Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладзёвая прэса


Маладзёвая прэса

(эфір 11 Верасьня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) “Прывітаньне. Сёньня ў Беларусі выходзіць 5 агульнадзяржаўных газэтаў, якія называюць сабе выданьнямі для моладзі. Далей у праграме мы паспрабуем адказаць на пытаньні, ці патрэбна беларускай моладзі столькі маладзёвае прэсы, ці выжылі б некаторыя газэты без дзяржаўнае падтрымкі, ды ўвогуле — ці не штучнае гэта паняцьце — маладзёвая прэса?

У канцы 80-х маладзёвая газэта “Знамя Юности” была самым папулярным беларускім друкаваным выданьнем. Трэба сказаць, газэта была разьлічаная на людзей ўсіх векаў, і я, напрыклад, працуючы там парлямэнцкім карэспандэнтам, пісаў сур’ёзныя палітычныя рэпартажы безь якой-небудзь скідкі на спэцыфічнасьць аўдыторыі. Зрэшты, тады журналістам прыцягнуць увагу аўдыторыі было значна прасьцей — варта был напісаць артыкул пра прастытутак або пра музычны гурт “Modern Talking”, і сотні лістоў чытачоў завальвалі рэдакцыю… Ну й нельга забываць, што не апошняй прычынаю папулярнасьці маладзёвых выданьняў была абавязковая падпіска — кожны камсамолец мусіў выпісваць адну з камсамольскіх газэтаў.

Сёньня газэтныя наклады пачатку 90-х маладзёвае прэсы ўспрымаюцца як штосьці маларэальнае. Цяперашняя “Знамя юности”, ворган БПСМ і Дзяржаўнага камітэту ў справах моладзі, мае 20 тысячаў паасобнікаў. Наклад найстарэйшае беларускае маладзёвае газэты — “Чырвоная Змена” — каля 5 тысячаў. Дзяржава таксама падтрымвае інфармацыйна-забаўляльную газэту для падлеткаў “Переходный возраст”. І нарэшце, выходзяць два недзяржаўныя штотыднёвікі — “Молодёжный проспект”, заснавальнікам якога выступае “Грамадзянскі Форум” і “Беларуская маладзёжная”.

Існаваньне ажно пяці маладзёвых газэтаў прымушае задацца пытаньнем — няўжо беларуская моладзь жыве нейкімі асобнымі ад астатняга грамадзтва праблемамі? Ці ёсьць на Захадзе падобныя аналягі маладзёвых выданьняў? На гэтыя пытаньні адказвае галоўны рэдактар газэты “Беларуская маладзёжная” Тацяна Мельнічук…”

(Тацяна Мельнічук: ) “Шэсьць гадоў таму я была ў Амэрыцы ў складзе групы постсавецкіх журналістаў, якіх вучылі як рабіць газэту, і калі мы там называлі сябе, дык першае пытаньне да мяне было — “Чым вы там займаецеся? Маладзёвую газэту робіце? Увогуле, што гэта такое? У нас няма маладзёвых газэтаў. Моладзь не купляе газэтаў і ня мае грошай. Моладзь не чытае газэтаў”. У яе ёсьць тэлевізія, радыё, а зараз ёсьць інтэрнет — крыху іншая адукаванасьць, разуменьне інфармацыйнае прасторы. Але потым, нават там, у Злучаных Штатах, я заўважыла, што шмат у якіх унівэрсытэтах, студэнцкіх асяродках, выдаюцца свае невялікія маладзёвыя газэты. Я ім тады сказала: “Вось глядзіце, вы ж гэта робіце”. Такую ж газэту я заўважыла неяк і ў Нямеччыне. Гэта была газэта “Рокс”. Радыёстанцыя, а пры ёй газэта.

