Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія мэдыі пра Беларусь: паўза ў чаканьні пераменаў. Якое месца займае беларуская тэма ў польскім друку?


Польскія мэдыі пра Беларусь: паўза ў чаканьні пераменаў.
Якое месца займае беларуская тэма ў польскім друку?

(эфір 4 сьнежня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) “Якое месца займае сёньняшняя Беларусь у грамадзскай сьвядомасьці нашых заходніх суседзяў – палякаў? Наколькі поўна і разнастайна асьвятляе беларускае жыцьцё польская прэса? На гэтыя пытаньні мы паспрабуем адказаць у нашай сёньняшняй праграме. І пачнем з аднаго назіраньня, якое робяць многія беларускія журналісты і палітыкі, знаёмыя з польскай прэсай. Яны сьцьвярджаюць, што інтарэс у польскіх мэдыях да Беларусі за апошні год вельмі моцна зьнізіўся. Вось што лічыць беларускі публіцыст Сямён Букчын, які вось ужо некалькі год жыве і працуе ў Польшчы.

(Букчын: ) “Беларусь ня вельмі цікавая для польскай прэсы, польскага друку і тэлевізіі. Гэта ня скарга і не папрок нашым польскім калегам, але вось так гэта выглядае. У мяне такое ўражаньне, што сярод польскіх журналістаў, польскіх мэдыяў усталяваўся пэўны погляд на Беларусь: тут нічога не адбываецца, тут усталяваўся таталітарны рэжым, апазыцыя слабая, нешта яна робіць, але ўсё, у пэўным сэнсе, унармавана і нічога цікавага тут не адбываецца і ня трэба нічога чакаць з гэтага боку. Зразумела, у вочы гэта ня кажуць, але гэта адчуваецца, адчуваецца менавіта па той мінімальнай зацікаўленасьці…”

(Цыганкоў: ) “Падзеньне цікавасьці да Беларусі, на думку Сямёна Букчына, бачна і па тым, як мала прадстаўленыя польскія мэдыі ў краіне. Сталую акрэдытацыю ў Менску маюць толькі тры журналісты – Польскага агенства друку – PAP, “Gazeta Wyborcza” і польскага радыё. Зрэшты, самае галоўнае, што за апошнія год-два істотна зьменшылася колькасьць матэрыялаў з Беларусі, якія публікуюцца, напрыклад, у той жа “Выборчай”. Карэспандэнт польскага агенства друку (PAP) Марцін Сьмялоўскі працуе ў Беларусі ўжо два гады. Ці сапраўды польская прэса стала менш пісаць пра Беларусь?”

(Сьмялоўскі: ) “Калі гаварыць пра тое, што патрабуюць ад мяне – нічога не памянялася. Я заканчваю другі год сваёй працы ў Беларусі і напружанасьць гэтай працы на аднолькавым ўзроўні. Тое, што надаецца менш увагі Беларусі, то гэта, па-мойму, выклікана тым, што ў Польшчы сёлета адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Беларусь і, дарэчы, ня толькі Беларусь, але і іншыя, адыйшлі на другі плян. Думаю, што ня йнакш будзе і ў гэтым годзе – таму што ў наступным годзе у Польшчы намечаныя парлямэнцкія выбары.

Ня зьвязваў бы аднак такі стан з нейкім незацікаўленьнем польскага боку тым, што адбываецца ў Беларусі, проста гэта сыйшло крышачку на другі плян у сувязі з палітычнымі падзеямі ў Польшчы…

(Цыганкоў: ) “Нізкая цікаўнасьць да Беларусі асабліва выразна бачная на фоне вялікага аб’ёму інфармацыі, які ідзе ў польскай прэсе пра Ўкраіну. Пры тым што ў палякаў і ўкраінцаў існуе значна больш вострых момантаў у гісторыі сваіх стасункаў. Сямён Букчын адзначае, што ў падачы інфармацыі пра Беларусь пераважае інфармацыйны жанр. Няма аналізу, паглыбленьня ў тэму”.

(Букчын: ) “Інфармацыя падаецца, але падаецца менавіта як інфармацыя. Ня бачна аналізу, няма жаданьня глыбей паглядзець на тое, як выглядае тая апазіцыя і, нават, як выглядая тая ўлада. Няма вялікага гораду на старонках польскай прэсы, яны больш паказваюць занядбаную, няшчасную вёску. Польская журналістыка ў нашай весцы адчувае сябе вальней, а ў горадзе можа ім цяжэй разабрацца.

Нават найвялікшыя трагічныя нашы сытуацыі, скандальныя, зьвязаныя са зьнікненьнем людзей, ці шэраг адставак – гэта цікавы працэс, трэба паглядзець што там робіцца ў беларускіх вярхах, але – не відаць. Гэта мяне, у пэўным сэнсе, і абурае. І я не маўчу, размаўляю з польскімі журналістамі і спрабую ім давесьці, што трэба цікавіцца суседам па-сапраўднаму, а не вось так, з нейкага экзатычнага пункту гледжаньня. Увогуле на нас ўжо махнулі рукой…”

(Цыганкоў: ) “Сямён Букчын сцьвярджае, што ў паведамленьнях польскай прэсы пра Беларусь пераважае кароткі інфармацыйны жанр, аднак вельмі мала сур’ёзных камэнтароў, аналізу, няма імкнення ісьці глыбей, разьбірацца ў тым, што адбываецца ў Беларусі. Я запытаў у карэспандэнта ПАП Марціна Сьмялоўскага, ці згодны ён з такой ацэнкай.

(Сьмялоўскі: ) “Так, гэта праўда. У мяне толькі цяпер адкрыліся на гэта вочы, але гэта праўда. Больш за ўсё кароткіх інфармацыйных тэкстаў, аналізу нямнога – гэта праўда. Магчыма, гэта вынік таго, што ад нас, польскіх карэспандэнтаў у Беларусі, не патрабуюць такога тыпу тэкстаў”.

(Цыганкоў: ) “І з чым Вы гэта звязваеце?”

(Сьмялоўскі: ) “З чым гэта зьвязаць ? Я ня думаю, што ў Польшчы не разумеюць сур’ёзнасьці таго, што адбываецца ў Беларусі, але ўсё ж такі мэдыі на свабодным рынку, дзе існуе канкурэнцыя, дзе трэба прыцягнуць чытача – вымушаныя пісаць і перадаваць пра тое, што цікавіць нармальнага чалавека. А яго, зразумела, цікавіць тое, што адбываецца ў найбліжэйшым яго асяроддзі – ці прэзыдэнцкія выбары, ці парлямэнцкія…”

(Цыганкоў: ) “Паспрабуем прасачыць дынаміку стаўленьня і інтарэсу палякаў да Беларусі? Больш ці менш сталі пісаць, напрыклад, на працягу апошніх пяці гадоў? Якія сюжэты з беларускага жыцьця найперш цікавяць польскага чытача? Як зьмяніўся тон і тэматыка польскіх мэдыя? Меркаваньне Сямёна Букчына”.

(Букчын: ) “Калі гаварыць пра пачатак дзевяностых гадоў, то была вялікая зацікаўленасьць. Многа чакалася ад Беларусі і чакалася, што там усталюецца ўлада як ў краінах Балтыі, што пойдзе нейкі дыялёг, нейкі дэмакратычны рынкавы працэс. Яшчэ на пачатку, калі стаў кіраваць Лукашэнка, таксама была зацікаўленасьць, як пойдзе далей. А зараз адчуваецца нейкая стомленасьць.

Іншым разам польскія журналісты выяжджаюць да нас, але для іх гэта такая экзатычная паездка. Заўсёды польская тэлевізія ці фатографы здымаюць гэтыя паніклыя вёсачкі, хаты, гэтых нясчасных бабулек. Паказваюць гэту беларускую бяду. Я б не сказаў, што назіраецца зацікаўленасьць, каб глыбей распавядаць пра беларускія працэсы і ў галіне нашай культуры, а ня толькі палітыкі – вось гэтага, на жаль, не назіраецца. Дзейнічаюць пэўныя штампы у адносінах таго, як паказваюць Беларусь ў польскіх мэдыі”.

(Цыганкоў: ) “Малую цікаўнасьць да Беларусі Сямён Букчын тлумачыць найперш геапалітычнымі прыярытэтамі палякаў”.

(Букчын: ) “Тут трэба браць пад увагу, што ўвогуле польская журналістыка, польскае грамадства скіраваныя на Захад, тое што на Захадзе адбываецца. Вось Расея цікавіць як нейкая магчымая пагроза, на якую глядзяць з недаверам, Украіна – гэта нешта вось вагаецца і трэба яе перацягнуць на свой бок, ня даць ёй ўпасьці ў расейскія абдымкі, а Беларусь гэта ўжо сфэра ўплыву Расеі. Вядома, трэба беларусам неяк дапамагаць, гэта дэмакратыя, беларуская культура – трэба неяк спачуваць, але чакаць чаго-небудзь істотнага адтуль не прыходзіцца. Беларусь прысутнічае ў мінімальным сэнсе. Проста яна зьнікае з мапы польскай журналістыкі…”

(Цыганкоў: ) “Што можа зьмяніць гэткае становішча? Відавочна, нейкія палітычныя перамены. Можа, сытуацыю здолеюць выправіць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі? Адказвае карэспандэнт ПАП Марцін Сьмялоўскі”.

(Сьмялоўскі: ) “Безумоўна. Гэта будзе цікавейшая за апошнія гады падзея. Мы ўжо рыхтуемся да яе. Тут будзе цікава паказаць зьмену настрояў, зьмену мэнталітэту беларускага народу, з другога боку – цікавыя юрыдычныя пытаньні, як яно вырашыцца. Намі гэта будзе асьвятляцца вельмі грунтоўна, дакладна і падрабязна. Думаю, што з гэтага моманту пачнецца падвышэньне зацікаўленасьці польскага чытача тэмамі Беларусі…”

(Цыганкоў: ) “Паспрабуем зрабіць нейкія высновы. У тым, што Беларусь на пэўным этапе па вялікім рахунку перастала цікавіць польскае грамадзства, а значыць, і польскую прэсу, вінаватыя толькі самі беларусы. Прэсу не цікавіць застой, прэсу цікавяць перамены, рух, працэс.

Натуральна, што прэзыдэнцкія выбары зноў ажывяць інтарэс да Беларусі ва ўсім сьвеце. Галоўнае, каб вынікі гэтых выбараў былі такімі, каб пасьля іх у міжнароднай прэсы зноў зьявіўся сапраўдны і грунтоўны інтарэс да Беларусі.

Віталь Цыганкоў, Менск

XS
SM
MD
LG