Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштовая Скрынка 111


Эфір 4 Студзеня 2001.

Лісты апошняга тыдня, якія прыйшлі на адрэсу нашага менскага бюро, чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Тыя, хто з замілаваньнем і настальгіяй згадвае жыцьцё ў Савецкім Саюзе, пішуць на Свабоду ня надта часта. Але пэўную частку нашай аўдыторыі гэтыя людзі складаюць. І часам асобныя зь іх наважваюцца выкласьці свае думкі ў лісьце да апанэнтаў.

Вось які допіс атрымалі мы ад Сяргея Пятрушына зь Віцебску. Ён піша:

“Жыву я ў Віцебску, у раёне Тыраспаль. Па нацыянальнасьці расеец. Жыву ня бедна і не багата. Часта ў галаву прыходзіць думка: а што было б, калі б СССР захаваўся па сёньня, калі б найміт капіталістаў Гарбачоў не разваліў гэтай вялікай ва ўсіх сэнсах дзяржавы? І сам сабе адказваю: было б нашмат сьвятлей, чым цяпер. Не было б бандытызму, карупцыі, людзі не нажываліся б за чужы кошт. Я не сядзеў бы днямі і ня думаў, куды паступіць, маючы 9 клясаў. Ведаеце, жыць стала нашмат цяжэй. Паўсюль пануюць беспрацоўе, голад, холад. Многім людзям не хапае зямлі, каб працаваць, карміцца на ёй, а ўрад тым часам прадае ўчасткі зямлі замежнікам. Краіна з кожным годам усё больш сыходзіць з сацыялістычных рэек, жыцьцё даражэе. Тое, што ўчора мы атрымлівалі бясплатна, цяпер каштуе шмат грошай”...

Перапыню на гэтым цытаваньне ліста Сяргея Пятрушына зь Віцебску. Ня думаю, што ён сапраўды верыць у тое, нібы ў Савецкім Саюзе не было бандытаў, нібы кампартыйныя чыноўнікі ня бралі хабару і што ўсе жылі на зарплату. Іншая рэч, што пра гэта (і пра сотні іншых праблемаў, якія сьведчылі не на карысьць камуністычнага рэжыму) амаль не пісалі газэты. Дзясяткі тэмаў увогуле былі забароненыя — згадайма лёс дысыдэнтаў, палітычныя рэпрэсіі, расстрэлы дэманстрантаў… Прэсе было дазволена пісаць толькі пра сьветлыя бакі савецкай паўсядзённасьці. Тое прывіднае сьвятло, выглядае, і дагэтуль жывіць настальгічныя пачуцьці многіх людзей. І менавіта настальгія і абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі вярнуць так званыя “заваёвы сацыялізму” былі вырашальнымі чыньнікамі ў часе прэзыдэнцкіх выбараў ‘94-га году.

Даволі дзіўна, Сяргей, чытаць у вашым лісьце нараканьні на недахоп зямлі і распродаж яе замежнікам. Зямельныя адносіны ў Беларусі такія ж, як былі пры камуністах. Прадаць участак замежнай фірме можа толькі асабіста Лукашэнка. Калгасная сыстэма засталася недатыкальнай.

Яшчэ адна цытата зь ліста Сяргея Пятрушына:

“Нам трэба неадкладна змагацца з засільлем у нашых краінах заходняга ладу жыцьця. Стала трывожна за дзяцей, калі на айчынных экранах сталі зьяўляцца ўсе гэтыя фільмы жахаў, баевікі. Людзі стараюцца быць падобнымі да заходніх герояў, расейская культура траціць зацікаўленьне сярод расейскамоўнага насельніцтва. У такіх умовах ёсьць толькі адно выйсьце: зноў злучыцца ў адзіны вялікі Савецкі Саюз і быць як раней — хутчэй, вышэй, мацней за ўсіх астатніх, нікога не баяцца.

Калі б зноў утварыўся СССР, ужо не было б рэпрэсіяў і ўсяго такога іншага. Жыцьцё зьмянілася б да лепшага ”, — гэта быў ліст Сяргея Пятрушына зь Віцебску.

У савецкай гісторыі, Сяргей, усё гэта было: і барацьба з так званым “нізкапаклонствам” перад Захадам; і абяцаньне дагнаць і перагнаць Амэрыку; і імкненьне стаць самай магутнай дзяржавай, якую б усе баяліся. Сяго-таго дасягнулі: цывілізаваны сьвет, сапраўды, з насьцярогай і апасеньнем назіраў за ядзерным монстрам. Але ўзводзілася гэтая ваенная магутнасьць коштам даведзенага да галечы насельніцтва, а яшчэ — пад страхам апынуцца калі не за калючым дротам, дык у “псіхушцы”. Як толькі гэтыя ланцугі крыху аслаблі — як толькі зьявілася хоць найменшая эканамічная і палітычная свабода — уся сыстэма сама развалілася.

На гэтую ж тэму, выказваючы заўвагі да нашай працы, піша Аляксей Паўловіч з Горадні, палітычныя погляды якога — супрацьлеглыя поглядам Сяргея Пятрушына. Цытата зь ліста Аляксея:

“Радыё Свабода — незалежная радыёстанцыя, яна можа і павінна перадаваць тую інфармацыю, якую хавае ўлада. І найперш гэта зьвесткі пра злачынствы бальшавікоў. Трэба, каб штодня хвілін 10-15 была такая перадача. Нам ня так важна слухаць пра жаночае цела, ці як хто страляў у ціры. Мы хочам ведаць сапраўдную гісторыю Беларусі, пра рэпрэсіі, пра тое, як бальшавікі гвалтам захоплівалі ўладу, заганялі сялян у калгаснае рабства; як Сталін рыхтаваў Другую ўсясьветную вайну…

Калі людзі будуць ведаць праўдзівую гісторыю, яны ніколі не прагаласуюць за камуністаў ці за Лукашэнку. Ці вы ня чуеце, як хлусьлівая камуністычная прапаганда па 10-12 гадзінаў на суткі штодня цягне нас у мінулае, як расхвальвае расейскую кабалу?

Зноў жа — пра “стукачоў” трэба распавядаць, якіх шмат засталося ў нас па камуністах. Няўжо вы ня чуеце, як яны хваляць цяперашняе жабрацкае жыцьцё, як убіваюць у галовы людзям, нібы ў нас цяпер усё добра і вельмі добры Лукашэнка, за якога трэба зноў галасаваць. Расейскі гісторык Валкагонаў неяк сказаў, што ў СССР было 11 мільёнаў інфарматараў КГБ. Колькі “стукачоў” у беларускім КГБ — таямніца. Але паводле маіх зьвестак — кожны пяты”, — напісаў нам Аляксей Паўловіч з Горадні.

З вашай высновай, Аляксей, наконт таго, што праўдзівая гісторыя дапамагае пазьбягаць новых памылак — спрачацца не выпадае. Але адводзіць штодня па 10-15 хвілінаў гістарычнай праграме мы, на жаль, ня можам — з прычыны абмежаванага часу. Наконт так званых “стукачоў” … Вы нам, Аляксей, ужо неяк пісалі на гэтую тэму. Ня думаю, што маеце рацыю, калі бачыце таемнага агента спэцслужбаў у кожным, хто хваліць уладу. На маю думку, ня столькі выкрываць і ганьбіць трэба гэтых людзей, колькі весьці спакойную дыскусію мовай відавочных фактаў і лічбаў.

Ліст ад нашай сталай слухачкі з Воршы Яўгеніі Казловай. Яна піша:

“Cёньня чацьвер, “Паштовая скрынка 111”, якую я заўсёды слухаю з увагай — цікава ведаць, што пішуць людзі (нашы людзі). Слухала былога міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава наконт выбараў і кандыдата на прэзыдэнта, — і вельмі дзівілася. Хай ён мяне прабачыць, але ён, па-мойму, так нічога і не зразумеў. Для яго на сёньняшні дзень вораг толькі Лукашэнка, бо ён ягоны крыўдзіцель. Лявонаў лічыць, што неабходна некага, як ён кажа, “раскруціць” з так званай аб’яднанай апазыцыі. Каго — ён пакуль ня ведае. Мяркую, ён робіць вялікую памылку — гэткую ж, як у ‘94-м годзе зрабіла большасьць выбаршчыкаў. Тады казалі: “Абы ня Кебіч”, цяпер: “Абы не Лукашэнка”. І гэта “абы” ў наіўных людзей будзе цягнуцца да бясконцасьці. Раскруціць можна юлу — яна нейкі час будзе круціцца, а вы зь яе цешыцца, але вельмі хутка гэта скончыцца.

Ёсьць чалавек, якога ня трэба раскручваць, ён у гэтым ня мае патрэбы. Гэта беларус, з глыбокім розумам, высокай культурай і добрай праграмай, якую мае ўжо 12 гадоў. Апрача ўсяго іншага, ён добры хрысьціянін, вернік, і ніколі ня быў камуністам. Так, гэта Зянон Пазьняк. Лепшай кандыдатуры ў нас няма. Ён адзіны здольны ўратаваць нас ад няволі, галечы і выміраньня. Вакол яго павінны ўсе згуртавацца — каб не паўтарыць памылкі, якая будзе ўсім нам каштаваць яшчэ даражэй”, — напісала Яўгенія Казлова з Воршы.

Магчыма, вам падасца дзіўным, спадарыня Яўгенія, але такую ж мэту — не паўтарыць памылкі ‘94-га году, якая будзе задорага каштаваць грамадзтву — ставяць сабе Васіль Лявонаў і многія дзеячы аб’яднанай апазыцыі, дамагаючыся вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты, што меў бы рэальныя шанцы на перамогу. У Зянона Пазьняка, пры ўсіх яго несумненных вартасьцях, гэтых шанцаў вельмі мала. Прынамсі, на такой выснове сыходзяцца практычна ўсе сур’ёзныя сацыёлягі і палітолягі.

Пра адзінага кандыдата ад апазыцыі напісаў нам і Мікола Чыбісаў зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну. Цытата зь ягонага ліста:

“Палітыка — гэта шахматная гульня. Лукашэнку вельмі зручна гуляць з дэмакратамі. Гэтыя палітычныя пешкі разьядноўваюцца, а разьяднаных лёгка адолець. Маю такую прапанову. Аб’яднаным дэмакратам стварыць групы па 4-8 чалавек і цягам сутак хадзіць, напрыклад, да Чыгіра штогадзіну — і гэтак некалькі дзён. І паўтараць яму ўсе магчымыя довады наконт таго, што патрэбны адзіны кандыдат. Толькі тады магчымая перамога.

У льва лягчэй вырваць з пашчы кавалак мяса, чым у гэтых людзей уладу. Таму дэмакратычным лідэрам трэба быць гатовымі да самага жорсткага і цяжкога змаганьня,” —гэтак лічыць Мікола Чыбісаў з Казлоўшчыны Дзятлаўскага раёну.

Думаю, Мікола, што і без прапанаванага вамі радыкальнага спосабу, апазыцыйныя палітыкі здольныя прыйсьці да згоды, бо цану гэтай згоды, здаецца, добра ўсьведамляюць усе.

На заканчэньне — ліст ад школьніка Алега Шэлестава зь вёскі Мірная Слонімскага раёну. Алег піша:

“У сябе ў вёсцы я стварыў творчае маладзёвае аб’яднаньне “Вятрак”, сябры якога пэрыядычна зьбіраюцца ў мяне дома. Наша мэта — прапаганда беларускай мовы, культуры, гісторыі. Таксама пры аб’яднаньні ёсьць міні-бібліятэка, якую мы сабралі ўласнымі намаганьнямі і пры падтрымцы незалежнага тыднёвіка “Газэта Слонімская”. Яны ня раз пісалі пра наш “Вятрак” і нават аднойчы завіталі да нас у госьці, прывёзшы з сабою скрынку кніг. Таксама “Газэта Слонімская” дапамагала нам выдаваць бюлетэнь.

Цяпер супрацоўнічаем з многімі арганізацыямі Беларусі. Ад вас жадалі б атрымаць каляндарыкі з вашымі хвалямі, каб раздаць іх тым, хто хацеў бы слухаць беларускую Свабоду”, — напісаў Алег Шэлестаў са Слонімскага раёну.

Ён даслаў таксама бюлетэнь пад назвай “Вятрак”, які выдае зь сябрамі ў сваёй вёсцы Мірная. Шчыра ўдзячныя вам, Алег, за прапанову наконт рэклямных каляндарыкаў — пры нагодзе абавязкова зьвернемся па вашую дапамогу.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых лістоў на адрэсу:
паштовая скрынка 111, 220005, Менск-5, Беларусь
Remailer Менскага бюро: svaboda@europe.com

Вашыя лісты чытаў
Валянцін Жданко, Менск

XS
SM
MD
LG