Што мне падалося адрозным ад “дарослых” газэтаў (скажам так). Перш за ўсё — стыль падачы матэрыялаў. Калі вы чытаеце ўважліва “Беларускую маладзёжную”, гэта тое, што мы падаёмся, ну выбачайце, крыху зь нейкім “сьцёбам” — гэта так зараз называецца на маладзёвай мове, на маладзёвым жаргоне. Крыху гіранічны погляд на ўсе гэтыя “дарослыя” рэчы, якія сур’ёзныя газэты, штотыднёвікі, штодзёньнікі абмяркоўваюць, досыць кансэрватыўнай моваю…”, — упэўнена Тацяна Мельнічук.

(Цыганкоў: ) “Дарэчы, паводле стылю падачы матэрыялу “Беларуская маладзёжная” адрозьніваецца ня толькі ад сваіх “дарослых”, скажам так, калегаў, але й ад дзяржаўных маладзёвых выданьняў. Тацяна Мельнічук распавядае пра асаблівасьці творчага падыходу сваёй газэты…”

(Мельнічук: ) “Мы расказваем пра роўных, розных, але роўных. Яны розныя ў сваіх кірунках дзейнасьці. Мы розныя паводле поглядаў. Я кажу за іншым разам, што бывае так — ад манархістаў да анархістаў у нашай газэце. Але яны роўныя, яна маюць права на йснаваньне. Гэта звычайны пошук, калі чалавек уваходьзіць ў жыцьцё — ён сябе шукае ня толькі ў нейкіх там маральных прынцыпах, у палітычнай пляцформе, у сваім стаўленьні да сьвету, да палітыкі…

А яшчэ ў нас такая задача — больш простая, менш філязофская. Мы распавядаем пра тыя арганізацыі, якім не знаходзіцца месца на старонках дзяржаўнае прэсы”.

(Цыганкоў: ) “Але дасюль наклад, усё ж такі, не параўнальны ў вас — каля пяці тысячаў. На працягу апошніх некалькі гадоў я бачу даволі стабільны наклад. У “Знамя Юности” наклад хоць і падае, але дасюль яшчэ мае дваццаць тысячаў асобнікаў. Чым гэта можна патлумачыць?”

(Мельнічук: ) “Ведаеце што, адміністрацыю ВНУ, тэхнікумаў, ПТВ, бібліятэкі не прымушаюць падпісваць на “Беларускую маладзёжную”. Мы сутыкнуліся нават зь іншым: падпіска на нас — гэта пераадоленьне перашкодаў вось зараз, у гэтую падпісную кампанію. Нас “забыліся” ўключыць ў каталёг на чацьверты квартал, нас “не папярэдзілі”, што ён будзе рыхтавацца. Падпісацца ў паштовых адзелах амаль што немагчыма, людзі ходзяць па дзесяць разоў. Нават тыя, хто падпісаўся на паўгодзьдзе, атрымліваюць ня ўсе нумары. Гэта звычайныя гульні дзяржавы, манапаліста ў распаўсюду, з гэтай самай невялічкай маладзёвай газэтаю…

Тут ня тэма нашае папулярнасьці, тут тэма нашае залежнасьці ад сацыяльна-палітычных умоваў нашае дзяржавы. Мы ў тым жа стане, ў якім знаходзіцца іншая незалежная прэса. Мы ня маем сродкаў на разьвіцьцё, мы ня маем сродкаў, каб аплаціць ганарары нашым ня толькі супрацоўнікам — у нас у штаце чатыры журналісты — але газэту робяць чалавек дваццаць-трыццаць студэнтаў не абавязкова журналісцкага факультэту. Яны робяць яе безганарарна. Гэта не зусім нармалёвая сытуацыя — кожная праца мусіць аплочвацца.

А потым, гэтая манаполія на распаўсюд, на друк, на ўсё астатняе. Гэта вельмі дарагая цацка — цяперашняя газэта…

Цяпер паспрабуем ацаніць пэрспэктывы існаваньня маладзёвае прэсы. Як і ўся астатняя, яна ў Беларусі дзеліцца на дьзве няроўныя часткі — дзяржаўная (калі дакладна казаць, тая, якая фінансуецца буджэтам) і незалежная. Ці не здаецца нейкім штучным само паняцьце “дзяржаўная маладзёвая газэта”. Адказвае рэдактар незалежнае газэты “Беларуская маладзёжная” Тацяна Мельнічук…”

(Мельнічук: ) “Ёсьць патрэба яшчэ ў гэтых газэтах. Я ведаю, напрыклад, што ў вясковых школах хутчэй выпішуць “Чырвонку”, чым “Беларускую маладзёжную”. Таксама можна тлумачыць, што на нас таўро гэтых самых “незалежных” ды іншым разам, настаўнікі й вучні гэтага баяцца, гэтай “апазыцыйнасьці”.

Я хачу, каб яны выжылі. Я хачу, каб было нас болей. Але, мой досьвед сьведчыць, што, напрыклад, была такая газэта “Мінскі мерыдыян”. Газэту падтрымлівалі некаторыя мясцовыя нашы гарадзкія выканкамы, але газэта “памерла” таму, што мала аднаго палітычнага заказу, патрэбны яшчэ попыт”.

(Цыганкоў: ) “Але ня толькі ў сталіцы паміралі маладзёвыя выданьні. Напрыклад, у 1989 годзе ў Воршы нарадзілася газэта “Лидер”, якая даволі хутка дасягнула накладу 20 тысячаў, стаўшы самай папулярнай у рэгіёне. Аднак бурная біяграфія “Лидера” доўжылася толькі два гады — газэта ня вытрымала надыходу рынкавых рэформаў.

Падобны ж прыклад нараджэньня й сьмерьці маладзёвага выданьня ёсьць і ў Гарадзенскай вобласьці, дзе цяпер адмысловай маладзёвай газэты няма. Але такая газэта была — называлася яна “Молодёжный курьер” і праіснавала 8 гадоў. Пра яе распавядае Сяргей Астраўцоў…”

(Астраўцоў: ) “Гэта быў расейскамоўны штотыднёвік, які выходзіў з пачатку 90-х гадоў. Заснавальнікамі зьяўляліся абласны камітэт камсамолу, непалітычныя маладзёвыя арганізацыі і калектыў рэдакцыі. «Молодёжный курьер» перастаў выходзіць у 1998 годзе.

Распаўсюджвалася газэта па ўсёй Беларусі, мела карэспандэнтаў у Менску й Віцебску. Наклад даходзіў да 40 тысячаў. Пісалася ў ёй і пра мітынгі, і пра камсамольскія сходы, і пра рок-музыку.

Былая рэдактарка «Курьера» Ларыса Ластачкіна, якая жыве ў Менску, гаворыць, што рэдакцыя «ніколі ня лезла ў палітыку, але выхоўвала сваіх чытачоў гэткім чынам, каб яны самі маглі разабрацца ў палітычных пытаньнях». Пісалася пра ўсё, што цікавіла моладзь — ад сэксу да Бога, абмяркоўваліся любыя забароненыя тэмы. Газэта выступала ў абарону камсамолу, а потым — БСМ, які заўжды заставаўся ў заснавальніках, хаця рэальна дапамагчы рэдакцыі грашыма ня мог.

Падвышэньне коштаў газэтнае паперы вельмі пагоршыла становішча «Курьера», які ня меў уласнае рэклямы. Але канчаткова паўплывала на лёс выданьня новае падаткавае заканадаўства. Рэч у тым, што «Молодёжный курьер» існаваў за кошт дайджэста «В свободный вечер», зь якім даўгі час меў агульны рахунак. Аднак, каб перадаць грошы з дайджэста на друк «Курьера» — спатрэбілася плаціць падаткі. А калі ўлічыць, што газэта для моладзі прадавалася ніжэй свайго сабекошту, яе далейшае існаваньне зрабілася зусім стратным.

Былі, праўда, паабяцаны сродкі для падтрымкі выданьня з боку дзяржавы. Але журналісты грошай так і не дачакаліся, і «Молодёжный курьер» у рэшце рэшт спыніў сваё існаваньне».

(Цыганкоў): “Сяргей Астраўцоў Горадні распавёў пра лёс гарадзенскае газэты “Молодёжный курьер”. А я працягваю размову з Тацьцянай Мельнічук і настойліва спрабую высьвятліць пэрспэктывы маладзёвых выданьняў…

І ўсе ж такі — гэтых пяць агульнадзяржаўных маладзёвых газэтаў для нашае краіны — ці не замнога? Ці ня ёсьць нейкая ненармальнасьць сытуацыі — калі адныя жывуць за кошт дзяржавы, іншыя — за кошт сваёй партыі або, як вы, голым энтузыязмам? З пункту гледжаньня нармальнай экономікі й нармальнага грамадзтва — гэта ненатуральная, штучная сытуацыя…”

(Мельнічук: ) “Вашыя патаньні рытарычныя. Але няма тых самых рынкавых стасункаў у нашым грамадзтве, таму ёсьць такая сытуацыя. Так, “за вушы” цягнуць адныя выданьні, якія праводзяць дзяржаўную палітыку. Яны ж гэтага не хаваюць, яны ад гэтага ніяк не адмаўляюцца, яны гэта робяць. Неяк прыціскаюць іншыя выданьні, якія кажуць пра тых, каго дзяржава не хацела б увогуле бачыць у Беларусі. Разумееце? Мы патрэбныя, патрэбныя для тых, пра каго мы пішам. Мы патрэбныя для тых, хто ўваходзіць у гэтыя арганізацыі, групы, гурты, ініцыятывы… — пра якія мы пішам. А такіх робіцца ўсё болей”.

(Цыганкоў: ) “Што стане з маладзёвымі выданьнямі як дзяржаўнымі, гэтак і незалежнымі, у нармальнай, скажам так, сацыяльна-палітычнай сытуацыі, калі такая ўрэшце наступіць у Беларусі? У сытуацыі, калі дзяржава ня будзе падтрымліваць адных і чыніць перашкоды іншым? Што тады здарыцца з маладзёвай прэсаю — яна вымрэ або застанецца?”

(Мельнічук: ) “Яна будзе відазьмяняцца, так бы мовіць. Таму тое, што мы маем зараз з газэтаў, такім яе звычайным, клясычным варыянце — гэта не зусім тое, што патрэбна моладзі… Я думаю, што калі надыйдуць часы нармалёвай, як Вы кажаце, сацыяльна-эканамічнае сытуацыі, дык і нам давядзецца ў многім трансфармавацца. Вельмі ў многім. Усё ж такі маладзёвая газэта мусіць быць крыху не такая, яна мусіць быць больш на грані фолу, я скажу так. Моладзь звычайна цэне рызыкоўныя сытуацыі, рызыкоўныя публікацыі, рызыкоўныя тэмы. Яна не прымае стылю “вучыць жыць”. У нас таксама будзе над чым працаваць, калі вось надыйдуць гэтыя самыя часы нармалёвае сацыяльна-палітычнае сытуацыі”.

(Цыганкоў: ) «Гэтак лічыць рэдактарка газэты “Беларуская маладзёжная” Тацяна Мельнічук. Як гэта ня дзіўна, але мне падаюцца даволі цікавымі і чытэльнымі ўсе тыя выданьні, пра якія мы распавядалі ў сёньняшняй праграме. І нават трошкі шкада, што некаторыя зь іх напэўна загінуць у нармальных эканамічных і палітычных умовах без дзяржаўнае падтрымкі. Аднак тыя, якія здолелі выжываць самастойна нават у сёньняшніх умовах, — можна спадзявацца, вырастуць у нешта новае. Рызыкоўна новае».

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG