Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


13 Студзеня 2000.

Аўтар і вядучы Сяржук Сокалаў-Воюш.

“Шаноўнае спадарства, – піша нам па-расейску 53 гадовы эмігрант, удзельнік руху БНФ Уладзмер Мікула, які цяпер знаходзіцца пад Нюрнбэргам, – я ўжо пісаў да Вас (…) ліст, у якім прапаноўваў сваю сьціплую дапамогу. Але па памяці я склаў даволі агульны адрас (…) і (…) магчыма ліст згубіўся. Яшчэ адну спробу я раблю цяпер”. Далей аўтар прапаноўвае ў наш “Слоўнік свабоды” слова “Саюз”.

Паважаны спадар Мікула, як вы ўжо напэўна заўважылі з нашых перадачаў, рубрыкі “Слоўнік свабоды” ад пачатку 2000 году на нашых хвалях няма. Ейнае месца заняла новая нізка розных аўтараў “Галасы стагодзьдзя”. Вось жа ў яе вы і маглі б падаць свой голас, бо напэўна ж вашае жыцьцё таксама поўніцца ўспамінамі, назіраньнямі, згадкамі. Гэта, дарэчы, відаць са зьместу Вашага ліста, а найбольш з дасланага слова. Напісанае па-беларуску, яно ня можа пакінуць абыякавым ані чытача, ані слухача:

“Пад грымоты расейскіх гарматаў і САЎ, пад выбухі бомбаў, пад крыкі і лямант чачэнскіх жанчынаў і дзяцей, пад сьлёзы ўцекачоў быў падпісаны Саюз Беларусі з Расеяй, якая фашыстоўскімі спосабамі вядзе другую чачэнскую вайну. Глыбокая трывога ў сэрцы, Божа!
Пасьля стамбульскага й пэкінскага рыку й атамных пагрозаў лядашчага мядзьведзя, пасьля таго як выявілася блізкасьць у барацьбе супраць правоў чалавека і імпэрскіх высілках Расеі, Кітаю і лукашэнкаўскага ўраду, можа збыцца гарачая мара (…) Лукашэнкі аб стварэньні восі (вось!) Менск-Масква-Пэкін. Жах! Магутны Божа! Беражы Беларусь ад такіх саюзаў”.

Яшчэ адзін ліст, аўтар якога мог бы даслаць нам свой успамін у перадачу “Галасы стагодзьдзя”, мы атрымалі зь Вэны ад Яраслава Маскалевіча. Кароткая гісторыя. Усяго тры сказы, а ў іх цэлы выпуск перадачы:

“У 1939 годзе мне было 6 гадоў і першае слова, якое я пачуў ад нейкага невядомага мне ахвіцэра, гэта было: “Кулачьё”. Калі я запытаўся ў бацькі, што яно азначае, то ён даведаўся ад каго я яго пачуў і адказаў, зьвярнуўшыся да маці: “Будзем рэзаць быдла, іначай апынемся ў Сыбіру”. Што яны своечасова і зрабілі”.

У сваім допісе Яраслаў Маскалевіч закранае і пытаньне роднае мовы: “Дзякуючы вам я пачаў успамінаць родную мову і спрабую пісаць вершы. (…) У большасьці пішу на расейскай мове, таму як доўгі час жыў у Расеі. (…) Наконт прапановы, каб перадачы весьці на дзьвюх мовах – думаю такой патрэбы няма. Ёсьць Анатоль Іванавіч Стрэляный. Ён добра спраўляецца зь лістамі ўсіх слухачоў і расейскіх і беларускіх і іншых”.

Як грамадзянін Беларусі, хвалюецца Яраслаў Маскалевіч за лёс сваёй Радзімы, за лёс незалежнасьці.

“Калі ўсё гэта скончыцца? – Чытаем у лісьце, – Людзі знаходзяцца як пад гіпнозам – ачніцеся братцы!!!”

Напрыканцы допісу Яраслаў Маскалевіч падае нам два свае вершы: адзін – беларускі, а другі – расейскі. “Мой родный край, в душе я плачу”. Ужо гэтае беларускае “родный”, замест расейскага “родной” проста просіць пераказаць далейшыя радкі па-беларуску:

Мой родны край… Адкрыта плача
Ад роздуму душа мая:
Што, Беларусь, як сын твой значу
У гэтым тленным сьвеце я?

На прыканцы ліста Яраслаў Маскалевіч пытаецца дзе можна надрукаваць ягоныя вершы. На жаль, мушу адказаць, што яны яшчэ патрабуюць немалой дапрацоўкі і таму найперш іх варта было б паслаць якому-небудзь паэту, які даў бы на гэты конт канкрэтныя парады. Ды й зь беларускім друкам у нас пакуль што справа выглядае не найлепшым чынам. З гэтага, дарэчы, і пачынае свой ліст берасьцеец Сяржук Пруднікаў:

“Адкажыце, калі ласка, ці магчыма якая супраца з “RL”, бо крыніцаў інфармацыі няшмат (“Наша ніва”, “Народная воля”, “БДГ” – і тыя малымі тыражамі й цяжкадаступныя часам)”.

Далей аўтар ліста зьвяртаецца да нас па прапановы і заўвагі адносна наступнай справы (цытую):

“Жадаю стварыць навукова-дасьледчае таварыства нацыянал-дэмакратычнага кірунку “Anfractus iudicium” (“Юрыдычныя хітраспляценьні”), якое будзе займацца дасьледаваньнем юрыдычнае мінуўшчыны й сучаснасьці, барацьбою з прававым і нацыянальным нігілізмам, распрацоўкаю (прапановаю) беларускае юрыдычнае адукацыі, якая, на жаль, паўсюль выкладаецца на расейскай мове, на якой выдадзены шматлікія падручнікі з Масковіі. Ці нармалёвы сьвядомы грамадзянін-юрыст атрымаецца з сёньняшніх студэнтаў юрфакаў, калі канстытуцыйнае, грамадзянскае, адміністрацыйнае й іншае права вывучаецца па “федератыўных учэбніках”?! – Пытаецца аўтар ліста і сам адказвае. – Але ж усім нам патрэбная Вялікая Беларусь. А права – падмурак дзяржаўнасьці, ці лепей – дах, бо права мае вяршэнства над дзяржаваю (уладаю), але толькі калі яно ёсьць выразьнікам волі грамадзянскае супольнасьці. Пра якую “нацыянальную гаспадарку” магчыма гаманіць, калі суседзкія прынцыпы прававое рэальнасьці валакуцца ў беларускае жыцьцё. Канешне, пераемнасьць у праве – добра, калі займаюцца лепшыя напрацоўкі сусьветнае эўрапэйскае юрыспрудэнцыі, а ня выключна Расейскае Фэдэрацыі (хаця ня выключаю мажлівасьць пераемнасьці расейскіх вынаходак). Трэба адстойваць шматвэктарнасьць у праве й палітыке. Ці ня здольныя вы будзеце дапамагчы ў арганізацыйных мерапрыемствах? Распрацоўцы статута, устаўных дакумэнтаў, інфармацыйным забесьпячэньні? Вельмі неабходная вашая падтрымка, каб мая мара сталася рэальнасьцю,” – піша Сяржук Пруднікаў зь Берасьця.

Ідэя прапанаванага спадаром Пруднікавым таварыства – цудоўная, ды – мала пэрспэктыўная. У прыстойных краінах такой працай займаецца дзяржава. Але сёньня Беларусь губляе сваю дзяржаўнасьць, і стварэньне законаў для паднявольнай, анэксаванай у які б там ні было спосаб і пазбаўленай усялякай законнасьці краіны, падаецца мне справай марнай. Яна (краіна) патрабуе сёньня не законаў а абароны.

Да таго ж спадар Пруднікаў ані словам ня згадвае пра тое, ці сам ён мае хаця б якую юрыдычную адукацыю? Каб пазьней не атрымалася так, як у тых расейцаў, дзе пірагі пячэ шавец, а боты шые пекар.

Што ж да распрацоўкі статутаў і іншых дакумэнтаў, то ў гэтай справе варта зьвярнуцца ў любую зарэгістраваную грамадзкую арганізацыю Бярэсьця, якой вы давяраеце.

І напрыканцы яшчэ адзін – гэтым разам напісаны беларускай лацінкай – ліст, які прыйшоў да нас з Катавіцаў, што ў Польшчы. Аўтар ліста не падае свайго прозьвішча, але пайменна віншуе ўсіх супрацоўнікаў нашай рэдакцыі з Новым годам. Апрача гэтага аўтар апавядае нам пра сына славутага беларуса Браніслава Тарашкевіча. “Сын Тарашкевіча, – чытаем у лісьце, – быў расстраляны партызанамі як беларускі нацыяналіста”.

Дадамо, што асабліва жахлівым выглядае гэты факт таму, што партызаны забілі ня проста нацыяналіста, а свайго паплечніка ў барацьбе, бо нашчадак Тарашкевіча быў партызанам.

А яшчэ аўтар прапаноўвае даваць у нашых перадачах больш беларускіх песьняў і гімнаў. Што ж, прапанова можа й слушная, але музыка на кароткіх хвалях гучыць досыць няякасна. Зрэшты, цікава, а што пра гэта думаюць іншыя слухачы?

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG