Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як асьвятляла незалежная прэса выбары 15 кастрычніка і акцыю “Байкот-2000”


Як асьвятляла незалежная прэса выбары 15 кастрычніка і акцыю “Байкот-2000”

(эфір 16 Кастрычніка 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) “Кожныя выбары — надзвычай плённы час для мас-мэдыяў ва ўсіх краінах. Гэта — падзея, гэта тое, чым прэса, груба кажучы, корміцца. Беларускія парлямэнцкія выбары 15 кастрычніка ў гэтым сэнсе чарговы раз падзялілі беларускую прэсу. На гэты раз, аднак, падзел пайшоў ня толькі па традыцыйнай лініі паміж дзяржаўнымі й недзяржаўнымі выданьнямі, але і ўнутры самой незалежнай прэсы.

Пазыцыя дзяржаўнае прэсы ня мае патрэбы ў асаблівым камэнтаваньні й аналізу. Дзяржаўныя сродкі масавае прапаганды старанна выконвалі сваю ідэялягічную функцыю, агітуючы за ўдзел у выбарах і з падвоенай зацятасьцю ганьбячы палітычных апанэнтаў улады.

Пазыцыя ж незалежнае прэсы вызначалася выразнай разнастайнасьцю. Некаторыя газэты выступілі адназначна за байкот, падтрымаўшы падыход аб’яднанай апазыцыі. Найбольш пасьлядоўна гэтую лінію праводзіла “Наша Свабода”. Іншыя выданьні, такія як “Народная газета” і “Свободные новости”, хісталіся і агітавалі як за байкот, гэтак і за дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты. А “БДГ” заклікала сваіх чытачоў прыйсьці на выбары й выкрэсьліць усіх кандыдатаў у дэпутаты.

Як ацэньвае пазыцыю незалежнай прэсы заснавальнік і галоўны рэдактар “Нашай Свабоды” Павал Жук?”

(Жук: ) “Мы былі з самага пачатку за байкот. Іншыя газэты, апазыцыйныя, незалежныя мелі розную пазыцыю.

Але трэба адназначна сказаць, што яны па сутнасьці не разумелі сытуацыю, не дапамагалі апазыцыі ў інфармаваньні беларускага народу. Тых, хто хісталіся з аднаго боку ў другі — ці то байкот, ці то падтрымка тых быццам бы апазыцыянэраў, якія пайшлі на выбары — гэта проста не пазыцыя, гэта ці то грошы. Ці проста неразуменьня таго месца ў жыцьці, якое яны займаюць”.

(Цыганкоў: ) “Возьмем тут прыклад “Народнае Волі” — самае масавае беларускае незалежнае газэты, якая ці то публікавала матэрыялы ў падтрымку байкоту выбараў, ці друкавала матэрыялы пра кандыдатаў, якія пайшлі на выбары. Але можа, “Народная Воля” проста сыходзіла зь інтарэсаў сваіх чытачоў, якім трэба ведаць розныя меркаваньні й пазыцыі?”

(Жук: ) “Чытачы “Народнае Волі” хочуць ведаць дакладную інфармацыю. У дадзеным выпадку “НВ” не давала дакладнай інфармацыі. Сацыялягічныя дасьледваньні паказваюць, што ёсьць толькі 15% прыхільнікаў Лукашэнкі, якія яго цалкам падтрымліваюць. Ідэя байкоту сядзіць у галовах беларусаў. А “НВ” пачынае ці то за байкот, ці то дае інфармацыю пра кандыдатаў, якія ідуць у “Палату прадстаўнікоў”, якая ня мае ніякіх паўнамоцтваў.

Яны ідуць насуперак тае самае Канстытуцыі 1994 году, якую “НВ” увесь час падтрымлівала. Так што гэта проста нявызначаная пазыцыя рэдактарскага калектыву й неразуменьне сытуацыі, у якой знаходзіцца Беларусь”.

(Цыганкоў: ) “Ці аказала прэса нейкі йстотны ўплыў на вынік выбараў? Вынікі галасаваньня — гэта перамога дзяржаўнае прапагандысцкае машыны або перамога нешматлікіх незалежных выданьняў? Вось што лічыць намесьнік рэдактара газэты “Свободные новости” Аляксандар Тамковіч…”

(Тамковіч: ) “Недзяржаўная прэса значна паўплывала на байкот. Большасьць недзяржаўных газэтаў выказвалася пераважна за байкот — дарэчы, “Свободные новости” таксама: у адсоткавых суадносінах большасьць матэрыялаў была за байкот. Я лічу, што гэта паўплывала на тое, што рэальна ў Менску не адбыліся выбары.

Што тычыцца дзяржаўнае прэсы… Я не магу сказаць, што дзяржаўныя СМІ зрабілі так, што ў нейкай там Жабінцы адбыліся выбары. Хутчэй за ўсё, не. Калі там адбыліся выбары, гэта было зроблена з дапамогаю адміністрацыйнага рэсурсу, а ня прэсы.

Іншая справа — тэлевізія. Тыя агідныя карцінкі азаронкаўскія, якія мы бачылі — тут, я лічу, што адсоткаў 5-7 гледачоў яны ў чымсьці пераканалі”.

(Цыганкоў: ) “Мы яшчэ вернемся да ацэнкі пазыцыі незалежных выданьняў у справе выбараў, а пакуль распавядзем, як асьвятляліся выбары ў правінцыі. Пачнем з Магілеву, адкуль перадае Марыя Ўсьціновіч…”

(Усьціновіч: ) “У выбарчай кампаніі бралі ўдзел усе СМІ Магілеўшчыны. Калі гартаць старонкі мясцовае прэсы, дык складваецца ўражаньне, што месца матэрыялаў пра сацыяльныя праблемы трывала заняла перадвыбарчая агітацыя.

“Вестник Могилева” і “Могилевские ведомости” надрукавалі, бадай што самую вялікую колькасьць інтэрвію з дэпутатамі, якія мелі адпаведную падрымку ўладу або матэрыяльна дапамагалі выданьню. Чыноўнікі й прадпрымальнікі апанавалі старонкі газэты.

Усе пэрыядычныя выданьні напярэдадні 15 кастрычніка друкавалі заклікі пэўных асобаў — ад старшыні абласнога выканкаму да шэраговае пэнсіянэркі прыйсьці на выбарчыя ўчасткі й выканаць свой грамадзянскі абавязак. З усіх дзяржаўных газэтаў толькі “Могилевская правда” інфармавала пра апазыцыйныя акцыі “Байкот-2000”, але вельмі коратка й бяз тлумачэньня сэнсу пратэсту. Зразумела, што газэта дэмакратычнага кірунку “Тыднёвік Магілеўскі” наадварот вялікую ўвагу надавала менавіта байкоту.

Незалежная газэта “Де-факто” ў аналізе перадвыбарчых падзеяў заўважала, што ў кожнай акрузе ёсьць кандыдат ад улады, нібыта “клапатлівая рука гульца разьмесьціла па адной фігуры ў кожную клетку, каб не перашкаджалі адна адной праходзіць у дамкі”.

Больш за ўсіх парадавала выбаршчыкаў абласная тэлевізія. У сувязі з выбарамі ёй далі магчымасьць выходзіць са сваімі праграмамі на канале БТ. Аднак кандыдатаў і праграмаў не хапала, каб запоўніць эфірны час. І таму ўвечары адразу па двух каналах вяшчала любімая народам у правінцыі праграма “віншаваньні”. А аднойчы, калі кандыдаты ўвогуле скончыліся, пасьля сіратлівае застаўкі “Выбары-2000” без паўзы пайшла праграма “Стыхійная бяда”…”

(Цыганкоў: ) “Гарадзенская незалежныя выданьні з самага пачатку зьвярталі ўвагу чытачоў, як улады арганізоўваюць кампанію выбараў і як апазыцыя байкатуе іх. Перадае Сяргей Астраўцоў…”

(Астраўцоў: ) “Дастаткова паглядзець нават апошнія нумары газэтаў. Яны сталі і апошняй магчымасьцю сказаць чытачам праўду, папярэдзіць іх. Гэтак зрабіла «Пагоня». Дзьве публікацыі на першай старонцы маюць загалоўкі — «Галасуй, не галасуй — атрымаеш той жа вынік!» і — «Дабрахвотна-прымусовае галасаваньне пачалося». Загалоўкі гавораць самі за сябе. Пад рубрыкаю «Байкот-2000» надрукаваны здымак мужчыны, які трымае плякат «Выбарчаму фарсу — не!».

«Пагоня» таксама падрабязна асьвятліла мітынг і шэсьце апазыцыі, якія адбыліся ў Горадні 8 кастрычніка з нагоды байкоту выбараў.

«Эстафэта свабоды» — так назвала акцыю гарадзенскай апазыцыі «Биржа Информации». На здымках, зьмешчаных у газэце, бачна, што ў мітынгу й шэсьці ўдзельнічала шмат моладзі, падлеткаў. Газэта знаёміць таксама зь меркаваньнямі вядомых дзяячоў беларускай апазыцыі наконт выбараў у «палату».

«Вечерний Гродно» надрукаваў пра мітынг і шэсьце досыць крытычны камэнтар. Затое зьмешчаны здымак апазыцыйнага палітыка Сямёна Домаша, які выступіў перад удзельнікамі мітынгу. А гэта для газэты, сярод заснавальнікаў якое гарадзкі выканкам, даволі незвычайна”.

(Цыганкоў: ) “Вернемся да агульнанацыянальных выданьняў. Афіцыйная прапаганда часта карыстаецца выразам “падкантрольная апазыцыі прэса” — яны нават зрабіл гэты выраз чымсьці накшталт штампу. Аднак выбары паказалі, што незалежная прэса павяла сябе вельмі па-рознаму пад час парлямэнцкіх выбараў, цягнула ў розныя бакі. Пра што гэта гаворыць? Вось што мяркуе намесьнік рэдактара газэты “Свободные новости” Аляксандар Тамковіч…”

(Тамковіч: ) “Ведаеце, калі прэсу ў падкантрольнасьці абвінавачвае, з аднаго боку, Зянон Пазьняк, а зь іншага — Казіятка й Зімоўскі… — Гэта сьведчыць толькі пра тое, што прэса сапраўды незалежная. І гэтыя выбары паказалі гэта вельмі красамоўна. Можна па-рознаму ставіцца да тых або іншых выданьняў, але ж казаць, што выданьне было куплена або ангажаванае кімсьці канкрэтна — такое магчымасьці няма”.

(Цыганкоў: ) “Прэса сапраўды паказала сябе незалежнай ад апазыцыі. Але можа варта было калі не палітыкам, дык хаця б журналістам сабрацца разам і прыйсьці да нейкае агульнае палітыкі што да асьвятленьня выбараў? Але гэта не было зроблена. Чаму?”

(Жук: ) “Гэта проста паказвае, што прэса непадкантрольна апазыцыі. На незалежную прэсу можа ўзьдзейнічаць любы — як лукашэнкавы бок, гэтак і апазыцыйны. Так што, па-мойму, тое, што прэса цягнула ў розныя бакі — гэта недапрацоўка апазыцыйных лідэраў, якія хацелі прасунуць сваю думку наперад.

Я ні ў якім выпадку не магу крытыкаваць “Народную Волю”, “БДГ” ці іншых, за тое, што яны друкуюць. Іншая справа, што яны не разумеюць палітычнай сытуацыю, на мой погляд, і ня ведама, за што агітуюць”.

(Цыганкоў: ) “Такім чынам, недзяржаўная прэса рэальна даказала сваю незалежнасьць. Але давайце ўявім сабе блізкія прэзыдэнцкія выбары, і сытуацыю, калі зноў, як і на гэтых парлямэнцкіх, кожнае выданьне цягне інфармацыйнае коўдра на сябе і на свайго кандыдата? Які вынік выбараў можна прадбачыць, калі недзяржаўная прэса будзе разьяднанай у мэтах і пачне ваяваць між сабою. Ці ня надта дарагой для беларускага грамадзтва акажацца такая незалежнасьць?”

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG