага, хто заводзіць размову пра палітыку й крытыкуе апазыцыю.

Міхал Сантаровіч з Койданава (Дзяржынску) Менскае вобласьці ў сваім чарговым лісьце пажадаў прадоўжыць завочную дыскусію пра мову, якая адбылася ў нас зь ім некалькі тыдняў таму. Нагадаю, Міхал тады ставіў пад сумнеў вынікі перапісу, згодна зь якімі больш як траціна ўсіх беларусаў карыстаецца ў побыце беларускай моваю.

Слухач часткова пагаджаецца са мною. Ён піша: “Ня віна люду, што размаўляе на “трасянцы”. Гэта вынік русіфікацыі, ці, як казаў Максім Багдановіч, “авялікарушваньня”. Тут палягае розьніца паміж мясцовымі гаворкамі на Кубані ці ў Волагдзе й гаворкамі на Полаччыне ці на Палесьсі”.

“Але назваць гэтую мову беларускай нельга, – лічыць Міхал Сантаровіч, – калі не сказаць больш жорстка, што гэта вычварэнства. Усё мы цудоўна разумеем. Ды нашая задача складаецца ня ў тым, каб пляскаць у ладкі, адзначаючы, які ў нас сьвядомы (на 37 адсоткаў) люд, а скіроўваць грамадзтва сваёй працаю на годнае ўжываньне роднае мовы. Нам не патрэбна браць горшыя прыклады ўжываньня мовы ў суседняй дзяржаве, а прыкладаць намаганьні, каб выкараніць падобныя зьявы з нашай паўсядзённасьці”.

У ідэале гэтая задача, Міхал, выглядае бясспрэчнай. Цяжкасьць у тым, што гэтае мэты нельга дасягнуць імгненна ці за кароткі час. І несправядліва было б абвінавачваць сотні тысячаў людзей у вычварэнстве за тое, што яны карыстаюцца “трасянкаю” і называюць гэтую мову беларускай. Гэта – рэаліі нашае краіны і нашага народу. І ставіцца да іх мы мусім цярпліва, калі маем надзею выправіць такое становішча ў будучыні.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Віктара Буты і Анатоля Салаўя зь Менску, Яна Эмоцына з Глуску й Вольгі Падкапаевай з Гарадоцкага раёну Віцебскае вобласьці. Дзякуй усім. Пішыце нам на адрэсу: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111.

Вы слухалі перадачу “Паштовая Скрынка 111”.

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

XS
SM
MD
LG